ПІКАСО́, Пікаса [Picasso; сапр.Руіс-і-Пікаса (Ruiz y Picasso)] Пабла (25.10.1881, г. Малага, Іспанія — 8.4.1973), французскі мастак іспанскага паходжання; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў авангардызму, заснавальнік (з Ж.Бракам) кубізму. Вучыўся ў школе прыгожых мастацтваў у Барселоне (з 1895) у свайго бацькі Х.Руіса Бласка, акадэміі Сан-Фернанда ў Мадрыдзе (зіма 1897—98). З 1904 жыў у Францыі, пераважна ў Парыжы. Раннія жывапісныя творы [т.зв. «блакітны» (1901—04) і «ружовы» (1905—06) перыяды; назвы ад тонаў, якія дамінавалі ў каларыстычнай гаме] прысвечаны тэме трагічнай адзіноты, абяздоленасці і духоўнага ўбоства ніжэйшых слаёў грамадства, рамант. жыццю вандроўных камедыянтаў: «Стары жабрак з хлопчыкам», «Прасавальшчыца», «Бедная трапеза», «Дзяўчынка на шары», «Сям’я камедыянтаў з малпай» і інш. У той жа час працаваў пад уплывам П.Пюві да Шавана, набідаў («Арлекін абапёрся»), А.Тулуз-Латрэка, П.Гагена («Жыццё»), Э.Кар’ера («Маці і дзіця»), ісп. («Стары гітарыст») і грэч. («Вадапой») мастацтва. У 1906—07 пад уздзеяннем афр. пластыкі і П.Сезана імкнуўся да выяўлення значнасці твора праз спрашчэнне форм («Авіньёнскія дзяўчаты» і інш.), што абумовіла ўзнікненне ў яго творчасці кубізму: «Фабрыка ў Хорта дэ Эбра», «Партрэт Фернанда Аліўе» (абодва 1909), «Партрэт Амбруаза Валара» (1909—10), «Партрэт Канвейлера» (1910), «Скрыпка і вінаград» (1912), «Гітара і скрыпка» (1913), «Партрэт дзяўчыны» (1914), «Тры музыканты» (1921), «Мандаліна і гітара» (1924) і інш. З 1917 зноў вярнуўся і да фігуратыўнага жывапісу, у якім пераасэнсоўваў гіст.маст. стылі ў тагачаснай манеры: «Тры жанчыны каля крыніцы» (1921), «Дзве жанчыны на пляжы» (1922), «Флейта Пана», «Партрэт Вольгі», «Жанчына ў белым» (усе 1923), «Поль у касцюме П’еро» (каля 1923) і інш. У 1925 — пач. 1930-х г. працаваў у рэчышчы сюррэалізму: карціны «Купальшчыца сядзіць», «Жанчына ў крэсле» (абедзве 1929), «Постаці на беразе мора» (1931), «Люстэрка» (1932), скульптура «Мужчына з букетам» (1934) і інш. У графіцы пераважалі ант. матывы (ілюстрацыі да «Лісістраты» Арыстафана, 1934; серыя гравюр «Мінатаўрамахія», 1935, і інш.). У творах 1937—45 выявіў варварства фаш. рэжыму, трагізм і безвыходнасць эпохі: «Герніка», «Жанчына плача» (абодва 1937), «Кот і птушка» (1939), «Нацюрморт з бычыным чэрапам» (1942), «Бойня» (1944—45) і інш. З канца 1940-х г. пераважна інтэрпрэціраваў інтэрпрэтаваў* у сучасным стылі карціны старых майстроў («Партрэт мастака. У наследаванне Эль Грэка», «Дзяўчаты на беразе Сены. Паводле Курбэ», абедзве 1950; «Алжырскія жанчыны. Паводле Дэлакруа», 1955; «Меніны. Паводле Веласкеса», 1957; «Сняданак на траве. Паводле Манэ», 1960, і інш.), ствараў творы антываен. тэматыкі (малюнак «Голуб міру», 1947; карціна «Разня ў Карэі», 1951; пано «Мір» і «Вайна», 1952, і інш.), працаваў у скульптуры («Цяжарная жанчына», «Каза», абедзве 1950; «Малпа з малышом», 1952, і інш.), дэкар.-прыкладным мастацтве, графіцы. У 1970 адкрыты музей П. ў Барселоне, у 1985 — у Парыжы. Міжнар. прэмія Міру 1950, Міжнар. Ленінская прэмія 1962. Іл.гл. таксама да арт.Іспанія, Кубізм.
