СЯМЕ́ЙНАЕ ПРА́ВА,

галіна права, якая рэгулюе маёмасныя адносіны, што ўзнікаюць на аснове шлюбу, сваяцтва, усынаўлення і інш. форм уладкавання дзяцей на выхаванне ў сям’ю. С.п. ўстанаўлівае ўмовы і парадак узяцця шлюбу, яго спыненне ці прызнанне несапраўдным; рэгулюе адносіны ў сям’і паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі, інш. членамі сям’і; адносіны ўсынавіцеляў, іх сваякоў з усыноўленымі і іх нашчадкамі, а таксама апекуноў (папячыцеляў) з падапечнымі. Асабістыя і маёмасныя адносіны, што складаюць прадмет С.п., праяўляюцца гал. чынам у рамках сям’і, заснаванай на зарэгістраваным у законным парадку шлюбе. Некаторыя сямейна-прававыя сувязі захоўваюцца і па-за сям’ёй (удзел бацькоў у выхаванні і ўтрыманні дзяцей, якія пражываюць асобна, аліментныя абавязкі былых мужа ці жонкі, інш. членаў сям’і). Задачы і прынцыпы С.п. сфармуляваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэксе аб шлюбе і сям’і 1999. С.п. заклікана садзейнічаць умацаванню сям’і, пабудове сямейных адносін на добраахвотным шлюбным саюзе, роўнасці правоў мужа і жонкі ў сям’і, на ўзаемнай любові, павазе і ўзаемадапамозе ўсіх членаў сям’і, устанаўленню правоў дзяцей і забеспячэнню іх прыярытэту ў адпаведнасці з законам, ахове мацярынства і бацькоўства, забеспячэнню спрыяльных умоў для развіцця і станаўлення кожнага дзіцяці. Абарона правоў, што вынікаюць са шлюбных і сямейных адносін, ажыццяўляецца судом, органамі апекі і папячыцельства, а таксама дзярж. органамі, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану. У межах, прадугледжаных заканадаўствам, дапускаецца самаабарона С.п. Значная частка асабістых адносін паміж членамі сям’і застаецца па-за межамі прававога ўздзеяння і рэгламентуецца толькі нормамі маралі. Грамадзянскае, жыллёвае і інш. заканадаўства прымяняецца да сямейных адносін толькі ў выпадку адсутнасці рэгулявання гэтых адносін заканадаўствам аб шлюбе і сям’і. Міністэрствы і інш. рэсп. органы дзярж. кіравання могуць выдаваць нарматыўныя прававыя акты па пытаннях, што датычацца сямейных і шлюбных адносін, у выпадках і межах, прадугледжаных законам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 15, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,

вывучэнне і групаванне моў свету (аднясенне да пэўнай групы, сям’і і інш.) на аснове іх падабенства, звязанага з наяўнасцю роднасных сувязей паміж імі. Роднасныя сувязі абумоўлены тым, што мовы пэўнай групы або сям’і ўтвараюцца з адной мовы-асновы (прамовы) шляхам яе распадзення. Прамова — гэта рэальная мова, якая некалі існавала і якую нельга аднавіць поўнасцю, але можна рэканструяваць яе фанетыку, граматыку і лексіку. Рэканструкцыя адбываецца шляхам супастаўлення роднасных моў (гл. Роднасць моў) на падставе параўнальна-гістарычнага метаду. Найб. дакладны матэрыял дае параўнанне граматычнай структуры, што тлумачыцца абмежаванасцю набору граматычных значэнняў у мовах свету і іх устойлівасцю ў адносінах да змянення, а таксама тым, што словазмяняльныя формы амаль не запазычваюцца. Больш складанае выкарыстанне лексічных адпаведнасцей паміж мовамі: вял. колькасць супадзенняў на гэтым узроўні тлумачыцца запазычаннямі (напр., бел. «бурбалка» < літ. burbulas). Для лексікалагічных параўнанняў бяруць словы, якія гістарычна належаць да эпохі прамовы: назвы роднасці і сваяцтва, некаторых жывёл, раслін, прылад працы, частак цела, некаторыя невытворныя займеннікі і інш. Важную ролю адыгрывае і гукавое афармленне таго, што параўноўваецца. Самы надзейны крытэрый роднасці моў — частковыя супадзенне і разыходжанне гукавой абалонкі пры ўмове рэгулярных гукавых адпаведнасцей і ўліку фанетычных законаў кожнай мовы. Напр., лац. ferunt адпавядае рус. «берут», што пацвярджаецца рэгулярным узнікненнем рус. «б» замест лац. «f» («брат» — frater, «боб» — faba). Пры генеалагічнай класіфікацыі моў блізкароднасныя мовы аб’ядноўваюць у падгрупу, потым — групу, сям’ю моў. Існуюць наступныя асн. сем’і моў: у Еўропе і Азіі — індаеўрапейскія мовы, фіна-угорскія мовы, цюркскія мовы, іберыйска-каўказскія мовы; у Азіі і Афрыцы — семіта-хаміцкія мовы; у паўд.-ўсх. і ўсх. Азіі — мангольскія мовы, тунгуса-маньчжурскія мовы, кітайска-тыбецкія мовы, палеаазіяцкая, дравідская; у Акіяніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі — малайска-палінезійская, аўстра-азіяцкая; у Афрыцы — нігера-кардафанская, ніла-сахарская; у Паўн. Амерыцы — алгонкіна-масанская, хока-сіў, юкі-пенуці; у Цэнтр. Амерыцы — танаюта-ацтэкская, майя-соке; у Паўд. Амерыцы — аравакская, янамана-панатаканская, тупі-гуарані.

