ВА́РКАЧ (Warkotsch) Мікалай, дыпламат Свяшчэннай Рымскай імперыі 16 ст. Родам венгр, пляменнік караля польскага і вял. князя ВКЛСтафана Баторыя. Як пасол імператара Рудольфа II у 1589, 1593 і 1594 наведаў Маскву, дзе вёў перагаворы пра сумесныя дзеянні адносна Рэчы Паспалітай і Турцыі. Пакінуў дзённікі 1-га і 3-га падарожжаў (ненадрукаваныя). Дзённік пасольства 1593 вёў Стафан Гейс, які даў звесткі пра гарады і мястэчкі Беларусі, праз якія ехала пасольства (Гародна, Вільня, Маладзечна, Лагойск, Барысаў, Орша, Дуброўна), кароткае апісанне гар. замкаў. Дзённік упершыню апублікаваны ў 1820 на ням. мове.
Тв.:
Описание путешествия в Москву Николая Варкоча, посла римского императора, в 1593 году // Проезжая по Московии. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ТА РО́БЕРТА ПАЎСТА́ННЕ 1549,
буйное сялянскае паўстанне ва Усх. Англіі. Выклікана захопам землеўладальнікамі ворных зямель і пашавых угоддзяў сялян (гл.Агароджванні). Пачалося ў чэрв. 1549 у графстве Норфалк, у хуткім часе ахапіла Суфалк і суседнія графствы. У сваёй праграме (29 артыкулаў) сяляне патрабавалі выканання раней прынятых законаў супраць агароджванняў, памяншэння арэнднай платы, скасавання дзесяціны, адмены прыгону. Узначаліў паўстанне мясц. сквайр Роберт Кет. Паўстанцы асадзілі гал. горад Норфалка Норыдж і з дапамогаю бедных гараджан захапілі яго. Перагаворы ўрада з сялянамі не мелі поспеху, войскі італьян. і ням. наёмнікаў штурмам узялі Норыдж і ў жн. 1549 разбілі сял. апалчэнне. Паўстанне пацярпела паражэнне, сотні яго ўдзельнікаў (у т. л. Р.Кет) пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РЫЦ АРА́НСКІ (Maurits van Oranje; 14.11.1567, г. Дыленбург, Германія — 23.4.1625),
нідэрландскі дзярж. дзеяч, палкаводзец. Прынц, граф Насаўскі. Сын Вільгельма I Аранскага. Пасля забойства бацькі старшыня Дзярж. савета Генеральных штатаў і ген.-адмірал ВМС (з 1584), статхаўдэр (правіцель) Галандыі і Зеландыі (з 1585), потым таксама Утрэхта і Аверэйсела (з 1590), Гелдэрна (з 1591) і Гронінгена (з 1621). З 1590 галоўнакамандуючы. Рэфармаваў армію (увёў новую тэхніку аблогі, выкарыстанне малых баявых падраздзяленняў, строгую дысцыпліну), на чале яе вызваліў ад ісп. панавання паўн. правінцыі Нідэрландаў (1591—94). Перагаворы пра заключэнне перамір’я з Іспаніяй (1609) і інш. падзеі ў Нідэрландах выклікалі канфлікт М. з вял. пенсіянарыем (фактычным правіцелем) Галандыі Я. ван Олдэнбарневелтам, якога М. загадаў пакараць смерцю (1619).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНДЗІ́НА (Sandino) Аўгуста Сесар (18.5.1895, Нікінаома, каля г. Масая, Нікарагуа — 21.2.1934),
дзеяч нац.-вызв. руху Нікарагуа. Рабочы на шахтах і рудніках у Нікарагуа, Гандурасе, Гватэмале і Мексіцы. У кастр. 1926 арганізаваў паўстанне рабочых залатых прыіскаў Сан-Альбіна супраць акупацыі Нікарагуа войскамі ЗША. Узначаліў паўстанцкую армію, якая да 1931—32 налічвала 6 тыс.чал. і кантралявала значную ч.тэр. Нікарагуа. Запрошаны на мірныя перагаворы з новым урадам краіны, арыштаваны па загадзе камандуючага нац. гвардыяй А.Самосы Гарсія і расстраляны. У яго гонар названы Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення ў Нікарагуа.
