СВЯТЫ́Я МЕ́СЦЫ,

месцы, звязаныя з падзеямі свяшчэннай гісторыі, наведваннямі багоў і святых, цудатворствамі; важны элемент культу ўсіх рэлігій (гл. Культ рэлігійны). У хрысціян асаблівай пашанай карыстаюцца святыні ў Палесціне, дзе жыў, прапаведаваў, прыняў пакутніцкую смерць і ўваскрэс Ісус Хрыстос. Да С.м. часам адносяць храмы і манастыры, дзе захоўваюцца мошчы святых, цудатворныя абразы і інш. святыні, а таксама цудатворныя крыніцы, месцы, дзе адбываліся з’яўленні абразоў і інш. цудатворствы. У каталіцызме адрозніваюць свяшчэнныя (асабліва адметныя ў культавай практыцы месцы, асвячоныя вышэйшымі царк. іерархамі, а таксама касцёлы, алтары і могілкі) і С.м. (вобласці Палесціны, звязаныя са старазапаветнымі падзеямі і жыццём Ісуса Хрыста, Дзевы Марыі). Паводле кананічнага права, свяшчэнныя месцы павінны быць унесены ў літургічныя кнігі і традыцыйна выключаны са свецкай юрысдыкцыі.

т. 14, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СОЛТ-ЛЕЙК-СІ́ЦІ (Salt Lake City),

горад на З ЗША, на р. Джордан, каля яе ўпадзення ў Вял. Салёнае возера. Адм. ц. штата Юта. Засн. ў 1847. 174,3 тыс. ж., з г. Огдэн і агульнымі прыгарадамі больш за 1 млн. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог на транскантынентальных шляхах. Міжнар. аэрапорт. Прамысл. і гандл.-фін. цэнтр Горных штатаў, цэнтр горназдабыўной прам-сці і каляровай металургіі (выплаўка медзі), адзін з найважн. цэнтраў ваен. ракетабудавання ў ЗША. Прам-сць: радыёэлектронная, у т. л. вытв-сць ЭВМ, сродкаў сувязі і інш. абсталявання пераважна на ваен. мэты; вытв-сць кантрольна-вымяральных прылад, авіяц. і аўтамаб. дэталей і вузлоў, мед. інструменту, абсталявання для горназдабыўной і металург. прам-сці; металаапр., хім., нафтаперапр., харч., паліграфічная. Рэлігійны цэнтр мармонаў. Ун-т. Музеі. Месца правядзення XIX зімовых Алімпійскіх гульняў (2002).

т. 15, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́СЛЕР (Vossler) Карл (6.9.1872, г. Хоэнгайм, Германія — 18.5.1949),

нямецкі філолаг. Вучыўся ва ун-тах Цюбінгена, Жэневы, Страсбурга, Рыма, Гайдэльберга. З 1902 праф. Гайдэльбергскага, з 1909 Вюрцбургскага, у 1911—37 і 1945—47 Мюнхенскага ун-таў. Чл. шматлікіх акадэмій. Даследаваў італьян., франц., ісп. л-ры і мовы. Кіраўнік школы ідэаліст. «неафілалогіі», якая проціпастаўляла пазітывізм і індывідуалізм як 2 асн. кірункі ў эстэт. тэорыі мовы і л-ры. Не прымаў младаграматычную (гл. Младаграматызм) метадалогію («Пазітывізм і ідэалізм у мовазнаўстве», 1904), трымаўся поглядаў Б.Крочэ, звязваў мовазнаўства і літ.-знаўства з філасофіяй і гісторыяй культуры. Сярод агульнатэарэт. і літ.-знаўчых прац: «Мова як творчасць і развіццё» (1905), «Культура Францыі ў люстэрку моўнага развіцця» (1913), «Дантэ як рэлігійны паэт» (1921), «Леапардзі» (1923), «Дух і культура ў мове» (1925) і інш.

т. 16, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛО́ЧКА Уладзіслаў (8.2.1887, г. Гродна — 13.11.1942),

бел. рэлігійны і культурна-асветны дзеяч. У 1909—14 вывучаў тэалогію і філасофію ў каталіцкім ін-це ў Інсбруку (Аўстрыя). З 1914 святар у Вільні. Адзін з першых пачаў публічна ўжываць бел. мову ў набажэнствах. У 1915—18 адзін з ініцыятараў і арганізатараў Віленскага к-та дапамогі пацярпелым ад вайны. З 1917 быў звязаны з Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй, у яе друкаваным органе газ. «Krynica» («Крыніца») змяшчаў артыкулы культ.-адраджэнскай і рэліг. праблематыкі. Удзельнічаў у арганізацыі і правядзенні Беларускай канферэнцыі 1918 у Вільні. Уваходзіў у склад Літоўскай Тарыбы. У міжваен. дваццацігоддзе адзін з вядучых публіцыстаў час. віленскіх краёўцаў «Przegląd Wileriski» («Віленскі агляд»). З 1920-х г. праследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. 15.12.1938 як «нядобранадзейная асоба» выселены ў Беласток. На пач. 2-й сусв. вайны вярнуўся ў Вільню.

