КРЭ́ПАСЦЬ,

умацаваны пункт з пастаянным гарнізонам, узбраеннем і прыпасамі, прызначаны для кругавой доўгатэрміновай абароны ва ўмовах аблогі. Асн. абарончыя элементы К.: земляныя валы, равы, драўляныя ці мураваныя сцены і вежы з байніцамі, брамы, барбаканы, бастыёны, равеліны і інш. Падзяляліся на сухапутныя і марскія (прыморскія).

Правобразамі К. былі ўмацаваныя паселішчы першабытнай эпохі. У рабаўладальніцкіх дзяржавах многія гарады былі адначасова і К. (Карфаген, Рым, Канстанцінопаль). Для прыкрыцця граніц К. будавалі ў Стараж. Егіпце, Рыме, Асірыі, Вавілоне, Персіі і інш.

У сярэдневякоўі ў Зах. Еўропе выгляд К. набылі ўмацаваныя замкі феадалаў, гарады і манастыры. На Русі буд-ва К. пачалося ў 10—11 ст. з мэтай абароны насельніцтва гарадоў і навакольных раёнаў.

На Беларусі тэрмін «К.» у сучасным яго разуменні вядомы з 18 ст. Раней К. называлі водныя перашкоды, балоты, высокія схілы, якія ахоўвалі паселішчы. У 11—13 ст. функцыі К. адыгрывалі некат. парубежныя гарады (Мінск, Гродна, Камянец, Кукенойс, Герцыке). Асновай іх абароны былі дзядзінцы. Другую лінію абароны складалі ўмацаванні вакольнага горада. Вузлавымі пунктамі абароны гарадоў з’яўляліся замкі, умацаваныя манастыры і кляштары. У 15—17 ст. некат. бел. гарады (Магілёў, Мсціслаў, Віцебск, Полацк) адыгрывалі ролю парубежных К. Іх абарончыя ўмацаванні звычайна складаліся з некалькіх паясоў магутных фартыфікацыйных збудаванняў вакол горада. У функцыян. адносінах значна бліжэй да К. былі ўмацаваныя гарадкі-астрогі Туроўля, Сітна, Суша, Сокал, Казьян і інш., пабудаваныя ў 16 ст. на Полаччыне. Пад уплывам італьян. і галандскай фартыфікацыі з 2-й пал. 16 ст. на Беларусі пашырылася буд-ва бастыённай сістэмы ўмацаванняў. Сярод К. новага тыпу вылучаліся Магілёў, Быхаў, Ляхавічы, Нясвіж, асабліва Слуцк, які да канца 18 ст. называлі «бастыёнам Вялікага княства Літоўскага». На Беларусі крапаснымі збудаваннямі былі таксама многія цэрквы, у т. л. Мураванкаўская царква-крэпасць, Супрасльская царква-крэпасць, Сынковіцкая царква-крэпасць, жылыя дамы — Гайцюнішскі дом-крэпасць, Гродзенскі новы замак. Традыц. драўляна-земляныя збудаванні паступова трацілі сваё стратэг. значэнне. Павелічэнне далёкасці і магутнасці агню артылерыі прывяло да ўзнікнення ў 19 ст. фортавай К., якая складалася з т. зв. ядра (звычайна старой К.) і вынесеных уперад на 2—3 км асобных фортаў на адлегласці 1,5—2 км адзін ад аднаго. Такія ўмацаванні мелі Бабруйская крэпасць і Брэсцкая крэпасць. У 1914 на тэр. Еўропы было больш за 150 разнастайных К. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі, з развіццём узбраення і ваен. тэхнікі, усе краіны адмовіліся ад фортавых К. і пачалі ствараць умацаваныя раёны і палосы. Гл. таксама Абарончыя збудаванні.

Літ.:

Rogalski M., Zaborowski M. Fortyfikacja wczoraj i dziś. Warszawa, 1975;

гл. таксама пры арт. Абарончыя збудаванні.

М.​А.​Ткачоў.

Схема Брэсцкай крэпасці. 1941.
Крэпасць Туроўля. 1566—67.

т. 8, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРО́НЧЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

штучныя перашкоды, прызначаныя для доўгатэрміновай абароны нас. пункта ці пэўнай тэрыторыі ад праціўніка.

