БЯЛЕ́ВІЧ Антон Пятровіч (27.5.1914, в. Дуброўка Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 11.4.1978),

бел. паэт. Вучыўся ў Магілёўскім педтэхнікуме, у 1933—35 — у Магілёўскім палітасветным ін-це. Друкаваўся з 1937. У першым зб. «Чалавек з Дубровы» (М., 1945, на рус. мове) — творы ваен. часу. У творчасці Бялевіча ўслаўленне подзвігу народа ў Вял. Айч. вайну, жыццё калгаснай вёскі. Яго паэзіі ўласцівыя традыцыйна-фалькл. вобразнасць, нар.-песенны лад, выразнасць маст.-выяўл. сродкаў, даступнасць лексікі, адкрытасць выказвання. Аўтар сатыр. і гумарыстычных твораў (зб-кі «Хлеб і нахлебнікі», 1957; «Маштабны Міканор», 1963), вершаў, казак і паэм для дзяцей. Выступаў як празаік і публіцыст (зб-кі нарысаў «Людзі робяць вясну», 1959; «Споведзь сэрца», 1978; нарыс «Хатынь: боль і гнеў», 1971; аповесць «Малюнкі маленства», 1977; кн. літ. партрэтаў пісьменнікаў «Чарадзеі», 1970). Пераклаў на бел. мову паэму А.​Твардоўскага «За даллю — даль» (1962), паасобныя творы А.​Пракоф’ева, М.​Бажана, А.​Малышкі, У.​Няходы і інш. На словы Бялевіча напісалі песні М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Я.​Цікоцкі і інш.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1969;

Сонечны гадзіннік. Мн., 1978;

Мой шчодры бор. Мн., 1985.

І.​У.​Саламевіч.

А.П.Бялевіч.

т. 3, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́ШЧАНКА Алекс (Аляксей Якаўлевіч; н. 2.8.1917, с. Харужаўка Недрыгайлаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна),

украінскі паэт. Засл. работнік культуры Беларусі (1980). Скончыў Нежынскі настаўніцкі ін-т (1939). Друкуецца з 1935. У паэт. зб-ках «Да роднай зямлі» (1945), «Мая вясна» (1949), «Над шырокім Дняпром» (1951), «Людзі і кветкі» (1959), «Шаўчэнка ідзе па свеце» (1964), «Споведзь» (1971), «Родныя зоры» (1972), «Слова пра сяброў» (1976), «Цішыня ў росным вянку» (1981), «Высокая хваля» (1984) тэмы дружбы народаў, прац. будняў, Вял. Айч. вайны. Аўтар гумарыстычнага зб. «Дружным пяром» (1973), кніг нарысаў і ўспамінаў «Бяссмертнікі» (кн. 1—3, 1974—82), «У памяці маёй» (1986). Аўтар вершаў пра Беларусь, артыкулаў пра творчасць В.​Быкава, А.​Зарыцкага, Я.​Коласа, І.​Мележа, Р.​Няхая, М.​Танка. Прысвяціў вершы Я.​Купалу, Я.​Коласу, М.​Танку, баладу «Абеліск у стэпе» Быкаву. Перакладае на ўкр. мову творы бел. пісьменнікаў. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі Р.​Барадулін, Х.​Жычка, Зарыцкі, Г.​Каржанеўская, Г.​Кляўко, М.​Маляўка, М.​Міровіч, В.​Рагойша, М.​Танк, М.​Чарняўскі, У.​Шахавец.

Тв.:

Бел. пер. — Калі ласка! Мн., 1963;

Рус. пер. — Радуюсь каждому дню. М., 1977;

Сердце матери. М., 1981.

Г.​Я.​Адамовіч.

т. 18, кн. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРЛЕ́Н (Verlaine) Поль (30.3.1844, г. Мец, Францыя — 8.1.1896),

