свая́цтва

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, ніякі род, 1 скланенне

адз.
Н. свая́цтва
Р. свая́цтва
Д. свая́цтву
В. свая́цтва
Т. свая́цтвам
М. свая́цтве

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

свая́цтва, -а, н.

1. Сувязь паміж людзьмі, заснаваная на паходжанні ад агульнага продка, а таксама на шлюбных сямейных адносінах.

Дальняе с.

С. па бацькавай лініі.

2. зб. Родныя, сваякі; радня.

На вяселле з’ехалася ўсё с.

3. перан. Падабенства, блізкасць па змесце, уласцівасцях, прыкметах.

С. з традыцыямі беларускіх класікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

свая́цтва ср.

1. родство́;

далёкае с. — да́льнее родство́;

2. (по браку) свойство́

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

свая́цтва, ‑а, н.

1. Адносіны паміж людзьмі, якія маюць агульных продкаў. [Абрамовіч:] — Дзякуючы сваяцтву па матчынай лініі з паэтам Багушэвічам і чытанню «Нашай нівы» я, хоць і даволі прыблізна, але арыентаваўся ў літаратуры. «Полымя». — Ды я ж сын Паўлы Мажэйкі, з Узлесся. Мы ўжо былі ў вас некалі, — не ведаючы добра ні цёткі Маланні, ні абстаноўкі ў вёсцы, Мажэйка рабіў упор на сваяцтва. Шахавец. // Блізкасць, якая існуе ў раслін, жывёлін аднаго віду. Аказваецца, многія расліны яловага лесу знаходзяцца ў блізкім сваяцтве з флорай цёплых і гарачых краін. Гавеман. // перан. Падабенства, блізкасць па зместу, уласцівасцях, прыкметах. К. Чорны сам вельмі падкрэсліваў сваё кроўнае сваяцтва з традыцыямі беларускіх класікаў [Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа]. Кучар. Па сутнасці, нейкую новую з’яву мастацкай дакументалістыкі, якая знаходзіцца ў блізкім сваяцтве з кароткім апавяданнем, нагадвае кніга тонкіх псіхалагічных нататак Я. Брыля «Жменя сонечных промняў». «ЛіМ».

2. Роднасць не па крыві, а па шлюбу (адносіны паміж роднымі тых, хто жаніўся). Пра вяселле.. і пра хуткае сваяцтва ніводзін з іх нават і не намякнуў. Кулакоўскі.

3. зб. Родныя, сваякі; радня. Мо таму, што на здымку я быў у капелюшы, у гарнітуры пад гальштукам, яго прымайстравалі на самым відавоку, бо ён аздабляў здымкі мачышынага сваяцтва, якое было знята ў сялянскай вопратцы. Сабаленка. Не даварыўшы, панюхаў і, памянуўшы хрыста з усім сваяцтвам, [Васька] выліў цудоўную страву з усімі прысмакамі пад лазовы куст. Лынькоў.

•••

Ступень сваяцтва гл. ступень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сваяцтва, гл. Роднасць і сваяцтва

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

сваяцтва

т. 14, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

свая́цтва н. Verwndtschaft f -, -en

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

Роднасць і сваяцтва 4/186, 215, 481; 5/22; 77108, 549; 8/20, 311; 9/147, 435, 440, 451; 10/87; 11/107, 314, 568

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДНАСЦЬ І СВАЯ́ЦТВА,

адносіны паміж людзьмі, заснаваныя на паходжанні ад агульнага продка (роднасць) або якія ўзнікаюць у мужа і жонкі да іх родных (сваяцтва). У першабытным грамадстве кроўнароднасныя адносіны былі асновай аб’яднання людзей у род, фратрыю, племя, яны характарызавалі формы сям’і. У сучасных сямейных адносінах адрозніваюць роднасць па лініях; прамой (бацькі і дзеці, продкі і нашчадкі), бакавой (браты і сёстры, дзядзькі, цёткі і пляменнікі), узыходнай (ад нашчадкаў да продкаў — напр., унук, сын, бацька, дзед), сыходнай (ад продкаў да нашчадкаў). Бел. назвы кроўнай роднасці па прамой лініі: 1-й ступені — бацька (тата), маці (матка, мама), сын, дачка (пазашлюбных дзяцей наз. бастрамі, байструкамі); няпоўнай роднасці паміж мужам (жонкаю) і дзецьмі ад папярэдняга шлюбу жонкі (мужа) — айчым, мачаха, пасынак, падчарыца; няпоўнай роднасці паміж дзецьмі — брат (сястра) па бацьку ці па маці; усынаўлення — выхаванец, выхаванка (у гаворках — гадаванец, гадаванка, дольнік, дольніца); дзеці мачахі і айчыма лічацца зводнымі братам і сястрой; 2-й ступені — дзед, баба, унук, унучка; 3-й ступені — прадзед, прабаба, праўнук, праўнучка; 4-й ступені — прапрадзед, прапрабаба, прапраўнук, прапраўнучка (гэтыя формы ўжываюцца вельмі рэдка і найчасцей замяняюцца апісальна). Далейшыя ступені кроўнай роднасці наз. агульна: па ўзыходнай лініі — продкі, дзяды, дзяды-прадзеды, па сыходнай — нашчадкі (патомкі). Назвы роднасці 1-й бакавой лініі: брат, сястра, пляменнік, пляменніца. У гаворках са значэннем «пляменнік» трапляюцца нябож, часам — сыновец; са значэннем «пляменніца» — нябога. Назвы роднасці 2-й бакавой лініі: дзядзька, цётка, дваюрадны (стрыечны) брат, дваюрадная (стрыечная) сястра. Назвы 3-й і наступных ліній ужываюцца радзей і звычайна перадаюцца апісальна. Назвы сваяцтва: муж, жонка, у гаворках таксама стары, старая; дзед, баба; гаспадар, гаспадыня. Да слова «муж» сінонімы мужык, чалавек, да слова «жонка» — маладзіца, дружына, жанчына і інш. Даччын муж — зяць; сынава жонка — нявестка (сынавая, сыновая). Мужавы бацькі — свёкар, свякроў (свякруха, свекрыва), жончыны — цешча, цесць; мужаў брат — дзевер, сястра — залвіца (залоўка). Слова «швагер» выражае 3 паняцці: сястрын муж, жончын брат, муж жончынай сястры; швагерка — жончына сястра. Братава жонка — братавая (браціха), братавыя паміж сабой — ятроўкі; дзядзькава жонка — дзядзіна (цётка). Бацькі мужа і жонкі адзін да аднаго — сваты, мацеры — свацці (свахі). У гаворках усе родныя мужа — сваты і свацці ў адносінах да ўсіх родных жонкі і наадварот. Асобна стаяць хросныя бацькі, хросная матка, хросныя дзеці — хроснік (хрэснік), хросніца (хрэсніца), а таксама назвы кум і кума. Усе яны звязаны з царкоўным абрадам хрышчэння. Апрача канкрэтных, ёсць агульныя назвы Р. і с.: радня, родзічы, сваякі, свае, у гаворках таксама радзіна, прырода, сраство, свайство, адроддзе, род і інш. Гл. таксама Роднасць у праве.

Літ.:

Трубачев О.Н. История славянских терминов родства и некоторых древних терминов общественного строя. М., 1959;

Булахаў М.Г. Старабеларускія назвы роднасці і сваяцтва // З жыцця роднага слова. Мн., 1968;

Алгебра родства: Родство. Системы родства. Системы терминов родства. Вып. 1. СПб., 1995.

К.​М.​Панюціч.

т. 13, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

свойство́ свая́цтва, -ва ср.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)