надклас ніжэйшых пазваночных жывёл, 2 вымерлыя класы: няпарнаноздравыя (Monorhina, Cephalaspidomorphi) і парнаноздравыя (Diplorhina, Pteraspidomorphi); 1 сучасны клас — кругларотыя, які ўключае 40—42 віды міногаў і міксінаў. Пашыраны ў абодвух паўшар’ях, у марскіх і прэсных водах. На Беларусі вядомы 3 віды міногаў.
Стараж. прымітыўныя рыбападобныя жывёлы без сківіц і парных канечнасцей, з хордай. Унутр. шкілет храстковы (у вымерлых быў вонкавы касцявы шкілет). Шчэлепы ў выглядзе мяшкоў з пялёсткамі энтадэрмальнага паходжання. Ноздравая адтуліна ў большасці няпарная. Паўкружных каналаў 1 ці 2. Рот круглы, сысучага тыпу, корм лічынак — раслінныя рэшткі, водарасці, дарослыя паядаюць мяса і кроў рыб ці зусім не кормяцца. Выкапнёвыя бяссківічныя ўсмоктвалі разам з глеем і пяском дробныя арганізмы. Рэшткі бяссківічных вядомы з кембрыю да позняга дэвону Вялікабрытаніі, Нарвегіі (Шпіцберген), Германіі, ЗША, Кітая, Аўстраліі, Тувы і інш. месцаў. Росквіт у познім сілуры і раннім дэвоне. Даўж. ад некалькіх сантыметраў (верацёнападобныя жывёлы) да 1 м (пляскатыя донныя формы). Рэшткі бяссківічных з’яўляюцца вызначальнымі выкапнямі пры вывучэнні адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЦКАЕ МАСТА́ЦТВА,
мастацтва коптаў. Склалася ў 3—4 ст. на аснове маст. традыцый Стараж.Егіпта і эліністычнага мастацтва. Росквіт К.м. ў 5—7 ст. звязаны з аддзяленнем копцкай царквы ад візантыйскай. Пад уплывам ідэй аскетызму і ўзораў раннехрысц. мастацтва Сірыі і Палесціны набыло рысы схематызму, умоўнасці, грубаватай экспрэсіўнасці. У архітэктуры былі пашыраны 3-нефавыя, часта 3-конхавыя базілікі з каменю, радзей з цэглы (у Белым, Чырвоным манастырах і інш.), купальныя грабніцы (у Багауаце), 2—4-павярховыя жылыя дамы. Выяўл. мастацтва прадстаўлена царк. фрэскамі, каменнымі і драўлянымі рэльефамі, кніжнай мініяцюрай, энкаўстыкай, дэкар.-прыкладное мастацтва — разьбой па дрэве і косці (аздабленне дзвярэй, мэблі, куфэркаў), вырабамі з бронзы, тэракоты (лямпы, вазы, начынне), высокамаст. тканінамі. Рэаліст. выявы 4 — пач. 5 ст. (жанравыя або перанятыя з эліністычнай міфалогіі) у 5—6 ст. змяніліся ўмоўнымі схематызаванымі выявамі на хрысц. сюжэты. У канцы 6 — пач. 7 ст. пашырыліся матывы блізкаўсх. мастацтва (сцэны палявання на львоў і інш.). Сучасныя копцкія мастакі захоўваюць стараж. традыцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАМЕРЦЫ́ЙНЫ БАНК,
першы прыватны банк у дарэв. Беларусі. Засн. ў 1873 памешчыкамі і гандл. буржуазіяй Мінска і Мінскай губ. Сярод акцыянераў банка Л.А.Ваньковіч, кн. Е.Э.Друцкі-Любецкі, В.А.Лапо, Х.Г. і А.Я.Лур’е і інш. Акцыянерны капітал складаў 1,5 млн. рублёў. Банк спецыялізаваўся на выдачы пазык для забеспячэння гандлю с.-г. таварамі, на крэдытаванні вывазу лясной прадукцыі ў паўд. губерні Расіі і за мяжу. У 1880—90-я г. аддзяленні і агенцтвы М.к.б. дзейнічалі ў Гомелі, Магілёве, Лібаве, Бабровіцах, Навазыбкаве, Рамнах, Канатопе і інш.Росквіт М.к.б. прыпадае на канец 19 — пач. 20 ст. У 1895 кантрольны пакет яго акцый купіў пецярбургскі прадпрымальнік Я.С.Палякоў з сынамі. Пасля разарэння Паляковых на чале М.к.б. зноў сталі мясц. акцыянеры. Змены ў развіцці ляснога рынку, канкурэнцыя з боку буйных рас. банкаў, канцэнтрацыя акцый у руках вузкай групы асоб прывялі да ліквідацыі М.к.б. (1908), у 1912 ён паглынуты Азоўска-Данскім Камерцыйным банкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ МУСЕ́ЯН (ад грэч. museion храм або свяцілішча музаў),
