ЕПА́РХІЯ (грэч. eparchia),

царкоўна-адм. адзінка (вобласць, зямля, дзяржава), падведамасная епіскапу. Першапачаткова дзярж.-адм. адзінка ў Рымскай імперыі. Калі з 4 ст. царк.-адм. падзел стаў адпавядаць дзярж.-адм. падзелу імперыі, назва «Е.» пачала ўжывацца і хрысціянскай царквой. Складаецца з прыходаў (парафій). Назвы Е. звычайна супадалі з назвамі гарадоў, дзе размяшчаліся епіскапскія кафедры.

Е. на Беларусі ў праваслаўнай царкве на 1997: Брэсцкая (засн. ў 1942. адноўлена ў 1990), Віцебская (засн. ў 1942, адноўлена ў 1992), Гродзенская (засн. ў 1900, адноўлена ў 1992), Гомельская (засн. ў 1990), Магілёўская (засн. ў 1632, адноўлена ў 1989), Мінская (засн. ў 1793), Навагрудская [у 1316 Навагрудак стаў цэнтрам Кіеўскай (Літоўска-Навагрудскай) мітраполіі, у 1992 Е. адноўлена], Пінская (засн. ў 1241, адноўлена ў 1990), Полацкая (засн. ў 992, адноўлена ў 1989), Тураўская (засн. ў 1005, адноўлена ў 1992).

Е. на Беларусі ў рымска-каталіцкай царкве на 1997: Гродзенская (засн. ў 1991), Мінска-Магілёўская (Мінская засн. ў 1798, Магілёўская — у 1773, аб’яднаная Е. адноўлена ў 1991), Пінская апостальская адміністрацыя (засн. ў 1925, адноўлена ў 1991 з падпарадкаваннем Мінска-Магілёўскай Е.).

У грэка-каталіцкай царкве на тэр. Беларусі паміж 1595 і 1839 у розны час існавалі Е.: Кіеўская мітрапаліцкая (з рэзідэнцыяй мітрапалітаў у Вільні і Навагрудку, часам у Варшаве), Беларуская (Полацкая), Брэсцкая (Уладзімірска-Брэсцкая), Літоўская (Віленская), Смаленская, Турава-Пінская. У 1941—42 на акупіраванай тэр. Беларусі дзейнічаў Бел. грэка-каталіцкі экзархат з падпарадкаваннем мітрапаліту галіцкаму на Украіне, але сталая епархіяльная структура ў бел. уніятаў не склалася.

Літ.:

Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Мн., 1990.

т. 6, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЭ́ЛА (позналац. capella, італьян. cappella капліца),

1) у архітэктуры — каталіцкая ці англіканская шліца ў выглядзе невял. збудавання або памяшкання для богаслужэнняў, малітваў адной сям’і, захавання рэліквій і інш. Будавалася асобна (Сіксцінская капэла) ці размяшчалася ў храмах (у бакавых нефах ці вакол хораў — «вянок капэл» у гатычнай архітэктуры), замках, палацах.

2) У музыцы — харавы выканальніцкі калектыў. З 15 ст. К. наз. царк. хары, што спявалі без суправаджэння (адсюль спевы a cappella). У 16—17 ст. з развіццём інстр. музыкі К. ператварыліся ў мяшаныя ансамблі або аркестры пры дварах магнатаў. Сярод буйнейшых К. — Сіксцінская капэла ў Ватыкане, імператарская Прыдворная пеўчая капэла (з 1990 Санкт-Пецярбургская акадэмічная капэла імя М.​І.​Глінкі). На Беларусі з 17 ст. існавалі К. пры дварах магнатаў і калегіумах, асабліва пашыраны ў 2-й пал. 18—19 ст. (гл. Прыгонныя аркестры і капэлы). У асноўным гэта былі аркестры з групай салістаў-вакалістаў, якія складаліся з замежных музыкантаў і прыгонных, падрыхтаваных у мясц. муз. школах. Найбольшыя з іх — Гродзенская капэла Тызенгаўза, Гродзенская капэла езуіцкай бурсы, Нясвіжская капэла Радзівілаў, Слонімская капэла Агінскага. Бел. харавыя прафес. К. 20 ст.: Беларуская дзяржаўная капэла, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь. Працуюць шматлікія самадзейныя, у т. л. народныя, хар. К. К. наз. таксама аркестры асаблівага складу (ваен. К., джазавая К., Кіеўская К. бандурыстаў), некат. сімф. аркестры (Дрэздэнская, Берлінская К. і інш.). У цэнтр. і зах. раёнах Беларусі «капэлямі» ці «аркестрамі» называюць нар. інстр. ансамблі вял. складу. К. наз. і творчыя маст. аб’яднанні, дзейнасць якіх накіравана пераважна на адраджэнне старадаўняй музыкі (гл. Дзяржаўная акадэмічная сімфанічная капэла Расіі, «Беларуская капэла», «Гродзенская капэла»).

