«ПРАГНО́З»,

серыя сав. даследчых ШСЗ для вывучэння сонечнай актыўнасці, яе ўплыву на магнітасферу Зямлі і міжпланетнае асяроддзе. Маса 850—900 кг. У 1972—85 запушчаны 10 «П.». «П.-9» выкарыстоўваўся таксама для даследавання рэліктавага выпрамянення. «П.-10» запушчаны ў рамках праграмы «Інтэркосмас».

т. 12, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭКТЫ́ЎНЫ ФІЛЬМ,

твор кіна- і тэлемастацтва, прысвечаны расследаванню крымінальных і інш. злачынстваў, рабоце разведчыкаў. Тэматычна звязаны з прыгодніцкім фільмам.

Першыя авантурна-дэтэктыўныя фільмы зняты ў 1910-я г. ў Францыі (серыя фільмаў рэж. Л.​Фёяда пра Фантамаса, рэж В.​Жасэ пра сышчыка Ніка Картэра і інш.). Сярод Д.ф. 1930—40-х г. серыялы пра сышчыкаў, фільмы-«паліцэйскія дакументы»; 1960—70-х г. — серыя фільмаў пра супершпіёна Джэймса Бонда. Сярод лепшых Д.ф. сав. кіно: «Подзвіг разведчыка», «Справа № 306», «Мёртвы сезон», «Вяртанне «Святога Лукі», «Чорны прынц», «Пятроўка 38», тэлевізійныя «Семнаццаць імгненняў вясны», «Месца сустрэчы змяніць нельга».

У бел. кіно дэтэктыўную фабулу маюць фільмы «Дзеці партызана», «Наперадзе — круты паварот», «Блакітны карбункул», «Задача з трыма невядомымі», «Дзікае паляванне караля Стаха», тэлевізійныя «Корцік», «Бронзавая птушка», «Апошняе лета дзяцінства» і інш.

т. 6, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́СЦІ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ»,

навуковы часопіс. Выдаецца з 1940 у Мінску ў 7 серыях (у 1942—46 не выходзіў). Напачатку агульны часопіс для ўсіх аддзяленняў АН Беларусі, у 1956 падзелены на серыі: грамадскіх (з 1992 гуманітарных), біял. і фізіка-тэхн. Навук. з 1963 выходзіць серыя с.-г. Навук. з 1965 — фізіка-матэм., хім. Навук. з 1968 — фізіка-энергет. навук. Серыі гуманіт., біял. і с.-г. навук выходзяць на бел. мове, астатнія на бел. і рус. мовах. Серыя гуманіт. навук мае спец. раздзелы: «Гісторыя», «Філасофія і сацыялогія», «Мастацтвазнаўства, этнаграфія, фальклор», «Літаратуразнаўства», «Мовазнаўства», «Права», «Эканоміка». Часопіс асвятляе пытанні развіцця навукі, змяшчае матэрыялы навук. даследаванняў і вынікі работ ін-таў АН Беларусі, н.-д. ін-таў і ВНУ рэспублікі, а таксама рэцэнзіі, хронікі, юбілейныя артыкулы пра вядучых вучоных рэспублікі, інфармацыю пра навук. жыццё АН Беларусі.

М.​Н.​Крыўко.

т. 4, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬНАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 29.8.1939, в. Гародна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. графік і жывапісец. Скончыў Харкаўскі маст.-прамысл. ін-т (1971). Сярод ранніх твораў пераважаюць графічныя кампазіцыі, выкананыя ў традыц. жанрах: серыі літаграфіі «Зямля» (1977—79) і пастэлей «Горад майго дзяцінства» (1982). Трагічны лёс вёскі, узаемаадносіны чалавека і навакольнага асяроддзя, пытанні экалогіі ў творах «Чырвоны спрут» (1974), «Рытмы хіміі» (1976), «Вячэра на траве» (1979), «Трывожны сон птушкі» (1981), серыя «Мёртвая вёска» (1991—92). Успаміны аб вайне — у аснове кампазіцый «Памяці партызана» (1975), «Вяртанне. Прысвячаецца бацьку» (1985), стараж. Віцебску прысвечаны серыя «Мой горад» (1981), трыпціх «Сцёртыя рысы твару» (1985), «Стары горад» (1991). У творах 1990-х г. дамінуючае месца занялі ідэі хрысц. маралі, праблемы духоўнасці, клопат аб захаванні спадчыны, увасобленыя ў складаныя метафарычныя вобразы («Памяць», «Шлях да храма», «Прысвячэнне», «Паклон зямлі», «Пераможаны»).

М.Л.Цыбульскі.

У.Вольнаў. Памяць. 1995.

т. 4, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЕРВЕ́ЕР»

(«Surveyor»),

серыя амерыканскіх аўтам. касм. апаратаў для даследавання Месяца; праграма іх распрацоўкі. Пасля мяккай пасадкі на паверхню Месяца праводзіліся панарамныя здымкі, даследаванне грунту, таксама адпрацоўваліся некаторыя элементы праграмы «Апалон». Маса «С.» на Зямлі ≈ 1 т, пасля пасадкі на Месяц ≈ 285 кг. У 1966—68 запушчаны 7 «С.».

т. 14, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛУ́НАР О́РБІТЭР»

(Lunar Orbiter),

серыя амерыканскіх штучных спадарожнікаў Месяца для пошуку раёнаў пасадкі месяцавай кабіны касм. карабля «Апалон» і аўтам. міжпланетных станцый «Сервеер», навук. даследаванняў; праграма іх распрацоўкі і запускаў. Запушчана 5 «Л.о.» (1966—67). У выніку былі выбраны ўчасткі для пасадкі касм. караблёў, складзена падрабязная карта бачнага боку і некаторых раёнаў нябачнага боку Месяца.