адзін з галоўных навук. і культ. цэнтраў ант. свету. Засн. ў г. Александрыя ў 3 ст. да н.э. Пталамеем Сотэрам I па ініцыятыве Дэметрыя Фалерскага. Створаны на ўзор афінскіх філас. школ, у прыватнасці лікея. Узначальваў Александрыйскі мусеян жрэц вышэйшага рангу, які ў эліністычны перыяд прызначаўся царом, пазней — рымскім імператарам. Вучоныя, што працавалі ў Александрыйскім мусеяне, знаходзіліся на поўным утрыманні александрыйскіх правіцеляў. Росквіт Александрыйскага мусеяна прыпадае на 3—2 ст. да н.э.Вял. поспехі дасягнуты ў матэматыцы і фізіцы (Эўклід, Апалоній Пергскі, Архімед), астраноміі (Эратасфен, Гіпарх), медыцыне (Герафіл, Эрасістрат), механіцы (Ктэсібій, Філон), а таксама ў філалогіі. Пазней з Александрыйскім мусеянам звязана дзейнасць Пталамея Клаўдзія і Галена. Пры Александрыйскім мусеяне знаходзілася Александрыйская бібліятэка. У рымскі перыяд Александрыйскі мусеян паступова страчвала сваё значэнне. У 272—273 войскі імператара Аўрэліяна пры ўзяцці Александрыі спалілі Александрыйскі мусеян.
Літ.:
Рожанский И.Д. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988. С. 125—131;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНУЭ́ЗСКАЯ ШКО́ЛА,
мастацкая школа ў Італіі 16—17 ст.У архітэктуры сфарміравалася да сярэдзіны 16 ст.; яе росквіт звязаны з творчасцю Г.Алесі, яго вучняў і паслядоўнікаў (Р.Лурага і інш.). Яе характэрныя рысы выявіліся ў структуры гар. палацца, які спалучаў урачыстую пышнасць з інтымнасцю вясковай сядзібы. У жывапісе склалася да 1630-х г. пад уплывам італьян. майстроў 2-й пал. 16 ст. і фламандцаў, што працавалі ў Генуі (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк). Яе вядучы мастак — венецыянец Б.Строцы, у творах якога мясц. традыцыі спалучаліся з маляўнічасцю і эмацыянальнасцю флам. мастацтва. Майстры Генуэзскай школы выконвалі парадныя арыстакратычныя партрэты, рэліг. кампазіцыі і дэкар. размалёўкі; набылі вядомасць і творы т.зв. пастаральнага жанру, дзе значнае месца займалі пейзаж, хатняе начынне і жывёла (Дж.Б.Кастыльёне, А.М.Васала). Усхвалявана-рамант. кампазіцыі стварыў В.Кастэла, «жывапіс мазка і плямы» якога набылі пашырэнне ў Генуі і інш.маст. цэнтрах Паўн. Італіі.
Літ.:
Виппер Б.Р. Проблема реализма в итальянской живописи XVII—XVIII вв. М., 1966.
Да арт.Генуэзская школа. Б.Строцы. Святы Лаўрэнцій раздае міласціну. 1630—44.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІНЕ́ВІЯ,
старажытны горад у Асірыі, на левым беразе р. Тыгр (цяпер гарадзішча Куюнджык каля г. Масул у Іраку). Засн. ў 5-м тыс. да н.э., з 3-га тыс.вядома паводле клінапісных дакументаў. У 15—14 ст. да н.э. пад уладай дзяржавы Мітані. З 9 ст. да н.э. рэзідэнцыя асірыйскіх цароў. Узвышэнне, росквіт і ператварэнне Н. ў сталіцу Асірыі прыпадае на 8—7 ст. да н.э. пры царах Сінахерыбу і Ашурбаніпале. У 612 да н.э. разбурана новававілонскім царом Набапаласарам і мідыйскім царом Кіяксарам. Рымляне засн. на месцы Н. ваен. калонію Claudia Ninus. Археал. раскопкі на руінах Н. вяліся ў 1840—1930-я г.
