ЛУКА́-РАЙКАВЕ́ЦКАЯ, культура тыпу Лукі-Райкавецкай,
археалагічная культура плямён, якія ў 8—10 ст. жылі на тэр. Украіны, Малдовы, Пд Беларусі, у Балгарыі, Румыніі. Назва ад селішча ва ўрочышчы Лука каля в. Райкі Бярдзічаўскага р-на Жытомірскай вобл. (Украіна). Насельніцтва жыло на селішчах і гарадзішчах па берагах рэк. Пахавальны абрад — трупаспаленне на грунтавых і курганных могільніках. Кераміка ляпная (таўстасценныя пасудзіны з адагнутымі венчыкамі, аздобленыя па ўсёй паверхні кругавым хвалістым арнаментам) і ганчарная (таўстасценныя гаршкі з адагнутымі венчыкамі, з кругавым хвалістым і лінейным арнаментам па ўсёй паверхні). Культура тыпу Л.-Р. складалася на аснове пражскай культуры, яе пакінулі ўсх.славяне на этапе фарміравання дзяржаўнасці ў раннім сярэдневякоўі. У Беларусі да гэтай культуры належаць гарадзішчы і селішчы Хатомель і Струга Столінскага, Гарадзішча Пінскага, Дружба Брэсцкага р-наў Брэсцкай вобл., курганны могільнік Радасць Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГІЯ КУРГАНЫ́,
валападобныя пахавальныя насыпы 2-й пал. 1-га тысячагоддзя ў Бел. Падзвінні і Верхнім Падняпроўі, у вярхоўях р. Вялікая і каля Пскоўскага возера Расіі. Нар. назва на Пн Беларусі — валатоўкі. Даўжыня курганоў у 2 і больш разоў перавышае шырыню, часам дасягае некалькіх дзесяткаў метраў. На Беларусі выяўлены Д.к. 5—6 і 8—10 ст. Яны адлюстроўваюць перыяд, калі на Пн лясной паласы Беларусі з’явіліся славяне, якія асімілявалі мясц. балцкае і фіна-угорскае насельніцтва, утварылі групоўку ўсх. славян — крывічоў, вылучана археал. культура доўгіх курганоў паўн. Беларусі. Пахавальны абрад — трупаспаленне (у больш ранніх — за межамі пахавання). У кургане звычайна некалькі пахаванняў у ляпных гаршках-урнах ці ямках. Пахавальны інвентар некаторых курганоў — бронзавыя бранзалеты, ланцужкі, падвескі, шкляныя пацеркі сіняга колеру, жал. спражкі, нажы, касцяныя падвескі-птушкі. Большасць пахаванняў амаль без інвентару, што сведчыць пра асаблівасці рытуалу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎЛЯ́НЕ,
племянное аб’яднанне ўсх. славян у 8—10 ст., якое жыло на правабярэжжы Прыпяці ў міжрэччах Гарыні, Ужа, Цецерава, Дняпра. Назва паходзіць ад лясной мясцовасці. На У межавалі з палянамі, на З — валынянамі (па Случы) і бужанамі, на Пн з дрыгавічамі. Самыя стараж. помнікі Д. — курганныя могільнікі з трупаспаленнем, у канцы 10 ст. з’яўляюцца курганы з трупапалажэннем на гарызонце, у насыпе або ў яме галавой на З. Пахавальны інвентар: пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы, шкляныя і сердалікавыя пацеркі, жалезныя нажы і інш. Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, ганчарствам, ткацтвам, апрацоўкай жалеза. Жылі ў паўзямлянках. Гал. гарады: Уручый (Оўруч), Горадск; у Іскарасцені (Корасцень) жыў князь і старэйшыны з мясц. знаці. У 9—10 ст. мелі сваё паліт. аб’яднанне — «княжанне». Пры княгіні Вользе (сярэдзіна 10 ст.) землі Д. далучаны да Кіева і ператвораны ва ўдзельнае княства з цэнтрам у г. Уручый. Апошні раз упамінаюцца пад 1136.
