ДЫ́ЗЕЛЬ ((Diesel) Рудольф Крысціян Карл) (18.3.1858, Парыж — 29.9.1913),

нямецкі інжынер і вынаходнік. Скончыў Вышэйшую політэхн. школу ў г. Мюнхен (1878). Прапанаваў ідэю стварэння рухавіка ўнутр. згарання з самазагараннем вадкага паліва ад сціскання (1892—93). У 1897 стварыў такі рухавік, пазней названы яго імем.

Літ.:

Гумилевский Л.И. Рудольф Дизель. М.; Л., 1938.

Р.Дызель.

т. 6, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІТЭКТУ́РНЫЯ ЧАСО́ПІСЫ.

Змяшчаюць матэрыялы па архітэктуры, будаўніцтве, абсталяванні будынкаў, добраўпарадкаванні населенай тэрыторыі. На Беларусі з 1970 выдаецца час. «Архитектура и строительство Беларуси» (4 нумары ў год). Матэрыялы па архітэктуры публікуюцца ў час. «Весці АН Беларусі» (серыя гуманітарных навук), «Мастацтва» і інш. У Расіі першы архітэктурны часопіс «Архитектурный вестник» выдаваўся ў 1859—61 у Пецярбургу, у 1872—1917 — час. «Зодчий» Пецярб. т-ва архітэктараў з дадаткам «Неделя строителя». У СССР выдавалася больш як 20 архітэктурных часопісаў, у т. л. «Современная архитектура» (1926—30), «Архитектура СССР» (1933—91), «Архитектура и строительство Москвы» і інш.

Найб. вядомыя замежныя архітэктурныя часопісы, якія шырока асвятляюць пытанні сучаснай архітэктуры, «Joournal of the Royal institute of British architects» («Часопіс Каралеўскага ін-та Брыт. архітэктараў», Лондан, з 1893); «Baumeister» («Будаўнік», Мюнхен, з 1902); «Werk» («Праца», Цюрых, Швейцарыя, з 1914); «L’architecture d’aujourd’hui» («Сучасная архітэктура», Парыж, з 1930), «L’architecture francaise» («Французская архітэктура», Парыж, з 1940) і інш.

т. 1, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТРА́Н ((Bertrand) Марсель) (2.7.1847, Парыж — 13.2.1907),

французскі геолаг. Чл. Парыжскай АН (1896). Праф. горнай школы ў Парыжы. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1899). Упершыню выказаў меркаванне аб перыяд. характары буйных тэктанічных рухаў і асн. эпохах складкавасці (гуронскай, каледонскай, герцынскай, альпійскай), выявіў шэраг заканамернасцяў у развіцці магматычных працэсаў. Яго назіранні ў Альпах далі пачатак тэорыі шар’яжаў (гл. Покрыва тэктанічнае).

т. 3, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ПЕЛЬ ((Appell) Карл Юльянавіч) (16.12.1857, Парыж — 1930),

польскі і рускі мовазнавец. Выкладаў у гімназіях Варшавы. Працы па вывучэнні слав. моў: «Да славянскага народнага словаўтварэння» (1880), «Нататкі пра старажытнапольскую мову» (1880) і інш. У нарысе «Аб беларускай мове» (1880) разглядаў асн. фанетыка-граматычныя рысы бел. мовы. Паводле агульнамовазнаўчых поглядаў належаў да псіхал. кірунку ў лінгвістыцы.

М.​Г.​Булахаў.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗНАВУ́Р ((Aznavour) Шарль) (сапр. Азнавуран Варэнаг; н. 22.5.1924, Парыж),

французскі шансанье, кампазітар, кінаакцёр. З сям’і арм. эмігрантаў. Аўтар песень (з 1960-х г. іх аркеструе П.​Марыа), аперэт, музыкі да кінафільмаў. Здымаўся ў кінафільмах «Д’ябал і дзесяць запаведзяў», «Страляйце ў піяніста» і інш. Аўтар кн. «Азнавур вачамі Азнавура» (1970). Яго творчасці прысвечаны франц. дакумент. фільм «Спявае Шарль Азнавур».

