КРАЧЭ́ТНІКАЎ Міхаіл Мікітавіч (1729—9.5.1793),
расійскі ваенны і дзярж. дзеяч, ген.-аншэф (1790), граф (1793). Вучыўся ў Сухапутным шляхецкім корпусе. Удзельнік Сямігадовай (1756—63) і руска-турэцкай (1768—74) войнаў. У 1772—75 пскоўскі губернатар. У 1773 у Полацку кіраваў нарадай па рэарганізацыі кагалаў на бел. землях, далучаных да Рас. імперыі. У 1775 гал. камісар па канчатковай дэмаркацыі мяжы паміж Рас. імперыяй і Рэччу Паспалітай, атрымаў званне ген.-паручніка. У 1790 упраўляючы новарасійскімі губернямі. Камандаваў увядзеннем (11.5.1792) 73-тысячнага рас. войска ў Рэч Паспалітую. Са снеж. 1792 галоўнакамандуючы і ген.-губернатар Мінскай, Ізяслаўскай, Брацлаўскай губ. Атрымаў у Веліжскім старостве Полацкай губ. 1849 сялян і 8173 дзесяціны зямлі (маёнткі Тхарына і Хухава).
Я.К.Анішчанка.
т. 8, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНАРДО́НІ (Bernardoni, Bernardonus) Джавані (Ян) Марыя (1541?, г. Кома, Італія — 1605), італьянскі архітэктар і матэматык; прадстаўнік барока. З 1564 манах ордэна езуітаў. Будаваў езуіцкія храмы ў Рыме і Неапалі пад кіраўніцтвам Дж.Трыстана. У 1583 запрошаны ў Рэч Паспалітую, збудаваў шэраг фарных і езуіцкіх касцёлаў у Любліне, Познані, Калішы, Гданьску, Кракаве. У 1586—99 прыдворны архітэктар кн. М.Радзівіла (Сіроткі) у Нясвіжы. Удзельнічаў у першым этапе буд-ва Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу, інш. грамадз. пабудоў горада (ратуш, семінарый, палаца ў прадмесці Альба), пабудаваў комплекс Нясвіжскага касцёла езуітаў і калегіума (абодва 1587—94), касцёлы ў Гродне і Клецку. Распачаў у ВКЛ і Рэчы Паспалітай характэрную для Новага часу арх.-буд. практыку на аснове праектных чарцяжоў (гл. «Бернардоні альбом»).
Т.В.Габрусь.
т. 3, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРО́САЎСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1667.
Падпісана паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай 9 лют. ў в. Андросава (Андрусава; на мяжы Мсціслаўскага і Смаленскага ваяв.) тэрмінам на 13,5 года; закончыла вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Паводле дагавора да Расіі перайшлі Смаленскае ваяв. з гарадамі Дарагабуж, Белая, Красны, Невель, Веліж і Себеж і Северская зямля з Чарнігавам і Старадубам. Рэч Паспалітая прызнала далучэнне Левабярэжнай Украіны да Расіі і згадзілася на перадачу Расіі Кіева да 1669 (не быў вернуты Рэчы Паспалітай). Запарожская Сеч апынулася пад агульным кіраўніцтвам абедзвюх дзяржаў. Беларусь і Правабярэжная Украіна засталіся ў межах Рэчы Паспалітай, іх насельніцтву гарантавалася свабода правасл. веравызнання і недатыкальнасць праваслаўных епархій. Андросаўскае перамір’е стала пачаткам саюзу Расіі і Рэчы Паспалітай супраць Турцыі і Крымскага ханства.
т. 1, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПАЗІ́Т (ад лац. depositum рэч, аддадзеная на захаванне),
1) грашовыя сродкі або каштоўныя паперы, якія змяшчаюцца для захавання ў крэдытныя ўстановы. Тэрміновы Д. належыць вяртанню па сканчэнні пэўнага тэрміну, бестэрміновы — па першым патрабаванні ўкладчыка. Дакументам, які сведчыць аб дэпаніраванні грашовых сродкаў у крэдытнай установе юрыд. асобай, з’яўляецца дэпазітны сертыфікат.
