НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1612 пад кіраўніцтвам Мініна і Пажарскага, Другое апалчэнне. Створана ў 1611 для барацьбы з іншаземнай інтэрвенцыяй. Дасягала 20—30 тыс.чал. Частка яго (10 тыс.чал.) 22—24.8.1612 разам з рэшткамі 1-га апалчэння (гл.Першае апалчэнне 1621) нанесла паражэнне польска-літ. войску Я.К.Хадкевіча (10—12 тыс.чал.) і пасля працяглай аблогі (22—26 кастр.) прымусіла да капітуляцыі гарнізон інтэрвентаў у Крамлі. Н.а. паспрыяла аднаўленню дзярж. улады ў Расіі, прадвызначыла пэўныя змены ва ўзаемаадносінах Расіі і Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ФАР I (Nikēphoros; ?—26.7.811),
візантыйскі імператар [802—811]. Быў скарбнікам пры двары імператрыцы Ірыны. Пасля яе звяржэння абвешчаны імператарам. Для ўмацавання фін. становішча дзяржавы ўвёў новыя падаткі, у т. л. з царкоўнай маёмасці. Умацаваў флот, развіваў гандаль шляхам прадастаўлення купцам дзярж. пазыкі. Задушыў паўстанне славян у г. Патры (Пелапанес) і пачаў іх хрысціянізацыю. З 802 ваяваў з араб. халіфам Харунам-ар-Рашыдам, у 804 пацярпеў паражэнне ў Фрыгіі, у 807 падпісаў зневажальны для Візантыі мір. Забіты ў час вайны 809—11 з Балгарыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТЭРЛО́О (Waterloo),
горад у Бельгіі, у правінцыі Брабант, на Пд ад Бруселя. Каля 30 тыс.ж. (1990). Каля Ватэрлоо 18.6.1815 адбылася бітва паміж англа-галандска-прускай арміяй і франц. войскамі Напалеона I. Франц. армія пацярпела паражэнне (з 72 тыс. было забіта 32 тыс. салдат і афіцэраў), што з’явілася апошнім знішчальным ударам для напалеонаўскай імперыі. Напалеон здаўся англічанам і быў высланы на в-аўСв. Алены. У Францыю зноў вярнуліся Бурбоны. У краінах Зах. Еўропы бітва пад Ватэрлоо вядома таксама як бітва пад Бель-Альянс (нас. пункт каля Ватэрлоо).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-БУ́РА-ЗУЛУ́СКАЯ ВАЙНА́ 1838—40,
захопніцкая вайна бурскіх і англ. каланізатараў супраць плямёнаў зулу на Пд Афрыкі. Ваен. дзеянні пачаліся ў крас. 1838. У снеж. буры з дапамогай англ. каланістаў нанеслі паражэнне зулусам. Пасля высадкі англ. рэгулярных войскаў зулускія кіраўнікі заключылі з іх камандаваннем пагадненне (сак. 1839), паводле якога землі на Пд ад р. Тугела адыходзілі бурам. На гэтай тэр. створана бурская рэспубліка Натал. На пач. 1840 буры аднавілі ваен. дзеянні і разграмілі зулускія войскі. У лют. 1840 да рэспублікі Натал далучаны землі паміж рэкамі Тугела і Блэк-Умфалозі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́ДЗІН (Аляксей Максімавіч) (24.10.1861, станіца Усць-Хапёрская Серафімовіцкага р-на Валгаградскай вобл. — 11.2.1918),
расійскі ваен. дзеяч, адзін з кіраўнікоў казацкага антысав. руху на Доне ў 1917—18. Генерал ад кавалерыі (1917). Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1882) і Акадэмію Генштаба (1889). Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 17(30).6.1917 атаман войска Данскога, са снеж. 1917 і чл. кіраўніцтва «Данскога грамадз. савета». 25.10(7.11).1917 заявіў аб непрызнанні прыходу да ўлады бальшавікоў і на чале данскога казацтва пачаў узбр. барацьбу супраць іх. Пацярпеў паражэнне, скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛ I (Charles; 19.11.1600, г. Данфермлін, Шатландыя — 30.1.1649),