У 2-й пал. 20 ст. ўзнікла гіпотэза пра аб’яднанне сем’яў у больш буйныя сукупнасці — макрасем’і, адна з якіх — настратычныя мовы.

Літ.:

Мейе А. Сравнительный метод в историческом языкознании. 4 изд. М., 1954;

Иванов В.В. Генеалогическая классификация языков и понятие языкового родства. М., 1954;

Иллич-Свитыч В.М. Опыт сравнения ностратических языков: Сравнительный словарь. [Т. 1—3]. М., 1976—84;

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967.

А.​А.​Кожынава.

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРТАРЫ́ЙСКІЯ.

Чартарыскія, Чартарыжскія, княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Паводле генеалагічнай традыцыі вялі радаслоўную ад кн. Канстанціна Альгердавіча (?—1390); пры гэтым спасылаліся на сваяцтва з вял. кн. Альгердам, пацверджанае польскім каралём Уладзіславам III граматай ад 14.6.1442. Аднак гісторыкі 19 ст. выказвалі сумненні ў верагоднасці гэтай граматы і схіляліся да версіі пра іх бел. паходжанне. Прозвішча атрымалі ў 15 ст. ад свайго маёнтка Чартарыйск на р. Стыр на Палессі (Луцкі пав. Валынскага ваяв.). Княжацкі тытул Ч. зацверджаны на Люблінскім сойме 1569, у Аўстрыі ў 1785, у Каралеўстве Польскім у 1819. На Беларусі ў розны час валодалі Лагойскам, Глускам, Карэлічамі, Шкловам і інш. У канцы 16 ст. перайшлі з праваслаўя ў каталіцтва. Пачынальнікам роду Ч. лічыцца кн. Васіль (? — пасля 1417), уладальнік маёнтка Чартарыйск; яго сынамі былі Іван (? — каля 1460), Аляксандр (? — пасля 1477) і Міхаіл (? — да 1489). Патомства Аляксандра (лагойская галіна роду) у мужчынскім родзе згасла ў 16 ст. Ад унукаў Міхаіла (валынская галіна) паходзяць 2 асн. лініі роду Ч.: ад Аляксандра Фёдаравіча (? — 1571) — чартарыйская лінія (скончылася ў 1606), ад Івана Фёдаравіча (? — 1567) — клеванская лінія. Ад унука Івана Фёдаравіча — Мікалая Юрыя Ч. (? — 1662) — пайшлі 2 новыя галіны роду: старэйшая клеванская (яе прадстаўнікі ў наш час жывуць у Польшчы і краінах Зах. Еўропы), і малодшая карэцкая (згасла ў 1810). Асаблівае значэнне ў паліт. жыцці Рэчы Паспалітай Ч. мелі ў 18 ст., калі ўзначальвалі моцную групоўку магнатаў — фамілію, якая ў 2-й чвэрці — 2-й пал. 18 ст. спрабавала правесці рэформы дзярж. і эканам. ладу Рэчы Паспалітай, арыентавалася на Расію, а пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай узначаліла магнацкую апазіцыю. Гал. рэзідэнцыя Ч. была ў г. Пулавы (Люблінскае ваяв.). Найб. вядомыя: Васіль (? — пасля 1417), сын кн. Канстанціна Альгердавіча. З 1393 пры двары Ягайлы, валодаў Лагойскам. Іван (? — каля 1460), сын Васіля. Адзін з удзельнікаў змовы і забойства вял. князя ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча (1440), уваходзіў у раду вял. князя Свідрыгайлы. Аляксандр (? — пасля 1477), сын Васіля. Канюшы вял. князя ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча ў 1440. Удзельнічаў у яго забойстве, таму вымушаны быў уцячы ў Маскву. У 