Найб. стараж. абарончыя збудаванні — агароджы з дрэва, зямлі ці камянёў, равы, валы. У Стараж. Рыме стваралі ўмацаваныя ваен. пасяленні — лагеры. На ўскраінах Рым. імперыі будавалі т.зв. рымскія валы (Адрыянаў вал, Антанінаў вал, Траянаў вал). Разнастайныя тыпы абарончых збудаванняў ствараліся ў сярэднявеччы: для абароны замкаў, манастыроў (земляныя валы, равы, крапасныя драўляныя і мураваныя сцены, вежы з байніцамі і машыкулямі, брамы з герсамі, барбаканы), аховы вял. тэрыторый (Вялікая Кітайская сцяна, «Вялікая засечная мяжа» на паўд. межах Рас. дзяржавы ў 16—17 ст. і інш.). Своеасаблівыя тыпы абарончых збудаванняў — дзядзінец, крэмль, замак.

Першыя абарончыя збудаванні на тэр. Беларусі — гарадзішчы, з’явіліся ў жал. веку (7 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.). Паступова яны ўскладняліся ад простых драўляных агароджаў па краях да шматрадных драўляна-земляных умацаванняў. З развіццём гарадоў (9—13 ст.) гал. Абарончымі збудаваннямі сталі равы, драўляныя сцены і вежы (Полацк, Тураў, Віцебск, Мінск). У 12 ст. з’явіліся мураваныя вежы з выкарыстаннем у муроўцы валуноў (Гродна). З пераходам да тактыкі прамога штурму і аблогі ў 13 ст. сфарміравалася новая сістэма абароны горада, у аснове якой была вежа-данжон у драўляным ці мураваным замку (гл. Навагрудскія замкі, Камянецкая вежа, Тураўская вежа і інш.). У сярэдзіне 16 ст. з пашырэннем агнястрэльнай зброі ствараліся замкавыя комплексы (Мірскі замак, Нясвіжскі замак), узнікла фартыфікацыя, удасканальваліся традыц. драўляна-земляныя ўмацаванні. У Віцебску, Полацку, Магілёве, Слуцку, Брэсце, Рэчыцы і інш. існавала некалькі ліній абароны, якія ахоплівалі цэнтр горада і пасады. Абарончыя прыстасаванні мелі многія грамадзянскія збудаванні — ратушы, сядзібы, дамы-крэпасці, а таксама цэрквы, касцёлы, кляштары, манастыры, сінагогі. Іх сцены будаваліся высокія і тоўстыя, па кутах будынкаў ці над уваходам ставіліся баявыя вежы з байніцамі, уваходы дадаткова засцерагаліся бабінцамі, каванымі дзвярыма, пад’ёмнымі кратамі-герсамі. Вакол будынкаў узводзіліся валы з драўлянымі ці мураванымі сценамі, вежамі або бастыёнамі. Адзін з першых умацаваных храмаў на Беларусі — Полацкі Сафійскі сабор. Аналагічнымі абарончымі храмамі былі Супрасльская царква-крэпасць, Сынкавіцкая царква-крэпасць, Мураванкаўская царква-крэпасць, Камайскі касцёл і інш. У 19 ст. ўзніклі фортавыя абарончыя збудаванні (гл. Крэпасць) з вынесенымі на 1—2 км наперад ад цэнтр. ўмацавання фортамі (Брэсцкая крэпасць, Бабруйская крэпасць). У 1-й пал. 20 ст. ствараліся ўмацаваныя раёны і палосы абароны (напр., Беларуская прыгранічная паласа абароны).

Літ.:

Ткачоў М.А. Замкі Беларусі (XIII—XVII ст.). Мн., 1977;

Яго ж. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.

М.​А.​Ткачоў.

Да арт. Абарончыя збудаванні. Навагрудскі замак. Пачатак 16 ст. Рэканструкцыя.
Да арт. Абарончыя збудаванні. Лідскі замак. З малюнка Н.​Орды. Сярэдзіна 19 ст.
Да арт. Абарончыя збудаванні. Брэсцкая крэпасць. З карціны мастака М.​Залескага. 1840.
Да арт. Абарончыя збудаванні. Замак Крак-дэ-Шэвалье ў Сірыі. 12 — пач. 13 ст.
Да арт. Абарончыя збудаванні. Крэпасць у Каркасоне (Францыя). 13 ст.