Літ.:
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУЛЕ́БЫ,
аб’яднанне славянскіх плямён, якое ў 6—9 ст. жыло на Валыні, сярэднім Дунаі, у Чэхіі і інш. мясцінах. У 1-й пал. 7 ст. вялі працяглую барацьбу з аварамі, у пач. 1.0 ст. ўдзельнічалі ў паходзе кн. Алега на Царград. Пасля распаду аб’яднання сфарміраваліся драўляне, валыняне і дрыгавічы. Археал. помнікі Д. — паселішчы і могільнікі з керамікай тыпу Лукі Райкавецкай. На думку В.В.Ключэўскага, Д. былі першым вял. аб’яднаннем, якое заклала аснову ўсх.-слав. дзяржаўнасці. На тэр. Беларусі, на думку М.І.Ермаловіча, Д., магчыма, перасяліліся з Пд або ПдЗ і, дайшоўшы да вусця Бярэзіны, частка іх пайшла ўверх па рацэ і асела ў сярэднім яе цячэнні, на р. Ольса, а другая іх частка перайшла Дняпро і асела ў Пасожжы (р. Дулепа).
Літ.:
Третьяков П.Н. Восточнославяские племена. 2 изд. М., 1953;
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусы Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАГРА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія жылі ў бас. Дняпра паміж сярэднім цячэннем Бярэзіны на Пн і р. Рось на Пд, Зах. Бугам на З і р. Іпуць на У (тэр.Пд Беларусі і Укр. Палесся). Назва ад гарадзішча Мілаград. Датуецца 7—3 ст. да н.э. Характэрны 2 тыпы паселішчаў: умацаваныя (гарадзішчы) і неўмацаваныя (селішчы). У Падняпроўі і Пасожжы ўмацаванні рабілі ў выглядзе валоў і равоў з боку поля, а ў Палессі валы і равы ўмацоўвалі пляцоўкі гарадзішчаў з усіх бакоў. Селішчы вядомы ва ўсім арэале культуры. Асн. тып жытлаў — зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя пабудовы прамавугольнай або круглаватай формы пл. 12—16 м² слупавой канструкцыі, з выступам каля адной са сцен; былі разлічаны на адну сям’ю. Агнішчы адкрытыя, у круглых і авальных ямах паміж апорным слупам і сцяной. Пахавальныя помнікі — курганныя і бескурганныя (грунтавыя) могільнікі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на пясчанай падсыпцы або на гарызонце ў драўляных зрубах, а таксама ў неглыбокіх мацерыковых ямах. Пахавальны інвентар складалі адзін або некалькі гаршкоў, радзей — зброя ці ўпрыгожанні. Бескурганныя (грунтавыя) могільнікі размяшчаліся на ўзвышшах або прымыкалі да гарадзішчаў. У іх пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка. Пахавальны інвентар — кавалкі гліняных пасудзін і зубы свойскіх жывёл. Радзей трапляюцца прылады працы, зброя, упрыгожанні. Для носьбітаў М.к. характэрны гліняны посуд з прамым адагнутым вонкі венчыкам і яйца- або шарападобным тулавам, а таксама паўсферычныя гаршкі без пазначанага венчыка. Частка посуду аздоблена ўцісканнямі круглай палачкі, насечкамі, пазногцевымі або пальцавымі ўцісканнямі, «жамчужынамі». Гліняныя прасліцы і грузікі часам дакладна капіруюць форму посуду. Ёсць знаходкі гліняных фігурак жывёл. Рэчавы комплекс разнастайны: прылады працы з жалеза, наканечнікі дзідаў, стрэлы, каменныя сякеры, зерняцёркі, таўкачы, бронзавыя і жал. ўпрыгожанні, шкляныя і бурштынавыя пацеркі і інш.
Асн. формы гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля; паляванне і рыбалоўства мелі дапаможны характар. Былі развіты дамашнія рамёствы: здабыча і апрацоўка жалеза, ліццё бронзы, прадзенне, ткацтва, выраб ляпнога посуду. Этнічная прыналежнасць «мілаградцаў» застаецца спрэчнай. Частка вучоных лічаць іх славянамі, інш. адносяць іх да балтаў.
