КО́РЗУН Мікола (Мікалай Паўлавіч; 1.5.1934, в. Заўшыцы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 22.2.1995),

бел. пісьменнік. Скончыў Смілавіцкі с.-г. тэхнікум (1956), вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1957—61). Працаваў у НДІ глебазнаўства, літ. музеях Я.​Купалы ў Вязынцы (заг. у 1971—78), Я.​Коласа (у 1978 і з 1982), у 1978—82 дырэктар «Кнігарні пісьменніка». Друкаваўся з 1958. Пісаў пераважна для дзяцей і юнацтва. Аўтар зб-каў апавяданняў пра таямнічы свет прыроды «Жывы куток» (1962), «Тры сонцы» (1971), дакумент. аповесцей пра дзяцей-партызан «Віця Сітніца» (1964), «Навальнічная паласа» (1979), аповесцей «Зоркі на танках» (1982), «Святло чароўнай зоркі» (1989) і інш.

т. 8, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ФЕРАЎ Мікола (Мікалай Пятровіч; 7.1.1929, в. Трубільня Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 28.10.1994),

бел. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1956). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1950). Настаўнічаў, працаваў у Ін-це л-ры АН Беларусі, Магілёўскім пед. ін-це, Гомельскім ун-це. З 1982 настаўнік у Магілёўскім р-не. Друкаваўся з 1952. Даследаваў праблемы гісторыі бел. л-ры. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1, 1965), кн. «Праблемы беларускай сучаснай прозы» (1967), падручніка для філал. ф-таў пед. ін-таў «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1981) і інш.

Тв.:

Кузьма Чорны. Мн., 1960;

Проза Кузьмы Чорнага. Мн., 1961.

т. 9, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯТЛІ́ЦКІ Мікола (Мікалай Міхайлавіч; н. 20.3.1954, в. Бабчын Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1976). Працаваў у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1983 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1969. Вострыя праблемы сучаснасці, гонар за свой край, трывога за лёс народа, праблемы духоўнасці — асн. пафас паэзіі М.: зб-кі «Абеліск у жыце» (1980), «Мой дзень зямны» (1985, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986), «Ружа вятроў» (1987), «Шлях чалавечы» (1989), «Блаславенне», «Палескі смутак» (абодва 1991), «Чаканне сонца» (1994), «Хойніцкі сшытак» (1999). Кніга «Бабчын» (1996, Дзярж. прэмія Беларусі 1998) — своеасаблівы помнік роднай вёсцы, адселенай у сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС.

І.​У.​Саламевіч.

М.Мятліцкі.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕДЗЮКО́ВІЧ Мікола (Мікалай Мікалаевіч; 25.5.1943, в. Гутава Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. — 8.1.1997),

бел. паэт, перакладчык. Скончыў Маскоўскі літ. ін-т (1970). З 1960 працаваў у раённых газетах, выд-ве «Народная асвета», газ. «Чырвоная змена». У 1975—76 рэдактар бюлетэня «Служба быту Беларусі». Друкаваўся з 1960. Пісаў на бел. і рус. мовах. Аўтар зб-каў вершаў «Зямля—магніт» (1968), «Мілавіца» (1971), «Птушыны грай» (1976), «Макаў цвет» (1979), у якіх успаміны пра вайну, роздум над сучасным жыццём, вера ў дабро і любоў. Пісаў нарысы і артыкулы. Перакладаў з балг., груз., казахскай, кірг. і інш. моў.

Літ.:

Бурсов И. Запах отчей земли // Федюкович М. Птичье дерево. М., 1976.

т. 16, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́НЧАНКА Мікола (Мікалай Ігнатавіч; 22.6.1931, в. Забалацце Магілёўскага р-на — 19.7.2000),

бел. пісьменнік. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1956). Настаўнічаў, працаваў у раённых газетах у Рагачове, Жлобіне, Калінкавічах, Карме Гомельскай вобл. Друкаваўся з 1958. У паэт. творах патрыят. і інтымныя матывы, сувязь з фальклорам, тэмы маладосці і дружбы. Аўтар зб-каў вершаў «Разнатраўе» (1971, на рус. мове), «Кросны» (1980), «Залаты вулей» (1986), «Жыцейка-жыта» (1990) і апавяданняў «З людзьмі — добра» (1973), «Жменька жалудоў» (1989), кніжкі-маляванкі «Лета ў серванце» (1981). Пісаў гумарэскі, байкі, частушкі, казкі. Перакладаў на бел. мову з рус., укр. і інш. моў.

Тв.:

Зраблю сонейка: Апавяданні і казкі. Мн., 1978.