Літ.:
Голомшток И.Н., Синявский А.Д. Пикассо. М., 1960;
Графика Пикассо: [Альбом]. М., 1967;
Дмитриева Н.А. Пикассо. М., 1971;
Зубова М.В. П.Пикассо. Актеры и клоуны: [Альбом]. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НДЛЕР (ням. Ländler ад Landl мясцовасць у Аўстрыі),
аўстрыйскі і нямецкі нар. парны танец. Паходзіць з альпійскіх рэгіёнаў Аўстрыі. Тэмп ажыўлены, але не хуткі. Муз. памер 3/4 або 3/8. Назву «Л.» да пач. 19 ст. мелі многія разнавіднасці аўстр. і ням.нар. танцаў, вядомых паводле харэаграфічных апісанняў з 16 ст. Тыповыя рухі: слізготны крок і павароты, вярчэнні партнёркі, прытупванні партнёра, адначасовае вярчэнне танцораў у розных напрамках. Рухі шырокія, свабодныя. Выконваўся пад спевы ці ў суправаджэнні сял. аркестра (скрыпка, кларнет, цытра). Прататып вальса. Як муз. жанр вядомы з 2-й пал. 18 ст. Характэрная форма — два 8-тактавыя перыяды з паўтарэннем кожнага. Яго выкарыстоўвалі венскія кампазітары (у Л.Бетховена — «ням. танец»), І.Брамс, А.Брукнер, Ф.Шуберт, Р.Шуман, Г.Малер і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПІ́НСКІ ((Lipiński) Караль Юзаф) (30.10.1790, г. Радзынь — Падляскі, Польшча — 16.12.1861),
польскі скрыпач, кампазітар, педагог. Музыцы вучыўся ў бацькі — Ф.Ліпінскага. З 1812 капельмайстар опернага т-ра ў Львове. Іграў у квартэце з Л.Шпорам (1-я скрыпка) у Вене (1814), спаборнічаў з Н.Паганіні, іграў з ім у квартэце (1818). У 1839—59 саліст і канцэртмайстар опернага т-ра ў Дрэздэне. Тонкі інтэрпрэтатар твораў І.С.Баха і Л. Бетховена. З 1859 выкладаў у заснаванай ім муз. школе для сялянскіх дзяцей у в. Урлаў каля Львова. Аўтар 2 камічных опер, 3 сімфоній, уверцюры, 4 канцэртаў для скрыпкі з арк., у т. л. «Ваенны канцэрт»; 3 паланэзаў для фп., транскрыпцый фп. п’ес Ф.Шапэна і інш. Сярод яго вучняў І.Бём, І.Іоахім, С.Сервачынскі.
расійская кінаактрыса. Нар.арт. Расіі (1979). Скончыла Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1964). З 1964 у Т-ры-студыі кінаакцёра. У кіно з 1962 («Дзікі сабака Дзінга»). Творчая манера П. адметная псіхал. глыбінёй, шчырасцю, лірызмам, эмацыянальнасцю. Знялася ў фільмах: «Я крочу па Маскве» (1964), «Вернасць» (1965), «Журналіст» (1967), «Аўтамабіль, скрыпка і сабака Клякса» (1975), «Фронт без флангаў» (1975) і «Фронт за лініяй фронту» (1978; за абодва Дзярж. прэмія Расіі 1978), «Партрэт з дажджом» (1978), «Коней на пераправе не мяняюць» (1981), «Белыя росы» (1983), «Мордачка» (1990), «Амерыканскі дзядуля» (1993), «Любіць па-руску» (1995), «Любіць па-руску 2» (1996), «Любіць па-руску 3» (1999), «Афінскія вечары», «Жанчын крыўдзіць не рэкамендуецца» (абодва 2000), тэлесерыялах «Пецярбургскія тайны» (1994—95), «Развязка пецярбургскіх тайнаў» (1997), «Прыпынак па патрабаванні» (2000) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́БАРАЎ (Валерый Паўлавіч) (н. 26.6.1939, г. Саратаў, Расія),
бел. кінарэжысёр. Скончыў Ленінградскі ін-тт-ра, музыкі і кіно (1976). З 1957 (з перапынкам) на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1978 рэжысёр. Першая работа — кароткаметражны фільм «Жывы зрэз» (1978, паводле апавядання В.Патаніна «Белыя яблыкі», дыплом Міжнар. кінафестывалю ў Обергаўзене Германія). Цікавасць да нар. лёсу, да нац. каларыту выявілася ў фільме «Чужая бацькаўшчына» (паводле раманаў В.Адамчыка, 1982). Найб. значны фільм — «Сведка» (паводле аповесці В.Казько «Суд у слабадзе», 1985), у якім для дасягнення маст. выразнасці выкарыстаў спалучэнне ігравых эпізодаў з дакумент.-маст. (стылізаванымі пад кінадакумент). Праблемы сучаснасці ўзняты ў карціне «Мяне завуць Арлекіна» (паводле п’есы Ю.Шчакаціхіна «Пастка-44», 1988). Зняў дакумент. фільмы «Чаканне» («Зімовая казка», 1975), «Тонежскія бабы», «Нямая скрыпка» (абодва 1977).
