падвід сярэбранага карася. Прызначана для ўтрымання ў дэкар. вадаёмах і акварыумах. Пашырана ўсюды. У Кітаі разводзяць з 10—12 ст., у Расію завезена ў канцы 17 ст. Зыходная форма з прэсных вадаёмаў Кітая, дзе З.р. выведзена шляхам працяглага адбору жоўтых і чырв. мутантных форм. Ад зыходнай формы адрозніваецца залаціста-жоўтай афарбоўкай, больш кароткім і шырокім (да шарападобнага) тулавам, вельмі змененымі плаўнікамі. Атрыманы сотні парод і форм рознай афарбоўкі, памераў тулава, галавы, плаўнікоў, велічыні і размяшчэння вачэй і інш. прыкмет. Найб. вядомыя жамчужына, ільвінагалоўка, камета, вадзяныя вочкі, тэлескоп, шубункін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ТА РО́БЕРТА ПАЎСТА́ННЕ 1549,
буйное сялянскае паўстанне ва Усх. Англіі. Выклікана захопам землеўладальнікамі ворных зямель і пашавых угоддзяў сялян (гл.Агароджванні). Пачалося ў чэрв. 1549 у графстве Норфалк, у хуткім часе ахапіла Суфалк і суседнія графствы. У сваёй праграме (29 артыкулаў) сяляне патрабавалі выканання раней прынятых законаў супраць агароджванняў, памяншэння арэнднай платы, скасавання дзесяціны, адмены прыгону. Узначаліў паўстанне мясц. сквайр Роберт Кет. Паўстанцы асадзілі гал. горад Норфалка Норыдж і з дапамогаю бедных гараджан захапілі яго. Перагаворы ўрада з сялянамі не мелі поспеху, войскі італьян. і ням. наёмнікаў штурмам узялі Норыдж і ў жн. 1549 разбілі сял. апалчэнне. Паўстанне пацярпела паражэнне, сотні яго ўдзельнікаў (у т. л. Р.Кет) пакараны смерцю.
масавыя каланіяльныя гняздоўі марскіх птушак, пашыраныя на ўзбярэжжах Еўразіі, Амерыкі, Паўд. Афрыкі, Новай Зеландыі, на акіянічных астравах Паўд. паўшар’я. Звычайна размяшчаюцца на стромкіх скалах, што прылягаюць да раёнаў мораў з высокай біял. прадукцыйнасцю, з берагамі, прыдатнымі для гнездавання. На П.б. суіснуюць віды, якія адрозніваюцца выбарам гнездавога ўчастка, кармамі і спосабамі іх здабычы. Найб. характэрныя прадстаўнікі П.б.: кайры, чысцікі, глупышы, чайкі-мыеўкі, бургамістры, белабрушкі, берынгавыя бакланы і інш. Гнездаванне на П.б. памяншае гібель яец птушанят ад драпежнікаў (напр., чайкі і крачкі сумесна адганяюць пясцоў і лісоў). Найб. буйныя П.б. налічваюць дзесяткі, а то і сотні тысяч пар гняздуючых птушак, распасціраюцца на дзесяткі кіламетраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕМАХАРЫ́Я (ад анема... + ...харыя),
перанос пладоў, насення, спораў і інш. зачаткаў (дыяспораў) раслін паветр. плынямі. Асн. спосаб рассялення наземных споравых раслін, грыбоў і некаторых інш. арганізмаў. Мае значэнне і ў насенных раслін. Пры анемахарыі дыяспоры лунаюць і планіруюць, апалыя пераносяцца ветрам па паверхні глебы, вады або па шарпаку.
