верхняя частка збудавання, якая падтрымліваецца калонамі, пілястрамі або завяршае сцяну; элемент арх.ордэра. Падзяляецца на архітраў, фрыз, карніз. Узнік на аснове драўлянага бэлечнага перакрыцця, у сваіх формах адлюстроўвае яго структуру. Сфарміраваўся ў класічных ордэрах манум. мураванай архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма, дзе выпрацаваны яго прапорцыі. Антаблемент — адзін з важнейшых элементаў паяруснага члянення алтароў і іканастасаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРЦЫНГЕ́ТАРЫГ, Верцынгетарыкс (Vercingetorix; каля 85—46 да н.э.),
правадыр гальскага племя арвернаў. У 52 да н.э. ўзначаліў паўстанне ў Галіі супраць Рыма. У бітве з войскамі Цэзара каля Герговіі (сучасны Жэргаві, Францыя) паўстанцы атрымалі перамогу, але былі акружаны ў крэпасці Алезія і пасля працяглай галоднай аблогі перабіты. Верцынгетарыг трапіў у палон, быў перавезены ў Рым і пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКС (Dax),
прыморскі бальнеагразевы і кліматычны курорт у Францыі. На ПнУ ад г. Баёна, на беразе р. Адур. Вядомы з часоў Стараж.Рыма; развіваецца з 19 ст. Мяккі марскі клімат, мулавыя гразі і мінер. воды выкарыстоўваюцца для лячэння хвароб органаў дыхання, перыферычнай нерв. сістэмы, суставаў. Цэнтр турызму. Арх. помнікі 13 ст., музей фізіка і геадэзіста Ж.Бардо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́Я (франц. camée ад італьян. cammeo, cameo),
твор гліптыкі; від гемы — каштоўны, часцей паўкаштоўны камень (сардонікс, агат і інш.) з выпуклай разной выявай. Выразнасць дасягаецца праз натуральную слаістасць каменя (выява — аднаго колеру, фон, адметныя па тоне і фактуры дэталі — іншых). Вядома з 4 ст. да н.э., росквіт — у мастацтве эліністычнай Грэцыі і Стараж.Рыма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРЫЯ́Т (Viriathus; ? — 139 да н.э.),
кіраўнік паўстання плямён лузітан у стараж. Іспаніі супраць Рыма. Зачэпкай да паўстання быў загад рым. прэтара Гальбоя забіваць ці ператвараць у рабоў няўзброеных лузітан. Умела выкарыстоўваючы тактыку партыз. барацьбы, паўстанцы неаднаразова наносілі паражэнне рым. легіёнам. У 141 быў прызнаны ў Рыме незалежным правіцелем.
Па-здрадніцку забіты сваімі прыбліжанымі, якіх падкупілі рымляне. Пасля гэтага Лузітанія была канчаткова заваявана Рымам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНАТА́Ф (ад грэч. kenotaphos пустая магіла),
магіла без пахавання. К. рабілі многія народы свету (Стараж. Грэцыі, Рыма, Егіпта, Сярэдняй Азіі і інш.) у тым выпадку, калі нябожчыка (напр., памерлага на чужыне) нельга было пахаваць. Гэты звычай быў звязаны з уяўленнем, што душы памерлых, якія не маюць магіл, не знаходзяць супакаення. К. трапляюцца пры раскопках стараж. могільнікаў, у т. л. курганаў на тэр. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКРАПО́ЎКАў архітэктуры,
невялікі выступ плоскасці фасада, антаблемента, карніза і інш. Элементамі Р. могуць быць пілястры, лапаткі, стойкі каркаса, якія выступаюць на фасадзе будынка. Вядома са старажытнасці, пашырана ў класічных ордэрах манум. мураванай архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма. Выкарыстоўваецца ў культавай і грамадз. архітэктуры пераважна для члянення або пластычнага ўзбагачэння фасада будынка.