малдаўскі пісьменнік, рэжысёр, сцэнарыст. Засл. дз. маст. Малдовы (1968). Нар.арт. Расіі (1980). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1964). Аўтар зб-каў вершаў «Збянтэжанасць» (1956), «Рытмы» (1965), «Душа жаўрука» (1974), «Двайная спіраль» (1976), аповесці «Буколіка» (1966), кн. апавяданняў «Белая скрыпка» (1963) і інш. У кіно дэбютаваў героіка-рэв. стужкай «Чакайце нас на світанні» (1964). Зняў фільмы па ранніх творах М.Горкага — «Табар адыходзіць у неба» (1976, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Сан-Себасцьяне) і А.Чэхава «Мой ласкавы і пяшчотны звер» (1978). Сярод інш. фільмаў «Гэта імгненне» (1970), «Лаугары» (1973), «Ганна Паўлава» (1983, з Вялікабрытаніяй) і інш. Яго работы вылучаюцца рамант. светаадчуваннем, эмацыянальнасцю, імкненнем да адухоўленасці вобразаў. Піша сцэнарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА СЯБРО́Ў МУ́ЗЫКІ.
Існавала ў 1910-я г. ў Мінску. Засн. ў ліст. 1912 з мэтай аб’яднання муз. дзеячаў Мінска, развіцця муз. мастацтва і муз. адукацыі. У склад праўлення ўваходзілі Г.Бах, І.Гянко, Л. фон Зіберштэйн, І.Патулаў, Н.Рубінштэйн. Т-ва наладжвала сімф. (дырыжор Рубінштэйн) і камерныя канцэрты, муз. вечары, заснавала бібліятэку-чытальню пры Мінскім муз. вучылішчы, выплачвала стыпендыі мінчанам — студэнтам Пецярбургскай кансерваторыі. Гал. дасягненне т-ва — арганізацыя канцэртаў, якія карысталіся вял. поспехам, у т. л. ў рабочых кварталах. Звычайна канцэртам папярэднічалі лекцыі пра творчасць вядомых кампазітараў. Значную ролю ў дзейнасці т-ва адыгрываў смыковы квартэт (1-я скрыпка — Рубінштэйн, 2-я — І.Ягудкін, І.Гапенка, В.Васільеў, альт — М.Фідэльман і А.Магілевіч, віяланчэль — фон Зіберштэйн і Н.Качаровіч), які выконваў творы рус. і зарубежных кампазітараў-класікаў. У час 1-й сусв. вайны наладжваліся выступленні ў вайск. часцях, шпіталях, дзіцячым прытулку. Апошнія звесткі ў друку пра дзейнасць т-ва адносяцца да 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕН-ЛЕО́Н (Saint-Léon) Арцюр [сапр.Мішэль
(Michel) Шарль Віктор Арцюр; 17.9.1821, Парыж — 2.9.1870], французскі танцоўшчык, балетмайстар, педагог, скрыпач. Вучыўся танцу ў бацькі — Л.Мішэля, ігры на скрыпцы — у Н.Паганіні. Дэбютаваў як танцоўшчык у Мюнхене (1835). З 1837 гастраліраваў у краінах Еўропы. Бліскуча выконваў класічныя і характарныя партыі. Яго танец адметны элегантнасцю і тонкім густам, пластычнай арнаментыкай і глыбокім зместам. У 1847 выступіў у Парыжы ў «Гранд-апера» як харэограф і выканаўца (балет «Мармуровая прыгажуня» Ц.Пуні). З 1854 балетмайстар у Лісабоне, з 1859 гал. балетмайстар у Пецярбургу і пастаянна працаваў у Маскве. Сярод яго пастановак найб. вядомы балеты на музыку Пуні («Скрыпка д’ябла», паст. 1849; «Грацыэла», паст. 1860; «Сірата Тэалінда», паст. 1862),
Л.Мінкуса («Фіямета», паст. 1864), Л.Дэліба («Ручай», паст. 1866; «Капелія», паст. 1870) і інш. Стваральнік арыгінальнай сістэмы запісу танца — «Сценахарэаграфія».
