паўкупал, які перакрывае паўцыліндрычныя часткі збудаванняў (апсіды, нішы).
Узнікла ва ўсх.-эліністычнай архітэктуры, шырока выкарыстоўвалася ў рым. і візант. дойлідстве, у сярэдневяковых хрысц. храмах. У К. звычайна змяшчаліся мазаікі, размалёўкі з выявамі Хрыста, святых і інш. (Сафійскі сабор у Кіеве).
На Беларусі вядома з 11—12 ст. (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку, храмы Барысаглебскага манастыра ў б. прадмесці Полацка Бельчыцы, Барысаглебская царква ў Гродне), пашырылася ў архітэктуры 16—19 ст.Нярэдка спалучалася з распалубкамі і нервюрамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСЦО́ВЫ ЧАС,
час, вызначаны для дадзенага месца на Зямлі. Адрозніваюць зорны час, сапраўдны сонечны час і сярэдні сонечны час. М.ч. залежыць ад геагр. даўгаты месца і аднолькавы для ўсіх пунктаў, размешчаных на дадзеным мерыдыяне зямным. Рознасць значэнняў М.ч. ў двух пунктах на Зямлі адпавядае рознасці іх даўгот (напр., рознасць даўгаты крайніх усх. і зах. пунктаў Беларусі складае 9°36′, у выніку чаго наступленне поўдня на У бывае на 38 мін раней, чым на З). М.ч. карыстаюцца пры дакладных кліматычных даследаваннях. У побыце М.ч. нярэдка няправільна наз.паясным часам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙСТЭРЗІ́НГЕРЫ (ням. Meistersinger літар. майстар-спявак),
нямецкія паэты-спевакі 14—16 ст. з бюргерскага рамесна-цэхавага асяроддзя, якія прыйшлі на змену мінезінгерам. Заснавальнік паэзіі майстэрзангу паэт-вандроўнік Г.Фраўэнлаб з Майсена. Творчасць М. рэгламентавалася зводамі правіл (т.зв. табулатуры), якімі трэба было няўхільна кіравацца. Асн. тэмы — біблейскія, рэліг.-дыдактычныя, гіст. (14—15 ст.), свецкія, кахання (16 ст.). Нярэдка выступалі аўтарамі фастнахтшпіляў. Для запісу мелодый выкарыстоўвалі мензуральную натацыю. Найб. вядома пеўчая школа-гільдыя ў Нюрнбергу (прадстаўнікі — Г.Фольц, Г.Сакс), дзейнасць якой увасоблена ў оперы «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» Р.Вагнера (1867).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОД,
мелкае месца на ўсю шырыню ракі, возера або балота, па якім можна перайсці ці пераехаць з аднаго берага на другі. У старажытнасці, да буд-ва мастоў, праз брод праходзілі дарогі. Гразкі брод звычайна ўмацаваны грэбляй. Мае значэнне ў ваен. справе пры фарсіраванні водных перашкод. Пазначаецца на тапаграфічных картах з указаннем глыбіні і грунту. На рэках Беларусі брод нярэдка супадае з перакатамі, на азёрах — з водмелямі. Выкарыстоўваецца для перагону свойскай жывёлы на зарэчныя пашы, для заезду на аддаленыя сенажаці. Ад тэрміна «брод» утвораны многія тапонімы — назвы населеных пунктаў (у Беларусі каля 40), рэк, азёраў, урочышчаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВО́Т (франц. gavotte),
1) старадаўні франц.нар. танец, напачатку карагодны. Муз. памер ці , тэмп умераны. Музыка гавота светлая, вытанчаная, часам з наіўна-пастаральным, радзей урачыстым адценнем. Вядомы з 16 ст. У 17—19 ст. прыдворны танец, грацыёзны і нярэдка манерны. Вядомы і цяпер у франц. правінцыі (асабліва ў Брэтані).
2) Частка інстр.сюіты (у музыцы І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля і інш.), радзей самаст. п’еса. У оперу і балет уведзены Ж.Б.Люлі. Класічныя ўзоры гавота стварылі Ж.Ф.Рамо, К.В.Глюк, П.Чайкоўскі, А.Глазуноў, С.Пракоф’еў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ (Pteropoda),
атрад задняшчэлепных малюскаў. 2 падатр. (паводле інш. класіфікацыі 2 атр.), каля 30 родаў, больш за 100 відаў. Вядомы з эацэну. Пашыраны ўсюды, найб. шматлікія і разнастайныя ў трапічных морах.
