ВУ́СНАЯ МО́ВА,

гукавая форма мовы, якой карыстаюцца людзі ў непасрэдных зносінах паміж сабой, у адрозненне ад пісьмовай мовы. Бел. вусная мова ў адносінах да пісьмовай рэалізуецца ў стылявых разнавіднасцях. Афіцыйная мова (аратарская) выкарыстоўваецца ў афіц. выступленнях, лекцыях, дакладах; характарызуецца павольным тэмпам, вытрыманасцю вымаўленчых нормаў, лексікай і сінтаксісам набліжаецца да пісьмовай мовы. Штодзённа-размоўнай мовай карыстаюцца ў гутарках неафіц. характару, бытавых абставінах; вызначаецца менш выразным вымаўленнем гукаў, перавагай бытавой лексікі, прастатой сінтаксічных канструкцый. Народна-дыялектная мова захоўваецца пераважна ў асяроддзі сельскага насельніцтва і характарызуецца мясц. асаблівасцямі ў фанетыцы, граматыцы і лексіцы. У вуснай мове важную ролю адыгрываюць нелексічныя сродкі — інтанацыя, жэсты, міміка.

А.​І.​Жураўскі.

т. 4, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЯ АБЛО́ГА 1651.

Праводзілася ўкр. Казакамі 3—9.6.1651 у час народна-вызваленчай вайны 1648—54. Палкоўнік М.Нябаба накіраваў да Гомеля каля 8 тыс. казакоў (сярод іх было шмат бел. сялян). 3 чэрв. казакі падышлі да Гомеля, пяхота (3 тыс. чал.) выкапала шанцы, конніца разгрупавалася па вёсках. На дапамогу абаронцам і для дастаўкі харчавання Я.​Радзівіл паслаў некалькі соцень чалавек. У ноч на 5 чэрв. пачаўся штурм горада, але абаронцы адкінулі казакоў ад агароджы. Няўдала для казакоў скончыліся і ўсе наступныя 15 штурмаў, праведзеных атрадамі Літвіненкі і Паповіча. 9 чэрв. казакі атрымалі загад Нябабы вяртацца і спешна адышлі ад Гомеля.

В.​І.​Мялешка.

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЬ БЯ́О (5.12.1907, прав. Хэбэй, Кітай — 13.9.1971),

кітайскі ваенны і паліт. дзеяч. Маршал КНР (1955). Скончыў ваен. школу Вампу (1926). Удзельнік Паўн. паходу 1926—27. Пасля перавароту Чан Кайшы далучыўся да камуністаў, удзельнічаў у стварэнні кіт. Чырв. арміі. У час Нацыянальна-вызваленчай вайны кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45 камандзір дывізіі. З 1947 камандуючы 4-й арміяй Народна-вызваленчай арміі Кітая. З 1954 нам. прэм’ера Дзяржсавета КНР. У 1959—71 міністр абароны. З 1955 чл. Палітбюро, з 1966 нам. старшыні ЦК КПК. Дапамагаў Мао Цзэдуну ажыццяўляць «культурную рэвалюцыю». У крас. 1969 абвешчаны пераемнікам Мао Цзэдуна. Паводле афіц. версіі, загінуў у авіякатастрофе на тэр. Манголіі, калі хацеў уцячы пасля няўдалай спробы дзярж. перавароту.

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІРЫТМІ́Я (ад полі... + рытм),

адначасовае спалучэнне ў розных галасах ці групах галасоў муз. твора двух ці некалькіх рытмічных малюнкаў з неаднародным драбленнем пэўных метрычных адзінак (напр., у адным голасе дуёлі, у другім — трыёлі); у шырокім сэнсе — спалучэнне ў шматгалоссі розных рытмічных малюнкаў. Адна з пашыраных форм арганізацыі П. — поліметрыя. П. — неабходная ўмова поліфаніі, а таксама нарматыўная якасць класічнай і сучаснай музыкі. Уласціва музыцы розных нац. культур, у т. л. бел., заснаванай на сінтэзе класічных і народна-песенных тыпаў метрарытмічнай арганізацыі музыкі. У бел. музыцы найб. складаныя тыпы П. ёсць у некат. творах М.​Аладава, Я.​Глебава, У.​Дарохіна, У.​Дамарацкага, А.​Мдывані, Ф.​Пыталева, Дз.​Смольскага, Л.​Шлег і інш.

Т.​А.​Дубкова.

