ГІДРАГЕНЕРА́ТАР (ад гідра... + генератар),

сінхронны генератар пераменнага току, які прыводзіцца ў рух гідраўлічнай турбінай. Ротар электрагенератара звычайна замацоўваецца на адным вале з рабочым колам турбіны (гл. Гідраагрэгат). Гідрагенератары бываюць: у залежнасці ад размяшчэння восі вярчэння — пераважна вертыкальныя і гарызантальныя, часам нахіленыя; ціхаходныя (да 100 аб/мін) і быстраходныя (больш за 100, часам да 1500 аб/мін); малой (да 50 МВт), сярэдняй (ад 50 да 150 МВт) і вялікай (больш за 150 МВт) магутнасці; парасонападобныя (у іх падпятнік — апорны падшыпнік — размяшчаецца пад ротарам) і падвесныя (падпятнік размяшчаецца над ротарам). У капсульных гідраагрэгатах гідрагенератар змешчаны ў спец. (звычайна гарыз.) капсулу, прыводзяцца ў рух восевымі паваротна-лопасцевымі турбінамі (магутнасць да 45 МВт, выкарыстоўваюцца на нізканапорных, гідраакумулюючых і прыліўных ГЭС). Магутнасць гідрагенератара да некалькіх соцень мегават (на Саяна-Шушанскай ГЭС устаноўлены гідрагенератар магутнасцю па 640 МВт).

Ротар гідрагенератара мае да 120 полюсаў, абмотка яго сілкуецца ад узбуджальніка — дапаможнага генератара пастаяннага току. У магутных гідрагенератах ужываюцца сістэмы ўзбуджэння з выкарыстаннем тырыстарных пераўтваральнікаў або ртутных выпрамнікаў. Адбор эл. энергіі (звычайна напружаннем ад 8,8 да 18 кв) робіцца з нерухомай часткі гідрагенератара — статара. Ахалоджванне гідрагенератара паветранае, па замкнёным цыкле з паветраахаладжальнікамі, у магутных — паветрана-вадзяное. На вял. ГЭС выкарыстоўваюць вертыкальныя гідрагенераты (скорасць вярчэння 62,5—150 аб/мін, магутнасць 50—700 МВт), на малых — вертыкальныя або гарызантальныя (100—1000 аб/мін; 0,75—25 МВт).

Гідрагенератар магутнасцю 640 МВт (устаноўлены на Саяна-Шушанскай ГЭС): 1 — статар; 2 — ротар; 3 — падпятнік; 4 — паветраахаладжальнік; 5 — дапаможны генератар.

т. 5, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЙМАС,

спадарожнік планеты Марс. Адлегласць ад планеты 23,46 тыс. км. Мае няправільную форму, найб. папярочнік каля 16 км. Перыяд абарачэння вакол Марса 30 гадз 18 мін. Адкрыты А.​Холам (1877, ЗША).

т. 6, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРБА́ЛЬНАЯ НО́ТА (ад лац. verbalis славесны),

дыпламатычны дакумент, найбольш пашыраная форма дыпламатычнай перапіскі па бягучых пытаннях. Звычайна ідзе ад пасольства, місіі, мін-ва замежных спраў і не падпісваецца, а толькі змацоўваецца пячаткай.

т. 4, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЖЭ́СКІ (Мікалай Карнілавіч) (1860, Мінск — 9.8.1910),

эканаміст, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію, юрыд. ф-т Пецярбургскага ун-та (1886). Працаваў у Мін-ве фінансаў, з 1891 рэферэнт у канцылярыі Дзярж. савета. З 1893 чл. тарыфнага і гандл.-прамысл. к-та Мін-ва фінансаў, адначасова ў дэпартаменце ўскосных падаткаў. У 1909 ахвяраваў сваю б-ку (каля 3 тыс. тамоў кніг па фін. пытаннях) Віленскаму т-ву сяброў навук, за што атрымаў тытул чл.-пратэктара т-ва. Аўтар прац «Падатковая рэформа: Французскія тэорыі XVIII ст.» (1888), «Кругавая парука сельскіх суполак» (1896), нарысаў аб прававым становішчы сельскіх суполак, гіст. агляду заканадаўства аб ускосных падатках.

