ПУ́ХАВІЦКІ РАЁН Размешчаны на У Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,5 тыс.км². Нас. 76,8 тыс.чал. (2000), гарадскога 43,6%. Сярэдняя шчыльн. 31 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Мар ’іна Горка. Уключае г.п.Рудзенск і Свіслач, р.п.Праўдзінскі, 304 сельскія населеныя пункты, Праўдзінскі, Рудзенскі і Свіслацкі пасялковыя Саветы, 21 сельсавет: Ананіцкі, Блонскі, Блужскі, Вецярэвіцкі, Вузлянскі, Гарэлецкі, Голацкі, Дрычынскі, Дубраўскі, Дукорскі, Навапольскі, Навасёлкаўскі, Пухавіцкі, Пярэжырскі, Селецкі, Суцінскі, Сяргеевіцкі, Талькаўскі, Турынскі, Чырвонакастрычніцкі, Шацкі.
Тэр. раёна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пласкахвалістая, 90% яе на выш. 160—200 м, 7% — вышэй за 200 м. Найвыш. пункт 236 м (на Пд ад в. Сяргеевічы). Карысныя выкапні: торф, сапрапель. пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп 17,9 °C. Ападкаў 592 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сут. Найб. рэкі Свіслач з прытокамі Волма, Цітаўка, Талька; Пціч з прытокам Шаць. Азёры Сяргееўскае і Мацярынскае. Меліярац. каналы Дрычынскі, Мацеевіцкі і інш. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (33%), дзярнова-падзолістыя (31,8%), тарфяна-балотныя (23,8%). Пад лесам 39,9% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, яловыя; трапляюцца асінавыя, дубовыя, грабавыя, ясянёвыя, ліпавыя і інш.Найб. лясістасць на Пд. Пад балотамі 4,4% тэрыторыі. Найб. балотныя масівы Суціна, Арэхаўскі Мох, Кляцішынскае. На тэр. раёна біял. заказнікі рэсп. значэння: Копыш, Мацеевіцкае, Амяльнянскі; мясц. значэння — Вецярэвіцкі. Ахоўныя тарфянікі: Ананічы, Падгаць, Турэц. Помнік прыроды рэсп. значэння — хвоя кедравая еўрапейская ў г. Мар’іна Горка; мясц. значэння — сядзібна-паркавы ансамбль у г. Мар’іна Горка, гіст.-культурны ландшафт у в. Дудзічы.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 112,2 тыс.га, з іх асушаных каля 38 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 22 калгасы, 6 саўгасаў, 36 фермерскіх гаспадарак, птушкафабрыка, міжгасп. аб’яднанне «Ананічы», аграфірма «Верасень». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжа, бульбы, лёну. Прадпрыемствы харч. (хлеб, цэльнамалочныя прадукты, марожанае, камбікорм, прэміксы, солад, вырабы з бульбы, сухое бульбяное пюрэ, пладаягадныя віны), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), паліўнай (тарфяны брыкет), кааператыўнай (хлеба-булачныя і каўбасныя вырабы) прам-сці; вытв-сць цюбінгаў для метрапалітэна, вырабаў з пластмас, тэхн. маслаў і змазак, кардону. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Мінск—Гомель, аўтадарогі: Мінск—Гомель, ад г. Мар’іна Горка на Чэрвень, Негарэлае, Старыя Дарогі. У раёне 31 сярэдняя школа, у т. л. 4 школы-садкі, 7 базавых, 4 пач. школы, школа-гімназія, 3 школы мастацтваў, 4 муз. школы, дапаможная школа-інтэрнат, ПТВ, аграрна-тэхн. каледж (гл.Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум), 28 дашкольных устаноў, 37 клубаў, 45 б-к, 8 бальніц, паліклініка, 5 амбулаторый, 29 фельч.-ак. пунктаў, абласны дзіцячы санаторый «Пухавічы», санаторыі-прафілакторыі «Талька», «Індустрыя». Раённы краязнаўчы музей у в. Блонь і яго філіялы ў г. Мар’іна Горка, вёсках Блужа і Гарэлец; музей матэрыяльнай культуры «Дудуткі» у в. Дудзічы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (2-я пал. 19 ст.) і Свята-Троіцкая царква (1826) у в. Блонь, сядзіба (19 ст.) у в. Дукора, царква Іаана Прадцечы (сярэдзіна 19 ст.) у в. Скрыльская Слабада. Выдаецца газ. «Пухавіцкія навіны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫ́ПКА (стараслав. скрыпіца ад скрыпець, рыпець),
4-струнны смычковы муз. інструмент. Найб. высокі па тэсітуры сярод скрыпічных інструментаў, да якіх адносяцца таксама альт і віяланчэль. Агульная даўжыня С. каля 600 мм. Яе авальны корпус з выразамі па баках («талія») складаецца з 2 злёгку выпуклых драўляных пласцін — дэк, замацаваных абечкам. Дыяпазон больш за 4 актавы (g—c5). Гук здабываецца смыкам, зрэдку шчыпком (pizzicato); ужываюцца і флажалеты (вылучэнне асобных абертонаў лёгкім дакрананнем пальца ў месцы парцыяльнага падзелу струны). Існуюць прыёмы змены тэмбру. С. мае выразны маляўнічы гук, багатыя тэхн. магчымасці, з’яўляецца асновай сімфанічнага аркестра, многіх відаў камерных ансамбляў, адзін з самых папулярных сольных інструментаў.