Літ.:
Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;
Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;
Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967;
Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МСКАЕ ХА́НСТВА,
татарская дзяржава на тэр. Крымскага п-ва, у нізоўях Дняпра, Прыазоўя і Прыкубання ў 15—18 ст. Вылучылася з Залатой Арды. Сталіца — г.Бахчысарай (з пач. 16 ст.). З 1239 мангола-татарамі занята стэпавая ч. Крыма, падпарадкавана мясц. насельніцтва (аланы, славяне, армяне, грэкі). З канца 13 ст. ў Крыме качавалі буйныя мангола-тат. улусы. На мяжы 13—14 ст. тут утварылася намесніцтва з рэзідэнцыяй у Салхаце (Стары Крым). Пасля міжусобнай барацьбы ў 1433 пры падтрымцы войск ВКЛ у Крыме замацаваўся Хаджы-Гірэй. З 1478 у васальнай залежнасці ад Турцыі (трапіла пры хане Менглі-Гірэю). К.х. часта выступала саюзнікам ВКЛ і Польшчы супраць Маскоўскай дзяржавы (1507, 1512, 1532, 1535, 1540, 1542, 1559). На Беларусь татары рабілі набегі ў канцы 15—1-й пал. 16 ст. (гл.Клецкая бітва 1506). У рус.-тур. вайну 1768—74 ханства занята рас. войскамі і паводле мірнага дагавору (1774) абвешчана незалежным. У 1783 апошні крымскі хан Шагін-Гірэй адрокся ад улады, ханства ліквідавана, а яго тэрыторыя далучана да Рас. імперыі.
Літ.:
Кузнецов А.Б. Дипломатическая борьба России за безопасность южных границ (первая половина XVI в.). Мн., 1986;
Санин Г. А. Отношения России и Украины с Крымским ханством в середине XVII в. М., 1987;
Возгрин В.Е. Исторические судьбы крымских татар. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЧБЫ,
умоўныя знакі для абазначэння лікаў. У вузкім сэнсе — знакі 0, 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9.
Найб. раннім з’яўляецца запіс лікаў словамі, які захоўваўся, напр., у матэматыкаў Сярэдняй Азіі і Б. Усходу да 10 ст. З развіццём эканомікі ўзнікла неабходнасць стварэння больш дасканалых спосабаў абазначэння лікаў і распрацоўкі прынцыпаў іх запісу (сістэм лічэння). Самыя старажытныя Л. з’явіліся ў 3—2-м тыс. да н. э. (Вавілон, Стараж. Егіпет, Кітай). Напр., вавілонскія Л. ўяўлялі сабой клінапісныя знакі для абазначэння лікаў 1, 10 і 100 (ці толькі 1 і 10); астатнія натуральныя лікі запісвалі з дапамогай іх злучэння. У егіпецкай іерагліфічнай нумарацыі існавалі асобныя знакі для абазначэння адзінак дзесятковых разрадаў. З 1-га тыс. да н. э. многія народы (грэкі, фінікійцы, арабы, армяне, славяне і інш.) з алфавітным пісьмом Л. абазначалі літарамі алфавіта; у славянскай нумарацыі пры гэтым зверху ставіўся спец. знак (цітла). У сярэднія вякі ў Еўропе карысталіся рымскай нумарацыяй, у якой асобнымі знакамі (рымскімі лічбамі) можна было запісаць любы лік да мільёна. Больш дасканалая нумарацыя ўзнікла ў Індыі не пазней 5 ст.; у Еўропу яе перанеслі арабы (адсюль назва арабскія Л.); сучасная дзесятковая сістэма лічэння вядома з 15 ст.Гл. таксама Лічэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ ПЕРАСЯЛЕ́ННЕ НАРО́ДАЎ,
масавыя міграцыі герм., слав., цюрк., іранскіх і інш. плямён на тэр.Рым. імперыі і ў суседнія землі ў 4—7 ст. Сярод яго прычын былі колькасны рост плямён (у т. л. ў сувязі з іх пераходам да аселасці), спусташэнне с.-г. угоддзяў, уціск з боку суседзяў, разлажэнне першабытнаабшчынных адносін і станаўленне феад. парадкаў (узрастанне ролі плем. правадыроў, якія стваралі моцныя ваен. дружыны для захопу і рабавання чужых зямель).