т. 12, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБАНІ́ (Бархануддзін) (н. 1941, г. Файзабад, Афганістан),

афганскі дзярж. і грамадскі дзеяч. Скончыў тэалагічны ф-т Кабульскага ун-та і ун-т аль-Азхар (Егіпет). З 1968 праф. тэалогіі Кабульскага ун-та. У 1975 адзін з кіраўнікоў паўстання супраць рэжыму М.Дауда. У 1976 стварыў у эміграцыі ў Пакістане Ісламскае т-ва Афганістана, якое разам з інш. ўзбр. групоўкамі вяло ўзбр. барацьбу супраць рэжыму Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана, а ў 1979—89 і сав. войск (гл. Муджахіды). У 1988—92 міністр аднаўлення і замежных спраў у створаным у Пакістане пераходным урадзе Афганістана. З чэрв. 1992 прэзідэнт Ісламскай Дзяржавы Афганістан. У вер. 1996 пад націскам атрадаў руху Талібан пакінуў Кабул. Прызнаецца сусв. супольнасцю законным прэзідэнтам Афганістана.

т. 13, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕЎ (Павел Мікалаевіч) (25.12.1910, г. Зайсан Усходне-Казахстанскай вобл. — 1937),

рускі паэт. З сям’і сямірэчанскіх казакаў. Працаваў на Д. Усходзе матросам, старацелем на залатых прыісках. Пра гэта ў кнігах нарысаў «У залатой разведцы» (1930) і «Людзі ў тайзе» (1931). У вершах і паэмах («Песня пра пагібель казачага войска», 1928—32; «Саляны бунт», 1933; «Хрысталюбаўскія паркалі», 1935—36) падаецца быт сямірэчанскага казацтва, узнаўляюцца падзеі грамадз. вайны, калектывізацыі. Аўтар паэм «Лета» (1932), «Жнівень» (1932—34), «Адна ноч» (1933), «Кулакі» (1936) і інш. Паэт ліра-эпічнага складу. Востраканфліктная, напоўненая сац. супярэчнасцямі свайго часу, паэзія Васільева адметная сілаю і выразнасцю вобразаў, страснасцю светаўспрымання, сакавітасцю мовы, блізкасцю да народна-песеннай творчасці. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Стихотворения и поэмы. Л., 1968.

Літ.:

Михайлов А.А. Степная песнь. М., 1971.

т. 4, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЖЫБУЛА́ (Мухамед) (6.8.1947, Кабул — 27.9.1996),

афганскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Кабульскі ун-т (1975). З 1965 чл. Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА), кіраваў нелегальным Дэмакр. саюзам студэнтаў. Чл. ЦК НДПА з 1977, Палітбюро ЦК з 1981. Пасля прыходу НДПА да ўлады (крас. 1978) старшыня яе Кабульскага к-та, пасол Афганістана ў Іране. У 1979—85 кіраўнік Службы дзярж. інфармацыі (дзяржбяспекі). З ліст. 1985 сакратар ЦК, з мая 1986 ген. сакратар ЦК НДПА, у 1990—92 — Партыі айчыны. У 1987—92 прэзідэнт Афганістана. Пасля вываду сав. войск узначаліў Вышэйшы савет абароны айчыны (1989—92). У крас. 1992 падаў у адстаўку, быў вымушаны хавацца ў прадстаўніцтве ААН у Кабуле. Пасля захопу талібамі (гл. Талібан) Кабула ў вер. 1996 пакараны смерцю.

т. 11, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБАДА́ (Андрэй Мітрафанавіч) (26.6.1871, г. Швенчоніс, Літва — 1.1.1931),

украінскі фалькларыст, этнограф і літ.-знавец. Акад. АН Украіны (1922). Чл.-кар. АН СССР (1923). Скончыў Кіеўскі ун-т (1894), з 1898 у ім працаваў (з 1904 праф.) У 1921—30 кіраваў Этнагр. камісіяй АН Украіны. У 1923—28 віцэ-прэзідэнт АН Украіны. Аўтар прац пра слав. эпас, гісторыю рус. і ўкр. л-ры, т-р, этнаграфію, краязнаўства: «Рускі валатоўскі эпас» (1896), «Народнасць у рускай музычнай драме сто гадоў назад» (1899), «Рускія быліны пра сватанне» (1902—04), «П.​А.​Куліш — этнограф» (1918), «Краязнаўства на Украіне», (1925), «Лёсы этнаграфіі на Украіне ў 1917—1925 гг.» (1926) і інш. Даследаваў бел. фальклор («Беларуская народная паэзія і рускі былінны эпас», 1895).

