ПЕРСПЕКТЫ́ВА (франц. perspective ад лац. perspicio ясна бачу) у геаметрыі, метад адлюстравання аб’ёмных цел на плоскасці (ці інш. паверхні), які ўлічвае іх прасторавую структуру і аддаленасць іх асобных частак ад назіральніка. Адрозніваюць П.: лінейную — на плоскасці, панарамную — на ўнутр. паверхні цыліндра, ку́пальную — на ўнутр. паверхні сферы і інш. Аснова П. — цэнтр. праекцыя (гл.Праекцыя).
Для атрымання перспектыўнага відарыса прадмета з выбранага пункта прасторы (цэнтра П., у якім знаходзіцца назіральнік) праводзяць прамяні праз кожны бачны пункт дадзенага прадмета. На шляху прамянёў ставяць паверхню; на перасячэнні прамянёў з паверхняй атрымліваюць відарыс прадмета.