ПАЛІТРУ́К, палітычны кіраўнік,

1) палітычны работнік, які прызначаўся з чл. КПСС для правядзення яе палітыкі і выхаваўчай работы з ваеннаслужачымі рот, батарэй, эскадрылляў і прыраўнаваных да іх у Сав. Узбр. Сілах. Пасада ўведзена загадам РВС у 1919, існавала ў 1919—24, у 1937—40 і з ліп. 1941 па кастр. 1942. П. былі пам. камісараў, начальнікамі ўсяго асабовага складу, мелі роўныя правы з камандзірамі падраздзяленняў, у іх былі нам. з чл. КПСС або камсамольцаў. 9.10.1942 пасада П. стала наз. нам. камандзіра па паліт. часці.

2) Воінскае званне, уведзенае ЦВК і СНК СССР у 1935 для паліт. складу Сав. Узбр. Сіл. Існавалі званні малодшы П., П. і старшы П., якія адпавядалі званню лейтэнанта, старшага лейтэнанта і капітана. З кастр. 1942 усім П. прысвоены агульныя з камандным саставам афіцэрскія званні (гл. Званні воінскія).

С.​А.​Савік.

т. 12, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАШЭ́ (франц. attache літар. прымацаваны),

1) дыпламатычны ранг, які прысвойваецца супрацоўнікам міністэрстваў замежных спраў.

2) Штатная пасада ў пасольствах і місіях. У міжнар. дыпламат. практыцы існуюць спец. аташэ: гандлёвы, фін., ваенны, па пытаннях культуры, друку (прэс-аташэ) і інш. Усе аташэ ўключаюцца ў склад дыпламат. прадстаўніцтва і карыстаюцца дыпламат. прывілеямі.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФЕРЭ́НДАР (ад лац. referendarius службовая асоба),

пасада (урад) у Рэчы Паспалітай. У Польшчы пасады свецкага і духоўнага Р. уведзены ў 1507, у ВКЛ вядомы адпаведна з 1539 і 1575. Выслухоўвалі скаргі прыватных асоб і паведамлялі іх змест канцлеру (а той даводзіў іх да караля), паведамлялі рашэнні манарха на пададзеныя просьбы і скаргі. Знаходзіліся стала пры каралю, давалі яму парады. У 1633 духоўны Р. ВКЛ атрымаў права ўдзельнічаць у пасяджэннях Сената з правам дарадчага голасу. У 1635 ураўнаваны ў правах з каронным духоўным Р., засядаў у каралеўскім рэляцыйным судзе, дзе разглядаліся інфлянцкія і курляндскія справы. У гэты час у ВКЛ заснаваны рэферэндарскі суд (ажыццяўляўся аднаасобна духоўным Р.) як вышэйшы даменіяльны суд караля. Разглядаў скаргі сялян каралеўскіх уладанняў (каралеўшчын) ВКЛ на старостаў і дзяржаўцаў. Вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй для рэферэндарскага суда быў задворны асэсарскі (каралеўскі) суд. У 1540—70-я г. пасада Р. існавала і ў Падляшскім ваяв.

т. 14, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АД’Ю́НКТ (ад лац. adjunctus далучаны),

1) у некаторых краінах Зах. Еўропы і ў Расіі асоба, якая праходзіць навук. стажыроўку; памочнік кіраўніка кафедры, прафесара, акадэміка; малодшая навук. пасада. У АН, ун-тах, некат. ВНУ Расіі пасля ўвядзення Статута 1863 званне ад’юкт заменена на званне дацэнт.

2) У некаторых краінах СНД афіцэр, які займаецца ў ад’юнктуры.

т. 1, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЙЧЫ,

пасада ў ВКЛ і Польшчы. Да 13 ст. прыдворны, які пасля падрыхтоўкі стала стольнікам наразаў стравы для свайго пана. У ВКЛ вядомы з 15 ст. У Рэчы Паспалітай ВКЛ і Польшча мелі асобных вялікіх К. У паветах былі пасады К. земскіх. У 16 ст. К. — ганаровае званне (тытул) без пэўных абавязкаў.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́НДА (ад стараж.-ўсх.-слав. рыдэль — рыцар, целаахоўнік, збраяносец),

воін прыдворнай аховы пры вял., князях і царах (у Расіі ў 16—17 ст.). Назначаліся з юнакоў шляхецкага паходжання. Удзельнічалі ў ваен. паходах, святочных выездах манархаў; на ўрачыстых прыёмах стаялі ў парадным адзенні з двух бакоў трона з бердышамі на плячы. Пасада Р. адменена ў 1698.

т. 13, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРАНІ́Н,

1) у ВКЛ і Рэчы Паспалітай шляхціц, які служыў пры двары вял. князя ці караля (Д. гаспадарскі, Д. яго каралеўскай мосці). Зрэдку такая пасада існавала і пры дварах магнатаў. Вядомы з 15 ст. Звычайныя функцыі — выкананне розных спец. даручэнняў вял. князя, перш за ўсё судовых.

2) У Расійскай дзяржаве (з канца 18 ст. і ў Беларусі) прадстаўнік дваранства.

т. 6, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЭ́САР (лац. assessor),

службовая або судовая пасада (засядацель, прысудак лаўнік). У Стараж. Рыме асэсарам называлі засядацеля. Пазней у некаторых краінах Еўропы асэсарамі былі асобы, якія займалі суд. і адм. пасады. У ВКЛ і Польшчы з сярэдзіны 15 да 18 ст. Асэсары з’яўляліся засядацелямі земскага, вечавога, асэсарскага і інш. судоў. Асэсарскі суд, напрыклад, разглядаў апеляцыі мясц. судоў. Асэсар займаўся і справамі адм. кіравання.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЦЭ́НТ [ад лац. docens (docentis) той, хто навучае],

вучонае званне і пасада выкладчыка вышэйшых навуч. устаноў шэрагу краін. У Рэспубліцы Беларусь прысвойваецца кандыдатам навук або высокакваліфікаваным спецыялістам без вучонай ступені, якія маюць пэўны стаж выкладчыцкай работы ў ВНУ, навук. працы, вынаходствы. У некаторых замежных краінах (Аўстрыі, Балгарыі, Швецыі і інш.) званне Д. прысвойваецца, як правіла, асобам, якія маюць вучоную ступень магістра.

т. 6, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКО́НСУЛ (лац. proconsul),

дзяржаўная пасада ў Стараж. Рыме (з 327 да н.э.). Першапачаткова выконваў ваен. даручэнні па-за Рымам. Пасля ўтварэння правінцый ажыццяўляў вышэйшую юрыд., адм. і ваен. ўладу ў правінцыях (з 27 да н.э. П. кіравалі ў асноўным сенацкімі правінцыямі). Прызначаўся сенатам з б. консулаў, а з канца 3 ст. да н.э. — прэтараў. Паўнамоцтвы П. даваліся звычайна на год.

т. 12, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)