Літ.:
Гонионский С.А. Сандино. М., 1965;
Идейное наследие Сандино: Пер. с исп. М., 1982;
Гутьеррес Дуарте М.А. Аугусто С.Сандино. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́СКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1791,
дагавор, які завяршыў рус.-тур. вайну 1787—91 (гл.Руска-турэцкія войны 17—19 ст.). Папярэднія перагаворы ўзначальвалі з рас. боку Р.А.Пацёмкін, потым А.А.Безбародка, з турэцкага — вял. візір Юсуф-паша. Падпісаны 29 12.1791 (9.1.1792) у г. Ясы. Паводле дагавора Турцыя прызнала далучэнне да Расіі Крыма (абвешчана рас. урадам у 1783), адмовілася ад прэтэнзій на Грузію. Да Рас. імперыі адышлі землі паміж Паўд. Бугам і Днястром, па якім прайшла мяжа; на Каўказе адноўлена мяжа па р. Кубань. Дагавор замацаваў за Рас. імперыяй усё Паўн. Прычарнамор’е, садзейнічаў узмацненню яе паліт. пазіцый на Каўказе і Балканах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СТАЯ́ННЕ НА УГРЫ́» 1480,
ваенныя дзеянні паміж ханам Вялікай Арды Ахматам і вял. князем маскоўскім Іванам III у 1480. У 1476 Іван III прыпыніў выплату Ардзе штогадовага грашовага «выхаду», які збіраўся з рус. зямель з часоў Батыя. Хан Ахмат, заняты барацьбой з Крымскім ханствам, толькі ў 1480 вырашыў пачаць актыўныя дзеянні супраць маскоўскага княства. Ён правёў перагаворы з вял. князем ВКЛ і каралём Польшчы Казімірам IV аб ваен. дапамозе. Іван III у сваю чаргу заключыў ваен. саюз з крымскім ханам Менглі-Гірэем (сапернікам Ахмат-хана) і дамовіўся пра выступленне яго супраць Казіміра IV. У студз. 1480 супраць Івана III паўсталі яго браты Барыс і Андрэй Большы, незадаволеныя ўзмацненнем улады вял. князя. Выкарыстаўшы гэтыя абставіны, восенню Ахмат распачаў свой паход. Імкнучыся абысці р. Ака, 8 кастр. Ахмат падышоў да прытока Акі р. Угра. Яго спроба фарсіраваць раку была адбіта сынам Івана III Іванам Маладым і братам вял.кн. Андрэем Меншым. Ахмат адышоў, верагодна, да Варатынска, дзе стаў чакаць падыходу Казіміра IV. Іван III, замацаваўшыся ў г. Крэменец, з мэтай выйграць час пачаў перагаворы з Ахматам. 30 вер.—3 кастр. Іван III паразумеўся з мяцежнымі братамі, і іх палкі прыйшлі ў Крэменец. 26 кастр. Угра замерзла. Аднак Ахмат, даведаўшыся пра месцазнаходжанне войск братоў Івана III і не атрымаўшы дапамогі ад саюзніка (у гэты час Менглі-Гірэй напаў на паўд. землі ВКЛ), не адважыўся наступаць. 11 ліст.тат.-манг. войскі адышлі на поўдзень. 6 студз. 1481 Ахмат быў забіты пры сутычцы з войскамі цюменскага хана Ібака, і ў Вял. Ардзе пачаліся міжусобіцы. Гэтыя падзеі паклалі канец мангола-тат. панаванню і Рус. дзяржава стала суверэннай.
