ПЯЦІРАДКО́ЎЕ, квінціла,
страфа з 5 вершаваных радкоў, злучаных дзвюма (радзей адной) рыфмамі або клаўзуламі. Часцей сустракаецца рыфмоўка па схеме АБААБ:
Я — мужык, а гонар маю,
Гнуся, але да пары.
Я маўчу, маўчу, трываю,
Але скора загукаю:
«Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»
(Я.Колас. «Мужык»)
Радзей кампаноўка рыфмаў у П. можа быць іншай: ААББА («Не шукай» Я.Купалы), АБББА («Людзьмі завемся» Е.Лось), ААААА («Дыханне» А.Лойкі). Часам адзін радок (1-ы, 2-і, 3-і і г.д.) застаецца нерыфмаваным («У маршы», «Да штурму», «Вянок» М.Танка). Сустракаецца П. зусім без рыфмаў (у белым вершы).
А.А.Майсейчык.
т. 13, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПФІ́ЧНАЯ СТРАФА́,
від 4-радковай антычнай страфы, што складаецца з трох 11-складовых лагаэдычных радкоў (гл. Лагаэд) і чацвёртага 5-складовага. Названа ў гонар стараж.-грэч. паэтэсы Сапфо, якая вынайшла страфу і шырока карысталася ёю. С.с. імкнуўся імітаваць у некат. вершах Сімяон Полацкі. У сучаснай паэзіі ўдалыя ўзоры імітацыі С.с. трапляюцца ў У.Дубоўкі:
Вечар... П’яны вечар сваволі-траўня...
Вецер косы ночы расплёў, дуронік...
Салавей пяе над ракой, як слаўна!..
Сны сніць сасоннік...
Гукі тыя, здані той цёмнай ночы
Кроў крынічаць... Млосць захапляе волю...
Спакусіцель-чорт з нас трубой рагоча:
«Дзе ж твая доля?»
(«Здані»).
В.П.Рагойша.
т. 14, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІГНАЛАГРА́МА,
любы носьбіт інфармацыі з сігналамі запісанай інфармацыі. У залежнасці ад характару запісанай інфармацыі і віду носьбіту С. мае назвы відэафанаграма, фанаграма і інш. Акрамя асн. інфармацыі можа мець службовыя сігналы.
Паводле спосабу і фармату запісу, канструкцыі прылад запісу-ўзнаўлення, канкрэтных носьбітаў запісу С. бывае мех., магн., аптычная і інш.; падоўжная, радковая, папярочна-радковая, нахілена-радковая, многаканальная і інш. Фармат С. вызначае яе памеры, а таксама памеры, размяшчэнне, прызначэнне і змест зон, дарожак, радкоў і слаёў запісу, фарматы кодаў і віды сігналаў. Напр., фармат DAT — лічбавая магн. фанаграма ў касеце, CD і DVD — адпаведна аптычная фанаграма і відэафанаграма на дыску.
А.П.Ткачэнка.
т. 14, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРАЗНА́Я РЫ́ФМА,
рыфма, якая праходзіць праз увесь вершаваны твор Побач з радкамі са С.р. могуць быць радкі без яе ці спалучаныя інш. рыфмоўкай. Для С.р. характэрна сіметрычнасць размяшчэння спалучаных ёю вершаваных радкоў. С.р. выдзяляе найб. значныя ў маст. адносінах словы:
Як на свет радзіўся Янка,
Як заплакаў многа-мала, —
Пела маці над калыскай,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Спі, саколік! Ку-ку, ку-ку!
Як падрос, падняўся Янка,
Як ганяць стаў ў поле стала, —
На жалейцы граў дзень цэлы,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Пасі статак! Ку-ку, ку-ку!
(Я.Купала. «А зязюлька кукавала...»)
А.А.Майсейчык.
т. 14, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНЦУГОВАЯ КАМПАЗІ́ЦЫЯ структура вершаванага твора, калі наступныя вершаваныя радкі развіваюць думку асобных папярэдніх радкоў:
Растуць на радзіме маёй неабсяжныя дрэвы.
Кожнае з іх мае крону з шумлівых галінаў.
Кожная з гэтых галінаў — зялёны прамень.
Кожны прамень — гэта некалькі звонкіх жалеек.
З кожнай жалейкі, калі заіграеш,
То салаўі вылятаюць,
то кнігаўкі, то жаўрукі.
О, не сячыце дрэў гэтых пявучых, Калі свае любіце песні.
(М.Танк. «Тапор»).
У асобных цвёрдых формах верша суседнія строфы яднаюцца рыфмамі або наступныя строфы часам поўнасцю ўключаюць у сябе асобныя радкі папярэдніх (гл. ў арт. Тэрцыны, Вянок санетаў). У некаторых творах з Л.к. трапляецца ланцуговая рыфма. Л.к. — характэрная рыса некаторых бел. нар. песень.
В.П.Рагойша.
т. 9, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕСНЬ НА БО́ЖЫ ЧАС»,
«Паўстанцкая песня», бел. агітацыйны вершаваны твор перыяду паўстання 1863—64. Магчыма, напісаны Ф.Ражанскім. Надрукаваны лацінкай у падп. друкарні ў выглядзе лістоўкі; распаўсюджваўся таксама ў рукапісе. Задуманы як масавая песня, мае памету «На матыў: I шуміць, і гудзіць». Складаецца з 24 радкоў; у творы выкарыстоўваюцца традыц. для фалькл. песеннай паэтыкі воклічы і паўторы, у змесце прасочваецца ўплыў ідэй К.Каліноўскага. Насуперак пашыраным тады ў вызв. руху салідарысцкім тэндэнцыям «П.п.» заклікала да барацьбы не толькі з царызмам, але і з памешчыкамі. Твор прасякнуты гіст. аптымізмам, верай у бязмежныя сілы ўзбр. народа, у шчаслівы зыход паўстання.
