права ўнясення законапраектаў у заканадаўчыя органы, якое цягне за сабой абавязак гэтых органаў абмеркаваць законапраект і прыняць па ім рашэнне. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права З.і. належыць Прэзідэнту, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, Нац. сходу Рэспублікі Беларусь, ураду, а таксама грамадзянам у колькасці не менш як 50 тыс.чал., якія валодаюць выбарчым правам. Рэалізуецца ў Палаце прадстаўнікоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЛЯЦЫ́ЙНАЯ МАШЫ́НА,
машына для нанясення слоя бітумнай масцікі на ачышчаную і пакрытую грунтоўкай вонкавую паверхню трубаправода і абмоткі яго ізаляцыйным матэрыялам (шклопалатном, брызолам, паперай). Найб. магутныя І.м. ізалююць трубы дыям. 1422 мм, пры шырыні ізаляцыйнай стужкі да 500 мм, таўшчыні слоя ізаляцыі не менш за 4 мм, скорасці прасоўвання па трубаправодзе да 1,4 км/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМПРАФІ́Р,
жыльная магматычная горная парода, складзеная з палявога шпату (радзей фельдшпатоідаў) і павышанай колькасці каляровых мінералаў (не менш за 30%; біятыт, амфібол, алівін, меліліт і інш.). Колер цёмна-шэры да чорнага. Вылучаюць Л. вапнякова-шчолачныя (спесартыт, керсантыт), шчолачныя або фельдшпатоідныя (камптаніт) і мелілітавыя (альнеіт). Утвараюць серыі малых інтрузіўных цел (сілаў, даек, некаў, трубак выбуху), цесна злучаных з разломнай тэктонікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́ТНАЯ СТАПА́,
колькасць манет, якая выпускаецца з пэўнай масы металу (лібры, маркі, грыўні, фунта). Павелічэнне колькасці манет, што выбіваюцца з пэўнай адзінкі масы металу, прыводзіла да змяншэння масы каштоўнага металу ў манеце. Таму М.с. можна было або павялічыць, г. зн. біць з гэтай колькасці металу менш манет, або панізіць — біць больш манет з гэтай жа колькасці металу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЭ́ЗКІ,
у Рас. імперыі землі, адрэзаныя ад сял.надзелаў на карысць памешчыкаў у ходзе сялянскай рэформы 1861. Памяншэнне сял. надзелаў адбывалася, калі надзел быў большы за вышэйшую норму або калі ў памешчыцкім маёнтку заставалася менш за трэць (у стэпавай паласе менш за палову) прыдатных зямель. Адрэзкі рабіліся і пры атрыманні сялянамі т.зв.даравальнага надзелу. Адрэзаныя землі былі жыццёва неабходныя сялянам (ворыва, паша, лугі і інш.). Гэта давала магчымасць памешчыкам здаваць сялянам адрэзкі ў арэнду на кабальных умовах.
На Беларусі, паводле ўстаўных грамат, на б.ч.тэр. Магілёўскай губ. адрэзкі склалі 12,7%, у Гродзенскай губ. — 9,8%, у Мінскай (без Навагрудскага і Пінскага пав., паводле заніжаных звестак) — 2% надзельных зямель. У склад надзелаў не ўключаліся т.зв. прыёмныя землі, што знаходзіліся ў часовым карыстанні сялян, іх пазбавілі і сервітутаў. У час паўстання 1863—64 царызм пайшоў на некат. ўступкі (вернуты частка адрэзаных зямель і права часова карыстацца сервітутнымі ўгоддзямі, на 20% паменшаны выкупныя плацяжы і інш.), але гэта не змяніла грабежніцкага характару рэформы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІКА́РП (ад архі... + грэч. karpos плод),
жаночы палавы орган у многіх сумчатых грыбоў (аскаміцэтаў). Складаецца з 2 частак: ніжняй, акругла-ўспушанай (аскагон), у якой адна ці некалькі буйных, часта мнагаядзерных клетак, і верхняй больш-менш выцягнутай цыліндрычнай (трыхагіна), праз якую мужчынскія палавыя клеткі пранікаюць у аскагон. Пасля гэтага з архікарпа вырастаюць гіфы, на канцах якіх утвараюцца сумкі (аскі) са спорамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫМУ́ЧАЯ РТУЦЬ, фульмінат ртуці,
ртутная соль грымучай кіслаты, Hg(CNO)2; ініцыіруючае выбуховае рэчыва. Бясколерны ці шэры крышт. парашок. Нерастваральны ў вадзе. Шчыльн. монакрышталёў 4420 кг/м³. Лёгка ўзрываецца ад удару, трэння і інш.мех. і цеплавых уздзеянняў. Пры т-ры 179—180 °C самазагараецца з выбухам (цеплата выбуху 1,8 Мдж/кг). Захоўваюць пад слоем вады (вільготная менш небяспечная). Выкарыстоўваюць у капсулях-дэтанатарах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПРАВА́ННЕ ПАСЕ́ВАЎ,
частковая або поўная гібель азімых збожжавых культур і інш. раслін, якія зімуюць, ад знясілення ў выніку доўгага знаходжання пад глыбокім снегавым покрывам. Бывае, калі ўвосень рана выпадае снег на незамёрзлую зямлю або доўга не сыходзіць вясной. На Беларусі найб. пашкоджваюцца перарослыя і загусцелыя пасевы азімых (жыта менш устойлівае, чым пшаніца), асабліва пры адначасовым іх падмаканні пры працяглых адлігах і напярэдадні інтэнсіўнага раставання снегу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯСКІ́Т (ад назвы п-ва Аляска, дзе ўпершыню знойдзены),
інтрузіўная субшчолачная горная парода; граніт, у якім менш за 5% цёмнаколерных мінералаў. Складаецца з каліевага палявога шпату (каля 65%) і кварцу (каля 35%). Структура крышт.-зярністая, радзей парфірападобная. Колер мяса-чырвоны, ружовы, белы, светла-шэры. Магматычнага, іншы раз метасаматычнага паходжання. Утварае буйныя масівы. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці шкла, тонкай керамікі, як буд. друз і абліцовачны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМНАФІ́ЛЬНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,
жывёлы азёр, вадасховішчаў, сажалак. Па размяшчэнні ў вадаёме вылучаюць арганізмы, якія жывуць на дне (бентас), у тоўшчы вады (нектон, планктон), на воднай паверхні, на мяжы вады і атмасферы (нейстон, плейстон). Л.ж., у адрозненне ад рэафілаў, менш патрабавальныя да колькасці кіслароду ў вадзе, у іх няма органаў прымацавання да субстрату. Асобныя віды Л.ж. разглядаюцца як біял. індыкатары воднага асяроддзя. Гл. таксама Лімнабіёнты.