запаведнік у Алітускім р-не Літвы, у вярхоўях левага прытока р. Нямунас — Шашупе. Засн. ў 1946 для аховы месцаў пражывання вадаплаўных птушак, рэліктавых і рэдкіх раслін. Пл. 5428 га (1032 га займае воз. Жувінтас, якое знаходзіцца ў запаведным -рэжыме з 1937). Тыповыя ландшафты паўд.-зах. Літвы маюць у наяўнасці вярховыя і нізінныя балоты (каля 2900 га агульнай пл.), лясы (каля 1200 га) і лугі (каля 70 га). Флора ўключае 613 відаў вышэйшых раслін, з якіх 39 ахоўныя. У арнітафауне запаведніка ўлічана каля 250 відаў птушак, з якіх 139 гняздоўныя. Найб. каштоўны — натуральна акліматызаваны лебедзь-шыпун. Тэрыяфауна прадстаўлена 35 відамі: да фонавых належаць дзік, казуля, лось, характэрныя віды — заяц-русак, вавёрка звычайная, ліс, янотападобны сабака, барсук, лясная куніца, рачная выдра. У іхтыяфауне возера сярод 20 відаў рыб найб. шматлікі шчупак, звычайны лінь, краснапёрка, плотка, лешч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛЬКА,
абломкі горных парод дыяметрам ад 1 да 10 см, абкатаныя і адшліфаваныя цякучай вадой рэк, азёрнымі ці марскімі хвалямі, ледавікамі і іх водамі. Форма (шарападобная, падоўжаная, пласціністая і інш.) залежыць ад рэчыўнага саставу, будовы парод, умоў пераносу і намнажэння. Марская галька звычайна мае больш плоскую форму, чым рачная. Па велічыні гальку падзяляюць на дробную (1—2,5 см), сярэднюю (2,5—5 см) і буйную (5—10 см). У будаўніцтве зерні ад 0,5 см да 7 см адносяць да жвіру. Пашырана ў сучасных і стараж. асадкавых тоўшчах (гл.Галечнік). На Беларусі галька вельмі разнастайная ў антрапагенавых ледавіковых адкладах і алювіі. Трапляецца ў слаях грубаабломкавага матэрыялу рыфею і венду, дэвонскай, кам.-вуг., пермскай, трыясавай, юрскай, мелавой, палеагенавай і неагенавай сістэм. Намнажэнні галькі ўтвараюць радовішчы. Гальку выкарыстоўваюць у якасці напаўняльнікаў бетону, у дарожным буд-ве і пры пабудове фільтрацыйных установак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я ГІМАЛА́І,
сістэма хрыбтоў і масіваў у сярэдняй частцы Гімалаяў, у Індыі і Непале. Цягнуцца прыблізна на 2000 км паралельна Вял. Гімалаям, на Пд ад іх. Шыр. ад 10—20 км на У да 100 км на 3. Пераважаюць выш. 3000—3500 м (найб. да 6000 м). Горныя хрыбты і масівы расчлянёны шырокімі падоўжнымі далінамі і катлавінамі. Папярочныя даліны вузкія і глыбокія. У грабянёвай зоне — кары, трогі, невял. ледавікі. Снегавая лінія на выш. 4,5 тыс.м на У і 5 тыс.м на 3. Складзены з парод палеазойскага і мезазойскага ўзросту (пераважна са сланцаў, кварцытаў, вапнякоў). Густая рачная сетка (пераважна прытокі р. Ганг). Рэкі асабліва паўнаводныя летам. На З — лістападныя мусонныя лясы, цвердалістыя вечназялёныя і хваёвыя, на У — вечназялёныя вільготныя, хваёвыя, якія з вышынёй змяняюцца вечназялёнымі дубовымі, хваёва-шыракалістымі і хваёвымі лясамі. Вышэй — хмызняковыя зараснікі, субальпійскія і альпійскія лугі. Да выш. 2,5 тыс.м — плантацыі цытрусавых, чаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЧКІ (Sternidae),
сямейства птушак атр. сеўцападобных. 10 родаў, 43 віды. Пашыраны ўсюды. Жывуць на водмелях, вадаёмах, якія зарастаюць, некаторыя трапічныя К. (роды Anous і Cygis) — на кустах і дрэвах. К. палярная (Sterna paradisaea) робіць самыя далёкія сярод усіх вандруючых жывёл міграцыі — з Арктыкі ў Антарктыду і пакрывае двойчы за год адлегласць каля 20 тыс.км. На Беларусі 6 відаў; найб. пашыраная — К. чорная (Chlidonias nigra), самая вял. па памерах — К. чаграва (Hydroprogne caspia), К. белашчокая (Ch. hybridus), К. белакрылая (Ch. leucoptera), К. рачная (S. hirundo), К. малая (S. albifrons). 2 віды і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП, К. малая — у Чырв. кнізе Беларусі.