Як прафес муз. інструмент выкарыстоўваецца з канца 15 ст. Да гэтага часу ў Польшчы закончыўся працэс фарміравання т.зв. «перадкласічнага» тыпу С. На працягу 15—16 ст. з улікам нар. вопыту па вырабе С. і ўдасканалення іх майстрамі Італіі, Польшчы і Францыі выпрацавана класічная С. У 16—18 ст. у розных краінах Еўропы склаліся буйныя школы майстроў па вырабе С.: Дж.П.Маджыні, А. і Н. Амаці, Дж.Гварнеры дэль Джэзу, А.Страдывары, Дж.Б.Гваданьіні, А.Гальяна ў Італіі; М.Гробліч, Б.Данкварт у Польшчы; Я.Штайнер, сям’я Клоц у Германіі і інш. Канструкцыя С. канчаткова акрэслілася ў творчасці італьян. майстроў. Сярод найб. вядомых майстроў 19 ст.: Ж.Б.Вільём у Францыі, браты Хіл у Вялікабрытаніі, І.А.Батаў у Расіі. У 20 ст. вылучаюцца інструменты рас. скрыпічных майстроў Я.Ф.Вітачака, Г.А.Марозава, Ц.П.Падгорнага, М.М.Фралова, Д.П.Тамашова і інш. У 17—18 ст. склаліся скрыпічныя жанры, у т. л. сольныя саната і канцэрт. Сольнае скрыпічнае выканальніцтва паўплывала на фарміраванне нац. школ: італьян. (А.Вівальдзі, Ф.Джэмініяні, П.Лакатэлі, Дж.Тарціні, Г.Пуньяні), франц. (Ж.Б.Люлі, Ж.М.Леклер, П.Гавінье, Дж.Б.Віёці), польскай (А.Яжэмбскі, Ф.Дураноўскі, Ф.Яневіч), чэшскай (Ф.Бенда, Я.Стаміц, П. і А. Враніцкія), ням (І.Вальтэр, І.Вестгоф), аўстр. (Г.І.Ф.Бібер, К.Дзітэрсдорф). У 19 ст.вял. ролю ў развіцці скрыпічнага выканальніцтва адыграла творчасць італьянца Н.Паганіні. Сярод вядомых рас. скрыпачоў 20 ст. Л.Коган, Д.Ойстрах, В.Клімаў, В.Траццякоў і інш.