т. 9, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЧО́Ў (Пётр Мікалаевіч) (н. 6.7.1937, С.-Пецярбург),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1964). У 1964—86 маст. рэдактар час. «Бярозка», з 1992 у «Беларускім гістарычным часопісе». Працуе ў кніжнай і станковай графіцы. Сярод твораў: серыя акварэлей «Помнікі архітэктуры Беларусі» (1970—82), «Бярэзінскі запаведнік» (1975—79), літаграфіі «Кірмаш канца XIX — пач. XX ст.» (1972), «Дзяды» паводле паэмы А.​Міцкевіча (1973), «Паўстанне 1863 г.» (1978), «Спынім забойствы...» да 500-годдзя Міколы Гусоўскага (1980), серыя «Асветнікі» (1989), ілюстрацыі да кніг У.​Дубоўкі, П.​Броўкі, У.​Караткевіча, І.​Новікава; дыярамы «На старажытным гарадзішчы», «Францыск Скарына трымае экзамен перад прафесарамі ў Падуанскім універсітэце», «Знахаркі» і інш. для Музея гісторыі медыцыны Беларусі; «Гандаль у Полацку», «Падводны свет нашых азёр», «Паселішча на Сенніцы», «Крэменездабыўныя шахты ў Красным», «Францыск Скарына ў друкарні» і панарама «Пажар г. Магілёва ў 1700—21 гг.» для Нац. музея гісторыі і культуры Беларусі, «Мінск у 1890 г.» для Музея М.​Багдановіча (1992—93, усе ў Мінску).

П.Драчоў. Кірыла Тураўскі. З серыі «Асветнікі». 1989.

т. 6, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЛІН (Павел Піліпавіч) (16.1.1908, г. Іркуцк, Расія — 2.10.1981),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1924. Першая кніга — «Чалавек ідзе ў гару. Нарысы звычайнага жыцця» (1936). Яго творчасці ўласцівы ўвага да рэальнага жыцця, вострая пастаноўка маральных, і грамадскіх праблем: апавяданне «Каханая дзяўчына» (1936, аднайм. фільм 1940), сцэнарый фільма «Вялікае жыццё» (1-я серыя 1940, Дзярж. прэмія СССР 1941; 2-я серыя 1958; пра шахцёраў Данбаса), аповесці «Выпрабавальны тэрмін» (1956, аднайм. фільм 1960), «Жорсткасць» (1956, аднайм. фільм 1960) і інш. Падзеі Вял. Айч. вайны на Беларусі ў аповесці «Праз могілкі» (1962, аднайм. фільм кінастудыі «Беларусьфільм», 1965). Аўтар рамана «Паездка ў Маскву» (1954), п’есы «На белым свеце» (1947, паст. Бел. т-рам імя Я.​Коласа) і інш. Неаднаразова быў на Беларусі. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.​Жук, Т.​Мартыненка.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1985;

Жестокость: Повесть и рассказы. М., 1990.

Літ.:

Адамовіч А. Літаратура, мы і час. Мн., 1979. С. 116—118;

Кардин В. Павел Нилин. М., 1987.

т. 11, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРЫЯ́Н»

(французскае Ariane),

серыя 3-ступеньчатых ракет-носьбітаў на вадкім паліве для запуску штучных спадарожнікаў Зямлі. Створаны Еўрапейскім касмічным агенцтвам пры вядучай ролі Францыі і ФРГ. У эксплуатацыі з 1979. Карысны груз больш за 1700 кг пры вывадзе на пераходную арбіту з вышынёй у апагеі 36 тысяч км. Стартавая маса каля 200 т, даўжыня 50 м (з карысным грузам), дыяметр 3,8 м.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭРЫКО́ ((Géricault) Жан Луі Андрэ Тэадор) (26.9.1791, г. Руан, Францыя — 26.1.1824),

французскі жывапісец і графік, заснавальнік рамантызму. Вучыўся ў К.Вернэ і П.​Герэна. Зазнаў уплывы Ж.Л.Давіда і А.Гро. Быў у Італіі (1816—17), Англіі (1820—22), Бельгіі (1820). Працаваў у Парыжы. Раннія творы вылучаюцца эмацыянальнасцю вобразаў і дынамічнасцю («Афіцэр конных егераў імператарскай гвардыі ідзе ў атаку», 1812, «Паранены кірасір пакідае поле бою», 1814). Пасля паездкі ў Італію ўзмацняецца абагульненая манументальнасць форм, каларыт амаль манахромны («Бег вольных коней у Рыме», 1817, «Плыт Медузы», 1818—19). У шэрагу партрэтаў выказаў рамант. ўяўленне пра мастака як пра свабодную, незалежную асобу; серыя «Партрэты звар’яцелых» (1819—20) прасякнута гуманізмам. Адзін з першых стаў працаваць у тэхніцы літаграфіі (серыя «Вялікія і малыя англійскія сюіты», 1820—21). Стварыў кампазіцыі са сцэнамі нар. жыцця, некалькі скульпт. работ.

Літ.:

Жерико о себе и современники о нем: Пер. с фр. М., 1962;

Прокофьев В.Н. Теодор Жерико. М., 1963;

Турчин В.С. Теодор Жерико. М., 1982.

Т.Жэрыко. Афіцэр конных егераў імператарскай гвардыі і дае ў атаку. 1812.

т. 6, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)