высокаманеўраны баявы самалёт для перахвату і знішчэння паветраных сродкаў нападу, паражэння малапамерных і рухомых наземных і надводных аб’ектаў. Можа выкарыстоўвацца для паветранай разведкі і мініравання з паветра. Радыус дзеяння больш за 700 км, скорасць да 3000 км/гадз, вышыня палёту да 30 км.
З. пачалі выкарыстоўваць у 1-ю сусв. вайну; першы паветраны бой і таран на З. ажыццявіў заснавальнік вышэйшага пілатажу П.М.Несцераў. У 2-ю сусв. вайну асн. відам З. быў аднамесны самалёт з поршневым рухавіком. Лепшымі З. былі: Як-3, Ла-7 (СССР), Me-109E (Германія), P-51 (ЗША). У 1940-я г. створаны рэактыўныя З., упершыню перавышана скорасць гуку. Лепшым З. быў МіГ-15. Сучасныя З. — рэактыўныя звышгукавыя усепагодныя, аснашчаныя ЭВМ, разнастайным прыцэльна-навігацыйным абсталяваннем, маюць высокадакладную зброю з радыёлакацыйнай, інфрачырвонай, тэлевізійнай, лазернай сістэмамі навядзення, а таксама бомбы, некіроўныя ракеты, пушкі. У краінах СНД З. падзяляюцца на франтавыя (уласна З.), З.-перахватчыкі і З.-бамбардзіроўшчыкі (у ВПСНАТО З.-перахватчыкі і З.-бамбардзіроўшчыкі аб’яднаны паняццем «тактычны З.»). Лепшыя З. 1990-х г.: МіГ-29, Су-27 (Расія), «Міраж-2000» (Францыя), F-15, F-16, F-18 (ЗША), «Тарнада» (ФРГ, Вялікабрытанія, Італія). Узбр. сілы Беларусі аснашчаны З. МіГ-29 і Су-27. Гл. таксама Авіяцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТУ́НІН (Ілья Барысавіч) (17.11.1908, г. Гомель — 23.4.1944),
Герой Сав. Саюза (1944). У 1926—32 слесар станка-буд. з-да «Пралетарый» у Гомелі. Скончыў Ейскую школу марскіх лётчыкаў (1934). У Вял.Айч. вайну з сак. 1943 на Паўн. флоце. Нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка капітан К. вызначыўся 23.4.1944; на падыходзе да цэлі яго самалёт быў падбіты агнём зенітнай артылерыі праціўніка, палаючай машынай К. тараніў транспарт ворага водазмяшчэннем 5 тыс.т і патапіў яго. Імем К. названы пасёлак у Архангельскай вобл. Бюсты К. ўстаноўлены на тэр. музея авіяцыі Паўн. флоту і ў пас. Катуніна, у Гомелі мемар. дошка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАРЭ́ЎСКІ (Аляксандр Іванавіч) (16.4.1904, с. Мушкавічы Ярцаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 11.5.1979),
расійскі вучоны ў галіне самалётабудавання. Акад.АНСССР (1968, чл.-кар. з 1953). Герой Сац. Працы (1957). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1929). З 1927 у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це (у 1950—60 нач. ін-та), з 1952 праф. Маскоўскага фіз.-тэхн. ін-та. Навук. працы па знешніх нагрузках на самалёт, што сталі асновай для стварэння норм трываласці самалётаў і інш. лятальных апаратаў. Даследаваў уплыў устойлівасці і манеўранасці самалёта на перагрузку. Дзярж. прэмія СССР 1943, Ленінская прэмія 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗАЎ (Арсен Іванавіч) (23.1.1922, в. Слабодка Цвярской вобл., Расія — 24.7.1944),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Батайскую ваен. авіяшколу пілотаў (1941). У Вял.Айч. вайну з 1941 на фронце, удзельнічаў у вызваленні Бабруйска, Слуцка, Баранавіч, зрабіў 150 баявых вылетаў, збіў асабіста 13 самалётаў праціўніка і 9 у групавых баях. Нам. камандзіра авіяэскадрыллі ст. лейт. М. вызначыўся ў баях на подступах да Брэста: у час вяртання з паспяховай разведкі заўважыў скопішча варожых войск і тэхнікі і бамбардзіраваў яго; смяротна паранены пасадзіў падбіты самалёт на свой аэрадром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМБАРДЗІРО́ЎШЧЫК,
баявы самалёт, прызначаны для паражэння наземных і марскіх аб’ектаў праціўніка бомбамі ці ракетамі. Першыя бамбардзіроўшчыкі створаны напярэдадні 1-й сусв. вайны, у Расіі першы бамбардзіроўшчык — «Ілья Мурамец» (1913). Найб. тыповыя бамбардзіроўшчыкі на пач. 2-й сусв. вайны: сав. Пе-2, ням. Ю-87, англ. «Галіфакс», амер. «Ліберэйтар» і інш. Паводле канструкцыі сучасны бамбардзіроўшчык — суцэльнаметалічны манаплан (часам з крылом зменнай стрэлападобнасці), мае 2—8 рэактыўных рухавікоў. Палётная маса 35—227 т, скорасць больш за 1000 км/гадз, далёкасць палёту без дазапраўкі да 18 тыс.км. Узбраенне: пушкі, да 20 ракет, бомбы да 23 т. Абсталяваны дапаможнымі сістэмамі і прыстасаваннямі для жыццезабеспячэння і выратавання экіпажа ў аварыйных умовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСАМАЛЁТ, гідраплан,
самалёт, прыстасаваны для ўзлёту з вады і пасадкі на яе. Адрозніваюць гідрасамалёты лодачныя (з корпусам у выглядзе лодкі), паплаўковыя (з адным або двума паплаўкамі) і самалёты-амфібіі (лодачныя або паплаўковыя з колавым шасі для ўзлёту з сушы і пасадкі на яе). Першы гідрасамалёт пабудаваны ў Францыі ў 1910 А.Фабрам, у Расіі ў 1911 Я.М.Гакелем. Найб. пашырэнне атрымалі гідрасамалёты канструкцыі Г.М.Берыева (на іх устаноўлены сусв. рэкорды, напр., скорасці палёту ў 912 км/гадз на вышыні каля 15 км).
