1) застылы сок некаторых раслін (ясеня маннага, грабеншчыка і інш.), што выцякае з ранак на кары.
2) Некалькі відаў вандроўных лішайнікаў сям. леканоравых (засушлівыя вобласці ў Паўд.-Усх. Еўропе, Паўд.-Зах. Азіі і Паўн. Афрыцы). Маюць выгляд камячкоў дыям. да 4 см гліністага ці папяліста-шэрага колеру, якія да глебы не прымацоўваюцца. Лёгка пераносяцца ветрам на вял. адлегласці. Ядомыя (магчыма, адсюль і легенда пра М., якая «падае з неба»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКВА́СКІ,
чыстыя культуры бактэрый (пераважна малочнакіслых), дражджэй або плесневых грыбоў, якія выклікаюць браджэнне і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці ў асн. харчовых прадуктаў. Мікраарганізмы, якія ёсць у З., трапляючы ў натуральны субстрат (малако, сумесь мукі з вадой, сок вінаграду і інш.), размнажаюцца, выклікаюць малочнакіслае, прапіёнава-кіслае або спіртавое браджэнне і ўтвараюць араматычныя арган. рэчывы. З. ўжываюць для атрымання сыраквашы, ацыдафіліну, кумысу, кефіру, масла, некат. сартоў сыру, вінаграднага віна, кіслага хлеба, а таксама пры сіласаванні кармоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖКЛЕ́ТНІКІ,
поласці або міжклетачныя прасторы, якія ўзнікаюць у органах раслін у працэсе гістагенезу пры раз’яднанні суседніх клетак, іх растварэнні або разрыве з наступным адміраннем. Магчыма таксама змешанае ўзнікненне. Зліваючыся, М. ўтвараюць адзіную сістэму каналаў і сазлучаюцца з вонкавым асяроддзем праз вусцейкі. Спрыяюць паляпшэнню газаабмену ў клетках, у іх назапашваюцца прадукты сакрэцыі (камедзі, млечны сок, смала, слізі, эфірны алей і інш.), паступаюць пары вады пры выпарванні. Парэнхімная тканка з буйнымі М., напоўненымі паветрам, наз.аэрэнхімай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ХАРЧО́ВЫ КАМБІНА́Т.
Засн. ў 1956 у Мінску як вучэбная база для сістэмы Бел.рэсп. саюза спажывецкіх т-ваў і быў вызначаны базавым прадпрыемствам у харч. прам-сці Белспажыўсаюза па перапрацоўцы садавіны і агародніны. Мае цэхі: сокавы, кансервавы і канцэнтраванага яблычнага соку. У 1999 асартымент прадукцыі складае каля 60 назваў: пладова-ягадныя сокі, варэнні і кампоты, марынаваныя агуркі і памідоры, абедзенныя і закусачныя кансервы з агародніны, канцэнтраваны яблычны сок, моцныя спіртаваныя напіткі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСТРА́ЎНІКАВАЯ ЗАЛО́ЗА,
залоза са змешанай сакрэцыяй у арганізме чалавека і жывёл. Ў чалавека размешчана ў забрушыннай прасторы на ўзроўні 1-га паяснічнага пазванка. Большая яе ч. мае функцыю вонкавай сакрэцыі (выдзяляе падстраўнікавы сок). У парэнхіме П.з. ёсць групы залозістых клетак (Лангерганса астраўкі), якія выпрацоўваюць гармоны (інсулін, глюкагон, саматастацін, панкрэатычны поліпептыд), што паступаюць непасрэдна ў кроў і ўдзельнічаюць у рэгуляцыі вугляводнага і тлушчавага абмену.
Літ.:
Елецкий Ю.К., Яглов В.В. Эволюция структурной организации эндокринной части поджелудочной железы позвоночных. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎВО́ЛЬФІЯ (Ranvolfia),
род кветкавых раслін сям. кутравых. Каля 50 (па інш. звестках — да 100) відаў. Пашыраны ў тропіках, акрамя Аўстраліі. Трапляюцца на ўзлесках вільготных трапічных лясоў.
Кусты, паўкусты або дрэвы, якія ўтрымліваюць млечны сок. Лісце простае, суцэльнае, часта скурыстае. Кветкі ў верхавінкавых ці пазушных суквеццях. Плод — з 2 касцянак. Падземныя органы Р. змяінай (R. serpentina) і некат. інш. відаў маюць у сабе алкалоіды (рэзерпін, рэстынамін, іахімбін і інш.), якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІ́МУС (ад грэч. chymos сок),
вадкае або паўвадкае змесціва тонкіх кішак пазваночных жывёл і чалавека. Складаецца з сумесі прадуктаў ператраўлення ежы ў страўніку, жоўці, сакрэтаў падстраўнікавай і кішэчных залоз, злушчанага эпітэлію і мікраарганізмаў, а таксама ферментаў панкрэатычнага соку і ўласна кішэчных. Састаў Х. залежыць ад характару харчавання і стану сакраторнай дзейнасці стрававальнага апарату. Маторная дзейнасць кішэчніка садзейнічае перамешванню Х. і яго перамяшчэнню. У чалавека за суткі з тонкіх кішак у тоўстую пераходзіць каля 400 г Х.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ХНЕР (Buchner) Эдуард (20.5.1860, г. Мюнхен, Германія — 13.8.1917),
нямецкі хімік і біяхімік. Праф. (1895). Скончыў Мюнхенскі ун-т (1888), дзе і працаваў. У 1893—1911 праф. у Кілі, Берліне, Брэславе, Вюрцбургу. Навук. працы па арган. хіміі. Адкрыў піразол (1889). У 1897 атрымаў з дражджэй сок, які не меў жывых клетак, але выклікаў энергічнае спіртавое браджэнне. Гэта адкрыццё заклала асновы сучаснай энзімалогіі. Нобелеўская прэмія 1907.
Літ.:
Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 81.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫЯПЛА́ЗМА (ад карыя... + плазма),
карыялімфа, нуклеаплазма, ядзерны сок, асноўная частка змесціва клетачнага ядра, якая ўтварае ўнутрыклетачнае рэчыва (матрыкс). Складаецца з бялковых фібрыл (таўшчыня 2—3 нм), што ўтвараюць сеткападобны каркас, у якім лакалізаваны храмацін, ядзеркі, унутрыядзерныя гранулы, поравыя комплексы ядз. абалонкі і інш. структуры. У жывых клетках К. гамагенная, аднародная, пры фіксацыі мае сеткападобную структуру. Мяркуецца, што К. ствараецца пры кожнай целафазнай рэканструкцыі ядра (у пач.мітозу пры растварэнні ядз. абалонкі К. пераходзіць у цытаплазму, што акружае ядро, і паніжае яе вязкасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУНДА́ЛЬНЫЯ ЗАЛО́ЗЫ (ад лац. fundus дно), донныя залозы,
залозы слізістай абалонкі страўніка пазваночных жывёл і чалавека.
Трубчастыя залозы, размешчаныя ў слізістым слоі дна і сценак страўніка. Складаюць асн.ч. яго залоз, таму іх наз. галоўнымі залозамі. Ф.з. ўяўляюць сабой неразгалінаваныя на канцах трубачкі, якія выпрацоўваюць страўнікавы сок, саляную к-ту і гарманальныя рэчывы, напр., гармон гастрын. У страўніку чалавека колькасць Ф.з. дасягае 35 млн., сярэдняя даўж. кожнай залозы 0,65 мм, дыям. каля 30—50 мкм, сакраторная пл. каля 3,5 м².