т. 18, кн. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАНО́САЎ Мікола (Мікалай Міхайлавіч; н. 4.1.1923, Мінск),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1982). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1959). Працаваў тэхнікам на Бел. радыёцэнтры, у выд-вах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1948. Займальны сюжэт, элементы прыгодніцтва ў кн. для дзяцей «Першае знаёмства» (1954), «Апошні вадзянік» (1964), «Хатабыч-малодшы» (1965), «Лясныя прыгоды» (1976), «Скарб Загорскай камяніцы» (1985) і інш. У кнігах апавяданняў і аповесцяў «У Баркоўскай пушчы» (1956), «Надзеі і здзяйсненні» (1963), «Пад чужым паролем» (1971), «Дзень — і ўсё жыццё» (1988) і інш. закранае маральна-этычныя праблемы, паказвае гераізм народа ў час вайны. Выступае і як гумарыст (зб. «Левыя ногі», 1983).

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1983.

т. 3, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯХНО́ВІЧ Мікола (Мікалай Мікалаевіч; 21.4.1903, г. Барысаў — 9.4.1959),

бел. крытык. Вучыўся на мед. ф-це (1921—24), скончыў пед. ф-т БДУ (1930). У 1930—36 выкладчык Бел. вышэйшага пед. ін-та, адначасова ў 1932—34 у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У ліст. 1936 арыштаваны, асуджаны на 12 гадоў і сасланы на Калыму. Працаваў урачом у лагерным медпункце. З 1945 у г. Тайшэт Іркуцкай вобл., з 1956 у Карагандзінскай вобл. Рэабілітаваны ў 1957. Жыў у Ленінградзе. Друкаваўся з 1919. У 1925—27 кіраўнік Барысаўскай філіі «Маладняка». Даследаваў творчасць М.​Багдановіча, А.​Александровіча, П.​Труса, Я.​Скрыгана і інш. Аддаў даніну вульгарнаму сацыялагізму.

І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАХО́ЎСКІ Мікола (Мікалай Аляксандравіч; н. 3.7.1950, в. Сялец Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Мінскім маст. вучылішчы (1966—68), Бел. тэатр.-маст. ін-це (1974—76). З 1977 паралізаваны. Друкуецца з 1979. Дэбютаваў п’есамі для лялечнага тэатра, адна з іх («Калі дракон прачнуўся», 1982) прысвечана праблемам экалогіі. У драме «Машэка» (1988) праз самабытнае раскрыццё характараў і псіхалогіі ўладара, раба і незалежнага чалавека паставіў актуальную праблему пра згубны ўплыў улады на асобу. Дзеянне твора афарбавана з’яўленнем фантаст. прывідаў, часам пераходзіць у сферу ірэальнага. У драме абсурду «Ку-ку» (1992, 1-я прэмія на Рэсп. конкурсе драматургіі 1992) пераплецена рэальнае і ўяўнае, звычайнае і свет фантазій. Аўтар апавяданняў, казак, артыкулаў.

І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЮЦЕ́НКА Дзмітрый Емяльянавіч (21.2.1899, г. Славянск Данецкай вобл., Украіна — 25.1.1966),

украінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1960). Сцэн. дзейнасць пачаў у аматарскіх гуртках. З 1923 і з 1936 акцёр Драм. т-ра імя І.​Франко ў Харкаве, у 1927—36 — Харкаўскага драм. т-ра імя Т.​Шаўчэнкі. Творчасць вызначалася псіхал. распрацоўкай вобразаў, пластычнай выразнасцю і эмацыянальнасцю выканання роляў: Пузыр, Калітка («Гаспадар», «Сто тысяч» І.​Карпенкі-Карага), Мікола Задарожны («Выкрадзенае шчасце» Франко), Часнок («У стэпах Украіны» А.​Карнейчука), Ваявода («Вяселле Свічкі» І.​Качаргі), Шуйскі («Барыс Гадуноў» А.​Пушкіна), Блазан («Кароль Лір» Ў.​Шэкспіра) і інш. Здымаўся ў кіно: «Багдан Хмяльніцкі» (1941), «Подзвіг разведчыка», (1947), «Тарас Шаўчэнка» (1951), «Сон» (1964), «Наш сумленны хлеб» (1965) і інш.

т. 10, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВІ́ЦКІ Мікола (Мікалай Паўлавіч; н. 10.8.1936, в. Крапужына Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. перакладчык, літ. крытык, паэт. Канд. філал. н. (1975), дац. (1977). Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1959). Працаваў перакладчыкам у Германіі (1960—62), у Мінскай вышэйшай школе Мін-ва ўнутр. спраў Беларусі (1976—90), Мінскім лінгвістычным ун-це (1959—60, 1963—76, з 1990). Друкуецца з 1957. Перакладае з ням., польск. і англ. моў. На бел. мову пераклаў раманы Г.​Гофе «Фінальны акорд» (1979, з В.​Сёмухам), В.​Корн, І.​Корн «Маўр і лонданскія гракі» (з М.​Лешчуном), В.​Нойгаўса «Канец аперацыі «Штэрнлаўф» (абодва 1982), зб. ням. аповесцей і апавяданняў «Матчына споведзь» (1985) і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 11, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)