АНТРАПАМЕ́ТРЫЯ
(ад антрапа... + ...метрыя),
адзін з прыёмаў антрапал. даследавання, які заключаецца ў вымярэнні чалавечага цела і яго частак для ўстанаўлення палавых, узроставых, расавых і інш. структурных асаблівасцяў. Вылучаюць вымярэнні: цела — саматаметрыю, касцей шкілета — астэаметрыю, чэрапа — краніяметрыю. Для дакладнага вымярэння і фіксацыі прыкмет існуюць спец. інструменты (цыркулі, антрапаметры, ганіёметры, стужкі і інш.). Для якаснай характарыстыкі прыкмет, якія нельга вымяраць (рысы твару, колер скуры, валасоў, вачэй і інш.), складзены спец. шкалы.
т. 1, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)