ГЕТЭРАКА́РПІЯ (ад гетэра... + грэч. karpos плод), разнаплоддзе,
генетычна абумоўленая ўласцівасць некаторых відаў кветкавых раслін фарміраваць на адной асобіне рознатыповыя генератыўныя зачаткі (дыяспоры), розныя па марфалогіі і фізіял. уласцівасцях, прыстасаваннях да пашырэння. Неаднароднымі бываюць цэлыя плады (у складанакветных, лебядовых, некаторых крыжакветных) або іх часткі — мерыкарпій, членікі (у парасонавых, агурочнікавых, часткі крыжакветных). Плады могуць займаць рознае становішча ў межах суквецця. Гетэракарпія характэрна пераважна для аднагадовых і эфемерных відаў пустынь, паўпустынь, пустазелля. У флоры Беларусі тыповы прадстаўнік гетэракарпных раслін — наготкі лекавыя, у суквеццях якіх развіваюцца плады, прыстасаваныя да разнясення жывёламі або ветрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАЙНО́Е АПЛАДНЕ́ННЕ,
тып палавога працэсу, уласцівы пакрытанасенным раслінам. Адкрыў у 1898 рус. батанік С.Г.Навашын. Заключаецца ў тым, што пры фарміраванні семя гаплоідная яйцаклетка апладняецца адным (генератыўнае апладненне), а дыплоіднае ядро цэнтр. клеткі зародкавага мяшка — другім (вегетатыўнае апладненне) сперміем пылковага зерня. У выніку генератыўнага апладнення ўтвараецца дыплоідная зігота, якая дае пачатак зародку. Вынікам вегетатыўнага апладнення служыць узнікненне пач. клеткі трыплоіднага эндасперму (пажыўнай тканкі семені). Д.а. забяспечыла пакрытанасенным раслінам пашырэнне на Зямлі і амаль неабмежаваныя магчымасці прыстасавання да ўмоў існавання (ад тропікаў да тундраў, ад вільготных мясцін да пустынь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМА́Р ЗВЫЧА́ЙНЫ, камар-піскун (Culex pipiens),
насякомае падатрада даўгавусых атрада двухкрылых. Пашыраны ва ўсім свеце, за выключэннем пустынь. Жывуць каля вадаёмаў, у сырых мясцінах, балотах. Лічынкі і кукалкі развіваюцца ў стаячай вадзе.
Даўж. да 8 мм. Ногі доўгія, вусікі ў самцоў перыстыя, у самак э кароткімі рэдкімі валаскамі. Ротавыя органы колючыя. Самкі кормяцца крывёю пазваночных жывёл і чалавека, самцы — сокам і нектарам раслін, лічынкі — водарасцямі і арган. рэшткамі. Зімуюць самкі. Могуць пераносіць узбуджальнікаў хвароб жывёл і чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕРАФІ́ЛЫ [ад грэч. xēros сухі + ...філ(ы)], сухалюбы,
расліны і жывёлы, прыстасаваныя да сухіх месцапражыванняў. Вызначаюцца развітымі механізмамі рэгуляцыі воднага абмену, здольнасцю затрымліваць ваду ў тканках, могуць працяглы час існаваць без яе папаўнення. Найб. тыповыя К. пашыраны ў зонах пустынь, паўпустынь, сухіх стэпаў і лесастэпаў. Гл. таксама Ксерафіты.
Сярод К.-жывёл вылучаюць прадстаўнікоў розных груп: саранчовыя, паўзуны, дрофы, саксаульная сойка, многія грызуны, вярблюды, тушканчыкі, дробныя драпежнікі. Сярод жывёл Беларусі рысамі ксерафільнасці вылучаюцца многія насякомыя (напр., жукі-чарнацелкі, шкодная чарапашка), большасць паўзуноў, некат. птушкі (валасянкі) і звяры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЯРЫ́ЙКІ,
млекакормячыя сям. землярыйкавых (Soricidae) атр. насякомаедных. 21 род, каля 300 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы і ПнЗПаўд. Амерыкі. Большасць відаў вядзе наземны, падземны, некат. паўводны спосаб жыцця. Жывуць ад тундры да пустынь. На Беларусі 7 відаў з родаў белазубак, буразубак, кутор.
