тып беспазваночных жывёл. 1 клас, больш за 110 родаў, каля 1000 відаў. Пераважна марскія жывёлы, каля 30 відаў — прэснаводныя; жывуць на паверхні грунту, часам закопваюцца ў яго, некат. плаваюць. Каля 10 відаў жывуць на сушы (у глебе).
Даўж. ад 0,5 мм да 30 м, шыр. да 9 мм (у большасці даўж. да 20 см, шыр. 1—5 мм). Цела двухбакова-сіметрычнае, несегментаванае, зрэдку ніткападобнае; укрыта раснічным эпітэліем з мноствам слізістых залоз. Афарбоўка разнастайная, часам стракатая. На галаўным канцы хабаток з ротавай адтулінай — орган нападу і абароны. Поласць цела запоўнена асн. тканкай. Крывяносная сістэма замкнёная, стрававальная — у выглядзе прамой трубкі з вырастамі. 2—4 пары вачэй, ёсць органы дотыку, хім.пачуцця. Дыхаюць паверхняй цела. Пераважна драпежнікі; некат. віды — паразіты і сімбіёнты малюскаў, крабаў і марскіх зорак. Раздзельнаполыя, развіццё прамое або з метамарфозам (лічынка—пілідый). Здольныя да рэгенерацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОПРЫЯРЭЦЭ́ПТАРЫ, прапрыяцэптары (ад лац. proprius уласны, асаблівы + рэцэптары),
спецыялізаваныя чуллівыя нервовыя канцы (механарэцэптары) апорна-рухальнага апарату пазваночных жывёл і чалавека. Самы пашыраны від — свабодныя нерв. канцы, а найб. спецыялізаваныя структуры — мышачныя верацёны (у шкілетных мышцах) і органы Гольджы (у сухажыллях). Узбуджэнне ў П. узнікае пры нацяжэнні мышачных валокнаў, сухажылляў, фасцый, пры скарачэнні або пасіўным расцяжэнні мышцы. Імпульсы, што паступаюць у ц. н. с. ад мышачных валокнаў, аблягчаюць узнікненне актыўнасці ў рухальных нейронах сваёй мышцы і тармозяць скарачэнні мышцы-антаганіста. Імпульсы, што прыходзяць ад органаў Гольджы, маюць процілеглы эфект. У мозг ад П. паступае інфармацыя аб становішчы часткі цела ў прасторы, стане мышцаў, ступені іх напружання. Невял. здольнасць П. да адаптацыі дазваляе ц. н. с. бесперапынна атрымліваць сігналы аб стане шкілетнай мускулатуры і ажыццяўляць бесперапынную складана-каардынаваную рухальную дзейнасць арганізма. Актыўнасць П. ляжыць у аснове мышачнага пачуцця. Часам да П. адносяць рэцэптары вестыбулярнага апарату, сэрца і крывяносных сасудаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,
кірунак прававой навукі, у якім права разглядаецца як прадукт рознага роду псіхал. установак, інстынктаў, эмоцый. Склалася ў пач. 20 ст. адначасова з паяўленнем псіхал. кірункаў у сацыялогіі і інш.сац. навуках. З пункту гледжання прадстаўнікоў П.ш.п., прычыны, якія абумоўліваюць існаванне і дзеянне права, карэняцца ў псіхалогіі асобы ці сац. групы, а не ў сац.-эканам. і паліт. умовах дзяржаўна-арганізаванага грамадства. Адзін з пачынальнікаў П.ш.п. — франц. сацыёлаг і правазнавец Г.Тард лічыў, што ў аснове ўсіх каштоўнасцей і норм, у т. л. прававых, ляжыць інстынкт пераймання. Найб. яркім прадстаўніком П.ш.