Дыяспоры, якія лунаюць, маюць невял. масу (споры, дробнае пылаватае насенне ятрышнікавых, заразіхавых, грушанкавых, званочкавых) або прыстасаванні накшталт парашуцікаў (чубкі на пладах ветравых, на насенні скрыпнёвых, ластаўневых, вярбовых). У дыяспораў, якія планіруюць, ёсць крылападобныя прыдаткі (плады вяза, бярозы, вольхі, клёну, ясеня, насенне хвойных і інш.). Асн. маса дыяспораў разносіцца ў межах да 1 км (адзінкавыя дыяспоры дрэў у буру ці па шарпаку — да 4—10 км, споры грыбоў — часам на сотні кіламетраў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЯЁВІЦКАЯ БІ́ТВА 1794,
бітва паміж паўстанцамі і рас. войскам у час паўстання 1794. Адбылася 10.10.1794 каля в. Мацяёвіцы недалёка ад Варшавы. Пасля Крупчыцкага бою 1794 і паражэння ад войск А.В.Суворава каля в. Цярэспаль 19.9.1794 Т.Касцюшка сабраў рэшткі дывізіі К.Серакоўскага, 2 палкі пяхоты, кавалерыйскую брыгаду, уланаў, 2 эскадроны кароннай гвардыі і столькі ж шляхецкай конніцы з-пад Брэста (разам 5600 чал. пры 21 гармаце). 9 кастр. войска Касцюшкі перакрыла дарогу корпусу І.Я.Ферзена (каля 20 тыс.чал. пры сотні гармат), які рухаўся насустрач Сувораву. На досвітку 10 кастр. Ферзен пачаў наступленне. Бітва скончылася паражэннем паўстанцаў, цяжка паранены Касцюшка быў узяты ў палон. Гэта адмоўна паўплывала на ўвесь ход паўстання і прадвызначыла яго паражэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІФА́ГІ [ад палі... + ...фаг(і)],
арганізмы, якія выкарыстоўваюць (у адрозненне ад усёедных) разнастайны корм пэўнай групы (раслінны, жывёльны ці мяшаны). Напр., вусені лугавога матылька (Pyrausta sticticalis) кормяцца прыкладна на 160 відах раслін; рыжыя лясныя мурашкі (Formica rufa) паядаюць сотні відаў насякомых і інш. беспазваночных, а таксама некат. расліны. Мнагаедныя жабы, яшчаркі, некат. драпежныя птушкі (канюкі, каршуны), большасць млекакормячых. У П. пэўныя анат., фізіял. і біяхім. адаптацыі стрававальнай сістэмы (састаў стрававальных ферментаў значна шырэйшы, чым у стэнафагаў). П. могуць станавіцца стэнафагамі (манафагамі) пры адаптацыі да аднаго ці нямногіх відаў корму. У чалавека паліфагія выяўляецца пры празмерным спажыванні ежы. Можа быць абумоўлена павышанай патрэбнасцю здаровага арганізма ў энергіі і бялках (напр., пасля галадання, цяжкай фіз. працы) або пры некат захворваннях (напр., валляк дыфузны таксічны, дыябет цукровы) і інш.Гл. таксама Алігафагі, Пантафагі, Эўрыфагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРВО́ВАЯ РЭГУЛЯ́ЦЫЯ,
уплыў нервовай сістэмы на клеткі, тканкі і органы для каардынацыі іх дзейнасці на патрэбу арганізма і ў адпаведнасці са зменамі навакольнага асяроддзя. Мае вядучае значэнне ў забеспячэнні цэласнасці арганізма і з’яўляецца адным з асн. механізмаў гамеастазу. У філагенезе Н.р. ўзнікла пазней за гумаральную, але па меры развіцця нерв. сістэмы падпарадкавала яе нерв. сувязям, і ўтварылася нейрагумаральнае ўзаемадзеянне, заснаванае на рэфлекторных адносінах. Яно ажыццяўляецца з дапамогай медыятараў, якія выдзяляюцца нерв. канчаткамі і строга адрасаваны пэўнаму органу ці групе клетак, таму хуткасць Н.р. ў сотні разоў перавышае хуткасць гумаральнай рэгуляцыі. Разам з тым многія медыятары (ацэтылхалін, норадрэналін, сератанін і інш.) здольныя паступаць у кроў і рэгуляваць дзейнасць органаў і тканак як гумаральны фактар. Уяўленне аб пераважным значэнні нерв. сістэмы ў рэгуляцыі працэсаў і функцый у арганізме жывёл і чалавека — аснова канцэпцыі нервізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́ЎЗЕНЬ,