французскі паэт. Імпрэсіяніст, адзін з заснавальнікаў сімвалізму. Паэзіі Верлена ўласцівыя настроі «канца веку», шматпланавасць вобразаў, увага да колеравых і пачуццёвых нюансаў і паўтонаў, музычнасць і меладычнасць, вытанчаны гукапіс, навацыі ў рытме і рыфме. Аўтар паэт. зб-каў «Сатурнічныя вершы» (1866), «Сяброўкі» (1868), «Галантныя святы» (1869), «Добрая песня» (1870), «Рамансы без слоў» (1874), «Мудрасць» (1881), «Далёкае і блізкае» (1884, у т. л. паэма «Пераможаныя»), «Каханне» (1888), «Паралельна» (1889), «Прысвячэнні», «Жанчыны» (абодва 1890), «Шчасце», «Песні для яе» (абодва 1891), «Элегіі» (1893), «Эпіграмы» (1894), «Інвектывы» (1896), «Бібліясанеты» (выд. 1913), верша-маніфеста «Мастацтва паэзіі» (1874, выд. 1882), аўтабіяграфіі «Споведзь» (1895). Кнігу «Праклятыя паэты» (1884) склалі літ.-крытычныя нарысы пра Т.​Карб’ера, С.​Малармэ, А.​Рэмбо і інш., а таксама аўтабіягр. «Бедны Леліян». На бел. мову творы Верлена перакладалі М.​Багдановіч (22 вершы), Ю.​Гаўрук, С.​Ліхадзіеўскі, А.​Лойка і інш.

Тв.:

Бел. пер. — У месяцавым ззянні: Выбранае. Мн., 1974;

Рус. пер. — Стихи. СПб., 1908;

Лирика. М., 1969.

Літ.:

Андреев Л.Г. Импрессионизм. М., 1980;

Великовский С.И. В скрещенье лучей: Групповой портрет с Полем Элюаром. М., 1987;

Обломиевский Д.Д. Французский символизм. М., 1973;

Лявонава Е.А. Нерэалістычныя плыні ў замежнай літаратуры другой паловы XIX — пачатку XX ст.: (імпрэсіянізм, сімвалізм) // Бел. мова і літ. 1996. Вып. 2.

Е.​А.​Лявонава.

П.Верлен.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬЦЫН Барыс Мікалаевіч (н. 1.2.1931, с. Бутка Таліцкага р-на Свярдлоўскай вобл., Расія),

расійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Уральскі політэхн. ін-т (Свярдлоўск, 1955). З 1955 працаваў у буд. арг-цыях, з 1963 гал. інжынер, дырэктар Свярдлоўскага домабуд. камбіната. У 1968—88 на парт. рабоце: з 1976 1-ы сакратар Свярдлоўскага абкома, з 1985 сакратар ЦК КПСС, 1-ы сакратар Маскоўскага гаркома КПСС, з 1986 канд. у чл. Палітбюро ЦК КПСС. З 1987 1-ы нам. старшыні Дзяржбуда СССР — міністр СССР. З 1989 нар. дэпутат СССР. У 1990 выйшаў з КПСС. У 1990—91 старшыня Вярх. Савета РСФСР. З чэрв. 1991 першы Прэзідэнт Рас. Федэрацыі (выбраны 12.6.1991; 3.7.1996 выбраны на другі тэрмін). У снеж. 1991 разам з кіраўнікамі Беларусі і Украіны падпісаў Белавежскія пагадненні, быў адным са стваральнікаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Ініцыятар пачатай у студз. 1992 радыкальнай эканам. рэформы. У адпаведнасці з яго ўказам «Аб паэтапнай канстытуцыйнай рэформе ў Рас. Федэрацыі» (вер. 1993) ліквідавана сістэма Саветаў. У снеж. 1993 прынята новая Канстытуцыя Рас. Федэрацыі і выбраны парламент — Федэральны Сход Рас. Федэрацыі. 2.4.1996 Е. і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.​Р.​Лукашэнка падпісалі Дагавор аб Супольніцтве Беларусі і Расіі, 2.4.1997 — Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі.

Тв.:

Записки президента. М., 1994;

Бел. пер. — Споведзь на зададзеную тэму. Мн., 1991.

Б.М.Ельцын.

т. 6, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАВЕ́Й Алесь (сапр. Радзюк Альфрэд Васілевіч; 1.5.1922, в. Крысава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 22.1.1978),

бел. паэт, празаік, перакладчык. Вучыўся ў Мінскім пед. вучылішчы (1938—40). Працаваў у газ. «Чырвоная Лагойшчына». У Вял. Айч. вайну вярстальшчык «Менскай газэты», сакратар час. «Новы шлях» (Рыга). З 1944 за мяжой; у 1945—49 у г. Зальцбург (Аўстрыя), з 1949 у Аўстраліі, дзе працаваў на фабрыцы. Друкаваўся з 1937. Аўтар зб-каў паэзіі «Мае песні» (1944), «Сіла гневу» (1948), паэм «На хуткіх крыллях вольнага Пегаса» (1943), «Звіняць званы святой Сафіі» (1946), «Домік у Менску» (1948), «Сын» (1949), у якіх раскрываюцца тэмы радзімы, яе гісторыі і прыроды, жыцця народа, кахання. У некат. творах уплыў М.​Багдановіча. Пісаў апавяданні, фельетоны, вершы для дзяцей, вянкі санетаў, трыялеты, санеты, актавы, рандо, александрыны і інш. цвёрдыя строфы. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.​Міцкевіча, Р.​М.​Рыльке, Т.​Шаўчэнкі і інш.