На Беларусі (паводле даследаванняў В.Грыгор’ева) ужо ў 14 ст. былі пашыраны 3-струнныя смычковыя інструменты пад назвай «скрыпіца», «скрыпель», настроеныя па квінтах, з многімі прыкметамі С. Першыя ўпамінанні С. ў бел. пісьмовых помніках — найб. раннія ў Еўропе. Сярод бел. майстроў 19 ст. па вырабе С.: Сянкевіч з Рэчыцы, З.Навіцкі з Мінска; у 20 ст. — А.Чайкоў, У.Крайко і інш.Прафес. скрыпічнае выканальніцтва на Беларусі вядома з 18 ст.: Л.Сітанскі (Гродна), Ф.Стамплоўскі (Слонім), Я.Ценціловіч і Мацей з Карэліч (Нясвіж). Сярод бел. скрыпачоў 19 — пач. 20 ст.: І.Дабравольскі, М.Ельскі, К.Кжыжаноўскі, Н.Рубінштэйн, Я.Чыжэўскі, Б.Юзафовіч, у 20 ст. — А.Амітон, С.Асновіч, М.Браценнікаў, А.Бяссмертны, Л.Гарэлік, Ю.Гершовіч, Г.Клачко, А.Крамароў, В.Сарока і інш. Сярод лепшых твораў бел. кампазітараў для С. канцэрты Г.Гарэлавай, П.Падкавырава, Дз.Смольскага, Р.Суруса, санаты А.Багатырова, Э.Тырманд, мініяцюры Л.Абеліёвіча, Г.Вагнера, Я.Глебава, У.Дарохіна, М.Чуркіна і інш. У нар. побыце С. цесна звязана з традыц. земляробчымі і сямейнымі абрадамі, ігрышчамі, вечарынкамі, бяседамі, паказамі нар.т-ра батлейка. С. — адзін з найб. любімых інструментаў беларусаў, пра яе складзены казкі, легенды, загадкі, песні. Выкарыстоўваюцца С. фабрычныя і самаробныя. Нар. тэхніка ігры на С. мае асаблівасці, абумоўленыя спосабам трымання інструмента і вядзення смычка, выкарыстаннем пераважна 3 струн. Сярод скрыпічных майстроў 20 ст.: І.Дударэвіч (г. Баранавічы Брэсцкай вобл.), У.Жукоўскі (в.Пухавічы Мінскай вобл.), В.Шышко (в. Бершты Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.) і інш.; нар. скрыпачоў — П.Жаканаў (в. Вярбоўка Чавускага р-на Магілёўскай вобл.), В.Малыш (пас. Забіяка Гомельскага р-на), М.Семянчук (в. Гарадзец Столінскага р-на Брэсцкай вобл.), П.Тупіцын (в. Кашаны Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.), М.Тысевіч (в. Аброва Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), М.Шкадун (в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.) і інш.
Літ.:
Витачек Е.Ф. Очерки по истории изготовления смычковых инструментов. 2 изд. М 1964;
Ямпольский И. Русское скрипичное искусство. Т. 1. М.; Л., 1951;
Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геаграфічная падправінцыя Палескай правінцыі на б.ч. Брэсцкай і Гомельскай, невялікіх ч. на Пд Мінскай і крайнім ПдЗ Магілёўскай абласцей. Мяжуе на Пн з Заходне-Беларускай правінцыяй і Перадпалескай правінцыяй, на Пд — з Украінскім Палессем. Працягнулася з З на У больш як на 500 км, з Пн на Пд каля 200 км. Пл. 60 тыс.км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Брэсцкае Палессе, Загароддзе, Прыпяцкае Палессе, Гомельскае Палессе, Мазырскае Палессе (гл. карту да арт.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).
У тэктанічных адносінах прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны, Палескай седлавіны, Прыпяцкага прагіну, Брагінска-Лоеўскай седлавіны і частак інш. структур. Крышталічны фундамент залягае на глыб. 0,4—1,7 км на З, 0,4—6 км на У, на Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступе — на глыб. 20—50 м, на Пд выходзіць на паверхню (каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.). У платформавым чахле найб. пашыраны адклады верхняга пратэразою, палеазою (дэвону і інш.), мезазою і кайназою (больш поўна, у параўнанні з астатняй тэр. Беларусі, развіты адклады палеагенавай і неагенавай сістэм). Пароды антрапагену ствараюць покрыва магутнасцю 20—100 м, у ледавіковых лагчынах да 200 м. Пераважаюць ледавіковыя, азёрна-алювіяльныя, алювіяльныя і балотныя адклады. Карысныя выкапні: нафта, гаручыя сланцы, буры вугаль, торф, калійныя і каменная солі, рэдкія металы, даўсаніт, буд. і абліцовачны камень, буд., шкловыя і фармовачныя пяскі, жвір, вогнетрывалыя і цагельныя гліны, мінералізаваныя і тэрмальныя воды, расолы і інш.
