РАДКЕ́ВІЧ Яўген Рыгоравіч (3.10.1937, г. Сянно Віцебскай вобл. — 3.1.1999),
бел. пісьменнік. Канд.гіст.н. (1974). Д-рфілал.н. (1988), праф. (1989). Скончыў БДУ (1963). Працаваў на Бел. радыё, у 1970—71 заг. рэдакцыі газ. «Мінская праўда». З 1974 у БДУ (у 1978—94 заг. кафедры). Друкаваўся з 1958. Аўтар зб-каў аповесцей і апавяд. «Плытагоны» (1972), «Месяц Межань» (1976), «Горны мёд» (1982), аповесцей «Антаніна» (1977), «Пешшу праз Галактыку» (1984), раманаў «Сутокі дзён» (1982), «Закон прыцяжэння» (1990), у якіх узнімаў маральна-этычныя праблемы сучаснасці. Даследаваў гісторыю і развіццё бел. радыё, тэлебачання.
Тв.:
Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАХО́ЎНЫЯ СРО́ДКІ,
радыепратэктары, прыродныя і сінтэтычныя злучэнні, якія памяншаюць шкоднае ўздзеянне іанізавальнага выпрамянення на арганізм чалавека або жывёлы. Выкарыстоўваюцца ў надзвычайных выпадках (радыяцыйныя аварыі, ядз. выбух) і для аховы нармальных тканак пры прамянёвай тэрапіі анкалагічных хворых. Проціпрамянёвы эфект Р.с. можа праяўляцца ў выжыванні пасля апрамянення смяротнай дозай і інш.; ён звязаны са змяншэннем паступлення ў асобныя тканкі і ўзмацненнем выдалення радыенуклідаў, якія трапілі ў арганізм (напр., прэпараты стабільнага ёду для аховы шчытападобнай залозы ад радыеактыўнага ёду), звязваннем утвораных пры апрамяненні свабодных радыкалаў, перакісаў (цыстамін, гамафос і інш.), зніжэннем інтэнсіўнасці абмену рэчываў і інш. Р.с. з’яўляюцца таксама прадукты пчалярства (мёд, пропаліс і інш.), скурны пігмент меланін, вітаміны, адаптагены (прэпараты элеўтэракоку, жэньшэню і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЭ́НДБЕРГ (Sandburg) Карл (6.1.1878, г. Гейлсберг, штат Ілінойс, ЗША — 22.7.1967),
амерыканскі паэт. Дэбютаваў у 1916 «Вершамі пра Чыкага». Свабодны верш С. максімальна набліжаны да прозы, яго паэт. своеасаблівасць — у праўдзівым лірычным бачанні свету (зб-кі «Зборшчыкі кукурузы», 1918; «Дым і сталь», 1920; «Камяні спаленага сонцам Захаду», 1922; «Добрай раніцы, Амерыка!», 1928). У традыцыях У.Уітмена напісана эпічная паэма «Народ — так!» (1936). Аўтар біяграфіі «Аўраам Лінкальн» (т. 1—6, 1926—39), гіст. рамана «Скала ўспамінаў» (1948), зб.філас. лірыкі «І мёд, і соль» (1963). Аптымізм паэзіі С. звязаны з верай у духоўнасць народа, сац. справядлівасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РАС (Calluna),
род кветкавых раслін сям. верасовых. 1 від — верас звычайны (Calluna vulgaris). Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Паўн. Афрыцы і на Атл. узбярэжжы Амерыкі. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце на пясчаных мясцінах у хваёвых барах, на высечках, выгарынах, пустэчах, тарфяніках, утварае вял. зараснікі — верасоўнікі.