т. 15, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАНО́ВІЧ Антон Васілевіч (н. 30.10. 1959, г. Беласток, Польшча),

бел. гісторык у Польшчы, грамадска-культ. дзеяч. Д-р гуманіт. н. габілітаваны (1997), праф. (1998). Скончыў філіял Варшаўскага ун-та ў Беластоку (1982). З 1986 выкладаў у Ін-це гісторыі Варшаўскага ун-та, потым у Ін-це гісторыі ў Беластоку (філіял Варшаўскага ун-та). Старшыня Бел. асветніцкага т-ва ў Польшчы (1999), першы старшыня Бел. гіст. т-ва ў Польшчы (1993—96), нам. старшыні Бел. дэмакр. аб’яднання ў Рэспубліцы Польшча. Даследуе гісторыю правасл. царквы ў Польшчы і краінах Усх. Еўропы, бел.-польскія культ. сувязі ў эпоху феадалізму, праблемы бел. нац. меншасці ў Польшчы. Аўтар кніг «Супрасль як культурна-рэлігійны цэнтр у XVI ст.» (1984), «Падляшскія праваслаўныя цэнтры і арганізацыі ў XVI і XVII ст.» (1991), «Праваслаўе і унія ў часы панавання Яна Казіміра» (2-е выд. 1997) і інш.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 10, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎГСБУРГ (Augsburg),

горад у ФРГ, у зямлі Баварыя, у перадгор’ях Альпаў, у сутоках рэк Лех і Вертах (бас. Дуная). 264,8 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел на шляхах да альпійскіх перавалаў. Старажытны цэнтр тэкст., пераважна баваўнянай, прам-сці. Машынабудаванне (авіяцыйныя з-ды Месершміта, выпуск аўтамабіляў, рухавікоў, друкарскіх і канторскіх машын, рэактарнага абсталявання), металаапрацоўка, чыгуна- і сталеліцейная вытв-сць. У ваколіцах ГЭС, прадпрыемствы штучнага валакна, атамнага паліва і інш. Ун-т. Музеі. Абсерваторыя.

Аўгсбург узнік на месцы рым. ваен. лагера (лац. Augusta Vindelicorum, засн. ў 15 да нашай эры), цэнтр рым. правінцыі Рэцыя. Каля 6 ст. засн. Аўгсбургскае епіскапства. У 9—10 ст. набыў статус горада, у 1276 — правы вольнага імперскага горада. У 15—16 ст. адзін з гандл. і фін. цэнтраў Еўропы, важны цэнтр герм. Адраджэння. У Аўгсбургу заключаны Аўгсбургскі рэлігійны мір 1555. Арх. помнікі: раманска-гатычны сабор (11—15 ст.), ратуша (пач. 17 ст.), пасёлак рамеснікаў «Фугерай» (16 ст.) і інш.

т. 2, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОЎШ Святаслаў Аляксандравіч (1917, в. Ілья Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 1997),

рэлігійны і грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, пісьменнік. Сын А.Каўша. Скончыў Віленскую бел. гімназію і Віленскі ун-т. Пасвячоны ў дыяканы, быў псаломшчыкам у в. Засулле Стаўбцоўскага р-на. З 1939 завуч сярэдняй школы ў Стаўбцоўскім р-не. У 1941—44 супрацоўнічаў з ням.-фаш. акупац. ўладамі, быў старшынёй павета ў Клецку. З 1944 у Германіі, з 1949 у ЗША. У 1969 пасвячоны ў святары, і да 1977 быў настаяцелем бел. прыхода св. Кірылы Тураўскага ў Рычманд-Гіле (Нью-Йорк), у 1976—86 — прыхода св. Ефрасінні Полацкай у г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі). З 1970 чл. епархіяльнай рады Бел. правасл. царквы Паўн. Амерыкі і Канады. У 1976—88 старшыня Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэта. Пасля 1976 рэдактар час. «Царкоўны сьветач», выдаваў «Беларускі праваслаўны каляндар». Аўтар кнігі балад і прозы «Русалчына балада», аповесці «На дарогах вайны» і інш.

Тв.:

Шляхам аўтакефаліі // Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998.

Л.​У.​Языковіч.

