ПЕРСПЕКТЫ́ВА (франц. perspective ад лац. perspicio ясна бачу) у геаметрыі, метад адлюстравання аб’ёмных цел на плоскасці (ці інш.паверхні), які ўлічвае іх прасторавую структуру і аддаленасць іх асобных частак ад назіральніка. Адрозніваюць П.: лінейную — на плоскасці, панарамную — на ўнутр.паверхні цыліндра, ку́пальную — на ўнутр.паверхні сферы і інш. Аснова П. — цэнтр. праекцыя (гл.Праекцыя).
Для атрымання перспектыўнага відарыса прадмета з выбранага пункта прасторы (цэнтра П., у якім знаходзіцца назіральнік) праводзяць прамяні праз кожны бачны пункт дадзенага прадмета. На шляху прамянёў ставяць паверхню; на перасячэнні прамянёў з паверхняй атрымліваюць відарыс прадмета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́СЫ ЧЫСЦІНІ́, класы шурпатасці,
характарыстыка якасці (чысціні) апрацаванай паверхні. У СССР існавала 14 К.ч., класы 6—14-ы дадаткова разбіваліся на 3 разрады кожны (а, б, в). К.ч. абазначаліся роўнастароннім трохвугольнікам, напр., ∇ 14 в азначае 14-ы К.Ч., разрад в. У 1980 дзярж. стандартам К.ч. заменены інш. параметрамі шурпатасці паверхні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПАРЭ́ННЕ,
працэс пераходу рэчыва з вадкага ці цвёрдага стану ў газападобны (пару). Адрозніваюць выпарэнне фізічнае (з паверхні вады, снегу, лёду, глебы) і выпарэнне біялагічнае — транспірацыю. Пад выпарэннем разумеюць параўтварэнне на свабоднай паверхні вадкасці ў выніку цеплавога руху яе малекул пры т-ры, ніжэйшай за т-ру кіпення. Велічыня выпарэння вымяраецца ў выпаральніках (у міліметрах таўшчыні слоя выпаранай вады з вызначанай плошчы).
У замкнёнай сістэме пры пастаяннай т-ры з часам устанаўліваецца раўнаважны ціск (ціск насычанай пары), які адпавядае роўнасці патокаў малекул, якія выпарваюцца і вяртаюцца ў вадкасць з пары (кандэнсацыя). Ціск насычанай пары вызначаецца толькі т-рай і павялічваецца з яе павышэннем. Калі ціск насычанай пары становіцца роўны знешняму ціску, выпарэнне пераходзіць у кіпенне. Выпарэнне цвёрдых цел наз.сублімацыяй або ўзгонкай. Выкарыстоўваюць у прам-сці пры ачыстцы рэчываў, сушцы матэрыялаў, раздзяленні вадкіх сумесей, кандыцыяніраванні паветра; у абаротных сістэмах водазабеспячэння прадпрыемстваў (выпарнае ахаладжэнне вады). Гл. таксама Выпарванне.
Выпарэнне — адзіная форма перадачы вады з паверхні Зямлі ў атмасферу; забяспечвае кругаварот вады на Зямлі. На тэр. Беларусі сярэднегадавое выпарэнне з паверхні глебы 475—575 мм, з воднай паверхні за бязлёдастаўны перыяд 520—700 мм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТЫКА́ЛЬ,
лінія, уздоўж якой размяшчаецца нітка адвеса пад уздзеяннем сілы цяжару. Напрамак вертыкалі ў дадзеным пункце зямной паверхні адносна плоскасцей экватара і нулявога мерыдыяна знаходзяць з астр. назіранняў. Вывучэнне напрамкаў вертыкалі і яе адхіленняў ад паверхні зямнога эліпсоіда дало магчымасць вызначыць фігуру і памеры Зямлі і атрымаць ускосныя даныя аб яе ўнутр. будове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПЕ́РСНАСЦЬ,
характарыстыка памеру часцінак дысперснай фазы ў дысперсных сістэмах. Адваротна прапарцыянальная дыяметру часцінкі, характарызуецца велічынёй удзельнай паверхні (усярэднены паказчык Д.) — адносінамі агульнай паверхні дыспергаванага ў дадзеным асяроддзі цела да яго аб’ёму ці масы. Для тонкасітаватых цел аналагічным паняццем з’яўляецца сітаватасць. Д. — важны тэхнал. паказчык у вытв-сці пігментаў, напаўняльнікаў пластмас, пестыцыдаў і інш. парашкападобных прадуктаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫДЫЯ́Н ГЕАМАГНІ́ТНЫ,
лінія сячэння паверхні Зямлі верт. плоскасцю праз назіраемы пункт зямной паверхні і прамую, якая злучае паўн. і паўд. геамагнітныя полюсы. М.г. супадае з дугамі вял. кругоў, якія праходзяць праз магнітныя полюсы Зямлі. У адрозненне ад мерыдыянаў магнітных, што апісваюць рэальнае магнітнае поле Зямлі, М.г. апісваюць яго першае прыбліжэнне — поле аднародна намагнічанага зямнога шара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАНШЫ́РАВАННЕ (ад франц. blanchir бяліць, абліваць кіпенем),
1) у харчовай прамысловасці — апрацоўка пладоў і агародніны гарачай вадой, парай. Засцерагае агародніну ад пацямнення і аблягчае варку варэння, ужываюць у вытв-сці він, пры вяленні вінаграду і інш. 2) У гарбарнай вытворчасці — зняцце з ніжняга боку скуры рэшткаў падскурнай клятчаткі. Бланшыраваннем надаюць паверхні гладкасць і выраўноўваюць таўшчыню скуры па ўсёй паверхні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДХІЛЯ́ЮЧАЯ СІ́ЛА ВЯРЧЭ́ННЯ ЗЯМЛІ́,
адна з сіл інерцыі, якая дае магчымасць улічваць уплыў вярчэння Зямлі вакол сваёй восі на рух любога цела адносна зямной паверхні; прыватны выпадак Карыяліса сілы. Адхіляе целы, якія рухаюцца ўздоўж зямной паверхні, управа ў Паўн. паўшар’і, улева — у Паўднёвым; адыгрывае значную ролю ў развіцці атм. працэсаў, змене контураў берагоў рэк і інш.