саму́м, -у, м.

Сухі, гарачы вецер пустынь, што налятае шквалам і ўтварае пясчаныя буры.

|| прым. саму́мны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пусты́ня

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. пусты́ня пусты́ні
Р. пусты́ні пусты́нь
Д. пусты́ні пусты́ням
В. пусты́ню пусты́ні
Т. пусты́няй
пусты́няю
пусты́нямі
М. пусты́ні пусты́нях

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

вярблю́д, -а, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.

Буйная жвачная аднагорбая або двухгорбая жывёліна пустынь і сухіх стэпаў.

|| прым. вярблю́джы, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

вярблю́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Буйная аднагорбая або двухгорбая жвачная жывёліна пустынь і сухіх стэпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакаці́-по́ле, -я, н.

Назва некаторых травяністых раслін стэпаў і пустынь, якія пасля выспявання адрываюцца ветрам ад кораня і, сплёўшыся ў клубкі, перакочваюцца з аднаго месца ў другое, раскідаючы насенне.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Пусты́ня ’бязлюдная і бязлесная прастора’ (ТСБМ, Варл.), ’пусташ, няўдобіца, неўрадлівае поле’ (ЛА, 2; ПСл; бялын., Мат. Маг.; Ян., Жд. 1), ’некранутая мясціна’ (ТС), ’няўгноенае поле; пустыр’ (Сл. ПЗБ), ’хата, у якой не жывуць’ (ПСл); ’пусты, несур’ёзны, распушчаны чалавек’ (пін., Нар. лекс.; Жд. 1), ’негаспадарлівы чалавек, пустадомак’ (ПСл, Нас., ТС), ’лгун, балбатун, жартаўнік’ (Варл.; паст., глыб., Сл. ПЗБ), ’воўк, звер’ (Бяльк.), ’пушча’: Царскія палацы оставил еси / Густую пустыню возлюбил еси (рэч., Груз.), пусты́нь ’неўрадлівая глеба’ (бярэз., Сл. ПЗБ); параўн. укр. пусти́ня ’бязлюдная мясціна; глупства’, рус. пусты́ня ’бязлюдная мясціна’, польск. pustynia ’бязлюдная мясціна, пустка’, чэш. pustina ’пусташ’, в.-луж., н.-луж. pusćina ’бязлюдная мясціна’, славен. pustínja ’пустое, бязлюднае месца’, серб.-харв. пу́стиња ’тс’, балг. пусти́ня ’вялікая прастора з беднай расліннасцю; пракляцце’, макед. пустина, пустиња ’тс’, ст.-слав. поустыни ’бязлюддзе’. Прасл. *pustynji ад прыметніка *pustъ, гл. пусты ’дзікі, бязлюдны’; паводле Жуйковай (Беларусіка, 19, 103), архаічным было і ацэначнае значэнне ’паганы’, адлюстраванае, напрыклад, у пусты́ня ’воўк’ і балг. дыял. пусти́ня ў адносінах да жывёлы: “Зашто биеш кравата?”. А она ре́кла: “Зашто да е не бием таӑ пустин’а” (Сб.НУ, 38, 56).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

павярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак.

1. каго-што. Варочаючы, змяніць становішча каго‑, чаго‑н. Павярнуць ключ. Павярнуць дзіця на другі бок. □ На лёгкі скрып дзвярэй .. [хворы] паволі павярнуў галаву, і ў поглядзе яго адбіліся сполах і недавер’е. Васілевіч. // чым. Зрабіць рэзкі, моцны рух. Разгарнуўся дзед Талаш, павярнуў сваімі шырокімі плячамі, крутнуўся, і жа[ў]неры паадляталі ад яго, як шчэпкі. Колас. // што. Накіраваць у процілеглым напрамку. Павярнуць зброю супроць ворага.

2. Разм. Рушыць у якім‑н. напрамку. Крушынскі саскочыў з ганка і павярнуў да чорнага ходу з боку кухні. Бядуля.

3. Змяніць свой напрамак (пра дарогу, сцежку, лінію і пад.). Ад Нёмана дарога павярнула ў лес. Брыль.

4. каго-што і без дап. Змяніць напрамак свайго або чыйго‑н. руху; пачаць або прымусіць рухацца ў іншым напрамку. Павярнуць каня назад. Павярнуць з вуліцы ў завулак. □ [Антось] павярнуў веласіпед і паімчаўся назад у мястэчка. Чарнышэвіч. Мы павернем воды Енісея З поўначы ў спякотны край пустынь. Панчанка.

