ВЕЙНЯРО́ВІЧ (Іосіф Навумавіч) (н. 28.11.1909, Мінск),
бел. кінааператар і рэжысёр. Нар.арт. Беларусі (1973). Скончыў Дзярж.ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1934). З 1926 аператар кінахронікі, у 1946—90 рэжысёр-аператар кінастудыі «Беларусьфільм». У Вял.Айч. вайну здымаў франтавую і партыз. хроніку (Дзярж. прэмія СССР 1943), якая ўвайшла ў фільмы «Наша Масква» (1941), «Дзень вайны» (1942), «Народныя мсціўцы» (1943), «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944), выкарыстана ў кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). Рэж.-аператар фільмаў: «Балада пра маці» (1965), «Генерал Пушча» (1967, Дзярж. прэмія Беларусі 1968), «Права на бессмяротнасць» (1976), «На трывожных скрыжаваннях» (1980); рэжысёр фільмаў: «Пра маці можна расказваць бясконца», «Магілёў. Дні і ночы мужнасці» (абодва 1975), «Неўміручы подзвіг Мінска» (1978), «Добрага вам здароўя» (1981) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.
Адкрыты ў 1968 у г.п. Дзятлава Гродзенскай вобл.Пл. экспазіцыі 326 м², больш за 10 тыс. экспанатаў (1997). Экспазіцыя музея знаёміць з гісторыяй Дзятлаўшчыны са стараж. часоў да нашых дзён. Сярод экспанатаў археал. знаходкі эпох мезаліту і неаліту, човен 16 ст., выяўлены каля в. Пархуты, матэрыялы пра землякоў — удзельнікаў кастр. падзей 1917, грамадз. вайны, пра становішча працоўных у 1920—30-я г., дзейнасць КПЗБ. Экспануюцца вырабы мясц. майстроў, прадметы нар. побыту, адзенне, узоры маст. ткацтва, дакументы, асабістыя рэчы С.В.Прытыцкага, В.З.Харужай, М.Танка. Асобныя стэнды прысвечаны падзеям Вял.Айч. вайны (дзейнасць падполля, партызан. злачынствы ням.-фаш. акупантаў, вызваленне раёна), Героям Сав. Саюза Б.А.Булату, Ф.М.Сінічкіну. Макет помніка скульпт. А.Салятыцкага і карціна мастака П.Свентахоўскага прысвечаны І.Ю.Філідовічу, які паўтарыў подзвіг І.Сусаніна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭКТЫ́ЎНЫ ФІЛЬМ,
твор кіна- і тэлемастацтва, прысвечаны расследаванню крымінальных і інш. злачынстваў, рабоце разведчыкаў. Тэматычна звязаны з прыгодніцкім фільмам.
Першыя авантурна-дэтэктыўныя фільмы зняты ў 1910-я г. ў Францыі (серыя фільмаў рэж. Л.Фёяда пра Фантамаса, рэж В.Жасэ пра сышчыка Ніка Картэра і інш.). Сярод Д.ф. 1930—40-х г. серыялы пра сышчыкаў, фільмы-«паліцэйскія дакументы»; 1960—70-х г. — серыя фільмаў пра супершпіёна Джэймса Бонда. Сярод лепшых Д.ф. сав. кіно: «Подзвіг разведчыка», «Справа № 306», «Мёртвы сезон», «Вяртанне «Святога Лукі», «Чорны прынц», «Пятроўка 38», тэлевізійныя «Семнаццаць імгненняў вясны», «Месца сустрэчы змяніць нельга».