Даўж. да 55 см, размах крылаў да 135 см, маса да 700 г. Крылы доўгія, вузкія. хвост вілападобны. дзюба доўгая, простая. Ногі кароткія Афарбоўка ў асн. белая, з шызай мантыяй і чорнай шапачкай, некаторыя цалкам або зверху бурыя. Трымаюцца чародкамі. Кормяцца дробнымі жывёламі. Гняздуюцца калоніямі. Нясуць да 4 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІТО́БА (Manitoba),
правінцыя ў цэнтры Канады, на Пд мяжуе з ЗША. Пл. 650,1 тыс.км². Нас. 1,2 млн.чал. (1994). Адм. цэнтр — г.Вініпег. Гар. насельніцтва каля 70%. Найб. гарады: Брандан, Томпсан, Лін-Лейк, Гранд-Рапідс. На ПнУ размешчана плоская забалочаная нізіна, у цэнтры і на Пн — Лаўрэнційскае ўзв., на Пд — Манітобская нізіна. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -20 °C, ліп. 18 °C, ападкаў да 650 мм за год. Густая рачная сетка. Найб. рэкі: Нельсан, Чэрчыл, Хейс. Шмат азёр, у т. л. Вініпег, Манітоба, Вініпегосіс. На Пн тундравая расліннасць, якая змяняецца хваёвымі і стэпавымі ландшафтамі. Прам-сць: перапрацоўка с.-г. прадукцыі, у т. л. мясакансервавая, мукамольная, малочная, маслабойная; здабыча і абагачэнне нікелева-медных руд, дрэваапрацоўка. Развіты нафтахім., хім., маш.-буд., металаапрацоўка, паліграф., швейная прам-сць. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых (пшаніца, авёс, ячмень, жыта), тэхн. культур (лён, рапс, сланечнік). Мяса-малочная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Порт Чэрчыл (вываз збожжа). Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАЗО́НСКАЯ НІЗІ́НА, Амазонія,
найбуйнейшая на Зямлі нізіна ў Паўд. Амерыцы, у бас.р.Амазонка, пераважна ў Бразіліі, а таксама ў Калумбіі, Эквадоры, Перу. Пл. больш за 5 млн.км². Слаба заселеная. Распасціраецца з З на У на 3200 км ад Андаў да Атлантычнага ак. паміж Гвіянскім і Бразільскім пласкагор’ямі. Размешчана ў вобласці тэктанічнага прагіну (Амазонская сінекліза) Паўд.-Амерыканскай платформы, запоўненага ў асн. палеазойскімі марскімі і меза-кайназойскімі кантынент. адкладамі. Пераважае плоскі рэльеф пластавых раўнін з неглыбокімі шырокімі рачнымі далінамі. Карысныя выкапні: нафта, марганцавыя і жал. руды, золата, алмазы і інш. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны, сярэднія т-ры 24—28 °C, ападкаў 1500—3000 мм за год. Рачная сетка густая, рэкі паўнаводныя. Разнастайная расліннасць вільготных экватарыяльных лясоў (сельвас) уключае 80 тыс. відаў дрэў (шмат каштоўных парод). Жывёльны свет разнастайны — 3 тыс. відаў сухапутных пазваночных (малпы, ляніўцы, малы мураўед, браняносцы, тапіры, пекары і інш.). Шмат птушак, паўзуноў, грызуноў, земнаводных, рыб (2 тыс. прэснаводных відаў), тэрмітаў, мурашак. Праз трапічныя лясы пракладзена Трансамазонская шаша (1970-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАН-ЧА́КА (ісп. Gran Chaco),
