СПАС,

старажытнае свята земляробчага календара, прымеркаванае да часу выспявання садавіны, агародніны. Вядомы славянам і інш. еўрап. народам. Лічыўся мяжой паміж летнім і асеннім цыкламі работ: са С. пачыналі сяўбу азімых, капалі раннюю бульбу, падглядалі пчол. Падгляд пчол меў характар сталага звычаю. Паводле бел. нар. календара, са С. пачыналася ранняе бабіна лета («Прыйшоў спас — і лета ад нас»). На С. наладжвалі кірмашы, на якіх прадавалі садавіну, агародніну, мёд. С. папярэднічаў пост. У жніўні святкаваліся тры С.: першы (мядовы), другі (яблычны) і трэці (агароднінны). На Беларусі найб. святкаваўся яблычны С. (19 жн.), лічылася, што да гэтага часу нельга есці яблыкі. Царква прымеркавала да яго свята Праабражэння Хрыстова, надала нар. рытуалам рэліг. значэнне (асвячэнне пладоў, насення). Рэшткі стараж. свята выяўляліся ў імкненні ласавацца ў гэты дзень садавінай («Прыйшоў спас — на ўсё час»).

А.​В.​Цітавец.

т. 15, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)