БУЛЬ ((Bull) Уле) (5.2.1810, г. Берген, Нарвегія — 17.8.1880),
нарвежскі кампазітар, скрыпач, муз. фалькларыст. Самабытны рамант. выканальніцкі стыль Буля склаўся пад уплывам мастацтва Н.Паганіні і нарв.нар. скрыпачоў — выканаўцаў на хардынгфелі. Яго творы, запісы і апрацоўкі нар. песень садзейнічалі фарміраванню нарв. кампазітарскай школы. Заснавальнік першага нарв.т-ва «Нацыянальная сцэна» (Берген, 1850). Канцэртаваў у многіх краінах Еўропы (у Расіі з 1838). З 1851 жыў пераважна ў ЗША. Аўтар канцэрта для скрыпкі з арк., скрыпічных п’ес, п’ес на амер. матывы, хароў, музыкі для драм.т-ра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
В’ЁТА́Н ((Vieuxtemps) Анры) (17.2.1820, г. Верв’е, Бельгія — 6.6.1881),
бельгійскі скрыпач, кампазітар. Адзін з буйнейшых скрыпачоў рамант. кірунку. Вучань Ш.Берыо. Выступаў з 7-гадовага ўзросту. Гастраліраваў у краінах Еўропы і Амерыкі. У 1838—40 і 1845—52 працаваў у Расіі. На яго творчасць паўплывала знаёмства з М.Глінкам, А.Даргамыжскім і інш. Аўтар 7 віртуозных канцэртаў для скрыпкі з аркестрам (найб. значны 4-ы), п’ес на тэмы рус. кампазітараў і інш. У 1871—73 праф. Брусельскай кансерваторыі. Сярод яго вучняў Э.Ізаі. З 1879 жыў у Алжыры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БЕЛІК ((Kubelík) Ян) (5.7.1880, Міхле каля Прагі — 5.12.1940),
чэшскі скрыпач, кампазітар. Чл.Чэш. Акадэміі навук і мастацтваў (1932). Ігры на скрыпцы вучыўся ў бацькі І.М.Кубеліка, К.М.Вебера і інш. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1898). Музыкант-віртуоз, адзін з лепшых выканаўцаў найб. складаных твораў Н.Паганіні. Увёў у выканальніцкую практыку больш павольны тэмп ігры тэхн. пасажаў. Аўтар сімфоніі (1937), 6 канцэртаў для скрыпкі з аркестрам (1916—24), скрыпічных п’ес, віртуозных канцэртных кадэнцый і інш. У 1947 і 1949 прайшлі Міжнар. конкурсы скрыпачоў імя К. (у рамках муз. фестывалю «Пражская вясна»).
венгерскі скрыпач, педагог, кампазітар, дырыжор. Вучыўся ў І.Бёма, Ф.Давіда. Выступаў з 1838. У 1849—66 канцэртмайстар у Веймары і Гановеры. З 1866 у Берліне, з 1868 дырэктар і праф. Вышэйшай муз. школы. Заснавальнік (1869) і кіраўнік струннага квартэта. Сярод твораў З канцэрты для скрыпкі з арк., п’есы для скрыпкі і фп., песні і інш.; стварыў шэраг скрыпічных транскрыпцый (у т. л. «Венгерскія танцы» І.Брамса). Аўтар працы «Скрыпічная школа» (т. 1—3, 1905; з А.Мозерам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НЕВІЦ ((Bennewitz) Антанін) (26.3.1833; Пршывраці, каля г. Літамішль, Чэхія — 29.5.1926),
чэшскі скрыпач і педагог. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1852). У 1852—66 канцэртмайстар аркестраў у Празе, Зальцбургу, Штутгарце; канцэртаваў у Парыжы і Бруселі. З 1866 праф., у 1882—1901 дырэктар Пражскай кансерваторыі. З 1880 кіраўнік струннага квартэта Пражскага ням. камернага т-ва. Адзін са стваральнікаў Чэшскага квартэта (1891). Арганізатар публічных канцэртаў, у якіх удзельнічаў як ансамбліст (у трыо з Б.Сметанам і інш.). Дзякуючы Беневіцу-педагогу чэш. скрыпічная школа набыла сусв. вядомасць. Сярод яго вучняў О.Шэўчык, Ф.Ондржычак, І.Сук, О.Недбал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЖЫМА́ЛІ (Іван Войцехавіч) (13.4.1844, г. Пльзень, Чэхія — 24.1.1915),