Раскрапоўка на галоўным фасадзе адміністрацыйнага будынка па вуліцы Кірава ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭРархітэктурны,
пэўнае спалучэнне нясучых і нясёных частак стоечна-бэлечнай канструкцыі, іх структура і маст. апрацоўка. Як маст выразная форма выкарыстоўваўся ў манум. архітэктуры ў старажытнасці (Стараж. Егіпет, асіра-вавілонскае дойлідства). Класічная сістэма О. склалася ў Стараж. Грэцыі; асн. О. атрымалі найменні ад назваў плямён і абласцей: дарычны ордэр, іанічны ордэр, карынфскі ордэр. Разнавіднасць дарычнага О. — тасканскі ордэр, карынфскага і іанічнага — кампазітны ордэр. Абавязковыя састаўныя часткі О.: нясучыя — калона (аздобленая канелюрамі) з капітэллю і базай (у дарычным О. без базы), часам з п’едэсталам; нясёныя — антаблемент, які складаецца з архітрава, фрыза і карніза. Дэталі О. ўпрыгожваюць разнымі ці цягавымі профілямі — абломамі архітэктурнымі. Асаблівасці кожнага О. — у прапорцыях, прарысоўцы абломаў і формах капітэлі. Змена суадносін паміж нясучымі і нясёнымі часткамі О. надае яму і збудаванню ў цэлым разнастайныя маштабнасць і характар (напр., лаканічнасць і мужнасць — дарычны О., лёгкасць і вытанчанасць — іанічны і карынфскі О.). О. і ордэрныя сістэмы выкарыстоўваліся ў розныя гіст. эпохі (у архітэктуры Стараж.Рыма, рэнесансу, барока, класіцызму). У эпоху Стараж.Рыма і пазней ужываліся шмат’ярусныя ордэрныя кампазіцыі, ордэрныя чляненні сцяны з выкарыстаннем паўкалон і пілястраў, пашыраны О. або яго асобныя элементы ў спалучэнні са скляпеністымі або арачнымі канструкцыямі (Калізей, базілікі і ратонды Стараж.Рыма, арачныя каланады ў эпоху Адраджэння). З 15 ст. О. стаў адным з гал. кампанентаў у зах.-еўрап. архітэктуры. У рус. дойлідстве пашыраны з канца 17 ст. На Беларусі О. і ордэрныя сістэмы выкарыстоўваліся ў культавай, палацавай, грамадз. архітэктуры стыляў барока, класіцызму, эклектыкі, мадэрну, неакласіцыстычных кірункаў, у архітэктуры 1940—50-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́Н (Cato),
адгалінаванне стараж.-рым. роду Порцыяў. Найб. значныя прадстаўнікі:
Катон Старэйшы (ці Цэнзар) Марк Порцый (Marcus Porcius Cato Maior, Cato Censorius; 234, Тускулум, каля сучаснага г. Фраскаці, Італія — 149 да н. э.), дзярж. дзеяч, пісьменнік, заснавальнік рым.літ. прозы. З саслоўя коннікаў. Удзельнік 2-й Пунічнай вайны. У 198 прэтар у Сардзініі. У 195 консул, задушыў паўстанне мясц. плямён у Іспаніі. Напярэдадні 3-й Пунічнай вайны патрабаваў разбурэння Карфагена — моцнага гандл. канкурэнта Рыма. Аўтар працы «Пачаткі», прысвечанай гісторыі Рыма ад яго заснавання да 2-й Пунічнай вайны, трактата «Земляробства» пра эканоміку і стараж. звычаі Італіі і інш.
Катон Малодшы (ці Утыцкі) Марк Порцый (Marcus Porcius Cato Minor, Cato Uticensis; 95—8.4.46 да н. э.), рымскі дзярж. дзеяч, военачальнік. Праўнук К. Старэйшага. Удзельнік задушэння паўстання Спартака 74—71 да н. э. Нар. трыбун у 62, прэтар у 54. Праціўнік трыумвіраў, асабліва Юлія Цэзара, супраць якога напісаў 2 паліт. памфлеты. У час.грамадз. вайны 49—45 на баку Г Пампея; пасля паражэння пампеянцаў пры Фарсале (48) супраціўляўся Цэзару ў Афрыцы, пасля іх разгрому пры Тапсе (46) скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПСТВА,
рэлігійна-палітычны цэнтр каталіцызму, які ўзначальвае nana рымскі. Узнікла ў 5 ст. на базе Рым. епіскапства. У 756 атрымала ад караля франкаў Піпіна Кароткага землі вакол Рыма і папа стаў свецкім гасударам, уладальнікам Папскай вобласці і інш. тэрыторый. У сярэднія вякі П. вяло барацьбу за перавагу царк. улады над свецкай. У 14 ст. П. знаходзілася пад уладай франц. кароны; у 1309—1377 рэзідэнцыя пап знаходзілася ў франц.г. Авіньён. У канцы 15 — пач. 16 ст. антыфеад. рух, Рэфармацыя, утварэнне самастойных пратэстанцкіх цэркваў аслабілі ўплыў П. У 16 ст. П. ўзначаліла контррэфармацыю. У канцы 16 — пач. 17 ст. П. рабіла намаганні па распаўсюджванні каталіцызму на Беларусі, Украіне і ў Расіі (гл.Брэсцкая унія 1596). У 1870 у сувязі з уключэннем Рыма ў склад італьян. дзяржавы Папская вобласць была ліквідавана. Пазбаўлены свецкай улады папа абвясціў сябе «вязнем Ватыкана». Паводле Латэранскіх дагавораў 1929 папа зноў стаў свецкім правіцелем — кіраўніком дзяржавы Ватыкан. П. і каталіцкая царква знаходзяцца ў дачыненні адно да аднаго, але не з’яўляюцца тоеснымі; у асобных краінах інтарэсы П. і царквы не заўсёды супадаюць.