Пачатак Вялікаму перасяленню народаў паклала нашэсце ў Еўропу цюрк. плямён гунаў, якія напалі на іранамоўных аланаў (сярэдзіна 4 ст.), разграмілі германамоўных остготаў (375), пацяснілі вестготаў. Апошнія са згоды рым. імператара перасяліліся на Балканскі п-аў (у 378 паўсталі і ў саюзе з гунамі і аланамі разграмілі рымлян у бітве каля Адрыянопаля — сучаснага г. Эдырне), праніклі на тэр. Італіі (пач. 5 ст.) і захапілі Рым (410). Пераможаны імператар Зах.-Рым. імперыі аддаў вестготам Аквітанію, дзе ў 419 утварылася першая герм. дзяржава — Тулузскае каралеўства. Пазней пад уладу вестготаў перайшла Паўн.-ўсх.ч. Пірэнейскага п-ва; яго крайні ПнЗ заняло герм. племя свеваў. У 439 на тэр.рым. правінцыі Афрыка (паўн. вобласці Марока, Алжыра і Туніса) вандалы стварылі другую герм. дзяржаву. У сярэдзіне 5 ст. ў Галіі ўтвораны Бургундскае (на ПдУ) і Франкскае (на ПнУ) герм. каралеўствы; герм. плямёны англаў, саксаў і ютаў распачалі Англасаксонскае заваяванне Брытаніі (пакінута рымлянамі ў 407). Да сярэдзіны 5 ст. гуны перакачавалі з чарнаморскіх стэпаў на Дунайскую раўніну, аднак іх уварванне (разам з остготамі) у Галію спынілі рымляне (бітва на Каталаунскіх палях у 451). У 476 герм. военачальнік Адаакр скінуў апошняга імператара Зах.-Рым. імперыі Ромула Аўгустула. У 488 у Італію з Балканскага п-ва ўварваліся остготы, якія ў 493 заснавалі дзяржаву на тэр. ад Дуная да Цэнтр. Італіі. У 568 Пн Італіі заваявалі германамоўныя лангабарды. У 6 ст. на Дунайскую нізіну ўварваліся цюркамоўныя авары і панавалі тут да 8 ст. Ва Усх. Еўропе пачынаючы з 6 ст. вядучая роля ў міграцыйных працэсах належала славянам, асн. аб’ектам націску якіх была Візантыя. У 578 вял. група слав. плямён (каля 100 тыс.чал.) пераправілася цераз Дунай і пранікла ў Фракію, Македонію, Ілірыю, Фесалію, Эладу. У выніку ўварвання 589 славяне дайшлі да Пелапанеса. У 6—7 ст. яны рассяліліся на тэр. ад берагоў Чорнага і Эгейскага мораў да Адрыятыкі, у т. л. ў Далмацыі і Ілірыі; некат. плямёны праніклі ў М. Азію. У 626 славяне аблажылі сталіцу Візант. імперыі — Канстанцінопаль.
Вялікае перасяленне народаў садзейнічала заняпаду і распаду Зах.-Рым. імперыі і адначасова фарсіравала сац. развіццё саміх мігрантаў, вяло да стварэння ў іх буйных этн. утварэнняў і раннефеад. дзяржаў. Пад тэрмінам «Вялікае перасяленне народаў» часам разумеюць больш раннія (напр., перасяленні германцаў канца 2 — пач. 4 ст.) і больш познія міграцыі (заваяванні арабаў, нарманаў, цюркамоўных протабалгараў, мадзьяраў і г.д. канца 7—9 ст.).
