АПАВЯДАЛЬНЫЯ ЖАНРЫ

бел. вуснай нар. творчасці ўключаюць казкі, легенды, паданні, былічкі, сказы, анекдоты, небыліцы. У залежнасці ад дамінуючай эстэтычнай або інфарматыўнай функцыі падзяляюцца на дзве падсістэмы: казкавая проза і няказкавая. Да казкавай прозы адносяцца ўсе жанравыя разнавіднасці казак, анекдоты, небыліцы, а таксама легендарныя казкі, якія ў шэрагу выпадкаў набліжаюцца да сац.-бытавых. У залежнасці ад асаблівасцей вобразнай сістэмы, ідэйна-тэматычнага зместу, паэтыкі, марфалогіі казачны эпас мае сваю класіфікацыю. У казках пра жывёл цэнтральнае месца займаюць персанажы з жывёльнага свету. У чарадзейных казках вызначальная роля ў развіцці сюжэтаў належыць чарадзейству, звышнатуральным сілам і здольнасцям герояў, якія перамагаюць Паганага Цмока, Кашчэя Бессмяротнага і інш. Нац. каларыт бел. чарадзейным казкам надаюць вобразы волатаў і асілкаў, звязаныя з мясц. фальклорнай традыцыяй. Асобную групу складаюць казкі на былінныя сюжэты. У бытавых казках дзейнічаюць звычайныя людзі; канфлікт адлюстроўвае сац. і маральна-этычныя супярэчнасці. Сярод бытавых казак, якія яшчэ называюць рэалістычнымі, даследчыкі вылучаюць таксама сац.-бытавыя, сатырычныя і жартоўныя творы. Гумарыстычныя казкі-небыліцы паказваюць рэчаіснасць з наўмысным парушэннем храналагічнай паслядоўнасці падзей, ствараюць перавернутую мадэль сусвету. Казачныя вобразы непераможных асілкаў, сялян, прыгожых, верных у каханні жанчын раскрываюць лепшыя якасці бел. народа: мужнасць, працавітасць, здольнасць на высокія пачуцці і ўчынкі, імкненне да справядлівасці і волі. Станоўчым вобразам у казках супрацьстаяць страшныя пачвары, якія ўвасабляюць варожыя чалавеку надпрыродныя і сац. сілы, а таксама людзі, дзеянні і перакананні якіх не адпавядаюць нормам нар. маралі. Анекдоты маюць шмат агульных рыс з бытавымі казкамі ў ідэйна-тэматычным змесце і вобразнай сістэме. Ім уласцівы сцісласць, дынамізм, нечаканая развязка, гумар і сатыра.

Аснову няказкавай прозы складаюць легенды, паданні, сказы, былічкі. Легенды адлюстроўваюць розныя ўяўленні народа, яго спробы растлумачыць паходжанне сусвету, з’явы прыроды і грамадскага жыцця. Яны таксама звязаны з хрысціянскім веравучэннем і апавядаюць пра звышнатуральныя з’явы і цуды, якія рабілі Бог і святыя ў час вандровак па зямлі. Паданне расказвае аб рэальных падзеях ці асобах мінулага або рэальна магчымых, але не запісаных у крыніцах. Паданні падзяляюцца на некалькі тэматычных груп, найб. буйныя з якіх гістарычныя — аб гістарычных падзеях і дзеячах і тапанімічныя, дзе тлумачыцца паходжанне назваў населеных пунктаў, рэчак, урочышчаў, курганоў і інш. Найб. вядомыя паданні пра барацьбу з іншаземнымі захопнікамі — татарамі, французамі, пра заснаванне Вільні і інш. Сказы апавядаюць аб сучаснасці або недалёкім мінулым. У былічках расказваецца аб звышнатуральных з’явах і здарэннях, якія нібыта мелі месца ў сапраўднасці: пра сустрэчы з чортам, русалкай і інш. Выдадзены тамы серыі «Беларуская народная творчасць» «Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі» (1971, укладальнік К.​Кабашнікаў), «Чарадзейныя казкі» (т. 1—2, 1973—78) і «Казкі ў сучасных запісах» (1989, укладальнікі абодвух К.​Кабашнікаў, Г.​Барташэвіч), «Сацыяльна-бытавыя казкі» (1976) і «Жарты. Анекдоты. Гумарэскі» (1984, укладальнік абодвух А.​Фядосік), «Легенды і паданні» (1983, укладальнікі М.​Грынблат, А.​Гурскі).

К.​П.​Кабашнікаў.

т. 18, кн. 2, с. 589

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)