Публ.: У кн. — Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1971.
Літ.:
Кісялёў Г. Стары сшытак // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.
Г.В.Кісялёў.
т. 12, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФРЭ́Н (ад франц. refrain прыпеў),
1) у музыцы тэма інстр. або вак. муз. твора, якая праходзіць у ім не менш як 3 разы і замацоўвае яго кампазіцыйна. Характэрны для ронда і блізкіх да яго муз. форм. Часам Р. становіцца лейттэмай (гл. Лейтматыў) правядзенне якой звязана з увасабленнем найб. важных ідэй.
Тэрмін «Р.» уведзены ў 12—16 ст. для абазначэння паўтарэнняў заканчэння страфы ў песенных формах; у музыказнаўстве часцей карыстаюцца тэрмінам «прыпеў».
У вершаскладанні слова, радок або страфа, якія паўтараюцца праз пэўную колькасць радкоў у вершы. Р. нясе вял. сэнсавую нагрузку, звычайна ў ім увасоблена гал. ідэя твора. Так, у «Песні вольнага чалавека» Я.Купалы кожнаму катрэну спадарожнічае наступны Р.:
Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!
В.П.Рагойша (у вершаскладанні).
т. 14, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЦКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
рукапісны помнік усх.-слав. пісьменства 14 ст. Укладзена кн. Васілём Міхайлавічам Друцкім і яго жонкай Васілісай у царкву Багародзіцы ў Друцку (Талачынскі р-н), у 1441 — віленскім месцічам Коканам у царкву Уваскрэсення Хрыстова ў Вільні, у 18 ст. належала архіепіскапу наўгародскаму Феадосію Яноўскаму.
Напісана на царк.-слав. мове ўставам на 376 старонках фарматам «у аркуш». Тэкст размешчаны ў 2 калонкі па 25—28 радкоў у кожнай. Важнае культ.-гіст. значэнне маюць запісы ў канцы рукапісу, якія сведчаць пра існаванне Друцка ўжо ў 10 ст. і пабудову першай царквы ў гэтым горадзе ў 1001. Маст. аздабленне — застаўкі і 54 ініцыялы тэраталагічнага характару, выкананыя чырвонай фарбай (кінавар). Зберагаецца ў б-цы Сібірскага аддзялення Рас. АН.
Літ.:
Тихомиров М.Н. Описание Тихомировского собрания рукописей. М., 1968. С. 9—11.
С.А.Акуліч.
т. 6, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗІК (Мікалай Фёдаравіч) (каля 1852, в. Лаўрышава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — пасля 1913),
бел. нар. прапаведнік-мараліст, паэт-самавук. Аўтар дыдактычнага, бытапісальнага верша «Сцяпан і Тацяна» (1889). У паперах А.Ельскага (Варшава, Гал. архіў стараж. актаў) захаваўся сшытак 1890 з вял. творам М. (каля 400 радкоў) «Сачыненне пад рыфму на п’янства і гультайства». У Цэнтр. б-цы АН Літвы (Вільнюс) зберагаюцца рукапісы М. «Чыгунка», «П’янлівага развага...», «Заключэнне для павучання», «Вясковыя дзяды, або Памінальныя дні» і інш. Творы М. напісаны мяшанай бел.-рус. моваю, пераважна невысокага маст. ўзроўню, кансерватыўнага зместу. Пісаў часта пад псеўд. Аляксандр Шункевіч.
Тв.:
Сцяпан і Тацяна / Публ. У.Казберука // Шляхам гадоў. Мн., 1994. [Вып. 4].
Літ.:
Н.Я.Н. [Нікіфароўскі М.Я.]. Глашатаи добрых начал в сельской среде // Живая старина. 1902. Вып. 3—4.
Г.В.Кісялёў.
т. 10, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНДО́ (франц. rondeau ад rond круг),
старафранцузскі верш з 8, 13 або 15 радкоў, звязаных дзвюма скразнымі рыфмамі. У адрозненне ад рандэля ў Р. словы (часам радкі), якімі ён пачынаецца, паўтараюцца ў сярэдзіне твора і заканчваюць яго, ствараючы арыгінальнае архітэктанічнае кальцо. Прыкладам 15-радковага Р. можа служыць верш «Рандо» М.Багдановіча:
Узор прыгожы пекных зор
Гарыць у цемні небасхіла;
Вада балот, стаўкоў, азёр
Яго ў глыбі сваёй адбіла.
І гімн спявае жабаў хор
Красе, каторую з’явіла
Гразь луж; напоўніць мгла прастор,
І ўстане з іх гарашчы міла
Узор.
І сонца дальш клянуць, што скрыла
Луж зоры днём. І чуе бор,
І чуе поле крэхат хілы,
Ды жаб не ўчуць вышэй ад гор,
Там, дзе чыясь рука зрабіла
Узор.
У сучаснай бел. паэзіі сустракаецца рэдка.
В.П.Рагойша.
т. 13, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)