адрыў і слізготнае зрушэнне масы горнай пароды ўніз па схіле пад дзеяннем сілы цяжару. Найчасцей узнікаюць на горных схілах рачных далін, высокіх берагах мораў, азёраў, вадасховішчаў, складзеных з нахільных пластоў водатрывалых (гліністых) парод, якія чаргуюцца з ваданоснымі пародамі. Утвараюцца ў рыхлых адкладах і шчыльных пародах у выніку павелічэння стромкасці або падмывання асновы схілу, пераўвільгатнення грунтоў талымі і дажджавымі водамі, сейсмічных штуршкоў, нерацыянальнай гасп. дзейнасці чалавека. Буйныя апоўзні маюць працягласць уздоўж схілу на дзесяткі і сотні метраў і захоўваюць ва ўнутр.ч. пэўную маналітнасць (пры таўшч. 10—20 м і больш); невялікія называюцца аплывінамі. Пры апоўзнях ўтвараюцца невял. формы рэльефу — тэрасы і ўзгоркі, а таксама спецыфічныя формы расліннасці (напр., «п’яны» лес). Апоўзні прычыняюць вял. шкоду нас. Пунктам, с.-г. угоддзям, прамысл. прадпрыемствам, гасп. інфраструктуры і інш. На Беларусі яны адзначаюцца каля стромкіх схілаў рачных далін, глыбокіх яроў. Каб прадухіліць апоўзні, умацоўваюць берагі, схілы, праводзяць дрэнажныя работы, лесапасадкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАПНЯ́К,
асадкавая горная парода, складзеная з карбанатаў кальцыю (кальцыт, радзей араганіт). Мае прымесі даламіту, гліністых і пясчаных часцінак і інш. Нярэдка ўключае рэшткі вапняковых шкілетаў выкапнёвых арганізмаў. Колер белы, шэры з рознымі адценнямі. Шчыльн. 2700—2900 кг/м³.
Паводле паходжання вапнякі бываюць: арганагенныя — з ракавін (ракушачнікі) або з калоній каралаў, імшанак, водарасцяў; арганагенна-абломкавыя (дэтрытусавыя) — з абломкаў арган. рэшткаў; абломкавыя — з абкатаных карбанатных абломкаў; хемагенныя; перакрышталізаваныя. Вапняк звязаны паступовымі пераходамі з даламітамі, глінамі, пясчанікамі і інш.; пры метамарфізме пераходзіць у мармур. Большасць вапнякоў марскога паходжання, аднак ёсць і вапнякі прэснаводных азёраў, засоленых поймаў, мінер. крыніц (вапнавыя туфы і інш.). Пласты дасягаюць магутнасці ў сотні і тысячы метраў. Здольныя да ўзнікнення з’яў карсту.
На Беларусі вапняк найб. пашыраны ў адкладах дэвону, ардовіку, сілуру, верхняга мелу, трапляецца таксама ў кам.-вуг., пермскай і юрскай сістэмах. Выкарыстоўваецца ў прам-сці (флюсы, выраб фарбаў, шкла, гумы, пластмасаў, лекаў, мыла і інш.), сельскай гаспадарцы (вапнаванне глебы), буд-ве (вапна, цэмент) і архітэктуры, харч. прам-сці (вытв-сць цукру) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЕ́КДАХА (ад грэч. synekdochē суперайманне, суаднясенне),
від метаніміі, заснаваны на замене аднаго паняцця другім на аснове суаднясення іх колькасных прыкмет. Выступае як сродак завастрэння ўвагі чытача на найб. значных маст. дэталях, якім у творы належыць важная роля ў эмацыянальна-псіхал. раскрыцці вобразаў, іх аўтарскай ацэнцы. Пашырана ўжыванне назвы часткі з’явы, прадмета ў значэнні цэлага:
Магутнае слова, ты, роднае слова!
Са мной ты наяве і ў сне,
Душу мне затрэсла пагудкаю новай,
Ты песень наўчыла мяне.
(Я.Купала. «Роднае слова»)
Часам назва часткі замяняецца назвай цэлага:
Край калхідскі сёння ў славе,
І палескі краявід
Зменім мы, балоты сплавім,
Тут, брат, тысячы Калхід!
(П.Панчанка. «Слова пра Палессе»)
Сустракаецца замена множнага ліку адзіночным і наадварот.
Якія толькі стагоддзі
цябе не хрысцілі
ў сваіх Дняпрах, а ты
язычнікам так і застаўся, Човен.
(Р.Барадулін. «Трыпціх Ушаччыны»)
Разнавіднасць С. — ужыванне ўласных імён у значэнні агульных назоўнікаў:
Працы ў зорках — акіян бязмерны,
Важна, што мы здолелі пачаць. Сотні новых Юрыяў і Германаў
У калысках ярасна крычаць.
(П.Панчанка. «У космас»)