п. быў рас. юрыст Л.І.Петражыцкі. У ням. л-ры пад уплывам фрэйдызму і бергсаніянства склалася канцэпцыя «прававога пачуцця», паводле якой гал. у праве з’яўляюцца судовыя рашэнні, у аснове якіх ляжаць інтуіцыя, падсвядомыя перажыванні, глыбінныя псіхал. ўстаноўкі суддзі, а не нормы права. У 1930-я г. гэта канцэпцыя, якая, парушаючы прынцып законнасці, пашырала т.зв. «свабоднае судзейскае гледжанне», была ўспрынята ў ЗША рэалістычнай школай права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЗЫ́НА (Puzynina) Габрыеля (24.9.1815, в. Дабраўляны Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.8.1869),
польская пісьменніца. У 1850—60-я г. жыла ў маёнтках Нястанішкі (Смаргонскі р-н) і Гарадзілава (Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.). Аўтар зб-каў вершаў «У імя Бога!» (1843), «Далей у свет!» (1845), «Прозай і вершам» (т. 1—2, 1856). Яе паэзія адметная эмац. непасрэднасцю, экзальтаванасцю лірычнага пачуцця. У кн. «Малыя, але праўдзівыя апавяданні» (1857) з гуманіст.-асветніцкіх пазіцый адлюстроўвала грамадскія канфлікты, з павагай малявала тыпы сялян. У кн. замалёвак «Літоўскія дзеці, іх слоўцы, адказы, назіранні» (1847) — паэтычны свет дзяцей бел. вёскі. Зб. «Аматарскі тэатр» (1861) склалі камедыя «Ці прыгожая, ці багатая» і драм. абразок «За горадам», якія з поспехам ставіліся ў Вільні. Аўтар успамінаў «У Вільні і ў літоўскіх дварах» (Вільня, 1928). Зберагала аўтографы Я.Чачота, Т.Зана, А.Адынца, В.Поля, С.Манюшкі, У.Сыракомлі, Г. і Ю. Вяняўскіх, І.Ходзькі, Я.Ходзькі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГА́ЗМ (ад грэч. orgaō гарэць страсцю),
вышэйшая ступень сладастраснага пачуцця, якое ўзнікае ў момант завяршэння палавога акта або пры іншых формах палавой разрадкі (мастурбацыі, петынгу, эратычным фантазіраванні і да т.п.).
У аснове аргазму ляжыць безумоўны рэфлекс, які падмацоўвае сукупнасць сексуальных рэакцый, фарміруючы цэласны акт паводзін; у гэтым — біял. роля аргазму. У самак большасці відаў жывёл (акрамя некаторых млекакормячых) аргазм адсутнічае і не з’яўляецца абавязковым для апладнення. У сексалогіі аргазм разумеюць як вынік складанага ўзаемадзеяння шэрагу структурна-функцыянальных сістэм на розных узроўнях.
Жаночы аргазм (адрозніваюць клітарыяльны і клітарыяльна-вагінальны) больш разнастайны і працяглы ў параўнанні з мужчынскім, у пэўнай меры звязаны са стымуляцыяй эрагенных зон і характарам сексуальнай гульні. У адрозненне ад здаровых мужчын, у якіх заканчэнне палавога акта ў норме звычайна завяршаецца наступленнем аргазму, у многіх здаровых жанчын поўнае абуджэнне сексуальнасці настае праз некалькі месяцаў або гадоў пасля пачатку рэгулярнага палавога жыцця. У далейшым аргазм бывае не пры кожным палавым акце; значная частка жанчын пакутуе на анаргазмію, якая паддаецца карэкцыі, некаторыя — на фрыгіднасць.