1461 вярнуўся ў ВКЛ і атрымаў ад вял. князя ВКЛ Казіміра IV Лагойск, Асташын, Камянец. Міхаіл (? — да 1489), сын Васіля. Пасля забойства вял. князя Жыгімонта Кейстутавіча эмігрыраваў у Венгрыю. У 1444 вярнуўся, у 1445—51 маршалак дворны вял. князя Свідрыгайлы. Праціўнік экспансіі Польшчы на Валынь. У 1452 разам з братам Іванам дапамог сілам ВКЛ заняць Луцк, прызначаны намеснікам Брацлаўскім. Сямён (? — пасля 1524), сын Аляксандра, намеснік камянецкі ў 1507—18, староста чачэрскі і прапойскі, валодаў Лагойскам. Казімір (1674—31.8.1741), сын Міхаіла Юрыя, падчашы ВКЛ у 1699—1707 і 1709—12, падскарбі вялікі ВКЛ у 1707—09 (прызначаны Станіславам Ляшчынскім), падканцлер ВКЛ у 1712—24, кашталян віленскі з 1724). У час бескаралеўя 1696—97 прыхільнік на каралеўскі трон франц. прынца Франсуа Луі дэ Канці. У 1706 перайшоў на бок Станіслава Ляшчынскага, пазней супрацоўнічаў з Аўгустам II і Аўгустам III. У 1730-я г. арганізаваў магнацкую групоўку Ч. і звязаных з імі іншых родаў (фамілію), якая разлічвала з дапамогай Расіі ўмацаваць дзярж. лад Рэчы Паспалітай. Міхаіл Фрыдэрык (26.4.1696—13.8.1775), сын Казіміра, паліт. кіраўнік фаміліі ў 1740—70-я г. Падстолі ВКЛ у 1720—22, кашталян віленскі ў 1722—24, падканцлер ВКЛ у 1724—52, канцлер ВКЛ з 1752; староста гродзенскі, гомельскі, купішскі. Пасля смерці Аўгуста II (1733) прыхільнік Станіслава Ляшчынскага, у 1736 пагадзіўся з Аўгустам III. У 1744—50 спрабаваў рэфармаваць дзярж. лад Рэчы Паспалітай, абапіраючыся на падтрымку Расіі і Аўстрыі. Пасля смерці Аўгуста III (1763) у 1764 пад аховай рас. войск арганізаваў у Вільні Генеральную канфедэрацыю ВКЛ, скіраваную супраць К.С.Радзівіла Пане Каханку, і дамогся яго выгнання з краіны. Аднак Кацярына II, каб не ўзмацняць фаміліі, арганізавала ў 1767 Радамскую канфедэрацыю на чале з Радзівілам. Да антырас. Барскай канфедэрацыі ён не далучыўся, але выступаў супраць выкарыстання рас. войск для яе падаўлення. Удзельнічаў у дэлегацыі, якая падпісала трактат аб прызнанні 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. У 1763—64 як галава фаміліі падтрымліваў кандыдатуру свайго пляменніка Адама Казіміра на трон Рэчы Паспалітай. Адам Казімір (1.12.1734—19.3.1823), сын Аўгуста Аляксандра, гл. Чартарыйскі А.К. Адам Ежы (14.1.1770—15.7.1861), Сын Адама Казіміра, гл. Чартарыйскі А.Е. Канстанцін Адам (28.10.1773—20.3.1860), сын Адама Казіміра, гл. Чартарыйскі К.А. Уладзіслаў (3.7.1828, Варшава — 23.6.1894), сын Адама Ежы, польскі паліт. дзеяч. Лідэр кансерватыўнай плыні польскай эміграцыі («Атэль Ламбер») пасля смерці бацькі. У час паўстання 1863—64 прадстаўнік на Захадзе польскага Нац. ўрада, супрацоўнічаў з партыяй «белых». Старшыня гіст.-літаратурнага т-ва ў Парыжы. Пераехаў у Галіцыю, у 1876 заснаваў у Кракаве Музей Чартарыйскіх.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 17, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)