расійскі скрыпач і педагог. Па нацыянальнасці чэх. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1861). З 1869 у Маскве, выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1874 праф.). Выступаў як саліст і дырыжор. Стварыў адну з буйнейшых рус. скрыпічных школ строга акад. кірунку (у адрозненне ад пецярб. школы Л.Аўэра). Аўтар інструктыўных твораў для скрыпкі. Пераклаў для яе некат. фартэпіянныя творы П.Чайкоўскага, а таксама для скрыпкі, віяланчэлі і фп. «Патэтычнае трыо» М.Глінкі. Сярод яго вучняў: С.Барцэвіч, Д.Крэйн, Л.Любошыц, А.Магілеўскі, А.Печнікаў, М.Прэс, М.Эрдэнка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРО́ВІЧ, Грэгаровіч Карл Карлавіч (25.10.1868, С.-Пецярбург — 25.3.1921), рускі скрыпач-віртуоз, педагог. Вучыўся ў В.Безякірскага (Масква) і І.Іоахіма (Берлін). З 1883 канцэртаваў па Расіі і краінах Еўропы, шматразова выступаў на Беларусі (найб. у Віцебску). У 1910—14 узначальваў у Пецярбургу т.зв. Мекленбургскі квартэт. З 1904 праф.Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва, у 1918—20 — Віцебскай нар. кансерваторыі. Выступаў у суправаджэнні Віцебскага сімф. аркестра на чале з М.Малько, удзельнічаў у вечарах камернай музыкі (выконваў творы Л.Бетховена, Ф.Мендэльсона, Э.Лало, А.Тама, П.Сарасатэ і інш.). Тонкі інтэрпрэтатар скрыпічнай і квартэтнай класікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЙСЛЕР, Крайслер (Kreisler) Фрыц (2.2.1875, Вена — 29.1.1962), аўстрыйскі скрыпач-віртуоз, кампазітар. Скончыў Венскую (1885) і Парыжскую (1887) кансерваторыі, вучыўся ў Л.Дэліба (кампазіцыя). Жыў пераважна ў ЗША (1914—24 і з 1939), Берліне (1924—34), Парыжы (1933—39). Выступаў да 1948. Садзейнічаў фарміраванню сучаснага выканальніцкага стылю, увёў новыя выразныя і тэхн. прыёмы выканання. Майстар скрыпічнай мініяцюры («Венскі капрыс»). Аўтар транскрыпцый, у т. л. твораў В.А.Моцарта, Ф.Шуберта, Р.Шумана, канцэртных кадэнцый, апрацовак, стылізацый («Класічныя манускрыпты», 1905), аперэт («Кветкі яблыні», 1920), вальсаў («Радасць кахання», «Пакуты кахання») і інш.
Літ.:
Ямпольский И. Ф.Крейслер: Жизнь и творчество. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЙСТРАХ (Ігар Давыдавіч) (н. 27.4.1931, г. Адэса, Украіна),
расійскі скрыпач. Засл. арт. Расіі (1968). Нар.арт. Расіі (1978). Нар.арг.СССР (1989). Сын і вучань Д.Ф.Ойстраха. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1955), у 1958—75 выкладаў у ёй. З 1957 саліст Маскоўскай філармоніі. Выступае і як ансамбліст. Першы выканаўца многіх твораў айч. і замежных сучасных кампазітараў, у т. л. прысвечаных яму. Адначасова выступае як альтыст і дырыжор. Найб. вядомы яго дырыжорскія інтэрпрэтацыі твораў Л.Бетховена. Ганаровы чл. т-ваў Бетховена ў Боне і Э.Ізаі ў Бруселі. Лаўрэат Міжнар. конкурсу скрыпачоў імя Г.Вяняўскага (Познань, Польшча, 1952).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РСКІ (Канстанцін Канстанцінавіч) (13.6.1859, г. Ліда Гродзенскай вобл. — 31.5.1924),
скрыпач, кампазітар, педагог. Ігры на скрыпцы вучыўся ў А.Концкага ў Варшаве. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1881, клас Л.Аўэра), па кампазіцыі займаўся ў М.Рымскага-Корсакава. Выкладаў у муз. вучылішчах Саратава, Харкава, Тбілісі і інш. Канцэртаваў (у 1893 выканаў у Харкаве канцэрт для скрыпкі з аркестрам П.Чайкоўскага пад кіраўніцтвам аўтара). З 1919 у Польшчы, канцэртмайстар аркестра опернага т-ра ў Познані. Аўтар оперы «Маргер» (паводле У.Сыракомлі, клавір выд. 1905, паст. 1927), сімф. паэмы, п’ес для скрыпкі і фп., арганнай фантазіі, песень, духоўнай музыкі і інш.
Літ.:
Wrocki E. Konstanty Gorski: Życie i działalność. 1859—1924. Warszawa, 1924.