Шматгадовая вечназялёная галінастая кустовая ці кусцікавая расліна выш. да 1 м. Лісце дробнае, лускападобнае, сядзячае, ланцэтнае, размешчана накшталт чарапіцы ў 4 рады. Кветкі дробныя, двухполыя, званочкавыя, бэзава-ружовыя, зрэдку белыя, у аднабокіх гронках. Плод — пушыстая чатырохгранная каробачка. Дэкар., лек. (мачагонны, патагонны, процізапаленчы, вяжучы, злёгку снатворны і заспакаяльны сродак), тэхн. (мае дубільнікі, гліказіды, смалу, крухмал), кармавая і меданосная (дае т.зв. «верасовы мёд») расліна. Часам верасам таксама наз. віды роду эрыка (Erica).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХЧАВЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
група культурных раслін сямейства гарбузовых якія вырошчваюцца на харчовыя, кармавыя і тэхн. мэты. Да іх належаць кавун, дыня, гарбуз. Паходзяць з трапічных і субтрапічных краін Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Вырошчваюць на ўсіх кантынентах. На Беларусі культывуюць гарбузы і іх разнавіднасці — кабачкі і патысоны, на Пд у аматарскіх пасевах, часцей у цяпліцах і на ўцепленым грунце, вырошчваюць дыні і кавуны. Найб. высокія ўраджаі бахчавыя культуры даюць на цалінных землях і аблогах, пасля шматгадовых траў. Бахчу размяшчаюць на багатых перагноем лёгкіх урадлівых глебах. Плады дыні і кавуна спажываюць свежыя, з іх гатуюць кавуновы (нардэк) і дынны (бекмес) мёд, вяленую дыню, варэнне, цукаты і інш., гарбузы спажываюць тушаныя, печаныя, кансерваваныя. Кармавыя кавуны і гарбузы — корм для жывёлы. З насення атрымліваюць алей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́НЯ (Melo),
род аднагадовых травяністых раслін сям. гарбузовых. Вядома 15 відаў (у культуры 9). Радзіма — Сярэдняя і М. Азія. Вырошчваецца ў краінах з сухім, цёплым кліматам. На Пд Беларусі ў аматарскіх пасевах вырошчваюць Д. звычайную, ці сталовую (M. sativus).
Д. звычайная — расліна з паўзучым сцяблом даўж. да 3—4 м, укрытым цвёрдымі валаскамі. Лісце на доўгіх чаранках, суцэльнае або лопасцевае, апушанае, з вусікамі ў пазухах. Кветкі часцей аднаполыя, ярка-жоўтыя, развіваюцца ў пазухах лісця. Плод — шматнасенная несапраўдная ягада з сакаўной, салодкай, духмянай мякаццю, багатай цукрам (да 18%), вітамінам С (да 60 мг%), карацінам, мінер. солямі. Каштоўная харч., дыетычная культура. З мякаці атрымліваюць мёд (бекмез). Сарты: Калгасніца, Грунтавая грыбаўская, Алтайская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАС,
старажытнае свята земляробчага календара, прымеркаванае да часу выспявання садавіны, агародніны. Вядомы славянам і інш.еўрап. народам. Лічыўся мяжой паміж летнім і асеннім цыкламі работ: са С. пачыналі сяўбу азімых, капалі раннюю бульбу, падглядалі пчол. Падгляд пчол меў характар сталага звычаю. Паводле бел.нар. календара, са С. пачыналася ранняе бабіна лета («Прыйшоў спас — і лета ад нас»). На С. наладжвалі кірмашы, на якіх прадавалі садавіну, агародніну, мёд. С. папярэднічаў пост. У жніўні святкаваліся тры С.: першы (мядовы), другі (яблычны) і трэці (агароднінны). На Беларусі найб. святкаваўся яблычны С. (19 жн.), лічылася, што да гэтага часу нельга есці яблыкі. Царква прымеркавала да яго свята Праабражэння Хрыстова, надала нар. рытуалам рэліг. значэнне (асвячэнне пладоў, насення). Рэшткі стараж. свята выяўляліся ў імкненні ласавацца ў гэты дзень садавінай («Прыйшоў спас — на ўсё час»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́ЦЫЯ (ад лац. statio стаянне, месцазнаходжанне),