Тв.:

Нятускная краса. Ню-Ёрк;

Мельбурн, 1982;

У кн.: Туга па Радзіме. Мн. 1992.

Літ.:

Грамадчанка Т. «За любоў да цябе я пакутаваць мушу...»: Алесь Салавей, 1922—1978 // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994;

Булгакаў В. Алесь Салавей і паэзія беларускай эміграцыі // Крыніца. 1997. № 6;

Кадняк З. Успаміны пра Алеся Салаўя // Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі. Нью-Ёрк, 1999.

Л.​С.​Савік.

т. 14, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІПРЫЯ́Н (каля 1330—16.9.1406),

царкоўны дзеяч ВКЛ і вял. кн. Маскоўскага, пісьменнік. Верагодна, быў балгарынам, але некаторыя даследчыкі лічаць яго ўраджэнцам ВКЛ. У пач. 1370-х г. жыў у Візантыі. У 1373 наведаў ВКЛ і Цвер, у 1374 выступіў ініцыятарам кананізацыі віленскіх пакутнікаў. У 1375 вял. кн. ВКЛ Альгерд з прычыны варожых адносін з Масквой папрасіў канстанцінопальскага патрыярха Філафея прызначыць для ВКЛ асобнага мітрапаліта. Падтрымліваючы Альгерда і не жадаючы канчатковага падзелу Кіеўскай мітраполіі, Філафей прыняў кампраміснае рашэнне: 2.12.1375 пасвяціў К. ў мітрапаліта «кіеўскага, рускага і літоўскага» з тым, каб ён пасля смерці мітрапаліта Аляксея (у Маскве) зноў аб’яднаў абедзве часткі мітраполіі, стаўшы мітрапалітам «кіеўскім і ўсяе Русі». Жыў у ВКЛ. Пасля смерці мітрапаліта Аляксея летам 1378 прыехаў у Маскву, але вял. кн. маскоўскі Дзмітрый Іванавіч Данскі не прыняў К. і выслаў яго. Новы вял. кн. Васіль I Дзмітрыевіч у 1390 прыняў К. ў Маскве як «мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі». У 1404—05 наведаў ВКЛ. Вянчаў Васіля I Дзмітрыевіча з княжной ВКЛ Софіяй Вітаўтаўнай. Быў прыхільнікам збліжэння ВКЛ і вял. кн. Маскоўскага. Лічыцца аўтарам шэрагу твораў, у т. л. «Летапісу аб пачатку зямлі рускай», «Жыція св. мітрапаліта Пятра», «Зводнай кормчай», 4 пасланняў Сергію Раданежскаму і інш. У сваім летапісе паказаў гісторыю Маскоўскага княства з пункту гледжання адзінства гісторыі ўсх. славян, упершыню ў маскоўскай гістарыяграфіі даў звесткі па гісторыі ВКЛ. Кананізаваны правасл. царквой.

Літ.:

Казбярук У. Пошукі духоўнай і палітычнай гармоніі: Мітрапаліт Кіпрыян // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994.

У.​М.​Казбярук.

т. 8, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭМБО́ (Rimbaud) Жан Нікала Арцюр (20.10.1854, г. Шарлевіль-Мезьер, Францыя — 10.11.1891),