Даўж. цела 3,5—18 см, хваста 1—12 см, маса 1,2—150 г (самыя дробныя млекакормячыя). Вонкава нагадваюць мышэй, адрозніваюцца рухомым, выцягнутым у хабаток носам. Хвост доўгі з валасамі. Валасяное покрыва аксаміцістае, роўнае. Размнажаюцца 1—3 разы на год. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі — шкоднікамі сельскай і лясной гаспадаркі. Носьбіты інфекцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕНІТА́ЛЬНЫЯ ДАЖДЖЫ́, трапічныя дажджы,
дажджы канвектыўнага тыпу з частымі навальніцамі ў тропіках Паўн. і Паўд. паўшар’яў. Прыкладна адпавядаюць пары года, калі Сонца ў поўдзень стаіць паблізу зеніту. Каля экватара, у зоне вільготных трапічных лясоў, назіраюцца 2 перыяды такіх дажджоў — веснавы і асенні, т. зв. раўнадзенственныя дажджы. Па меры аддалення ад экватара працягласць іх скарачаецца, перыяды збліжаюцца, і каля тропікаў яны аб’ядноўваюцца ў адзін летні дажджлівы сезон. З.д. звязаны з сезоннымі перамяшчэннямі ўнутрытрапічнай зоны канвергенцыі. Вынікам змяшчэння ўвільгатнення ад экватара да тропікаў з’яўляецца змена прыродных зон — ад вільготных трапічных лясоў да саваннаў і трапічных пустынь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́ТЫ (ням. Passat, галанд. passaat, верагодна, ад ісп. viento de pasade вецер, які спрыяе пераезду),
устойлівыя на працягу года паветраныя цячэнні ў трапічных і экватарыяльных шыротах (ад 25—30°паўн. ш. і паўд. ш. амаль да экватара) пераважна над акіянамі. Паблізу зямной паверхні ў выніку трэння і дзейнасці Карыяліса сілы ў Паўн. паўшар’і вятры маюць паўн.-ўсх. напрамак, у Паўд. — паўд.-ўсходні. Паміж П. Паўн. і Паўд. паўшар’яў — унутры-трапічная зона канвергенцыі; над П. дзьмуць антыпасаты. П. маюць важнае значэнне ў агульнай цыркуляцыі атмасферы, абумоўліваюць узнікненне пасатных цячэнняў, на сушы садзейнічаюць утварэнню і захоўванню трапічных пустынь (гл.Пасатны клімат).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРЫ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ У сумежных раёнах Сірыі, Іарданіі, Ірака і Саудаўскай Аравіі. Пл. каля 1 млн.км². Вапняковае плато і лававыя палі выш. 500—800 м, астраўныя горы выш. да 1100 м, многа бяссцёкавых катлавін і сухіх рэчышчаў, паніжэнні з саланчакамі і такырамі, участкі пясчаных і камяністых пустынь. Паверхня зніжаецца да даліны р. Еўфрат і Месапатамскай нізіны. Клімат субтрапічны кантынент., сухі, з цёплай зімой і гарачым летам. На паўн. ускраіне сярэдняя т-растудз. 6,9 °C, ліп. 29,2 °C. Ападкаў 100—150 мм за год. Разрэджаная эфемерная і палынова-кусцікавая расліннасць, па далінах часовых вадацёкаў зараснікі тамарыску. Качавая жывёлагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАПІ́ЧНЫ КЛІ́МАТ,
клімат трапічных шырот у Паўн. і Паўд. паўшар’ях Зямлі, як правіла, сухі і гарачы. Фарміруецца на працягу года пад уплывам абласцей павышанага ціску субтрапічных паясоў, пасатнай цыркуляцыі над акіянамі і дэпрэсіямі тэрмічнага паходжання над мацерыкамі. Адрозніваецца ўстойлівай перавагай малавоблачнага надвор’я, малой колькасцю ападкаў (звычайна менш за 200 мм за год), высокімі т-рамі паветра (ад 10 °C зімой да 35 °C летам). Тут знаходзяцца полюсы цяпла. Пераважаюць ландшафты пустынь і паўпустынь. У некат. класіфікацыях да Т.к. адносяць таксама клімат саваннаў (з рэзка выяўленым сухім зімовым і вільготным летнім сезонамі). Гл. таксама Пасатны клімат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХМЕ́ЛЕЎСКАЯ ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства ў в. Хмелева Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1725 на могілках. У архітэктуры спалучаюцца рысы барока з элементамі класіцызму. У 19 ст. перароблены тамбур, зменены верх, побач з храмам пастаўлена драўляная каркасная 2-ярусная званіца. Царква ў плане крыжовая, з 5-граннай апсідай і 2 рызніцамі. Да гал.зах. фасада, які ўтварае бабінец, прыбудаваны тамбур з шырокай лесвіцай. У дэкоры выкарыстаны масіўныя руставаныя лапаткі па вуглах і на гал. фасадзе. Над сяродкрыжжам фігурная шмат’ярусная галоўка. Пры царкве дзейнічае мужч. пустынь.