У бел. кіно дэтэктыўную фабулу маюць фільмы «Дзеці партызана», «Наперадзе — круты паварот», «Блакітны карбункул», «Задача з трыма невядомымі», «Дзікае паляванне караля Стаха», тэлевізійныя «Корцік», «Бронзавая птушка», «Апошняе лета дзяцінства» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСКАНДЭ́Р (Фазіль Абдулавіч) (н. 6.3.1929, г. Сухумі, Абхазія),
абхазскі пісьменнік. Піша на рус. мове. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага (1954). Друкуецца з 1952. Зб-кі вершаў «Горныя сцежкі» (1957), «Дабрата зямлі» (1959), «Зялёны дождж» (1960), «Маладосць мора» (1964), «Летні лес» (1969) і інш., апавяданняў «Забаронены плод» і «Трынаццаты подзвіг Геракла» (абодва 1966). Аўтар сатыр. аповесцей «Сузор’е Казлатура» (1966), «Рэмзік» (1974), «Марскі скарпіён» (1976), «Трусы і ўдавы» (1987), рамана «Чалавек і яго наваколле» (1993). Аўтабіягр. раман «Сандро з Чэгема» (поўнае выд. 1989, Дзярж. прэмія СССР 1989) прасякнуты лірызмам і гумарам, прысвяціў жыццю і гіст. лёсу абх. народа, з цеплынёй расказаў пра своеасаблівасці нац. характару. На бел. мову асобныя творы пераклала Л.Салавей.
расійскі акцёр, рэжысёр і тэатр. дзеяч. Нар.арт.СССР (1951). Скончыў драм. курсы ў Петраградзе (1920). Працаваў у петраградскіх т-рах, з 1924 у Ленінградскім т-ры драмы імя А.С.Пушкіна. З 1936 акцёр, у 1954—59 гал. рэжысёр Кіеўскага т-ра імя Лесі Украінкі. Творчай манеры Р. ўласцівы спалучэнне нязмушанасці сцэн. паводзін з псіхал. тонкасцю і філас. глыбінёй. Сярод роляў: Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Павел Пратасаў («Дзеці сонца» М.Горкага), Акаёмаў («Машачка» А.Афінагенава) і інш. Паставіў шэраг спектакляў. З 1935 адымаўся ў кіно; «Дзеці капітана Гранта» (1936), «Подзвіг разведчыка» (1947), «Іван Франко» (1956) і інш. Аўтар арт. па праблемах тэатр. мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБАЦЭ́ВІЧ (Васіль Савіч) (19.4.1893, в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 17.9.1985),
бел.драматург.Засл. настаўнік Беларусі (1947). Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1913), Мінскі настаўніцкі (1918) і вышэйшы пед. (1933) ін-ты. Працаваў настаўнікам на Сенненшчыне (1913—15), у Дукорскай школе (1918—24, 1933—57), выкладаў бел. мову ў Магілёўскім педтэхнікуме (1924—29). Арганізатар і кіраўнік Магілёўскай філіі «Маладняк». Друкаваўся з 1923. Аўтар п’ес «Вяселле» (нап. на аснове бел. вясельнага абраду, паст. БДТ 1921), «Чырвоныя кветкі Беларусі» (апубл. 1923) пра подзвіг дукорскіх партызан у барацьбе супраць польскіх акупантаў, «Пад вішнёвымі садкамі» (1927) і «Песні нашых дзён» (1930, прысвечана калектывізацыі) і інш. Напісаў успаміны пра сустрэчы з М.Багдановічам у Яраслаўлі.
Тв.:
Чырвоныя кветкі Беларусі: П’есы. Мн., 1983;
у кн.: Шлях паэта. Мн., 1975.
Літ.:
Казека Я. Прызванне // Казека Я. Голас часу. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАІ́ЗМ (ад грэч. hērōs герой),
найвышэйшае праяўленне самаадданасці і мужнасці пры выкананні грамадзянскага абавязку. Патрабуе ад чалавека асабістай стойкасці, гатоўнасці да самаахвяравання. Актам гераізму з’яўляецца подзвіг.
