збудаванне для транспартавання грузаў і пасажыраў у падвесных ваганетках (цялежках, крэслах, кабінах), якія рухаюцца па стальных канатах, нацягнутых паміж апорамі. Бываюць грузавыя, пасажырскія і камбінаваныя, 2- і 1-канатныя, з кальцавым і маятнікавым рухам ваганетак. Будуюць у горных, перасечаных і інш. цяжкадаступных мясцовасцях, гарадах, перагружаных наземным транспартам.
Грузавыя К.д. звычайна 2-канатныя з кальцавым рухам ваганетак. Вугал пад’ёму да 30° і больш, скорасць да 3,3 м/с і больш. Выкарыстоўваюцца ў гарнаруднай, металургічнай, хім. і інш. галінах прам-сці. Пасажырскія К.д. бываюць 2-канатныя з маятнікавым і кальцавым рухам вагонаў (на 12—100 або 4 чал.) і 1-канатныя (звычайна кальцавыя) з жорстка замацаванымі 1- або 2-меснымі сядзеннямі. Вышыня пад’ёму да 3 км, скорасць руху 1,5—11 м/с. У горнай мясцовасці пашыраны 1-канатныя буксіровачныя К.д. для гарналыжнікаў. Бываюць і наземныя К.д. для перамяшчэння ваганетак і інш.трансп. сродкаў па вузкакалейных рэйкавых пуцях, пракладзеных па крутым пад’ёме. Выкарыстоўваюцца ў кар’ерах, на прамысл. прадпрыемствах і інш.
І.І.Леановіч.
Схема падвеснай канатнай дарогі: 1 — механізм нацяжэння канатаў; 2 — вагоны; 3 — накіравальная рэйка для зняцця вагонаў з канатаў; 4 — лябёдка; 5 — нерухомы канат, па якім коцяцца вагонныя колы; 6 — рухомы канат, які цягне вагоны паміж станцыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОК (англ. block) у тэхніцы, 1) асобны механізм або дэталь грузапад’ёмных машын у форме кола з жолабам па акружнасці для каната, ланцуга, троса, шнура. Выкарыстоўваецца для змены напрамку дзеяння сілы (нерухомы блок), выйгрышу ў сіле ці шляху (рухомы блок), часам для перадачы вярчальнага моманту. Для атрымання значнага выйгрышу ў сіле выкарыстоўваюць камбінацыю блокаў — паліспаст.
2) Сукупнасць вузлоў, збудаванняў, якіх-н. частак, аб’яднаных па прызначэнні, размяшчэнні і інш. (напр., турбінны блок, энергаблок кацёл-турбіна-генератар).
3) Частка механізма, прыстасавання, якая складаецца з функцыянальна аб’яднаных, часта аднатыпных элементаў (напр., блок цыліндраў, блок сілкавання).
4) У будаўніцтве — зборны (сценавы) ці мантажны (аб’ёмны) элемент, што выкарыстоўваецца пры ўзвядзенні будынкаў.
Блокі сценавыя бываюць суцэльныя і пустацелыя (у т. л. з цеплатэхн. эфектыўнымі пустотамі) Вырабляюцца з лёгкіх, ячэістых ці цяжкіх бетонаў, цэглы і прыроднага каменя; выпускаюцца таксама керамічныя пустацелыя (шчылінныя) і сілікатабетонныя. Адрозніваюць блокі дробныя (сценавыя камяні) стандартнага памеру (напр., 19 × 19 × 38 см), якія выкарыстоўваюцца пры буд-ве 2—3-павярховых будынкаў, і буйныя (напр., фундаментныя), што вырабляюцца па спец. нармалях і ідуць на буд-ва тыпавых шматпавярховых будынкаў. Блок аб’ёмны выкарыстоўваецца найчасцей у выглядзе сан.-тэхн. кабін, частак ліфтавых шахтаў, трансфарматарных падстанцый, часам — пакояў і кватэр. Бываюць: з жалезабетону (найб. пашыраны), азбестацэменту, металу, дрэва, пластмасы; маналітныя (суцэльнафармаваныя) і састаўныя (з асобных панэляў).
5) У суднабудаванні — частка аб’ёму судна, якое будуецца паточным спосабам. Блокі збіраюць і зварваюць з секцый у кандуктарах, а секцыі робяць на стэлажах і стэндах. Корпус судна і надбудовы падзяляецца на асобныя блокі па ўмовах эканамічнасці вытв-сці, трываласці і інш. 6) Блок кніжны — лісты кнігі, змацаваныя ніткамі, дротам ці клеем і падрыхтаваныя да ўстаўкі ў пераплётную накрыўку.
Схемы блокаў рознага прызначэння: а — накіравальны; б — ураўняльны; в — рухомы для выйгрышу ў сіле.