Літ.:

Музиченко С. Андрій Лобода // Народна творчість та етнографія. 1971. № 3.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ТВО́РЧАСЦЬ»,

шматтомнае навук. выданне бел. фальклору. Выдаецца з 1970 Ін-там мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.​Крапівы АН Беларусі. Уключае матэрыялы з друкаваных крыніц і архіваў Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы. Апубл. шмат тэкстаў з палявых запісаў фалькларыстаў 1920—90-х г. Матэрыялы ў тамах падабраны паводле жанравага прынцыпу. Ва ўступных артыкулах раскрыта гісторыя збірання і публікацыі жанру, ідэйна-тэматычныя і маст. яго асаблівасці. У песенных тамах прыведзены самыя характэрныя ўзоры меласу дадзенага жанру. Выданне сведчыць пра багацце бел. вуснапаэт. творчасці, вял. ўклад бел. народа ў скарбніцу сусв. паэтычнай і муз. культуры.

Выдадзены: «Песні савецкага часу» (1970), «Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі» і «Радзінная паэзія» (1971), «Дзіцячы фальклор» і «Загадкі» (1972), «Чарадзейныя казкі» (ч. 1—2, 1973—78), «Жартоўныя песні» і «Жніўныя песні» (1974), «Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі» (1975), «Сацыяльна-бытавыя казкі» (1976), «Прыказкі і прымаўкі» (кн. 1—2, 1976), «Балады» (кн. 1—2, 1977—78), «Песні пра каханне» і «Вяселле: Абрад» (1978), «Веснавыя песні» і «Выслоўі» (1979), «Валачобныя песні» (1980), «Вяселле: Песні» (кн. 1—6, 1980—88), «Восеньскія і талочныя песні» (1981), «Народны тэатр» і «Легенды і паданні» (1983), «Жарты, анекдоты, гумарэскі» і «Сямейна-бытавыя песні» (1984), «Купальскія і пятроўскія песні» (1985), «Пахаванні. Памінкі. Галашэнні» (1986), «Сацыяльна-бытавыя песні» (1987), «Казкі ў сучасных запісах», «Беларуская народная інструментальная музыка» і «Прыпеўкі» (усе 1989), «Земляробчы каляндар: (Абрады і звычаі)» і «Вяселле: Мелодыі» (1990), «Замовы» і «Паэзія беларускага земляробчага календара» (1992), «Жаніцьба Цярэшкі»(1993).

Літ.:

Синявець О.І. Перші книги багатотомної серії «Білоруська народна творчість» // Народна творчість та етнографія. 1973. № 1;

Гусев В.Е. Многотомное издание белорусского фольклора // Сов. этнография. 1979. №1;

Тарасюк Л. Нам засталася спадчына // Мастацтва Беларусі. 1986. №8;

Конон В. Фольклор и современность // Нёман. 1988. №3;

Саламевіч Я. Беларускія казкі пра жывёл // Полымя. 1972. №1;

Яго ж. Поэзия белорусских хресьбин // Нёман. 1972. №2;

Яго ж. Помнік народнага мудраслоўя // Полымя. 1987. №1.

І.​У.​Саламевіч.

Тамы з серыі «Беларуская народная творчасць».

т. 2, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУТАРКО́ВАЯ МО́ВА,

жывая вусная мова народа, якая служыць сродкам штодзённага абмену думкамі і характарызуецца вял. адвольнасцю і варыянтнасцю нормаў на фанетычным, арфаэпічным, лексічным, марфал., фразеалагічным і інш. узроўнях. Непасрэдна звязана з канкрэтным спосабам мыслення, у пераважнай большасці з неафіцыйнасцю маўлення, адсутнасцю папярэдняй падрыхтоўкі да размовы і аналізу думкі, з дадатковымі спосабамі перадачы інфармацыі ў вуснай мове — інтанацыяй, мімікай, жэстамі.

Сучасная бел. гутарковая мова выразна праяўляецца ў 3 разнавіднасцях: афіцыйная гутарковая мова — вусная разнавіднасць літаратурнай мовы, якой карыстаюцца на радыё, тэлебачанні, у школе, ін-тах і інш. афіц. установах; штодзённагутарковая мова, якой карыстаюцца ў штодзённым жыцці, прычым пад уплывам гутарковай стыхіі побач з літ. мовай ужываюцца элементы неліт. маўлення (у першую чаргу прастамоўныя, дыялектныя і інш.); народна-дыялектная гутарковая мова, характэрная пераважна сельскаму насельніцтву старэйшага пакалення. Гутарковая мова бел. народа стала асновай бел. нац. літаратурнай мовы.

Літ.:

Каўрус А.А. З крыніц народнай мовы. Мн., 1968.

М.​В.​Абабурка.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)