т. 8, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОП (Ropp) Эдвард фон

(14.12.1851, маёнтак Ліксна, цяпер Даўгаўпілскі р-н, Латвія — 25.7.1939),

рэлігійны і грамадска-палітычны дзеяч Літвы і Беларусі. Маці паходзіла з роду Плятэраў. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1875), Ковенскую рымска-каталіцкую духоўную семінарыю (1886), удасканальваў тэалаг. адукацыю ў Інсбрукскім і Фрайбургскім ун-тах. У 1889—1907 ксёндз, канонік, біскуп (з 1904 віленскі). Праціўнік атаясамлівання каталіцызму з польскасцю, спрыяў увядзенню літ. і бел. моў у царк. жыццё. Заснавальнік Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі. Дэп. 1-й Дзярж. думы (1906). У 1907—17 пад наглядам паліцыі жыў у маёнтку Нішча Віцебскай губ. З ліп. 1917 арцыбіскуп Магілёўскай рымска-каталіцкай архіепархіі з рэзідэнцыяй у Петраградзе, у 1919 арыштаваны ўладамі, адпраўлены ў Польшчу, дзе працягваў рэліг. і грамадскую дзейнасць. Да 1931 фармальна лічыўся арцыбіскупам магілёўскім.

Літ.:

Смалянчук А. Біскуп Эдвард Роп // Бел. гіст. часоп. 1994. № 3;

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;

Мюнхен, 1999.

А.​Ф.​Смалянчук.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСМА́ЦТВА (цюрк.),

антысавецкі ўзброены нац.-рэлігійны рух у Сярэдняй Азіі ў 1917—26. Мэта руху — звергнуць сав. ўладу ў сярэднеазіяцкіх рэспубліках і адарваць іх ад Расіі. Арганізоўвалася і ўзначальвалася феадаламі і мусульм. духавенствам, мела падтрымку і цесныя сувязі з белай гвардыяй, уладамі Турцыі, Афганістана, Кітая. Непасрэдныя кіраўнікі басмацтва — арг-цыі «Шура-і-Іслам», «Улема», «Алаш» і інш., якія стварылі ў Туркестане аўтаномны ўрад (гл. Какандская аўтаномія). Першыя басмацкія атрады з’явіліся ў канцы 1917 у Какандзе. Вясной 1918 басмачы распачалі актыўныя дзеянні ў раёне г. Ош. У 1918—20 асн. арэнай басмацтва стала Ферганская даліна. У кастр. 1921 у Бухару прыбыў б. ваен. міністр Турцыі Энвер-паша і стварыў адзіную басмацкую армію (каля 16 тыс. чал.), якая вясной 1922 захапіла значную ч. тэр. Бухарскай народнай савецкай рэспублікі. Моцны ўдар атрадам Энвера быў нанесены ў чэрв. 1922, сам ён загінуў у баі ў жн. 1922, да канца года асн. сілы басмачоў у Харэзме і Фергане былі разбіты Чырв. Арміяй. Даўжэй за ўсіх пратрымаліся атрады Джунаід-хана ў Харэзме (ліквідаваны на пач. 1924) і Ібрагімбека ў Бухары (разгромлены ў 1926).

т. 2, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЛА́Й (у свеце Мацукевіч Міхаіл; н. 2.6.1917, хутар Суяцін Саратаўскай вобл., Расія),

бел. рэлігійны і грамадскі дзеяч у эміграцыі. Бацькі паходзілі з в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл., у 1-ю сусв. вайну выехалі ў Паволжа і ў 1921 вярнуліся на радзіму. Скончыў укр. духоўную семінарыю ў Вініпегу (Канада, 1954). У 1939 служыў у Войску Польскім. У час ням.-фаш. акупацыі Беларусі ў крас. 1944 вывезены на прымусовую працу ў Германію. З сак. 1945 у Англіі, адзін са стваральнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі. Са жн. 1951 у Канадзе. У маі 1952 пасвячоны ў святара, з 1954 настаяцель прыхода св. Кірылы Тураўскага ў г. Таронта Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) на эміграцыі. У 1966 прыняў манаства, у 1968 пасвячоны ў епіскапа турава-пінскага і таронцкага. У маі 1983 на Надзвычайным Саборы БАПЦ выбраны яе першаіерархам. Адзін з ініцыятараў стварэння Бел. к-та дапамогі ахвярам радыяцыі (1989, у эміграцыі). Выдаў. «Праваслаўны малітоўнік» (1966) і «Службоўнік» (1980).

Літ.:

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст. Мн.;

Мюнхен, 1999. С. 124—125.

Л.​У.​Языковіч.

т. 10, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)