прыродная вобласць у цэнтры Паўд. Амерыкі, у Балівіі, Парагваі і Аргенціне. Абмежавана рэкамі Парагвай і Парана на У і Андамі на З. Займае Лаплацкі тэктанічны прагін і складзена з алювіяльных нізін выш. 50—70 м на У і з акумулятыўных раўнін выш. 500—600 м на З. Клімат на б.ч.тэр. трапічны, з вільготным летам. Сярэднія т-ры ліп. ад 12 да 21 °C, студз. ад 26 да 30 °C (макс. да 47 °C, самая высокая на мацерыку). Ападкаў ад 500 да 1200 мм за год. Рачная сетка развіта пераважна на З і У; асн. рэкі Парагвай і Парана — транзітныя, з рэзкімі летнімі паводкамі; унутр. раёны пазбаўлены паверхневага сцёку. У перадгор’ях шмат балот, участкі саланчакоў. Пераважаюць сухія рэдкалессі, т.зв. лясы Чака (кебрача, альгароба, гуаякан, тэкома, мімоза і інш.), уздоўж рэк — чаньяр, васковая пальма на карычнева-чырвоных глебах. Жывёльны свет вельмі багаты: тапіры, пекары, нутрыі, браняносцы, балотны алень, ягуар, пума; шмат птушак, паўзуноў і насякомых. Авечкагадоўля. Баваўнаводства. Лесараспрацоўкі; вытв-сць дубільнага экстракту кебрача. Паляванне. На ПнЗ Аргенціны здабыча і перапрацоўка нафты і газу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАША́НЬ,
пустыня ў Цэнтр. Азіі, у Кітаі, на ПнУ ад гор Наньшань. Пл. 170 тыс.км². Хвалістая раўніна (выш. 800—1660 м). Чаргуюцца групы невял. скалістых кражаў, драбнасопачніка і плоскіх выцягнутых паніжэнняў, занятых масівамі рухомых пяскоў, барханамі, салёнымі азёрамі, саланчакамі і такырамі. Цэнтр.ч. складзена з дакембрыйскіх парод, перакрытых плашчом чацвярцічных пяскоў; на ўзвышшах у паўд. і паўн. частках выходзяць на паверхню палеазойскія і мезазойскія адклады. Радовішчы вугалю, нафты, соляў. Клімат рэзка кантынентальны. Рачная сетка прадстаўлена часовымі вадацёкамі, рэчышчы якіх напаўняюцца вадой толькі летам у перыяд мусонных дажджоў ці ліўневых ападкаў. Найб. рэкі Жашуй і Шуйхэ. Азёры Саго-Нур і Шара-Бурду. Асноўныя ландшафты: гобі — драбнасопачнік і астраўныя хрыбты, раскіданыя на раўніне з шчэбеневымі глебамі і рэдкай хмызняковай расліннасцю (парналіснік, эфедра і інш.); масівы барханных пяскоў з беднай стэпавай расліннасцю (карагава, салянкі, палын і інш.); цайдамы — паніжэнні з блізкімі грунтавымі прэснымі водамі і травяністай расліннасцю (рагоз, трыснёг, чарот, пажарніца); саланчакі з галафільнай флорай (паташнікі, семітранкі, салянкі); саксаульнікі з чорнага саксаулу з семітранкамі ў ніжнім ярусе. Жывёльны свет: сайгакі, пустынны заяц, суслікі, пясчанкі, тушканчыкі, паўзуны (чарапахі, яшчаркі, змеі), трапляюцца дзікія аслы. Насельніцтва рэдкае. Качавая жывёлагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́КА (Malacca),