т. 1, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ ЦАРКО́ЎНЫ САБО́Р 1839,

сход іерархаў уніяцкай царквы на Беларусі і Украіне (у межах Расійскай імперыі), які прыняў рашэнне аб яе далучэнні да Рускай праваслаўнай царквы. Адбыўся 24.2.1839 у Полацку. Пачынаючы з дзейнасці мітрапаліта Іраклія Лісоўскага (1806—09), у кіраўніцтве уніяцкай царквы (гл. Беларуская грэка-каталіцкая царква) выявіліся тэндэнцыі да збліжэння з праваслаўем (напачатку ў форме вяртання ад лац. да ўсх. абраднасці). Палітыка царскіх улад да уніяцкай царквы пры Кацярыне II, Паўле I, Аляксандру I была непаслядоўнай: ад масавага пераводу ў праваслаўе пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай да падтрымкі уніяцкага духавенства, каб мець у ім сац. апору. У 1820-я г. пры Мікалаю I праводзілася палітыка ўзмацнення «рускага элемента» ў зах. губернях; беларусы і ўкраінцы былі абвешчаны неадрыўнай часткай рус. народа, што выклікала пытанне аб іх рэліг. уніфікацыі. Гэта супадала з жаданнем шэрагу уніяцкіх іерархаў, якія хацелі далучыцца да праваслаўя — пануючага веравызнання як па ідэалаг. меркаваннях, так і для паляпшэння свайго сац. статуса. Ініцыятарам далучэння стаў у 1827 асэсар 2-га (уніяцкага) дэпартамента Рымска-каталіцкай калегіі Іосіф Сямашка (з 1829 епіскап). У канцы 1820-х—30-я г. з дапамогай дзярж. улад быў ажыццёўлены шэраг мер па збліжэнні грэка-каталіцкай царквы з праваслаўем: уніятам забаронена пераходзіць у лац. абрад; замест 4 уніяцкіх епархій пакінуты 2 — Полацкая (Беларуская) і Віленская (Літоўская); прымаліся захады па павышэнні адукац. ўзроўню белага духавенства, найб. схільнага да праваслаўя; закрываліся манастыры і школы базыльян; пашыраліся служэбнікі маскоўскага друку; ва уніяцкіх храмах інтэр’еры мяняліся паводле правасл. узораў; у епіскапы былі пасвячоны паплечнікі Сямашкі — Васіль Лужынскі і Антоній Зубко. Ідэя пераходу ў праваслаўе ахоплівала ўсё больш прадстаўнікоў духавенства; святароў, якія адмаўляліся даць распіску аб згодзе з праваслаўем, каралі пераводам у горшыя прыходы, паніжэннем у пасадзе, аж да зняволення ў манастырах. Смерць у 1838 апошняга праціўніка аб’яднання з праваслаўем мітрапаліта Ігнація Іасафата Булгака зняла апошнія перашкоды для скасавання Брэсцкай уніі 1596. Скліканы 24.2.1839 у Полацку сабор з 3 епіскапаў (Сямашка, Зубко, Лужынскі) і 21 інш. высокай духоўнай асобы, прыняў Акт з 2 пунктаў: у 1-м абвяшчалася адзінства з правасл. царквой, у 2-м змяшчалася просьба да Мікалая I садзейнічаць хутчэйшаму далучэнню уніятаў да праваслаўя. Да саборнага Акта прыкладаліся абавязацельствы 1305 святароў і манахаў, пасля прыняцця Акта іх колькасць павялічылася да 1607. Паводле распараджэння Мікалая I 6.4.1839 прынята пастанова Св.Сінода аб далучэнні уніятаў да праваслаўя. Напачатку ў храмах дазвалялася захоўваць уніяцкія абрады, аднак пры замене уніяцкіх царк. атрыбутаў праваслаўнымі быў нанесены значны культурны ўрон (страчаны многія старыя кнігі, абразы, посуд і інш.). Паводле Акта П.ц.с. да правасл. царквы далучана каля 1,5 млн. чал. Найб. цяжка скасоўвалася уніяцтва ў паўн. Беларусі, дзе лацінізацыя грэка-каталіцкай царквы была найб. глыбокая, частка уніятаў там перайшла ў рыма-католікі. Уніяцкая царква ў Царстве Польскім (у Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ.) далучана да праваслаўя ў 1875.

Літ.:

Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990 [рэпр. выд.: Буэнос-Айрес. 1966];

Уния в документах. Мн., 1997. С. 415—490;

Шейкин Г.Н. Полоцкая епархия. Мн., 1997. С. 32—48.

В.​Р.​Кірэеў.

т. 12, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)