кароль Англіі [1625—49]. Сын Якава I (раней шатл. кароль Якаў VI). Намагаўся прымірыць англіканцаў з каталіцкай царквой. Імкнуўся да ўстанаўлення абс. улады (у 1629—40 правіў без парламента), што стала адной з гал. прычын рэвалюцыі 1640—53 (у час яе адбылося Ірландскае паўстанне 1641—52). Рознагалоссі К. I з Доўгім парламентам (1640—53) прывялі да грамадз. войнаў 1642—46 і 1647—49, у якіх каралеўская армія пацярпела паражэнне, а К. І узяты ў палон і пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧУ́М (?, Цэнтр. Азія — не раней 1598),
апошні хан Сібірскага ханства. У 1563 скінуў сібірскіх ханаў Едыгера і Бекбулата — даннікаў рас. цара Івана IV і абвясціў сябе ханам. Ён спыніў выплату даніны і ўзначаліў барацьбу супраць казацкай дружыны Ермака. У 1582 пацярпеў паражэнне ў бітве на Чувашаўскім мысе на р. Іртыш, пакінуў сваю сталіцу Кашлык. У 1585 знішчыў атрад казакаў на чале з Ермаком. Працягваў барацьбу да жн. 1598, калі быў канчаткова разбіты ваяводам А.Ваейкавым на р. Бердзь, уцёк у Нагайскую Арду, дзе і загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКАМА́НСКАЯ ВАЙНА́ 166—180, вайна старажытнагерманскіх (пераважна маркаманаў) і сармацкіх плямён, што жылі на Пн ад Дуная, супраць Рым. імперыі. Выкарыстаўшы цяжкае становішча Рым. імперыі ў сувязі з Парфянскай вайной (162—166), чумой і неўраджаем, герм. плямёны разам з саюзнікамі ў 166 уварваліся на яе тэрыторыю і пасля шэрагу перамог у 169 занялі Паўн. Італію і выйшлі да Адрыятыкі. Да 174 рымлянам пад кіраўніцтвам імператара Марка Аўрэлія ўдалося прыпыніць нашэсце германцаў, а ў 180 імператар Камод нанёс ім паражэнне. Паводле мірнага дагавора (180) граніцы Рым. імперыі зноў прайшлі па Дунаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНГЛІ́-ГІРЭ́Й, Менглы-Герай (?—1515),
крымскі хан [1468—1515]. З дынастыі Гірэяў, сын Хаджы-Гірэя, заснавальніка Крымскага ханства. Пры М.-Г. адбылося канчатковае аддзяленне ханства ад Залатой Арды. З 1473 у саюзе з Маскоўскай дзяржавай супраць ВКЛ і Польшчы, ажыццявіў шэраг набегаў на іх тэрыторыю (гл.Клецкая бітва 1506). У 1475 прызнаў васальную залежнасць ад Турцыі. Вёў войны з Залатой Ардой, у 1502 нанёс ёй канчатковае паражэнне. Рэарганізаваў дзярж. апарат, у 1502—03 перанёс сталіцу ханства з Салхата (Стары Крым) у Бахчысарай. З 1512 саюзнік ВКЛ і Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТЭ́І, Платэя (Plataiai, Plataia),
старажытнагрэчаскі горад у Паўд. Беотыі на мяжы з Атыкай. Каля П. ў час грэка-персідскіх войнаў 26.9.479 да н.э. адбылася бітва паміж войскамі 24 грэч. гарадоў-дзяржаў на чале з Афінамі і Спартай пад камандаваннем спартанскага палкаводца Паўсанія і перс. арміяй пад камандаваннем Мардонія. Персы пацярпелі паражэнне і адышлі з Грэцыі да Гелеспонта. У 431 да н.э. фіванцы, саюзныя спартанцам, раптоўным нападам на П. пачалі Пелапанескую вайну 431—404 да н.э., у 427 да н.э. пасля працяглай аблогі яны разбурылі горад.