Літ.:
Красовская В. Русский балетный театр второй половины XIX в. Л.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЙКА,
невялікі фабульны, найчасцей вершаваны твор сатыр. або павучальнага зместу, у якім у алегарычнай форме адлюстраваны жыццёвыя з’явы, паводзіны людзей; блізкая да прытчы і апалога. Звычайна персанажамі байкі выступаюць жывёлы, расліны, рэчы, радзей людзі, а сам твор суправаджаецца абавязковай «мараллю», якая выяўляе яго асн. сэнс.
Як жанр вядома са стараж. часоў. У Стараж. Грэцыі байкі стварыў Эзоп (6 ст. да нашай эры), у Рыме — Федр (1 ст. нашай эры). З байкапісцаў пазнейшага часу найб. вядомыя Ж.Лафантэн і І.Крылоў. У бел. л-ры байка ўзнікла ў апошняй чвэрці 19 ст. Першыя спробы ў гэтым жанры належаць Ф.Багушэвічу («Воўк і авечка», «Свіння і жалуды») і А.Абуховічу («Ваўкалак», «Старшына»). Пасля рэвалюцыі 1905—07, калі бел.прагрэс. творам цяжка было абысці цэнзурныя перашкоды, да байкі звярнуліся Я.Купала («Мікіта і валы», «Два мужыкі і глушэц»), Я.Колас («Конь і сабака», «Пастух і авечкі»), М.Багдановіч («Варона і чыж»); празаічныя байкі пісаў Ядвігін Ш. («Павук», «Журавель і чапля»). Высокай дасканаласці бел. байка дасягнула ў творчасці К.Крапівы. У жанры байкі плённа працавалі У.Корбан, Э.Валасевіч, М.Скрыпка і інш.
Літ.:
Казека Я. Беларуская байка // Казека Я. Няходжанай дарогай. Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАНЖЭ́ ((Béranger) П’ер Жан дэ) (19.8.1780, Парыж — 16.7.1857),
французскі паэт. Развіваў традыцыі франц.нар. песні. Весялосцю, жыццялюбствам, пачуццёвасцю адметныя яго раннія творы (зб. «Песні маральныя і іншыя», 1815). «Кароль Івето» — сатыра на напалеонаўскія войны і раскошу імператарскага двара. За антыдваранскія і антыклерыкальныя песні («Маркіз дэ Караба», «Святыя айцы» і інш. двухтомніка 1821, зб-каў 1825 і 1828) двойчы зняволены. Песні 1830—40-х г. апявалі барацьбу і гераізм удзельнікаў рэвалюцый («Ліпеньскія магілы» і інш.), выкрывалі буржуазную манархію Луі Філіпа («Бандзі» і інш.), выказвалі спадзяванне Беранжэ, які знаходзіўся пад уплывам ідэй утапічнага сацыялізму, на магчымасць мірнага пераўтварэння грамадства, ажыццяўленне хрысціянскай ідэі роўнасці («Вар’яты», «Чатыры эпохі»). Лепшыя творы прысвяціў простым людзям («Прыдворны фрак», «Разбітая скрыпка», «Рыжая Жанна» і інш.). Песні Беранжэ жанрава разнастайныя, простыя па змесце, злабадзённыя па тэме, адточаныя па форме, дасціпныя і іранічныя; сэнсавай і эмацыянальнай кульмінацыяй у іх з’яўляецца рэфрэн. Аўтар кн. «Мая біяграфія» (не скончана, 1861). На бел. мову творы Беранжэ перакладалі Э.Агняцвет, А.Дудар, А.Зарыцкі, Н.Мацяш і інш.