французскі паэт. Усе свае шэдэўры стварыў у 15—19-гадовым узросце. Пасля 1875 адышоў ад паэзіі, займаўся гандлем. У першых вершах ап’яненне жаданай свабодай («Адчуванне», «Мая багема»), смелыя эксперыменты з гукамі і паэт. вобразамі («Афелія», «Шукальніцы вошай», «Галосныя»), знішчальныя інвектывы ў адрас правінцыяльнага мяшчанства («На музыцы», «На кукішках»), віноўнікаў бессэнсоўнай вайны («Ліха», «Які спіць у лагчыне»), хрысц. набожнасці і пакорлівасці («Вячэрняя малітва», «Беднякі ў храме», «Першае прычасце»), ворагаў Парыжскай камуны («Парыжская оргія, або Парыж засяляецца зноў»), Адна з вяршынь яго паэзіі — верш «П’яны карабель» (1871) — усхваляваная споведзь у выглядзе малой прыгодніцкай адысеі, шэраг нечаканых вобразаў, убачаных на мяжы сну і явы. Стварыўшы своеасаблівую тэорыю паэт. яснабачання, Р. імкнуўся да таямніц існага, зрабіць творчасць інструментам карэннага абнаўлення свету, вызваліць несвядомае ад абмежаванняў цвярозага розуму (кн. вершаў у прозе «Азарэнні», выд. 1886). Апошняя кн. «Сезон у пекле» (1873) — развітанне паэта з марамі пра звышзадачу змяніць свет. На бел. мову асобныя яго вершы перакладалі Р.​Барадулін, А.​Мінкін, Я.​Семяжон, М.​Федзюковіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Паэты Парыжскай камуны. Мн., 1971;

У кн.: Семяжон Я.​Сем цудаў свету: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1977;

У кн.: Кахаць — гэта значыць... Мн., 1986;

Рус. пер. — Произведения. М., 1988;

Озарения. СПб., 1994.

Літ.:

Карре Ж.М. Жизнь и приключения Жана Артюра Рембо // Рембо Ж.А. Пьяный корабль: Пер. с фр. М., 2000;

Птифис П. Артюр Рембо. М., 2000.

А.​В.​Хадановіч.

т. 14, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВЕДАРО́ВІЧ Мікола (сапр. Чарнушэвіч Мікалай Фёдаравіч; 6.4.1904, г. Капыль Мінскай вобл. — 20.8.1981),

бел. паэт, празаік, перакладчык. Брат Н.Чарнушэвіча. Скончыў БДУ (1931). Працаваў у час. «Партыйны работнік» і «Бальшавік Беларусі» (1929—32), «Чырвоная Беларусь» (1932—33), «Полымя рэвалюцыі» (1934—37). Чл. аб’яднанняў «Маладняк», БелАПП. У 1938 рэпрэсіраваны, у 1940 асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі. З 1946 працаваў у г. Каршы (Узбекістан). Паўторна арыштаваны ў 1949 і сасланы ў г. Енісейск Краснаярскага краю. Рэабілітаваны ў 1955. У 1956 вярнуўся ў Мінск. Друкаваўся з 1924. Першы зб. паэзіі «Настроі» (1929). У паэт. кн. «Баявыя песні», «Рытмы» (абедзве 1930), «Тэмпы-кантрасты» (1931), «Вайна за мір» (1932), «Усім сэрцам» (1937), «Залаты лістапад» (1957), «Перазвон бароў» (1961), «Зоркі на камені» (1968) рамантыка грамадз. вайны. Асаблівасці яго паэт. манеры — публіцыстычнасць, спалучаная з лірызмам, канкрэтнасць і рэалістычнасць вобразаў. Аўтар аўтабіягр. аповесці «Споведзь перад будучыняй» (1978), кніг нарысаў і ўспамінаў пра бел. пісьменнікаў «Памятныя сустрэчы» (1960, 3-е выд. 1977), «Незабыўнае» (1976). Пісаў для дзяцей («Сонечны зайчык», 1961; «Лясныя званочкі», 1968; «Крылы», 1973). На бел. мову пераклаў асобныя творы А.​Пушкіна, Э.​Багрыцкага, раман А.​Фадзеева «Апошні з удэге» (1935, з А.​Звонакам), паэму Ш.​Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» (1966, са Звонакам), раман У.​Кочатава «Браты Яршовы» (1960, з І.​Грамовічам), зб. Ш.​Пецёфі «Ліра і меч» (1971), вершы ўкр. і інш. паэтаў. Некат. вершы Х. пакладзены на музыку.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1974;

Любістак: Выбр. Мн., 1984.

М.Хведаровіч.

т. 16, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́КША Валянцін Антонавіч (н. 16.11.1937, г. Полацк Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Полацкі лясны тэхнікум (1956), Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1976). З 1956 працаваў у Пензенскай аэрафоталесаўпарадчай экспедыцыі, інструктарам Полацкага гаркома ЛКСМБ, у трэсце «Нафтабуд» (Полацк). З 1961 журналіст, з 1973 на Бел. радыё, у 1980—98 дырэктар выд-ва «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Асн. матывы яго паэзіі — расказ пра моладзь, рамант. героіка прац. будняў, мінулае і сённяшняе роднага краю, карціны побыту краін, дзе пабываў сам (зб-кі «Гарады нараджаюцца сёння», 1964; «Атава», 1969; «Споведзь», 1973; «Агонь і попел», 1989; «Агні далёкіх гарадоў», 1992; паэма-хроніка «Белыя берагі», 1981; гераічная драма-паэма «Падснежнікі для Веры», 1986). Аўтар кніг публіцыстыкі і нарысаў «Наша, полацкая прафесія» (1966), «Рамантыкі шасцідзесятых» (1967), «Дзесяць дарог да чароўнага» (1970), «Полацк» (1973), радыёп’ес «Інтэгралы на цэгле» (1974), «Мая радня» (1975), «Свае крылы» (1976); лібрэта радыёоперы К.​Цесакова паводле «Палескай хронікі» І.​Мележа «Барвовы золак» (паст. 1979); п’ес «Калі вяртаюцца буслы» (1982), «Пад шыфрам «Зорачка» і «Чароўны камень» (абедзве 1985), «Прывіды з могільніка аўтамабіляў» (1990) і інш. Выдаў кнігі вершаў і казак для дзяцей «Аркестр» (1972), «Зялёная бальніца» (1974), «Лета — круглы год» (1978), «Крылаты цэх» (1982), «Як Ліса вучылася лётаць» (1991) і інш., сатыр. і гумарыстычных вершаў і фельетонаў «Радзімыя плямы» (1982). На вершы Л. напісана шмат песень. Літ. прэмія імя П.​Броўкі 1994. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1997;

Сляды памяці. Мн., 1985;

Чароўны камень. Мн., 1987;

Батлейка. Мн., 1993;

Аркестр. Мн., 1994.

І.​У.​Саламевіч.

В.А.Лукша.

т. 9, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАХО́ЎСКІ Сяргей Іванавіч (н. 25.9.1913, мяст. Нобель Зарэчненскага р-на Ровенскай вобл., Украіна),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1983). У 1914 з бацькамі пераехаў у Глуск. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1935). Працаваў на Бел. радыё, у прэсе. У 1936 беспадстаўна арыштаваны, сасланы на лесараспрацоўкі ў Горкаўскую вобл. У 1946—49 настаўнік у Слуцкім р-не. У 1949 арыштаваны паўторна і высланы ў Новасібірскую вобл.; настаўнічаў. Рэабілітаваны ў 1955. З 1956 у Мінску. У 1957—73 у час. «Бярозка», «Вясёлка». Друкуецца з 1926. Першы зб. вершаў «Дзень нараджэння» (1958). Грахоўскі — прыхільнік традыц. класічнай паэтыкі, канкрэтна-рэаліст. вобразнасці. Асн. рысы яго паэзіі — лірызм, роздум над складанымі праблемамі часу, спалучэнне грамадскіх і асабістых матываў, сцвярджэнне дабрыні, чалавечай годнасці, грамадз. адказнасці чалавека: зб-кі «Чаканне» (1960), «Паэма дарог» (1970), «Зачараванасць» (1978), «Асеннія гнёзды» (1982, Літ. прэмія імя А.​Куляшова 1983), «Кругі надзеі» (1985), «Верую» (1987), «І радасць і боль» (1988), «Споведзь» (1990, аповесці і вершы, Дзярж. прэмія Беларусі 1992) і інш. Аўтар зб. апавяданняў «Які вялікі дзень» (1966), дакумент. аповесці «Рудабельская рэспубліка» (1967, экранізавана ў 1972), «Суровая дабрата» (1977), «Два лёсы — дзве трагедыі» (1988), аўтабіягр. трылогіі «Такія сінія снягі» (1988), «Зона маўчання» (1990), «З воўчым білетам» (1991) і інш. Піша для дзяцей (зб. вершаў «Сёння і заўтра», 1961; «Гарыць касцёр», 1966; аповесць «Гарачае лета», 1974, і інш.). Перакл. на бел. мову асобныя творы А.​Гайдара, Р.​Тагора, кн. «Выбраныя вершы і паэмы» А.​Блока, зб. «Пасля спаткання» М.​Дудзіна і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1983;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1994.

А.​С.​Гурская, І.​У.​Саламевіч.

С.І.Грахоўскі.

т. 5, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)