Вонкавыя праяўленні аргазму ў абодвух палоў абумоўліваюцца тыпам палавой канстытуцыі, тэмпераменту, агульным і палавым выхаваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МАН (Hamann) Іаган Георг (27.8.1730, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 21.6.1788),
нямецкі філосаф-ірацыяналіст, крытык, пісьменнік. Вывучаў у Кёнігсбергу філасофію, багаслоўе, філалогію. Яго «Сібіліны лісткі» (выд. 1819) выкладзены ў форме аракульскіх выслоўяў. У фрагментах «Славутыя думкі Сакрата» (1759) і «Аблокі» (1761) адстойваў прынцыпы веры і непасрэднага пачуцця як асноўныя пры спасціжэнні рэчаіснасці. Лічыў мастацтва вынікам геніяльнай інтуіцыі (фрагмент «Кішэнная эстэтыка», 1761). Крытыкуючы рацыяналізм асветнікаў, у прыватнасці філасофію І.Канта («Метакрытыка пра пурызм розуму», 1784, выд. 1800), развіваў ідэі містычна афарбаванай інтуітывісцкай дыялектыкі. Абсалютызаваў інтуітыўны момант у творчасці і пазнанні (канцэпцыя «непасрэдных ведаў»). Паводле Гамана, розум (развага) індывідуальны, гістарычны, сітуатыўны; не існуе ўсеагульнага «цвярозага розуму» асветніцкай філасофіі, як і кантаўскага «чыстага розуму»; мова — «першы і апошні орган і крытэрый розуму», звязанасць якога з мовай вызначае межы розуму. Яго ўяўленні пра мову, творчасць генія, спрадвечнасць паэзіі зрабілі ўплыў на ням.філас.-эстэт. думку (І.Г.Гердэр, літ. рух «Буры і націску», І.В.Гётэ). За афарыстычны адрывісты і цьмяны стыль, падобны на прароцтвы, празваны Гётэ «паўночным магам».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯНЬКО́ЎСКІ Васіль Васілевіч (4.7.1881, г. Хмяльніцкі, Украіна — 5.8.1962),
расійскі філосаф, псіхолаг, багаслоў. Вучыўся на прыродазнаўча-матэм. і гісторыка-філал. ф-тах Кіеўскага ун-та. Праф. псіхалогіі Кіеўскага ун-та (з 1915). У 1919 эмігрыраваў за мяжу. Праф. Свята-Сергіеўскага правасл. багаслоўскага ін-та ў Парыжы (з 1926), старшыня Рус. студэнцкага хрысц. руху. У 1942 прыняў сан свяшчэнніка. Гал. праблемы яго філас. даследаванняў звязаны з хрысц. касмалогіяй, сутнасцю рэліг. вопыту і інтуіцыі. Чалавечая душа, паводле З., мае іерархічную структуру; найвышэйшым элементам яе з’яўляецца сэрца, існаванне пачуцця, праз якое ўстанаўліваецца духоўная сувязь чалавека з Богам і боскімі асновамі свету. Аўтар фундаментальнага даследавання па гісторыі філасофіі ў Расіі («Гісторыя рускай філасофіі», т. 1—2, 1948—50). Займаўся таксама праблемамі педагогікі і псіхалогіі («Псіхалогія дзяцінства», 1924). Яго публіцыстычныя артыкулы сабраны ў кн. «Наша эпоха» (1952).
Тв.:
Социальное воспитание, его задачи и пути. М., 1918;
Проблемы воспитания в свете христианской антропологии. Париж, 1934;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯВО́Й Мікалай Аляксеевіч (3.7.1796, г. Іркуцк, Расія — 6.3.1846),
рускі пісьменнік, крытык, журналіст, гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1831). Выдаваў час. «Московский телеграф» (1825—34, забаронены), у якім выступаў у абарону правоў купецтва, асуджаў дваранскую арыстакратыю за адсутнасць нац.пачуцця, асн. умовай прагрэсу краіны лічыў пашырэнне асветы. Аповесць «Сімяон Кірдзяпа. Руская быль XIV ст.» (1828, апубл. 1832), раман «Клятва каля труны Гасподняй» (1832), п’есы «Дзядуля рускага флоту» (1838), «Кастрамскія лясы» (1841, пра Івана Сусаніна) і інш. на гіст. тэматыку. У аснове аповесцей «Жывапісец», «Асалода вар’яцтва» (абедзве 1833), «Эма» (1834) і інш. канфлікт «мары» і «рэальнага жыцця» ў духу рамантызму. «Гісторыя рускага народа» (т. 1—6, 1829—33, незавершана) палемічна скіравана супраць «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.Карамзіна. Аўтар вершаў, рамана «Абаддона» (1834), празаічнага перакладу «Гамлета» У.Шэкспіра (1837), артыкулаў пра рус. і замежную л-ру, на сац.-эканам. тэмы і інш.
