КОЎШ (Святаслаў Аляксандравіч) (1917, в. Ілья Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 1997),

рэлігійны і грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, пісьменнік. Сын А.Каўша. Скончыў Віленскую бел. гімназію і Віленскі ун-т. Пасвячоны ў дыяканы, быў псаломшчыкам у в. Засулле Стаўбцоўскага р-на. З 1939 завуч сярэдняй школы ў Стаўбцоўскім р-не. У 1941—44 супрацоўнічаў з ням.-фаш. акупац. ўладамі, быў старшынёй павета ў Клецку. З 1944 у Германіі, з 1949 у ЗША. У 1969 пасвячоны ў святары, і да 1977 быў настаяцелем бел. прыхода св. Кірылы Тураўскага ў Рычманд-Гіле (Нью-Йорк), у 1976—86 — прыхода св. Ефрасінні Полацкай у г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі). З 1970 чл. епархіяльнай рады Бел. правасл. царквы Паўн. Амерыкі і Канады. У 1976—88 старшыня Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэта. Пасля 1976 рэдактар час. «Царкоўны сьветач», выдаваў «Беларускі праваслаўны каляндар». Аўтар кнігі балад і прозы «Русалчына балада», аповесці «На дарогах вайны» і інш.

Тв.:

Шляхам аўтакефаліі // Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998.

Л.У.Языковіч.

т. 8, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)