Асн. формы рэльефу ўтвораны дняпроўскім ледавіком і расталымі водамі сожскага ледавіка. Значная рэльефаўтваральная роля належыць эразійна-акумулятыўнай дзейнасці Прыпяці і яе прытокаў, стараж. і сучасных азёраў, балотаўтваральным і эолавым працэсам. Тэрыторыя Беларускага Палесся ахоплівае б.ч. Палескай і Прыдняпроўскай нізіны, на паверхні якіх пераважаюць водна-ледавіковыя (зандравыя), азёрна-алювіяльныя і алювіяльныя пясчаныя формы рэльефу. Трапляюцца марэнныя раўніны і канцова-марэнны градава-ўваліста-ўзгорысты рэльеф. Рачныя даліны Беларускага Палесся маюць шырокія поймы і тэрасы. Адзнакі паверхні вагаюцца ад 105 м над узр. м. (урэз вады ў р. Прыпяць пры выхадзе з тэр. Беларускага Палесся) да 220 м (за 5 км на Пд ад Мазыра на Мазырскай градзе), найб. пашыраны 120—150 м. У паніжаных ч. рэльефу — балоты (найб. масівы Паддубічы, Вялікі Лес, Выганашчанскае балота, Грычын, Загальскі масіў і інш.) і забалочаныя ўчасткі з азёрнымі катлавінамі. На рачных тэрасах і зандрах дзюны. Канцова-марэнныя ледавіковыя ўтварэнні (Загароддзе, Мазырская града, Юравіцкае ўзвышша, Хойніцка-Брагінскія вышыні і інш.) уздымаюцца над нізінамі да 40—80 м.
Клімат умерана кантынентальны (найб. цёплы на Беларусі), няўстойліва вільготны. Сярэднія т-ры студз. ад -4,4 °C на З да -7 °C на У (мінім. -36 °C), ліп. 18—19 °C (макс. 38 °C), ападкаў 540—645 мм за год (макс. 1115 мм). Вегетацыйны перыяд 193—208 дзён. Рэкі Дняпро і яго прытокі Сож, Бярэзіна і Прыпяць (гал. рака Беларускага Палесся) належаць да бас. Чорнага мора, Зах. Буг з Мухаўцом, Лясной і інш. — да бас. Балтыйскага мора. Суднаходныя каналы: Дняпроўска-Бугскі, Мікашэвіцкі і Агінскі (не дзейнічае); густая сетка меліярацыйных каналаў і канаў. Азёры Беларускага Палесся пераважна мелкаводныя, найб. з іх Чырвонае, Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае, Арэхаўскае. Шмат азёраў-старыц у поймах рэк. Пабудаваны вадасховішчы Салігорскае, Лактышы, Пагост і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя на пясках, да ўзвышшаў і раўнін прымеркаваны дзярнова-падзолістыя глебы на марэнных і лёсападобных супесках. Значную ч. тэрыторыі займаюць дзярновыя забалочаныя (глеевыя і глеяватыя), тарфяна-балотныя і алювіяльныя (поймавыя) глебы. Банітэт глебаў с.-г. угоддзяў на б.ч. Беларускага Палесся 45—50 балаў. Лясы займаюць 43%, належаць да Бугска-Палескай і Палеска-Прыдняпроўскай геабат. акруг падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. На водападзелах і рачных тэрасах пашыраны хваёвыя і шыракаліста-хваёвыя лясы (трапляюцца невял. ўчасткі шыракаліста-яловых), на марэнных узвышшах, раўнінах і тэрасах шыракалістыя лясы, пераважна дубовыя, ясянёва-дубовыя і ясянёвыя, на нізінных балотах чорнаалешнікавыя і пушыста-бярозавыя, у поймах рэк дубровы і алешнікі. У флоры шмат рэліктаў — вадзяны арэх, сальвінія плаваючая, альдраванда пухіраватая, рададэндран жоўты і інш. Больш за 1,2 млн.га зямель асушаны і ператвораны ў с.-г. ўгоддзі, пад ворывам каля 21% тэрыторыі. У межах Беларускага Палесся Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік; заказнікі ландшафтныя Белае, Прастыр, Альманскія балоты, Церабень, Мазырскія Яры, Смычок, Стрэльскі, гідралагічныя Выганашчанскае, Падвялікі Мох, біялагічныя Вусце Лані, Селяхі, Веткаўскі, Жыткавіцкі, Радастаўскі, Шабрынскі, Ленінскі, Борскі, Букчанскі, Чырковіцкі, Ялоўскі і інш. Значная ч. тэрыторыі Беларускага Палесся забруджана радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986.
Літ.:
Рельеф Белорусского Полесья. Мн., 1982;
Неотектоника и полезные скопаемые Белорусского Полесья. Мн., 1984;
Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.
А.В.Мацвееў, Э.А.Крутавус.
Беларускае Палессе. Краявід каля в.Пухавічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобл.