ЛЯЧЭ́БНАЕ ХАРЧАВА́ННЕ, дыетатэрапія,
выкарыстанне спец. рацыёнаў харчавання з лячэбна-прафілактычнымі мэтамі. Асн. прызначэнне — збалансаванасць рацыёну: забеспячэнне арганізма чалавека ў неабходных суадносінах бялкамі, тлушчамі, вугляводамі, незаменнымі амінакіслотамі, вітамінамі, мікраэлементамі і інш. Улічваецца таксама кулінарная апрацоўка, каларыйнасць, кансістэнцыя стравы, рэжым харчавання і інш. Існуе 15 асн. дыет (сталоў) і іх варыянты, таксама сутачныя рэжымы (разгрузачныя дні), спец. дыеты (нулявая, малочная, гароднінная, каліевая і інш.). Навук. асновы Л.х. распрацоўвае дыеталогія.
М.В.Шчавелева.
т. 9, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРУ́ТНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
таксічныя хімічныя злучэнні, прызначаныя для пашкоджання жывога арганізма; аснова хімічнай зброі. Пранікаючы ў арганізм праз дыхальныя шляхі, слізістыя абалонкі вачэй і насаглоткі, скуру і стрававальны тракт, парушаюць механізм дзеяння ферментных сістэм. Паводле характару дзеяння падзяляюцца на нервова-паралітычныя (зарын, заман, табун), агульнаатрутныя (сінільная кіслата, хлорцыян, арсін, фасфін), скуранарыўныя (іпрыт, азоцісты іпрыт, люізіт), удушальныя (хлор, фасген, дыфасген), слёзацечныя (лакрыматары) і раздражняльныя (адамсіт, хлорацэтафенон і інш.), псіхахімічныя (BZ — бізэт, B7 — бісем). Бываюць смяротныя і несмяротныя (часова выводзяць са строю); нястойкія, стойкія і ядавіта-дымныя. Выяўляюць і дэгазуюць атрутныя рэчывы спец. прыладамі і метадамі. Ахова ад атрутных рэчываў: процівагаз, рэспіратар, спец. ахоўная і звычайная прагумаваная вопратка, антыдотная тэрапія і спец. абсталяваныя сховішчы. Як хім. зброя атрутныя рэчывы забаронены Жэнеўскім пратаколам 1925.
т. 2, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫШЭ́ЙШАЯ ШКО́ЛА»,
дзяржаўнае кніжнае выдавецтва. Засн. ў 1961 у Мінску на базе выд-ва БДУ і рэдакцыйна-выдавецкага аддзела. Да 1963 наз. Выд-вам вышэйшай, сярэдняй спец. і прафес. адукацыі БССР. Выдае падручнікі, навук. дапаможнікі і навуч.-метадычную л-ру для ВНУ, сярэдніх спец. навуч. устаноў сістэмы прафес.-тэхн. адукацыі, манаграфіі, навук.-папулярную л-ру, даведнікі, слоўнікі, міжведамасныя навук. і навукова-тэхн. зборнікі, кнігі па гісторыі Беларусі, тапаніміцы, гісторыі бел. культуры, фальклоры і інш.
т. 4, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУ́ШКІН (Барыс Лаўрэнцьевіч) (12.8.1919, г. Шахты, Расія — 15.6.1944),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Віцебскай і Мінскай абл. у Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Усесаюзны ін-т фізкультуры (1941). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, у 1942 выконваў спец. заданне ў тыле ворага, з мая 1943 камандзір спец. атрада НКДБ «Дапамога» (пазней уваходзіў у партыз. атрад «Артур»). Загінуў у час прарыву варожай блакады ў раёне воз. Палік.
т. 4, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧЫ ДОМ,
дзяржаўная выхаваўчая ўстанова для дзяцей-сірот і дзяцей. якія засталіся без апекі бацькоў. Дзеці знаходзяцца на поўным дзярж. забеспячэнні. Асн. тыпы Дз.д.: агульныя (для дзяцей ад 3 да 18 гадоў), спец. (для дзяцей з недахопамі развіцця), сямейныя (выхаванцы знаходзяцца ў сем’ях, якія ўзялі 5 і болей дзяцей).
У 19 — пач. 20 ст. ў Расіі для дзяцей-сірот ствараліся дзіцячыя прытулкі і сіроцкія дамы, якія існавалі пераважна на сродкі дабрачынных і філантрапічных т-ваў. Пасля 1917 пераўтвораны ў Дз.д. У 1920—23 існавалі дзіцячыя калоніі і школы-камуны. Спец. Дз.д. былі створаны для дзяцей, бацькі якіх загінулі ў Вял. Айч. вайну. У Беларусі ў 1945 было 245 Дз.д., у 1996/97 навуч. г. —49 (2545 дзяцей), у т. л. 17 агульнага тыпу (1654 дзіцяці), 10 спец. дамоў (741 дзіця), 22 сямейнага тыпу (150 дзяцей).
