СТА́ЦЫЯ (ад лац. statio стаянне, месцазнаходжанне),

феадальная павіннасць сялян і мяшчан ВКЛ на ўтрыманне вял. князя і яго світы ў час выканання ім судова-адм. функцый на месцах. Вядома з канца 14 ст., паходзіла ад стараж.рус. палюддзя. У час знаходжання вял. князя ў валасцях яму дастаўлялася С. натурай — ялавічына, бараніна, свініна, свойская птушка, авёс, сена, мёд, піва і інш. Пазней С. аформілася як пастаянны збор прадуктаў, незалежна ад прыездаў вял. князя (у Віленскім і Трокскім ваяв. у пач. 16 ст.), пасля яна пераводзілася на грошы. «Устава на валокі» 1557 канчаткова вызначала памеры С. з сялян: 1 ялавіца і 2 бараны з 30. валок, 1 курыца і 30 яек, або 2,5 гроша з валокі. У падняпроўскіх і падзвінскіх валасцях С. для гарадоў была адменена, а ў вёсках заменена інш. зборамі. Мясц. назвы С. — ялаўшчына, вепраўшчына, баўкуноўшчына, каняўшчына, мезлева, спіжа, паборы.

т. 15, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)