2) Грашовая сума або каштоўныя паперы, якія ўносяцца даўжніком у суд. ўстановы для перадачы крэдытору (напр., у забеспячэнне іску) і адм. ўстановы (напр., узнос у натарыяльную кантору кватэрнай платы ў выпадку спрэчкі аб яе памеры).
3) Сума грошай, якая ўяўляе сабой абумоўленую частку агульнай вартасці ф’ючэрснага кантракта (гл. ў арт. Ф’ючэрс) або цвёрдую суму, якая павінна быць аплачана членам біржы разліковай палаты, а кліентамі — брокеру, калі кантракт рэгіструецца.
т. 6, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЎКІ́П (Leukippos; каля 550—400 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, адзін са стваральнікаў атамістычнага вучэння. Вучань Зянона Элейскага, настаўнік Дэмакрыта. Пасля 450 заснаваў філас. школу ў Абдэры. Л. прыпісваюць творы «Вялікі дыякосмас», «Пра розум». Ён першы ўстанавіў закон прычыннасці і закон дастатковага абгрунтавання: «Ні адна рэч не ўзнікае беспрычынна, але ўсё ўзнікае на якой-небудзь падставе і ў сілу неабходнасці». Увёў у навук. ўжытак паняцці: абсалютнай пустаты; атамаў, якія рухаюцца ў гэтай пустаце; механічнай неабходнасці. Сцвярджаў, што пустата раздзяляе ўсё існае на мноства элементаў, якія ўяўляюцца аднароднымі, непарыўнымі, а таму і непадзельнымі (atomoi). Паводле Л., атамы нязменныя, не валодаюць якасцю і адрозніваюцца адзін ад аднаго толькі велічынёй і формай; знаходзяцца ў вечным руху і ўтвараюць усё мноства рэчаў.
т. 9, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЕЎ Артамон Сяргеевіч (1625—25.5.1682),
расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, баярын. Удзельнік рас. дэлегацыі на Пераяслаўскай радзе 1654, пасольства ў Рэч Паспалітую ў 1656—57. З 1669 узначальваў Маларасійскі прыказ, з 1671 адначасова Пасольскі прыказ і інш. У 1672 на перагаворах з Рэччу Паспалітай дамогся замацавання за Расіяй Кіева. Быў адукаваным чалавекам, адным з першых прадстаўнікоў рас. заходніцтва. Ініцыятар стварэння ў 1672—73 прыдворнага тэатра, дзе акцёрамі былі выхадцы з Беларусі. Пасля смерці цара Аляксея Міхайлавіча (1676), другая жонка якога Н.К.Нарышкіна была выхаванкай М., сасланы на Поўнач. У 1682 вернуты ў Маскву Пятром I. Забіты ў час Маскоўскага паўстання 1682.
Літ.:
«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломат. службы XVI—XVII вв. М., 1989. С. 146—179.
т. 10, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУВЕНІ́Р (ад франц. souvenir памяць),
памятны прадмет. Якасцямі С. валодаюць творы нар. або дэкар.-прыкладнога мастацтва, якія нясуць інфармацыю пра асаблівасці культуры народа, нагадваюць пра наведванне краіны, горада, музея і інш. (рэчы этнагр. характару, медалі, значкі, вымпелы, статуэткі, паменшаныя копіі скульпт. і арх. помнікаў і інш.), спец. вырабленыя прадметы утылітарнага прызначэння, якія маюць геральдычную, спарт. і інш. сімволіку, інфармацыю пра пэўную падзею ці дату (блакноты, ручкі, паштоўкі, кубкі і інш.), звычайныя рэчы, звязаныя з гіст. падзеямі (напр., прадметы, прывезеныя з касмічнай арбітальнай станцыі, кавалкі т.зв. Берлінскай сцяны, сав. ядзерных ракет), з успамінамі пра пэўную асобу (напр., асабістая рэч вядомага чалавека, фамільная каштоўнасць). Існуюць спец. прадпрыемствы па вырабе С. (гл. ў арт. Мастацкіх вырабаў вытворчасць).