Гідрасамалёты выкарыстоўваюцца для грузапасажырскіх перавозак, разведкі рыбы, выратавальных работ, у ваен. справе (вядзенне разведкі, пошук і знішчэнне падводных лодак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕВЯТА́ЕЎ (Міхаіл Пятровіч) (н. 8.7.1917, г.п. Тарбеева, Мардовія),
Герой Сав. Саюза (15.8.1957). Скончыў Чкалаўскую ваен.авіяц. школу лётчыкаў (1940). У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 у дзеючай арміі. Камандзір звяна 104-га знішчальнага авіяпалка ст. лейт. Дз. у паветр. баях збіў некалькі варожых самалётаў. 13.7.1944 у няроўным паветр. баі збіты, трапіў у палон. 8.2.1945 група сав. ваеннапалонных (10 чал.) з канцлагера на воз. Узедом (Германія) захапіла на ням. аэрадроме бамбардзіроўшчык. Самалёт, які пілатаваў Дз., праз 2 гадз быў у размяшчэнні сав. войск. З 1945 у запасе, з 1946 працаваў у Казанскім рачным порце капітанам, капітанам-настаўнікам пасаж. суднаў на падводных крылах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПО́ВІЧ (Вікенцій Паўлавіч) (20.1.1914, пас. Калодзішчы Мінскага р-на — 12.4.1996),
Герой Сав. Саюза (1942). Скончыў Мінскі пед.ін-тнац. меншасцей (1937), Барысаглебскую ваен.авіяц. школу лётчыкаў (1938), Ваен.-паветр. акадэмію каманднага і штурманскага саставу ВПС (1944). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял.Айч. вайну з 22.6.1941 на Паўд., 2-м Укр. франтах. Лётчык-знішчальнік, нам. камандзіра знішчальнага авіяпалка. Удзельнік абароны Малдавіі, Украіны, г. Растоў-на-Доне, баёў за Берлін, вызвалення Прагі. Зрабіў 263 баявыя вылеты, правёў 35 паветр. баёў, збіў 8 самалётаў праціўніка. 16.3.1942 цяжка паранены прывёў самалёт на свой аэрадром. Да 1960 у Сав. Арміі, палкоўнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧЫ́НСКІ БОЙ 1942,
бой партызан атрада 61-й партыз. брыгады супраць карнай экспедыцыі ням.-фаш. войск у Кучынскім лесе на мяжы Быхаўскага і Магілёўскага р-наў 9 жн. ў Вял.Айч. вайну. Група партызан (20 чал.) пад камандаваннем Я.Ф.Каўшыркі 26 ліп. разграміла валасную ўправу ў в. Кучын. Блакада карнікамі клічаўскіх і бялыніцкіх лясоў вымусіла партызан спыніцца ў лесе за 3 км на ПнУ ад вёскі. Раніцай 9 жн. гітлераўцы (каля 3 тыс. карнікаў з артылерыяй, танкеткамі і бронемашынамі) занялі навакольныя вёскі і акружылі партызан. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны нанеслі вял. страты ворагу ў жывой сіле, збілі самалёт, але самі амаль усе загінулі. На месцы бою пастаўлена стэла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТЭ́ЛА (Мікалай Францавіч) (6.5.1907, Масква — 26.6.1941),
Герой Сав. Саюза (1941). Беларус. Скончыў Луганскую ваен. школу лётчыкаў (1933). У Чырв. Арміі з 1932. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол у 1939, сав.-фінл. вайны 1939—40. У пач.Вял.Айч. вайны капітан Гастэла камандаваў эскадрылляй, удзельнічаў у бамбардзіроўцы танк. і механіз. калон праціўніка. 26 чэрв. ў час бамбардзіроўкі варожай танк. калоны на дарозе Маладзечна—Радашковічы з членамі экіпажа А.А.Бурдзенюком, А.А.Калініным, Р.М.Скарабагатавым накіраваў ахоплены полымем самалёт на скопішча варожых танкаў, аўтамашын і бензацыстэрнаў. На месцы подзвігу, на шашы Мінск—Вільнюс, помнік-мемарыял экіпажу, у г.п. Радашковічы, у г. Мураме, Сухумі, на радзіме бацькі Гастэлы (Карэліцкі р-н), на тэр. Варашылаўградскага вышэйшага авіяц. вучылішча штурманаў яму пастаўлены помнікі.