ГАЙ (Gaius),

рымскі юрыст, пісьменнік 2 ст. Біяграфічных звестак не захавалася. Дакладна вядома, што ў часы імператара Адрыяна ён выкладаў права, сістэматызаваў рым. рабаўладальніцкае права і распрацоўваў каментарыі. Яго гал. твор «Інстытуцыі» (настаўленні; каля 161) атрымаў паводле рым. закону 426 абавязковую юрыд. сілу і ўвайшоў у Кодэкс Юстыніяна.

т. 4, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ДЫУМ, подый (лац. podium),

1) высокая, звычайна прамавугольная платформа з лесвіцай з аднаго боку і стромкімі іншымі бакамі. На П. ўзводзіліся ант. (пераважна рым. і этрускія) храмы.

2) Узвышэнне ў старажытна-рым. цырку з крэсламі для імператара, сенатараў і інш. высокапастаўленых асоб.

3) Узвышэнне для натуры ў скульптараў, мастакоў.

т. 12, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕНО́БІЯ (Септымія) (лац. Zenobia Septimia, сірыйскае Bathzabbai; ? — пасля 274),

правіцельніца рым. калоніі Пальміра (цяпер у Сірыі). Пасля забойства мужа каля 266 стала рэгенткай пры сваім малалетнім сыне Вабалату. У 270, калі Рым. імперыі з захаду пагражалі герм. плямёны, прыняла тытул «Аўгусты», захапіла Егіпет. У 271 Вабалат абвясціў сябе імператарам Усходу і напаў на рым. ўладанні ў М. Азіі. У 272 пальмірцы былі пераможаны арміяй імператара Аўрэліяна, у 273 яны зноў напалі на рымлян, але былі разгромлены, а іх горад Пальміра зруйнаваны. З. трапіла ў палон і ў 274 разам са сваімі сынамі прайшла ў працэсіі пераможаных у час трыумфу Аўрэліяна. Аддадзеная замуж за рым. сенатара, да канца жыцця заставалася ў Тыбуры (цяпер г. Тывалі, Італія). Яе біяграфія змешчана ў «Гісторыі імператараў» («Historia Augusta») і стала сюжэтам драм 17 і 19 ст.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 7, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́СТА,

у старажытнарымскай міфалогіі багіня свяшчэннага ачага рым. абшчыны, курыі, дома. Уяўлялі Весту з тварам, закрытым пакрывалам, з чашай, факелам, скіпетрам і паладыем. Круглы храм Весты стаяў на Рым. форуме, унутры яго знаходзіўся ачаг Весты, у якім вясталкі падтрымлівалі вечны агонь. Да аднаго культу з Вестай належалі Пенаты. У стараж.-грэч. міфалогіі Весце адпавядае Гестыя.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЫЯНО́ПАЛЬСКАЯ БІ́ТВА 378.

Адбылася 9 жн. ў раёне Адрыянопаля (сучасны Эдырне, Турцыя) паміж войскамі рымскага імператара Валента і вестготамі на чале з Фрытхігернам, да якіх далучыліся рабы і калоны. У баі загінула амаль уся рым. армія і імператар. Пасля паражэння ў армію пачалі вербавацца атрады федэратаў, што значна аслабіла Рым. імперыю і наблізіла яе распад.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калізей (Рым) 1/307, 472—473 (укл.); 9/215, 217

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ІТА́ЛІКІ (лац. Italici),

індаеўрапейскія плямёны, якія насялялі ў старажытнасці Апенінскі п-аў. Розніліся моваю, памерамі тэрыторыі, колькасцю насельніцтва, узроўнем культуры і эканомікі. У 1-м тыс. да н.э. падзяліліся на 2 галіны: лац.-фаліскскую (жылі ў Лацыі і паўд. Этрурыі) і оскска-умбрскую (займалі землі да Паўд. Італіі). Паводле падання, Рым засн. лац. каланістамі ў 8 ст. да н.э., пазней узвысіўся над І. У выніку рым. экспансіі ў 5—3 ст. да н.э. І. страцілі самастойнасць, ч. іх зямель трапіла пад уладу Рыма. У выніку Саюзніцкай вайны 90—88 да н.э. І. атрымалі правы рым. грамадзян, на працягу 1 ст. н.э. раманізаваны.

т. 7, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ВІЙ (Ціт) (Titus Livius; 59 да н.э., Патавія, цяпер г. Падуя, Італія — 17 н.э.),

старажытнарымскі гісторык. Вывучаў рыторыку і філасофію. Жыў і працаваў у Рыме, карыстаўся апекай імператара Аўгуста. Пісаў дыялогі філас. зместу. Аўтар «Рымскай гісторыі ад заснавання горада» ў 142 кнігах (захаваліся 35), у якой пагадова апісана гісторыя Рыма ад заснавання да 9 г. да н.э. Ідэалізаваў Рым і, выкарыстоўваючы матэрыялы ранейшых рым. аўтараў, пераносіў у старажытнасць рысы сучаснага яму рым. ладу. Сучаснікі і наступныя пакаленні лічылі яго гіст. працу ўзорнай, а самога аўтара — «рымскім Герадотам».

Тв.:

Рус. пер. — История Рима от основания города. Т. 1—3. М., 1989—93.

т. 9, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУМА́НЦЫЯ (Numantia),

старажытна-іберыйскае ўмацаванае паселішча на р. Дуэра ў Іспаніі. Узнікла на месцы стараж. паселішча кельцкага племя арэвакаў. У 154—133 да н.э. гал. цэнтр антырым. супраціўлення. У 153 да н.э. каля Н. разбіта войска рым. консула Квінта Фульвія Набіліёра, у 141 да н.э. — Пампея. У 137 да н.э. Н. аблажыла рым. армія консула Манцына, але сама трапіла ў акружэнне і капітулявала. У 133 да н.э. рым. войска Карнелія Сцыпіёна пасля 9-месячнай аблогі захапіла і разбурыла Н. Частка яго жыхароў скончыла самагубствам, астатніх прадалі ў рабства. Раскопкі Н. ў 1905—23 выявілі гар. ўмацаванні, жылыя памяшканні, лагер Сцыпіёна і інш.

А.​У.​Казленка.

т. 11, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУКО́ЛАЎ ПАЎСТА́ННЕ,

антырымскае паўстанне ў Егіпце ў 172 (паводле інш. звестак у 174 ці 175). Назва ад Буколіі — забалочанай мясцовасці ў дэльце Ніла, куды з сярэдзіны 2 ст. ўцякалі сяляне ад цяжкіх падаткаў. Буколы пад кіраўніцтвам жраца Ісідара разбілі рым. легіёны, заваявалі ўвесь Ніжні Егіпет і падышлі да г. Александрыя. Задушана войскамі рым. палкаводца Авідзія Касія, выкліканага з Сірыі.

т. 3, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)