С.У.Пешын.
т. 15, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНД (Tende) Гаспар дэ (1618, г. Ман, Францыя — 1697),
французскі падарожнік і пісьменнік. Служыў пры двары польскага караля і вял. кн. ВКЛ Яна II Казіміра Вазы. Пасля адрачэння караля ад трона ў 1668 вярнуўся ў Францыю. У 1674 зноў ездзіў у Рэч Паспалітую ў якасці сакратара франц. пасла. У 1684 выдаў у Парыжы кн. «Гістарычныя рэляцыі пра Польшчу» (перавыдадзена некалькі разоў на розных мовах). Звесткі пра Беларусь у ёй пададзены з пункту гледжання падарожніка. Так, Т. раіў падарожнікам, якія будуць наведваць гэтую краіну, браць з сабой харчовыя прадукты, віно, міску, лыжку і нож, бо падарожнікам часта давядзецца начаваць пад павеццю, побач з коньмі, каровай і бочкамі з капустай.
Літ.:
Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980.
А.П.Грыцкевіч.
т. 15, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДМЕ́Т,
у шырокім сэнсе — аб’ект, усякае існае, што выступае як абмежаванае і ў сабе завершанае; усё, што можа знаходзіцца ў адносінах або валодаць якімі-н. уласцівасцямі. Асн. віды П.: рэч, фізічна прыналежная да знешняга свету П.; стан як П. — агульны стан пачуццяў, або духоўная накіраванасць (напр., дух часу). У метафіз. матэрыялізме паняцце «П.» атаясамлівалася з паняццем «цела», паколькі працягласць або атаясамлівалася з матэрыяй (Р.Дэкарт і яго паслядоўнікі), або разглядалася як асн. атрыбут матэрыі (Т.Гобс, франц. матэрыялісты 18 ст.). Суб’ектыўны ідэалізм (Дж.Берклі, Э.Мах) разумеў пад рэччу сукупнасць адчуванняў, таму для яго рэальным з’яўляецца толькі адзін П. — свядомасць асобнага чалавека. У аб’ектыўным ідэалізме рэальны П. разглядаецца як адлюстраванне ідэй, паняццяў. Дыялектыка разглядае любы П. як працэс. У мове катэгорыі П. маюць свае спец. спосабы абазначэння (часцей гэта назоўнікі).
т. 12, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ХАНТАЎ Уладзімір Мікалаевіч (28.11.1899, г. Седльцы Мазавецкага ваяв., Польшча — 16.7.1945),
расійскі артыст эстрады; стваральнік жанру літ. кампазіцыі. Вучыўся ў 2-й Студыі Маскоўскага маст. т-ра, студыі Я.Вахтангава. На эстрадзе з 1922. У 1924—26 акцёр Т-ра імя У.Меерхольда. У 1927 удзельнічаў у стварэнні эстр. т-ра аднаго акцёра «Сучаснік» (існаваў да 1935). Аўтар і выканаўца літ. кампазіцый «Пушкін» (1926), «Так, вадэвіль ёсць рэч!» (1929), «Вечары Маякоўскага» (1931), «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (1932), «Настасся Піліпаўна» паводле Ф.Дастаеўскага (1933), «Расія грозная» (1942) і інш., якія адметныя спалучэннем слова з пантамімай, арганічным зліццём драматург. і муз. матэрыялу, інтэлектуальнасцю і творчай культурай. 1-я прэмія Усесаюзнага конкурсу майстроў маст. слова (1937).
Тв.:
Театр одного актера. М., 1958.
Літ.:
Крымова Н. Владимир Яхонтов. М., 1978.
т. 18, кн. 1, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)