ЛАБАРАТО́РЫЯ (сярэднелац. laboratorium ад лац. laborare працаваць),
спецыяльна абсталяванае памяшканне ў складзе навук. ці навуч. установы, прадпрыемства або інш., прызначанае для правядзення навук., вытв.-кантрольных ці тэхн. даследаванняў, а таксама навуч. заняткаў; установа, дзе займаюцца такімі даследаваннямі. У пераносным сэнсе — творчы працэс, творчая дзейнасць каго-н. Напр., творчая Л. пісьменніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́БКА (ад нідэрл. roef каюта),
закрытае збудаванне на гал. палубе ці суднавых надбудовах. У Р., якія часта размяшчаюцца ў некалькі ярусаў, знаходзяцца жылыя, гасп. і службовыя памяшканні. Таксама Р. наз.спец. службовае памяшканне на судне. У адпаведнасці з прызначэннем адрозніваюць рулявую, штурманскую, баявую Р. (на ваен. караблях), радыёрубку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЛЯ́ТАР (франц. isolateur ад isoler раз’ядноўваць),
1) рэчыва з вельмі вял. удзельным эл. супраціўленнем (гл.Дыэлектрыкі).
2) Прыстасаванне, частка канструкцыі, што прадухіляе ўтварэнне эл. кантакту, а таксама забяспечвае мех. сувязь паміж часткамі эл. абсталявання (гл.Ізалятар электрычны).
3) Адасобленае памяшканне для хворых (гл.Бокс) або асоб, для якіх ёсць патрэба ў ізаляцыі (напр., следчы ізалятар).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ ЗБУДАВА́ННІграмадзянскай абароны,
інжынерныя збудаванні для аховы і жыццезабеспячэння насельніцтва ад зброі масавага знішчэння і звычайных сродкаў нападу. Падзяляюцца на сховішчы, супрацьрадыяцыйныя і найпрасцейшыя ўкрыцці. Сховішчы грамадз. абароны (асобныя збудаванні павышанай умяшчальнасці) забяспечваюць ахову насельніцтва ад ядз. зброі, атрутных рэчываў, бактэрыяльных сродкаў і інш. Пад іх прыстасоўваюць таксама падвальныя памяшканні будынкаў, абсталёўваюць метрапалітэны, тунэлі, падземныя пераходы. Супрацьрадыяцыйныя ўкрыцці забяспечваюць ахову насельніцтва пераважна ад радыеактыўнага і светлавога выпрамянення. Пад іх абсталёўваюць падвальныя і наземныя памяшканні будынкаў, горныя вырабаткі, пячоры і інш. Выкарыстоўваюцца таксама спецыяльна пабудаваныя і хуткаўзведзеныя ўкрыцці, укрыцці катлавіннага тыпу і інш. Найпрасцейшыя сховішчы — шчыліны і траншэі.
Да арт.Ахоўныя збудаванні грамадзянскай абароны. а. Сховішча ў падвале будынка: 1 — тамбур з засцерагальна-герметычнымі дзвярамі; 2 — памяшканне для людзей; 3 — фільтравентыляцыйная ўстаноўка; 4 — аварыйны выхад і забор паветра. б. Супрацьрадыяцыйнае ўкрыцце з лесаматэрыялаў: 1 — уваход з заслонамі; 2 — памяшканне для людзей; 3 — выцяжны кораб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎПТВА́ХТА (ням. Haupwache літар. галоўны каравул),
спецыяльнае памяшканне для ўтрымання вайскоўцаў пад арыштам. Ва Узбр. сілах Беларусі бывае гарнізонная і вайсковая. На гаўптвахце ўтрымліваюць вайскоўцаў, арыштаваных у дысцыплінарным парадку, арыштаваных следчымі органамі, тых, што знаходзяцца пад судом, прыгавораных ваен. судом да ўтрымання на гаўптвахце, а таксама асуджаных да інш. мер пакарання да набыцця прыгаворам законнай сілы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕТРААХАЛАДЖА́ЛЬНІК,
цеплаабменны апарат для зніжэння т-ры паветра, якое падаецца ў памяшканне. Рух паветра ў ім забяспечваецца вентылятарам (убудаваным ці ўстаноўленым асобна). «Сухія» П. маюць рабрыстыя або гладкія трубы, дзе выпараецца холадагент, у «мокрых» П. паветра ахаладжаецца за кошт арашэння, напр., вадой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЭ́ЛЬНАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,
від цэнтральнага ацяплення, пры якім цяпло ў памяшканне перадаецца ад нагрэтых паверхняў ацяпляльных панэлей, размешчаных у сценах, перагародках, часам у падлозе. Унутры бетонных панэлей размяшчаюць стальныя трубы ці чыгунныя ўкладышы, па якіх цыркулюе гарачая вада, пара або (радзей) паветра. Існуюць таксама панэлі з электранагравальнымі элементамі. Вызначаецца высокімі сан.-гігіенічнымі якасцямі. Выкарыстоўваецца ў грамадскіх, прамысл. і жылых памяшканнях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕРЭ́Я (франц. galerie ад італьян. galleria),
1) доўгае крытае памяшканне, у якім вонкавую падоўжную сцяну замяняе каланада, часам з аркадай ці балюстрадай; доўгі балкон. У еўрап. архітэктуры галерэя шырока выкарыстоўвалася ў палацавых і грамадскіх будынках стыляў рэнесансу, барока, класіцызму (замак на Вавелі ў Кракаве). На Беларусі вядомы з 16 ст. ў ратушах, палацах, замках (г.п. Мір Карэліцкага р-на), гандл. радах і інш. 2) Доўгае памяшканне з суцэльным радам вял. вокнаў на адным з падоўжных бакоў будынка (Люстраная галерэя Каралеўскага палаца ў Версалі). На Беларусі былі ў 16—17 ст. у манастырах, кляштарах (Гродзенскія лямусы), школьных будынках; сустракаюцца ў сучаснай архітэктуры (т.зв. дамы галерэйнага тыпу).
3) Верхні ярус глядзельнай залы тэатра (галёрка, раёк).
4) Назва шэрагу маст. музеяў (нац. галерэя, карцінная галерэя).
5) У пераносным сэнсе — шэраг, чарада (галерэя вобразаў, тыпаў).
Галерэя Мірскага замка. Карэліцкі раён Гродзенскай вобл.Галерэя каралеўскага замка на Вавелі ў Кракаве.Люстраная галерэя Каралеўскага палаца ў Версалі. Арх. Ж.Ардуэн-Мансар. 1678—86.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАПТЫСТЭ́РЫЙ (ад грэч. baptistērion купель),
памяшканне для хрышчэння ў правасл. ці каталіцкім храме. У краінах Зах. Еўропы — часта асобнае збудаванне, круглае або мнагаграннае ў плане, завершанае купалам. Унутры баптыстэрый упрыгожвалі мазаікай, скульптурай; пасярэдзіне знаходзілася купель для хрышчэння. Найбольш вядомыя італьян. баптыстэрыі ў Равене, Парме, Пізе, Фларэнцыі.
Баптыстэрый у Пізе. Закладзены ў 1153. Арх. Дыятысальві.Баптыстэрый у г. Равена (Італія). Сярэдзіна 5 ст.