Цела паўпразрыстае, нярэдка ярка афарбаванае. Нага рудыментарная, добра развітыя 2 яе бакавыя лопасці — параподыі, падобныя на крылы (адсюль назва), пры дапамозе якіх малюскі плаваюць. У прадстаўнікоў групы тэкасаматаў ёсць спіральная або двухбакова-сім. ракавіна ці т.зв. несапр. ракавіна: У прадстаўнікоў групы гімнасаматаў ракавіны няма. Кормяцца планктонам. Гермафрадыты. Развіццё з лічынкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎГЕ́НІКА (ад грэч. eugenēs добрага роду),
вучэнне аб спадчынным здароўі чалавека, шляхах яго захавання і паляпшэння. Прынцыпы Е. сфармуляваў англ. вучоны Ф.Гальтан (1869), які прапанаваў вывучаць тыя фактары, што могуць палепшыць спадчынныя якасці (генет. перадумовы фіз. і псіхічнага здароўя, разумовых здольнасцей, адоранасць) будучых пакаленняў. Ідэі Е. нярэдка выкарыстоўвалі для апраўдання расізму і генацыду. У сучаснай навуцы многія праблемы Е., асабліва барацьба са спадчыннымі захворваннямі, вырашаюцца ў рамках генетыкі чалавека, яго экалогіі, у т. л.мед. генетыкі. Ад ідэі паляпшэння генет. здароўя людзей Е. перайшла пераважна да задач яго захоўвання. Гл.Медыка-генетычнае кансультаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРАЛІЗА́ЦЫЯў праве,
прыняцце ў грамадзянства дзяржавы чужаземца паводле яго заявы. Можа адбывацца пасля працяглага знаходжання (пражывання) чужаземца на тэр. дадзенай дзяржавы. Часам у якасці ўмовы для Н. патрабуецца валоданне афіц. мовай дзяржавы (напр., у Латвіі, Эстоніі), наяўнасць сродкаў для існавання, бездакорная рэпутацыя і да т.п. У шэрагу дзяржаў існуе аблегчаны парадак Н. для асоб, якія маюць этн. або лінгвістычную сувязь з дзяржавай (напр., аблегчаная Н. для партугаламоўных чужаземцаў у Бразіліі). Нярэдка правы ў натуралізаваных грамадзян крыху вузейшыя, чым у прыроджаных. Напр., у Беларусі, ЗША, Эстоніі прэзідэнтам дзяржавы могуць стаць толькі грамадзяне па нараджэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАНАМА́ЗІЯ (ад грэч.пара...+ onoma называю),
стылістычны прыём гукавога збліжэння этымалагічна і семантычна розных слоў у сказе ці суседніх сказах. Выкарыстоўваецца для стварэння гукавых эфектаў у паэт. творах («Сінявокі прашчур // Сяброўку юную гукаў //I рэха, быццам камень з прашчы, // У Нёмнаў падала рукаў» — Р.Барадулін), скорагаворках («Патап пакаваў пакупнікам пакупкі ў пакункі»). З’яву П. часта выкарыстоўваюць для большай выразнасці выказвання, стварэння каламбураў, камічных эфектаў: «Людзі трымаюць ордэр так, як трымаюць ордэн» (А.Вярцінскі. «Гнёзды»). Паводле прынцыпу П. нярэдка фармулююцца загалоўкі публіцыстычных артыкулаў і сатыр. твораў: «Фермы і фірмы», «Камбінатар з камбіната».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯКАРДЫ́Т (ад мія... + грэч. kardia сэрца),
запаленне мышцы сэрца (міякарда) у чалавека і жывёл. Бывае востры, падвостры і хранічны, дыфузны і ачаговы. Паводле ступені цяжкасці — лёгкі, сярэднецяжкі, цяжкі. Прычыны: інфекцыя (ангіна, дыфтэрыя, шкарлятына, туберкулёз і інш.), алергія, інтаксікацыя. У дзяцей можа развіцца пры рэўматызме. Рэўматычны М. нярэдка спалучаецца з эндакардытам. Прыкметы М. залежаць ад парушэння сардэчнага рытму і недастатковай скарачальнай функцыі міякарда (агульная слабасць, задышка ў спакоі, набраканне шыйных вен, працяглы «ныючы» боль у вобласці сэрца, сэрцабіццё, хуткая стамляльнасць). Ускладненні: кардыясклероз, сардэчная недастатковасць. Лячэнне: пасцельны рэжым, вітаміны, сардэчна-сасудзістыя сродкі, ліквідацыя асн. хваробы.