падатрад птушак атр. сеўцападобных. 4 сям.: вадарэзы, крачкі, паморнікі, чайкавыя (Laridae). Каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на ўзбярэжжах мораў, азёр, рэк, на балотах і інш. На Беларусі 20 відаў. Найб. пашыраны Ч. ’азёрная (Larus ridibundus), Ч. шызая (L. canus), крачка белакрылая (Chlidonias leucopterus), крачка чорная (Ch. niger). 3 віды: Ч. малая (L. minutus), Ч. серабрыстая (L. argentatus), крачка малая (Sterna albifrons) занесены ў Чырв. кнігу. 6 відаў і 2 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 80 см, маса да 2,5 кг. Апярэнне густое і шчыльнае, афарбоўка мяняецца ў залежнасці ад узросту і сезону, пераважае белы, буры, чорны і шэры колеры. Крылы доўгія, дзюба прамая, вострая ці загнутая на канцы, з выступам на ніжняй сківіцы. Ёсць перапонкі на лапах. Манагамы. Нясуць 1—5 яец. Кормяцца рыбай, грызунамі, насякомымі, мярцвячынай, часта адкідамі. Некат. — прамежкавыя гаспадары паразітаў рыб.