Асірыйскі горад меў строгую планіроўку з гал. вуліцай — т.зв. дарогай працэсій. У час раскопак знойдзены паліхромная кераміка 5—4-га тыс. да н.э., скульпт. бронзавая галава цара Саргана Старажытнага Акадскага (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.), у палацах асірыйскіх цароў (8—7 ст. да н.э.) — каменныя рэльефы. статуі крылатых быкоў і львоў — ахоўнікаў варот.
Да арт.Ніневія. Рэльеф са сцэнай палявання на львоў у палацы Ашурбакі. 7 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУМІ́ДЫЯ (лац. Numidia),
у старажытнасці вобласць у Паўн. Афрыцы (цяпер усх. частка Алжыра). Паступовы пераход качавых нумідыйскіх плямён масілаў і мазезілаў (масайсіліяў) да земляробства і аселай жывёлагадоўлі ў канцы 1-га тыс. да н.э. суправаджаўся ўзнікненнем і развіццём гарадоў — Цырта (гал., цяпер Канстанціна), Туга (цяпер Дуга), Тэвесце, Сіка і інш. У 3 ст. да н.э. заваявана Карфагенам. Нумідыйцы паўставалі супраць карфагенскага панавання. У час 1-й Пунічнай вайны (264—241 да н.э., гл.Пунічныя войны) яны займалі варожую Карфагену пазіцыю; удзельнічалі ў антыкарфагенскім паўстанні 241—237 да н.э.Росквіт Н. адбыўся ў час праўлення цара Масінісы [201—149 да н.э.], калі значна пашырылася тэр. краіны, выраслі гарады, умацаваліся гандл. сувязі з Міжземнамор’ем. У 111—105 да н.э. нумідыйскі цар Югурта ваяваў з Рымам (у выніку паражэння трапіў у палон і забіты). У 46 да н.э. Н. стала рым. правінцыяй Новая Афрыка. У 1—3 ст.н.э. ў Н. ўзнікалі гарады, развівалася буйное землеўладанне. Антырым. паўстанні адбываліся ў 17—24, сярэдзіне 4 — пач. 5 ст. У 429/430 заваявана вандаламі, у 533 — візантыйцамі. У 7 ст.тэр. Н. захапілі арабы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБІ́ ХАЗРЫ́ (сапр. Набі Алекпер аглы Бабаеў; н. 10.12.1924, с. Хурдален каля г. Баку),
азербайджанскі паэт.Нар. паэт Азербайджана (1984). Вучыўся ў Ленінградскім ун-це (1947—49). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1952). Друкуецца з 1944. Першы зб. вершаў — «Росквіт мары» (1950). У паэт. зб-ках «Бакінскія куранты» (1954), «Горнае сонца» (1957), «Дуб на скале» (1959), «Вершы і паэмы», «Мора пачынаецца з вяршынь» (абодва 1971) і інш. тэмы ўзаемасувязі і сугучнасці мінулага і сучаснага, паэта і паэзіі, лірыка кахання. Аўтар паэм, тэатр. аповесцей, апавяданняў, маст. публіцыстыкі, эсэ і інш. Яго творчасці ўласцівы арган. сувязь з роднай зямлёй, грамадз. пафас, філас. назіранні. Многія вершы Н.Х. пакладзены на музыку. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі К.Камейша, В.Коўтун, У.Шахавец. Дзярж. прэмія СССР 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГАСА́КІ,
горад у Японіі, на З в-ва Кюсю. Адм. ц. прэфектуры Нагасакі. Каля 450 тыс.ж. (1997). Порт у зал. Нагасакі (Усходне-Кітайскае м.). Буйны суднабуд. цэнтр.Прам-сць: агульнае машынабудаванне, металургія, харчасмакавая, нафтахім., дрэваапрацоўчая. Рыбалоўная база. Ун-т. Музеі: гандл.-прамысл., стараж. мастацтва, прыкладнога мастацтва. Арх. помнікі 16—19 ст., у т. л. т. зв. Галандскі квартал (Дэдзіма), Кітайскі квартал, Нац. парк Маруяма, будыйскія, сінтаісцкія, хрысціянскія храмы. Парк Міру і манумент Міру (1955). Ваенна-марскі арсенал.