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́Р ((Albert) Марсель) (н. 25.11.1917, Парыж),

французскі лётчык, удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Засл. лётчык Францыі. У 2-ю сусв. вайну змагаўся ў радах дэголеўскіх сіл «Змагарная Францыя». З 1943 у СССР у складзе авіяпалка «Нармандыя—Нёман» 1-й паветр. арміі. Зрабіў 193 баявыя вылеты, збіў 23 самалёты ворага.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРНА́Н ((Cournand) Андрэ Фрэдэрык) (24.9.1895, Парыж — 19.2.1988),

амерыканскі ўрач і фізіёлаг. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Парыжскі ун-т (1930). У 1930—64 у Калумбійскім ун-це. Навук. працы па вывучэнні функцыі сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм чалавека. Распрацаваў і ўдасканаліў метады клінічнай дыягностыкі заганаў сэрца, выкарыстаў тэхніку катэтарызацыі. Нобелеўская прэмія 1956 (разам з Д.Рычардсам і Р.Форсманам).

А.Курнан.

т. 9, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬ-ДЭ-ФРАНС (Île-de-France),

гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на Пн Францыі. Уключае дэпартаменты Парыж, Івелін, О-дэ-Сен, Сен-Сен-Дэні, Валь-дэ-Марн, Валь-д’Уаз, Эсон, Сена і Марна. Пл. 12 тыс. км².

Нас. 10,8 млн. ж. (1992). Гал. горад — Парыж. Размешчана ў даліне р. Сена, на прылеглых плато і ўзгорках. Клімат мяккі, умераны, марскі. Сярэдняя т-ра студз. 3,4 °C, ліп. 18,8 °C. Гадавая колькасць ападкаў 645 мм. Высокаразвіты індустр. раён краіны. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (аўтамабілі, самалёты, станкі, вагоны, рачныя судны), хім. (угнаенні, пластмасы, фарбавальнікі, фармацэўтыка, парфумерыя), шкляная, паліграф., папяровая, швейная, мэблевая, харч. (у т. л. сыраварства), буд. матэрыялаў. ЦЭС. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Міжнар. турызм.

Тэрыторыя І.-дэ-Ф. уключае шэраг гіст. зямель: Лаанэ, Нуаянэ, Суасанэ, Валуа, Бавэ і інш. З’яўлялася ядром франц. дзяржавы, у канцы 10 ст. складала каралеўскі дамен Капетынгаў. Цэнтр рэв. падзей у канцы 18—19 ст. У 2-ю сусв. вайну адзін з цэнтраў Руху Супраціўлення.

т. 7, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПА́ЦІН (Герман Аляксандравіч) (25.1.1845, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 26.12.1918),

дзеяч рас. рэв. руху. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1866). У студэнцкія гады далучыўся да народніцкага руху, чл. Ішуцінскага гуртка. Быў арыштаваны ў 1866 (вызвалены); у 1868 высланы ў г. Стаўрапаль. У пач. 1870 тайна выехаў у Парыж (дзе пачаў першы рус. пераклад «Капіталу» К.​Маркса), потым у Лондан. З вер. 1870 чл. Ген. савета Інтэрнацыянала 1-га. У канцы 1870 выехаў у Сібір, каб вызваліць з ссылкі М.Г.Чарнышэўскага, але ў лют. 1871 арыштаваны ў Іркуцку, адкуль у 1873 уцёк у Парыж, Лондан; штогод тайна наведваў Расію. У 1879 арыштаваны ў Пецярбургу і сасланы ў Сярэднюю Азію, потым у Волагду, адкуль у 1883 уцёк за граніцу. З сак. 1884 зноў у Расіі, аднавіў дзейнасць «Народнай волі» і фактычна ўзначаліў яе. 18.10.1884 арыштаваны, у 1887 прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага пажыццёвым зняволеннем у Шлісельбургскай крэпасці. Вызвалены ў 1905, ад паліт. дзейнасці адышоў.

Літ.:

Сайкин О.А. Первый русский переводчик «Капитала». М., 1983.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕКЕ́Р ((Becker) Жак) (15.9.1906, Парыж — 20.2.1960),

французскі кінарэжысёр. З 1932 асістэнт рэж. Ж.Рэнуара. Першы значны самастойны фільм — «Апошні козыр» (1942). Творчасць Бекера вылучалася стрыманасцю эмоцый, дакладнасцю і вытанчанасцю, цікавасцю да раскрыцця чалавечых характараў. Сярод лепшых фільмаў «Гупі — Чырвоныя Рукі» (1943), «Антуан і Антуанета» (1947), «Спатканне ў ліпені» (1949), «Залаты шлем» (1952), «Не чапай здабычу» (1954), «Манпарнас, 19» (1958), «Дзірка» (1960).

т. 2, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)