феадальная павіннасць сялян і мяшчан ВКЛ на ўтрыманне вял. князя і яго світы ў час выканання ім судова-адм. функцый на месцах. Вядома з канца 14 ст., паходзіла ад стараж.рус. палюддзя. У час знаходжання вял. князя ў валасцях яму дастаўлялася С. натурай — ялавічына, бараніна, свініна, свойская птушка, авёс, сена, мёд, піва і інш. Пазней С. аформілася як пастаянны збор прадуктаў, незалежна ад прыездаў вял. князя (у Віленскім і Трокскім ваяв. у пач. 16 ст.), пасля яна пераводзілася на грошы. «Устава на валокі» 1557 канчаткова вызначала памеры С. з сялян: 1 ялавіца і 2 бараны з 30. валок, 1 курыца і 30 яек, або 2,5 гроша з валокі. У падняпроўскіх і падзвінскіх валасцях С. для гарадоў была адменена, а ў вёсках заменена інш. зборамі. Мясц. назвы С. — ялаўшчына, вепраўшчына, баўкуноўшчына, каняўшчына, мезлева, спіжа, паборы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫ́ТАРСКІЯ ВЫ́РАБЫ,
харчовыя прадукты звычайна са значнай колькасцю цукру, прыемным смакам і пахам. Вызначаюцца высокай каларыйнасцю і засваяльнасцю. Падзяляюцца на цукрыстыя (цукеркі, шакалад, зефір, какава-парашок, пасціла-мармеладныя вырабы, халва і інш.) і мучныя (пячэнне, пернікі, тарты, пірожныя, кексы, вафлі, крэкеры, галеты і інш.).
Сыравінай для К.в. з’яўляюцца цукар, патака, мёд, мука, тлушч, малако, масла, арэхі, яйкі, харч. канцэнтраты, садавіна, ягады, жэліруючыя і араматызуючыя рэчывы, прыправы і інш. Сыравіна праходзіць тэрмічную (уварванне, абсмажванне, выпяканне) і мех. (здрабненне, перамешванне, замешванне, качанне, збіванне і інш.) апрацоўку. Выкарыстоўваюцца ўварвальныя вакуум-апараты, памада-збівальныя, мясільныя, катальныя, цукеркаадлівачныя, фармовачныя, загортачныя машыны і аўтаматы, ахаладжальныя і сушыльныя шафы і інш. Многія К.в. вітамінізуюцца; выпускаюцца дыетычныя і лячэбныя гатункі. Напр., у К.в. для хворых на цукр. дыябет цукар замяняюць сарбітам або ксілітам, для хворых анеміяй дадаюць гематаген, у вырабах для дзяцей не выкарыстоўваюць каву, зводзяць да мінімуму какаву. Гл. таксама Кандытарская прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКУРУ́ЗА, маіс (Zea mays),
кветкавая расліна сям. метлюжковых. Радзіма — Цэнтр. і Паўд. Амерыка. Уведзена ў культуру на тэр. сучаснай Мексікі каля 5200 да н.э., у Еўропе — з канца 15 ст. Вырошчваецца ў Паўд. і Паўн. Амерыцы, Паўд. і Паўд.-Усх. Еўропе, Паўд.-Усх. Азіі, Паўд. і Усх. Афрыцы.
Аднагадовая травяністая расліна з прамастойным сцяблом выш. да 6 м. Каранёвая сістэма валасніковістая. Лісце шырокае, лінейна-ланцэтнае, хвалістае па краях. Кветкі аднаполыя. Мужчынскія суквецці — мяцёлкі на верхавінцы сцябла, жаночыя — катахі ў лісцепадобных абгортках у пазухах лісця. Плод — зярняўка. Па будове і марфалогіі насення К. падзяляецца на 9 бат. груп. Зерне, сцёблы, лісце, катахі выкарыстоўваюцца ў вытворчасці прадуктаў і вырабаў (напр., алей, кансервы, крупы, крухмал, кукурузныя шматкі, мёд, мука, папера, пластмаса і інш.). Кармавая і харч. расліна.
Літ.:
Грушка Я. Монография о кукурузе: Пер. с чеш. М., 1965;
Шмараев Г.В. Кукуруза: (Филогения, классификация, селекция). М., 1975.