Літ.:
Корсунский А.Р., Гюнтер Р. Упадок и гибель Западной Римской империи и возникновение германских королевств (до середины VI в.). М., 1984;
Буданова В.П. Готы в эпоху Великого переселения народов. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУНО́Ў (Цімафей Сазонавіч) (6.8.1904, в. Саннікі Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 8.10.1969),
грамадскі, парт. і дзярж. дзеяч БССР, гісторык. Акад.АНБССР (1959). Скончыў БДУ (1936), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦКВКП(б) (1948). З 1933 карэспандэнт газ. «Правда», з 1937 гал. рэдактар Дзярж. выдавецтва БССР, з 1939 рэдактар газ. «Звязда». У 1941—47 і 1950—60 сакратар ЦККПБ. У пач.Вял.Айч. вайны на паліт. рабоце ў Чырв. Арміі, удзельнічаў у арганізацыі партыз. руху на Беларусі. З 1942 рэдактар час. «Славяне», адначасова ў 1942—46 узначальваў Камісію па гісторыі Айч. вайны пры ЦККП(б)Б. У 1949—50 рэдактар час. «Наука и жизнь». У 1960—67 акадэмік-сакратар Аддз. грамадскіх навук АНБССР. Чл.ЦККПБ у 1941—66, чл. Бюро ЦККПБ у 1945—47 і 1950—60. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1946—62, Вярх. Савета БССР у 1947—67. У 1955—63 старшыня Вярх. Савета БССР. Аўтар прац па гісторыі ўтварэння БССР, уз’яднання бел. народа ў адзінай дзяржаве, папулярных выданняў па гісторыі Беларусі. Яго кн. «Гераічнае мінулае беларускага народа» (1945) і «Уз’яднанне беларускага народа ў адзінай савецкай сацыялістычнай дзяржаве» (1949) былі залічаны ў разрад нацыяналістычных і забаронены для выкарыстання ў бібліятэках, асноўны іх тыраж знішчаны.
Тв.:
Освобожденная Западная Белоруссия. М., 1940;
Образование Белорусской Советской Социалистической Республики. М., 1949;
Уз’яднанне беларускага народа ў адзінай савецкай сацыялістычнай дзяржаве. 2 выд.Мн., 1952;
Народы-братья: О связях бел. народа с народами Прибалтики. Мн., 1961;
В.И.Ленин — создатель белорусского советского социалистического государства. Мн., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́НДЭНБУРГ (Brandenburg),
зямля (адм. адзінка) на ПнУФРГ. Пл. 29,05 тыс.км². Нас. 2,67 млн.чал. (1995). Адм. ц. — г.Патсдам. Займае ч. Сярэднееўрап. раўніны, у межах якой вылучаюцца Мекленбургскае паазер’е на Пн і марэннае узв. Флемінг (да 201 м) на Пд; паміж імі — паласа пясчаных нізінных раўнін з шырокімі забалочанымі стараж. лагчынамі. Клімат умераны. Сярэдняя т-раліп. 18 °C, студз. каля 0 °C, ападкаў 550 мм за год. З карысных выкапняў найб. значэнне мае буры вугаль, ёсць буд. матэрыялы і торф. Букавыя і дубова-букавыя лясы. Асн.прамысл. цэнтры (выплаўка сталі, металаапрацоўка, машынабудаванне, электратэхніка) сканцэнтраваны вакол Берліна: Араніенбург, Генігсдорф, Патсдам, Брандэнбург, Тэльтаў і інш. Другі прамысл. раён — Нідэрлаўзіц на ПдУ, дзе на базе здабычы бурага вугалю развіта энергетыка (буйныя ЦЭС у гарадах Любенаў, Фечаў, Лаўгамеры і інш.) і хім.прам-сць. Франкфурт-на-Одэры — буйны цэнтр эл.-тэхн., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Вырошчванне збожжавых (пшаніца, жыта), бульбы, цукр. буракоў, агародніны і садавіны. Малочная жывёлагадоўля і свінагадоўля. Транспарт чыгуначны, аўтамаб., унутр. водны.
Тэр. сучаснага Брандэнбурга да 4 ст. насялялі герм. плямёны, з 5 ст. — палабскія славяне (стадаране, або гаваляне). У 1157 ням. войскі на чале з маркграфам Альбрэхтам Мядзведзем заваявалі сталіцу стадаран Брэну (Бранібор) пераназвалі яе Брандэнбургам і зрабілі цэнтрам новаўтворанага Брандэнбургскага маркграфства — фарпоста герм. экспансіі на У (войны з Польшчай у сярэдзіне 13 ст., 1308, 1315—17 і інш.). З 1356 Брандэнбург — курфюрства (з 1415 правілі Гогенцолерны; іх рэзідэнцыя з 1486 — Берлін). У 1618 Брандэнбург аб’яднаны з герцагствам Прусія ў Брандэнбургска-прускую дзяржаву (гл.Прусія). У 1815 утворана пруская правінцыя Брандэнбург (існавала да 1945). З 1945 у складзе сав. зоны акупацыі. З 1949 зямля ГДР, з 1990 зямля ФРГ.