паўвостраў на ПдУ Азіі, паўд. частка п-ва Індакітай. Паўн. частка М. належыць Тайланду, паўд. — Малайзіі (Зах. Малайзія). Пл. каля 190 тыс.км², даўж. (на Пд ад перашыйка Кра) 1300 км. Абмываецца на З Андаманскім м. і Малакскім прал., на У — Паўд.-Кітайскім м. і яго Сіямскім зал. У цэнтр. частцы М. нізкія і сярэдневышынныя горы выш. да 2190 м (г. Тахан), расчлянёныя на асобныя масівы з пакатымі вяршынямі і стромкімі схіламі. На ўзбярэжжы забалочаныя нізіны. Складзены з палеазойскай тэрыгенна-карбанатнай тоўшчы з праслоямі вулканітаў. Горы ўтвораны з мезазойскіх тэрыгенных адкладаў з гарызонтамі кіслых вулканітаў. Кайназойскія адклады запоўнілі ўпадзіны. Радовішчы волава, вальфраму, баксітаў, золата, каменнага вугалю і інш. Клімат на Пн субэкватарыяльны, мусонны, на Пд — экватарыяльны. На раўнінах сярэднямесячныя т-ры круглы год 25—27 °C, ападкаў 1500—2000 мм, у гарах больш за 4000 мм за год. Рачная сетка густая, рэкі кароткія, мнагаводныя. Каля 70% тэрыторыі ўкрыта густым трапічным лесам, пераважна вільготным, вечназялёным, з багатай флорай і фаунай; на ўзбярэжжах — участкі мангравых лясоў. Плантацыі рысу, каўчуканосаў, какосавай пальмы. На М. сталіца Малайзіі — г. Куала-Лумпур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́РЫО (Ontario),
правінцыя на Пд Канады. Пл. 1068,6 тыс.км², нас. 10,085 млн.чал. (1991), каля 35% насельніцтва краіны. Адм. цэнтр — г. Таронта [635,4 тыс.чал., у агламерацыі Вял. Таронта 3,9 млн.чал. (1991)]; на тэр. Антарыо знаходзіцца сталіца Канады г. Атава. Буйныя гарады: Гамільтан, Уінсар, Кітчэнер з Ватэрлоо, Лондан. Найб. урбанізаваная правінцыя, гар. насельніцтва каля 82%. На б.ч.тэр. Лаўрэнційскае ўзвышша (выш. да 646 м), на Пн — нізіны Гудзонава заліва, на Пд — ч. Цэнтральных раўнін. Клімат умераны, т-растудз. ад -4 да -14 °C, ліп. 15—23 °C, ападкаў 370—1000 мм за год. Рачная сетка густая, на ПдВял. азёры, на Пн Гудзонаў заліў. Антарыо дае каля 50% прадукцыі апрацоўчай прам-сці краіны і каля 25% горназдабыўной. Асн. галіны прам-сці: чорная і каляровая металургія, аўтамабілебудаванне, нафтахім. і нафтаперапр., электратэхн., цэлюлозна-папяровая, харч. і харчасмакавая; расшыраецца прам-сць высокіх тэхналогій. Здабываюць нікель (1-е месца ў краіне), уран, жал. руды, цынк, медзь, золата, серабро і інш. Антарыо — вядучая правінцыя па вытв-сці электраэнергіі: каля 35% даюць АЭС, 34% — ГЭС, 30% — ЦЭС. Інтэнсіўная сельская гаспадарка з малочнай жывёлагадоўляй, свінагадоўляй і агародніцтвам, вырошчваюць сою, кукурузу, тытунь, садавіну і вінаград. На Пд Антарыо — самая густая ў краіне трансп. сетка, міжнар. аэрапорты.