5. перан.; што. Змяніць ход; даць іншы напрамак чаму‑н. Павярнуць жыццё. Павярнуць гаворку на іншы лад. □ Павінен стаць быў Леніным Ульянаў, Каб увабраць любоў і гнеў народа, Паклікаць самых дужых і адважных І павярнуць усёй планеты лёс. Грахоўскі. Таленавіты паэт Валянцін Таўлай гарэў жаданнем павярнуць усю заходнебеларускую літаратуру да жыцця, адрадзіць грамадзянскі пафас. У. Калеснік.

6. што. Разм. Скарыстаць, выкарыстаць. — Скончана, — сказаў .. [Гушка], — грошы ў кішэні. Заўтра адно трэба будзе Сурвілу іх перадаць, а ён ужо там паверне іх, куды трэба. Чорны.

•••

Павярнуць (завярнуць) аглоблі — пайсці, паехаць назад, не дасягнуўшы мэты.

Павярнуць кола гісторыі назад — прыпыніць заканамерны ход гістарычнага развіцця, вярнуцца да мінулага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́раз, прыназ. з В.

Спалучэнне з прыназоўнікам «цераз» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні якой‑н. прасторы, месца і пад., упоперак якіх што‑н. размяшчаецца, з аднаго боку на другі, ад аднаго краю да другога адбываецца рух, дзеянне. Правесці атрад цераз балота. Перайсці цераз вуліцу. Пераплыць цераз мора. □ Колькі сілы цягнуць санкі Цераз пушчы, цераз горы, Цераз рэкі і азёры, Без дарогі, без шляхоў Адзінаццаць пар ласёў. А. Александровіч. Вялі прасторныя шляхі Цераз балоты, Цераз нетры, Цераз пяскі пустынь сухіх. Глебка. // Паказвае на паўтарэнне чаго‑н. на тых або іншых прамежках прасторы. Слупкі стаялі цераз кожныя пяць метраў. / У выразах «цераз плячо», «цераз плечы», «цераз спіну» і пад. Перакінуў цераз плечы ранец І падаўся доктар са двара. Звонак. Няцяжка.. [Нікіфаровічу] ўявіць і сябе малога, з парэпанымі нагамі, у зрэбных штоніках і з зашмальцаваным паскам цераз спіну. Броўка.

2. Ужываецца пры абазначэнні месца або прадмета і пад., паверх якіх накіравана дзеянне або рух. Пераскочыў цераз ручаёк. Перакінуць цераз мяжу. Пераляцець цераз дах. □ Вялікі каменны мост цераз раку быў узарваны. Лынькоў. // (у спалучэнні з наз. «мера», «сіла» і пад.). Ужываецца для абазначэння звыш нормы, меры, мяжы і пад. Падняць цераз сілу. □ Цераз сілу і конь не вязе. З нар. // Паверх краёў. Цераз халяўкі набераце вады поўныя чаравікі. Калюга.

3. Ужываецца пры назвах асяроддзя, прадмета, праз якія хто‑, што‑н. праходзіць, пранікае. Водсвет полымя цераз паддувала, цераз шчылінкі ў дзверцах падаў на падлогу пучкамі. Шамякін. Непрыветна цераз вокны ночка пазірае. Колас.

Часавыя адносіны

4. Ужываецца пры ўказанні на прамежак часу, пасля якога што‑н. адбываецца. Прыехаў цераз два гады. Цераз пяць мінут перапынак скончыцца. □ Гэта к ёй [Карменсіце] — Недаступна далёкай — Як бацькоўскі да сына доўг, Незвычайныя словы Блока Перайшлі цераз горы гадоў. Глебка. // Паказвае на паўтарэнне чаго‑н. у тыя або іншыя прамежкі часу. Дзяжурыў цераз дзень.

5. Абл. Ужываецца для абазначэння часу ў адносінах да пары сутак. У той дзень у нас на полі работы не было: з самага рання і аж цераз поўдзень ішоў дождж перагонамі. Чорны.

Аб’ектныя адносіны

6. Ужываецца пры ўказанні на асобу, прадмет, з дапамогай або пры пасрэдніцтве якіх што‑н. адбываецца. Перадаць цераз суседа. □ Шлях ваш у заўтра — цераз калгас. Крапіва.

Прычынныя адносіны

7. Ужываецца для ўказання на прычыну ці падставу чаго‑н. Аслабеў цераз хваробу. □ [Пракоп:] — Які з майго Яўгена мужчына. Ажаніўся і тое, можна сказаць, цераз мяне. Баранавых.

•••

Пятае цераз дзесятае гл. пяты.

Цераз верх наліць (насыпаць) гл. паліць.

Цераз верх перці гл. перці.

Цераз галаву чыю гл. галава.

Цераз горла валіцца гл. валіцца.

Цераз край гл. край ​1.

Цераз пень калоду гл. пень.

Цераз сябе браць гл. браць.

Цераз хлеб ды хлеба шукаць гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)