Тв.:
Избр. произв. и письма. Л., 1986;
Избр. историческая проза. М., 1990;
Клятва при Гробе Господнем. М., 1994;
История русского народа. Т. 1—3. М., 1997.
Літ.:
Шикло А.Е. Исторические взгляды Н.А.Полевого. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́СА (Tasso) Тарквата (11.3.1544, г. Сарэнта, Італія — 25.4.1595),
італьянскі паэт; прадстаўнік позняга Адраджэння. Вучыўся ва ун-тах Падуі і Балонні (1560—65). З 1565 служыў у кардынала Луіджы д’Эстэ, з 1572 прыдворны паэт ферарскага герцага Альфонса II д’Эстэ. Першы адметны твор — фантаст. паэма «Рынальда» (1562). У пастаральнай драме «Амінта» (1573) уславіў каханне. Гал. твор — эпічная паэма ў актавах «Вызвалены Іерусалім» (1580), напісаная ў традыцыях гераічнага эпасу і рыцарскага рамана. Асн. канфлікт твора — сутыкненне рэліг. абавязку і пачуцця. Паэма была асуджана інквізіцыяй, 2-я рэдакцыя пад назвай «Заваяваны Іерусалім» (1593) мае артадаксальна-каталіцкі характар. Аўтар паэмы «Сем дзён стварэння свету» (1594), філас. «Дыялогаў» (зберагліся 28, у т. л. «Бацька сям’і», 1583) і інш. У апошнія гады жыцця пасля цяжкай псіхічнай хваробы адышоў ад ідэй гуманізму, пачаўся заняпад яго творчасці. Вобраз Т. як чалавека і паэта адлюстраваны ў творах І.В.Гётэ, Дж.Байрана, Дж.Леапардзі, К.Бацюшкава, Н.Кукальніка і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Освобожденный Иерусалим. Т. 1—2. М., 1911;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УВЯДЗЕ́НСКІ Аляксандр Іванавіч (31.3.1856, г. Тамбоў, Расія —7.3.1925),
расійскі філосаф, псіхолаг, логік, прадстаўнік неакантыянства. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1881), працаваў у ім у 1881—84, 1887—1922 (з 1890 праф.). У сваёй філас. канцэпцыі — «лагіцызме» — развіваў і паглыбляў асн. палажэнні І.Канта. На думку У., усялякае душэўнае жыццё падпарадкоўваецца ўздзеянню закону адсутнасці аб’ектыўных адзнак адушаўлення («псіхафізічны закон У.»), таму чужую душу нельга аднесці да пазнавальных з’яў. Прызнанне самога факта духоўнасці ў інш. людзях лічыў выяўленнем маральнага пачуцця чалавека, звязанага з маральным абавязкам, свабодай волі («Пра межы і адзнакі адушаўлення», 1892). Навук. псіхалогію лічыў дысцыплінай, што абмяжоўваецца апісаннем душэўных станаў з дапамогай метаду інтраспекцыі (саманазірання); крытычна ставіўся да эксперым. псіхалогіі і яе эмпірычных магчымасцей («Псіхалогія без усялякай метафізікі», 1914). Логіку разглядаў як частку гнасеалогіі, а яе гал. функцыяй лічыў праверку дакладнасці працэсу пазнання («Логіка як частка тэорыі пазнання», 1909). Выступаў супраць атэізму, які, на яго думку, з’яўляецца вынікам нізкай культуры грамадства, засілля матэрыялізму, пазітывізму і марксізму («Лёс веры ў бога ў барацьбе з атэізмам», 1922).