т. 6, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯТКА́НЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
тэкстыльныя матэрыялы, што вырабляюць з натуральных або хім. валокнаў, нітак ці сінт. плёнак без выкарыстання метадаў ткацтва; адзін з відаў тэкст. прадукцыі. Прамысл. вытв-сць Н.м., пачатая ў 1940-я г., вызначаецца прастатой тэхналогіі. Асн. віды Н.м.: вязальна-прашыўныя, ніткапрашыўныя, іголкапрабіўныя, валюшна-лямцавыя і клееныя.
Атрымліваюць Н.м. змацаваннем мех., фіз.-хім. ці камбінаванымі спосабамі валакністай асновы (напр., валакністае палатно, сістэма нітак), сфармаванай на спец. абсталяванні. Мех. спосабамі (правязванне, іголкапраколванне) на спец. машынах вырабляюць вязальна- і ніткапрашыўныя, іголкапрабіўныя матэрыялы. Валюшна-лямцавыя атрымліваюць з шарсцяных валокнаў (гл. Валянне). Клееныя Н.м. вырабляюць фіз.-хім. спосабамі з выкарыстаннем сувязных (эластамеры, тэрмапластычныя і тэрмарэактыўныя палімеры і інш.) ці спец. апрацоўкай асновы. Выкарыстоўваюць у тэхніцы (фільтравальныя, цепла- і гукаізаляцыйныя палотны, абразіўныя матэрыялы, палотны для паліграфіі і інш.), у быце (напр., вацін, дываны, коўдры, штучнае футра).
Літ.:
Технологии производства нетканых материалов. М., 1982.
т. 11, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНЫ КРАН,
камплект для тушэння пажараў вадой. Складаецца з запорнага вентыля, устаноўленага на пажарным водаправодзе, пажарнага рукава (гібкі трубаправод са спец. хутказлучальнымі галоўкамі на канцах, які служыць для падачы вады) і ствала (прыстасаванне для атрымання кампактнага ці распыленага струменя вады). П.к. размяшчаюцца на вышыні 1,35 м над падлогай у спец. шафах, дзе ўстанаўліваюць таксама ручныя вогнетушыцелі. На дзверцах пазначаецца парадкавы нумар П.к. і нумар тэлефона бліжэйшай пажарнай часці. Колькасць і тып П.к. у будынку залежаць ад яго прызначэння, памераў і пажарнай небяспекі.
В.І.Якаўчук.
т. 11, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЛЕТА́НЦТВА, дылетантызм (італьян. dilettante ад лац. delecto цешу, забаўляю),
занятак, захапленне якой-н. навукай, мастацтвам ці інш. справай без дастатковай спец. падрыхтоўкі, пры павярхоўным знаёмстве з прадметам; аматарства.
т. 6, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РСА,
пад’ёмная металічная ці акаваная жалезам дубовая рашотка, якая дадаткова зачыняла праём вежы-брамы. У еўрап. замках з’явілася ў сярэдзіне 15 ст., на Беларусі — ў канцы 15 — пач. 16 ст. Была важным элементам абароны замка, дзядзінца і інш. — прыкрывала дашчаныя вароты. Герса падымалася і апускалася на ланцугах пад’ёмным механізмам у спец. праёмы брамы. Ніжнія канцы рашоткі былі завостраныя і заходзілі ў спец. гнёзды. Звонку герса часта засланялася пад’ёмным мостам. Былі ў Мірскім замкава-паркавым комплексе, Полацкім Сафійскім саборы, Супрасльскай царкве-крэпасці, Сынковіцкай царкве-крэпасці і інш.
М.А.Ткачоў.
т. 5, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМАНІТА́РНЫХ ДАСЛЕ́ДАВАННЯЎ А́СПЕНА ІНСТЫТУ́Т (англ. Aspen Institute for Humanistic Studies),
навуковы цэнтр па распрацоўцы шляхоў вырашэння глабальных праблем чалавецтва. Створаны ў 1949 у Нью-Йорку (ЗША). Мае філіялы ў Берліне і Японіі. У складзе ін-та савет папячыцеляў (адм. орган), дырэктары праграм і спец. саветнікі (эксперты). Праводзіць пастаянна дзеючыя семінары для кіраўнікоў і супрацоўнікаў ін-та, распрацоўвае навук. праграмы і рэкамендацыі (у т. л. па праблеме гуманізму), рыхтуе спецыялістаў па спец. праграмах, выдае навук. працы. Каардынуе сваю дзейнасць з Корнелскім, Гарвардскім, Станфардскім ун-тамі, Масачусецкім тэхнал. ін-там (ЗША).
т. 5, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)