Літ.:
Насонов А.Н. История русского летописания XI — начала XVIII в М., 1969. С 418—435;
Базилевич К.В. Внешняя политика Русского Централизованного государства. Вторая половина XV в. М., 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДУНО́ВА Палута (Пелагея Аляксандраўна; 1885, Навабеліца, цяпер у межах Гомеля — 29.11.1938),
бел.паліт. дзеяч. Скончыла вышэйшыя гіст.-літ. курсы ў Петраградзе (1917), У 1917 чл.ЦКБел.сацыяліст. грамады, дэпутат Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Удзельнік Усебел. з’езда 1917 у Мінску. З лют. 1918 нар. сакратар апекі ў Нар. сакратарыяце Беларусі. У 1918—25 у Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), сакратар яе ЦК. У 1919 увайшла ў Раду Бел.Нар. Рэспублікі і выступала за поўную незалежнасць Беларусі. У крас. 1920 як прадстаўнік БПС-Р вяла перагаворы з ЦК РКП(б). Арыштоўвалася польск. і сав. ўладамі. У 1923—25 жыла ў Празе. З 1925 у СССР, працавала настаўніцай у Гомелі. У 1937 арыштавана, расстраляна ў Мінску. Рэабілітавана ў 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛУ́ЕЎ Пётр Сямёнавіч (3.7.1857—1923),
расійскі ваенны дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1915). Скончыў Акадэмію Ген. штаба (1882). Удзельнік руска-тур. вайны 1877—78. У 1885—1900 служыў у Данскім казацкім войску, потым камандзір пях. батальёна, палка, брыгады. На пач. 1-й сусв. вайны камандзір корпуса. Удзельнік Галіцыйскай і Лодзінскай аперацый 1914, аперацыі рус. войскаў па ліквідацыі Свянцянскага прарыву 1915. У час Нарачанскай аперацыі 1916 нач.паўд. ударнай групы. З 2.8.1917 галоўнакамандуючы арміямі Паўд.-Зах., з 17.8.1917 — Зах. фронту. Адмовіўся выконваць дырэктывы Сав. ўрада пра перагаворы з камандаваннем герм. войскаў аб перамір’і. 25.11.1917 ВРКЗах. фронту адхіліў яго ад пасады галоўнакамандуючага. З 1918 на штабной рабоце ў Чырв. Арміі. У 1919 у Рэўваенсавеце Рэспублікі.
Тв.:
Военно-топографический обзор Бобро-Наревского района. Ломжа, 1909.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АКСАМІ́ТНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ» 1989у Чэхаславакіі,
умоўная назва працэсу пераходу ад камуніст. ладу, што існаваў з 1948, да дэмакр. праўлення. Адбылася ў ліст.—снеж. ў мяккай, спакойнай форме (адсюль і назва). Масавыя выступленні 17—26 ліст. працоўных, студэнтаў за ўстанаўленне дэмакратыі і паліт. плюралізму ўзначалілі апазіц. рухі Грамадзянскі форум на чале з В.Гавелам і Грамадскасць супраць насілля. Камуністы вымушаны былі пайсці на перагаворы з апазіцыяй. У выніку ўлада перайшла да прадстаўнікоў апазіцыі. Нац. сход выключыў з канстытуцыі краіны артыкулы аб кіруючай ролі камуніст. партыі і марксісцка-ленінскай ідэалогіі. У снеж. 1989 прэзідэнтам краіны абраны Гавел, старшынёй нац. сходу — А.Дубчак, сфарміраваны ўрад нац. адзінства на чале з М.Чалфам. Парламенцкія выбары ў чэрв. 1990 замацавалі перамогу дэмакр. сіл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЫ́Н-НАШЧО́КІН Афанасій Лаўрэнцьевіч (каля 1605, Пскоў — 1680),
расійскі дзярж. і ваенны дзеяч, дыпламат. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 удзельнічаў у штурме Віцебска (1654), кіраваў штурмам Дрысы (1655). Ваявода Друі (1654), Кокнеса (1656—61). Заснаваў на Зах. Дзвіне суднаверф. У 1658 у Валіесары заключыў на 3 гады перамір’е са Швецыяй, паводле якога за Расіяй заставаліся заваяваныя ў Лівоніі землі. Прыхільнік саюзу з Рэччу Паспалітай для барацьбы супраць Швецыі. Падпісаў Андросаўскае перамір’е 1667. У 1671 пастрыгся ў манахі. У 1679 вёў перагаворы з Рэччу Паспалітай, каб прадоўжыць Андросаўскае перамір’е. Ініцыятар стварэння паштовай сувязі паміж Масквою, Рыгай і Вільняй.
Літ.:
«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломатич. службы XVI—XVII веков. М., 1989. С. 108—146.