Горад узнік на месцы рыбацкага пасёлка, вядомага з 12 ст.Росквіт Н. прыпадае на 16—17 ст., калі горад (тут існавала партуг. факторыя) стаў цэнтрам хрысціянства ў Японіі і адзіным яп. портам (з 1640), праз які вёўся абмежаваны гандаль з галандцамі і кітайцамі. З канца 19 ст. цэнтр ваен. суднабудавання. У канцы 2-й сусв. вайны 1939—45 на Н. 9.8.1945 была скінута амер. атамная бомба, якая разбурыла 1/3 горада; забіта і паранена каля 75 тыс.чал. З 1956 у Н. адбываюцца міжнар. канферэнцыі аб забароне атамнай зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ТА-МІКЕ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА, Эгейская культура,
умоўная агульная назва культур бронзавага веку в-ва Крыт (мінойскай), астравоў Эгейскага м. (кікладскай) і мацерыковай Грэцыі (эладскай). Узнікла і развівалася ў 3—2-м тыс. да н.э. (30—12 ст. да н.э.). Зведала непасрэдны ўплыў культ. здабыткаў Б.Усходу (Стараж. Егіпет), але захавала сваю самабытнасць; паліт., эканам. і культ. жыццё мясц. протадзяржаў развівалася ў палацавых гаспадарках гарадоў Крыта, Мікенаў, Троі, Піласа і інш. Яе гісторыя паводле вынікаў археал. даследаванняў англ. археолага А.Дж.Эванса падзяляецца на 4 перыяды: раннемінойскі, ці дапалацавы (2600—2000 да н.э.); сярэднемінойскі, ці палацавы (2000—1700 да н.э.); сярэднемінойскі, ці новапалацавы (1700—1400 да н.э.); познамінойскі, ці пасляпалацавы (1400—1150 да н.э.). Росквіт гаспадаркі і культуры найб.стараж. дзяржавы на Крыце адбыўся ў 17—16 ст. да н.э. Сумеснай працай многіх пакаленняў архітэктараў, земляробаў, рамеснікаў і рабоў быў пабудаваны суцэльны комплекс прыбл. з 300 памяшканняў — велічны трохпавярховы Кноскі палац, т.зв. Лабірынт. Падобны палац быў у Фесце на Пд Крыта. Рэлігіяй крыцян было мнагабожжа: «Вялікая багіня» (захавалася статуэтка багіні, якая трымае змей), Мінатаўр і інш. Жывапіс прадстаўлены фрэскамі («гульня з быком», «кноская парыжанка» і інш.), расфарбаванымі рэльефамі на сценах («цар-жрэц»). У 1953 дэшыфраваны таблічкі лінейнага пісьма 18—11 ст. да н.э. (гл.Крыцкае пісьмо). З уварваннем з Прыдунаўя на мацерыковую Грэцыю плямён ахейцаў у канцы 3-га тыс. да н.э. пачалося фарміраванне стараж.-грэч. народнасці і мікенскай культуры (па назве яе цэнтра Мікены). Яе росквіт прыпадае на 15—13 ст. да н.э.
Шахтавыя магілы з мноствам каштоўных рэчаў з золата, серабра і інш. (залатая маска, кераміка, зброя) даследаваны ням. археолагам Г.Шліманам (1876). Асн. цэнтр мікенскай культуры — палацы Мікен, Піласа, Афін, Фіваў і інш. Іх архітэктура адрозніваецца ад крыцкай (умацаванні, магутныя сцены, цытадэлі). Захаваліся фрэскі, размаляваная кераміка, тэракотавыя статуэткі і інш. На мяжы 13—12 ст. да н.э. К.-м.к. і яе цывілізацыя перасталі існаваць пад ударамі плямён дарыйцаў.
Літ.:
Колпинский Ю.Д. Искусство Эгейского мира и Древней Греции. М., 1970;
Сидорова Н.А. Искусство Эгейского мира. М.,1972;
Соколов Г.И. Искусство Древней Греции. М., 1980;
История Европы с древнейших времен до наших дней. Т. 1. Древняя Европа М., 1988.
М.С.Корзун, К.А.Равяка.
Да арт.Крыта-мікенская культура. Ільвіныя вароты ў Мікенах. Рэльеф. 13 ст. да н.э.Да арт.Крыта-мікенская культура. Маска з грабніцы VI магільнага круга «А» ў Мікенах. 16 ст. да н.э.Да арт.Крыта-мікенская культура. Зборшчык шафрану. Фрагмент фрэскі з Кноскага палаца. 1700—1600 да н.э.