т. 3, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЛІТУ́ДНАЯ МАДУЛЯ́ЦЫЯ,

павольная змена амплітуды эл.-магн. ваганняў у параўнанні э іх перыядам па вызначаным законе; від мадуляцыі. Выкарыстоўваецца для перадачы інфармацыі ў радыё- і аптычным дыяпазонах хваляў (напр., перадача гукавога суправаджэння, тэлевізійных адлюстраванняў). Перадавальная радыёстанцыя, якая працуе ў рэжыме амплітуднай мадуляцыі, вылучае спектр частот. У выпадку амплітуднай мадуляцыі сінусаідальным сігналам (гл. рыс.) спектр мае 3 складальныя: нясучую (ω) і 2 бакавыя частаты ( ( ω + Ω ) і ( ω Ω ) ) . Глыбіня амплітуднай мадуляцыі характарызуе ступень змены амплітуды: m = Aмакс Aмін Aмакс + Aмін ; частата мадуляцыі Ω — скорасць змены амплітуды ваганняў. Для атрымання амплітудна-мадуляванага вагання нясучая частата і сігнал, якім яна мадулюецца, падаюцца на мадулятар.

т. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНТАГО́Н (англ. Pentagon ад грэч. pentagōnon пяцівугольнік),

назва ваен. ведамства ЗША, якое размяшчаецца ў пяцівугольным будынку на беразе р. Патомак у г. Арлінгтан каля Вашынгтона (штат Віргінія). Налічвае каля 23 тыс. чал. персаналу ваен. і цывільных спецыялістаў. У П. размяшчаюцца асн. ўстановы, упраўленні і службы мін-ва абароны, камітэт нач. штабоў (КНШ) і яго аб’яднаны штаб, мін-ва арміі ЗША. У будынку П. знаходзяцца асн. камандны цэнтр КНШ і асн. камандныя пункты відаў узбр. сіл. Кіраўнік П. — міністр абароны ЗША. Будынак П. пастаўлены ў 1941—43 паводле праекта ген. Б.​Б.​Сомвіла. Гл. таксама раздзел Узброеныя сілы ў арт. Злучаныя Штаты Амерыкі.

І.​Г.​Елісееў.

т. 12, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЁНА,

спадарожнік планеты Сатурн. Дыяметр 1120 км, сярэдняя адлегласць ад цэнтра планеты 377,4 тыс. км, маса 0,067 масы Зямлі. Сідэрычны перыяд абарачэння 2 сут 17 гадз 41 мін. Адкрыў Дж.​Касіні (1684, Францыя).

т. 6, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАФО́Н (ад гідра... + ...фон),

электраакустычны пераўтваральнік гукавых і ультрагукавых ваганняў, што распаўсюджваюцца ў вадзе. Найб. пашыраны эл.-дынамічныя, п’езаэл. і магнітастрыкцыйныя гідрафоны. Выкарыстоўваюцца ў гідраакустычных прыладах (гідралакатарах, шумапеленгатарах, узрывальніках акустычных мін і інш.).

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́СТА,

спадарожнік планеты Юпітэр. Дыям. 4840 км, адлегласць ад планеты 1,88 млн. км. Сідэрычны перыяд абарачэння 16 сут 16 гадз 32 мін. Мае атмасферу. Адзін з буйнейшых спадарожнікаў планет. Адкрыў Г.​Галілей (1610).

т. 7, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРО́ПА,

спадарожнік планеты Юпітэр. Дыяметр 3140 км, сярэдняя адлегласць ад цэнтра планеты 670,9 тыс. км. Сідэрычны перыяд абарачэння 3 сут 13 гадз 18 мін. Мае атмасферу. Адзін з чатырох яркіх спадарожнікаў Юпітэра. Адкрыў Г.​Галілей (1610).

т. 6, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)