Пытанне аб гіст. прыродзе гераізму ўпершыню пастаўлена ў 18 ст.італьян. філосафам Дж.Віка, які лічыў, што гераізм звязаны выключна з т.зв. «векам герояў», што папярэднічаў «веку людзей». Канцэпцыя Віка ўсебакова развіта ў працах Г.Гегеля. У трактоўцы некаторых прадстаўнікоў рамантызму (Ф.Шлегель, Т.Карлейль і інш.) герой — выдатная асоба, якая ўзвышаецца над народам, «натоўпам». Ф.Ніцшэ разглядаў героя як «звышчалавека», які стаіць «па другі бок дабра і зла», для якога агульначалавечая мараль — гэта мараль «натоўпу». Марксізм трактаваў гераізм як спалучэнне індывід. подзвігу з подзвігам нар. мас. У кожнага народа свае адносіны да гераізму і герояў. Найчасцей гераізм праяўляецца ў экстрэмальных сітуацыях (войны, катастрофы, стыхійныя бедствы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКЦІЁНАЎ (Аляксандр Іванавіч) (29.5.1910, г. Растоў-на-Доне, Расія — 14.3.1972),
расійскі жывапісец і графік, педагог. Нар.маст. Расіі (1969). Правадз.чл.АМСССР (1958). Вучыўся ў АМ у Ленінградзе (1932—38) у І.Бродскага. Выкладаў у Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1936—44) і Маскоўскім завочным пед. ін-це (1967—70, з 1968 праф.). Працаваў пераважна ў жанравай карціне і партрэце. Творам уласцівы высокае майстэрства і дакладнасць малюнка, ілюзорна-дакладная перадача прадметнага аблічча, часам натуралістычнасць. Сярод твораў: аўтапартрэт (1945), «Ліст з фронту» (1947), «Забяспечаная старасць» (1958—60), «Подзвіг навукоўца» («Пасля аперацыі», 1962—65); графічныя партрэты В.Качалава, В.Кніпер-Чэхавай (абодва 1940), І.В.Курчатава (1955) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1948 Дзярж. прэмія Расіі імя І.Рэпіна 1971.
Тв.:
Техника советской портретной живописи. М., 1961 (разам з А.У.Вінерам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЬКО́ЎСКІ (Ігнат Антонавіч) (каля 1765, Віцебшчына — 11.1.1832),
бел. публіцыст. З 1783 на дзярж. службе — саветнік Бел. губернскага праўлення, віцебскі губернскі пракурор, віцэ-губернатар. З 1817 у адстаўцы, жыў у сваім маёнтку Мілае каля Віцебска Супрацоўнічаў у рус. часопісах. У «Пісьме з Віцебска» («Сын Отечества», 1813) асуджаў агрэсію Напалеона, услаўляў гіст.подзвіг народаў Расіі ў вайне 1812. У 1831 узнаг. залатым медалём Вольнага эканам.т-ва ў Пецярбургу за конкурсны твор «Адказ на задачу, прапанаваную імператарскім Вольным эканамічным таварыствам: «Якім чынам лёгка і танна выправіць сялянскія пабудовы або зрабіць у іх карысныя ўдасканаленні?» (выд. 1833), у якім патрабаваў паляпшэння быт. умоў сялян, выказваў каштоўныя думкі па пытаннях сельскай гаспадаркі, аховы прыроды. Публіцыстыка М. вылучаецца эмацыянальнасцю, спавядальнасцю, шырынёй кругагляду. Мяркуюць, што пісаў і па-беларуску, некат. даследчыкі лічаць яго аўтарам «Энеіды навыварат».
Літ.:
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІЙЧУ́К (Васіль Уладзіміравіч) (н. 12.2.1922, г. Жытомір, Украіна),
бел. скульптар. Скончыў Адэскае маст. вучылішча (1949). Творам уласцівы псіхалагізм вобразаў, дэталёвая прапрацоўка форм, імкненне да дакладнай перадачы натуры. Сярод станковых кампазіцый «Вызваленне» (1951), «Улетку» (1954), «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1958), «Маці партызана» (1961), «Подзвіг» (1963), «Мір, Праца, Свабода, Роўнасць, Братэрства, Шчасце ўсіх народаў» (1968), «Генерал Даватар» (1972), «Перамога», «На апаленай зямлі», «Клятва партызан» (усе 1975), «Дзеці вайны» (1984); партрэты М.Калініна (1975, 1977), А.Сахарава (2000), удзельнікаў партыз. руху на Беларусі ў гады Вял.Айч. вайны. Аўтар помнікаў У.І.Леніну ў гарадах Старыя Дарогі (1959), Столін (1980, з С.Селіханавым), Ф.Э.Дзяржынскаму ў г. Дзяржынск (1959, з А.Заспіцкім) і партызанцы А.Ф.Колесавай у г. Крупкі (1967), Калініну ў Мінску (1979, з І.Глебавым), манументаў воінам Сав. Арміі і бел. партызанам, якія загінулі ў гады вайны.