т. 8, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ЛАЦКІ СШЫ́ТАК»,

рукапісны зборнік старадаўняй бел. музыкі 16—17 ст.; яркі ўзор бел. свецкай кантавай культуры. Выклеены з вокладкі уніяцкага служэбніка, набытага ў 1956 б-кай Ягелонскага ун-та ў Кракаве (Польшча). Папера зборніка выраблена паміж 1633—50 (паводле вадзяных знакаў), пераплецены служэбнік да 1680. Напачатку кніга належала уніяцкай царкве ў в. Астрамечава (Брэсцкі р-н). Апісаў зборнік польскі даследчык Е.​Голас. «П.с.» уключае больш за 60 вак. і інстр. муз. твораў з выразнымі стылявымі рысамі барока. Сярод іх шматгалосыя канты і псальмы, фрагменты царк. музыкі з лічбаваным басам (для выканання на аргане). Мясцовыя напаўфалькл. традыцыі спалучаюцца ў музыцы з італьян. і франц. ўплывамі. Інтанацыйны строй мелодый грунтуецца на слав. нар.-песенным меласе і тыповых кантавых, часам стэрэатыпізаваных, папеўках і кадэнцыйных зваротах. Сустракаюцца формульныя напевы, якія выконваліся на розныя паэт. тэксты. Стылістыка песенных і танц. твораў блізкая да стылістыкі кантаў і псальмоў. Тэксты рукапісу напісаны на лац., стараслав., старабел. мовах. Для запісу музыкі выкарыстаны 2 натацыі — круглая заходнееўрап. (т.зв. італьянская) для літургічных твораў, круглая італьян. і квадратная «кіеўская» для свецкіх. На аснове зборніка ў Польшчы выдадзена грампласцінка «Песні, танцы і паваны», на супервокладцы якой падкрэслена бел. паходжанне муз. твораў. Некат. творы «П.с.» ўключыў у свой рэпертуар ансамбль старадаўняй музыкі Бел. дзярж. філармоніі «Кантабіле» (які і даў зборніку назву), некалькі кантаў з рэстаўрыраваным бел. тэкстам выконвае маск. камерны хор «Віват». Музыка «П.с.» неаднаразова выконвалася па Бел. тэлебачанні і радыё.

Літ.:

Герасимова-Персидская Н.А. Партесный концерт в истории музыкальной культуры. М., 1983. С.35;

Gołos J. // Nowe spojrzenie na rękopis 10002 BJ. // Muzyka. 1973. № 3;

Касьцюкавец Л. «Полацкі сшытак» // Полацак. 1991. № 8.

Л.​П.​Касцюкавец, А.​І.​Мальдзіс.

т. 12, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРААКУМУЛЮ́ЮЧАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ (ГАЭС),

гідраэлектрычная станцыя, прызначаная для зняцця пікаў нагрузкі энергасістэмы. Складаецца з двух басейнаў (вадасховішчаў), размешчаных адзін над адным і злучаных трубаправодам. Прынцып дзеяння заключаецца ў ператварэнні эл. энергіі, атрыманай ад інш. электрастанцый, у патэнцыяльную (акумуляваную ў верхнім басейне) энергію вады з наступным ператварэннем яе зноў у эл. энергію. Дае магчымасць рэгуляваць на працягу сутак, тыдня, сезона дзеянне цеплавых, атамных і інш. станцый, выраўноўвае графік і павышае надзейнасць іх работы.

ГАЭС звычайна абсталёўваюць абарачальнымі гідраагрэгатамі. У часы малых нагрузак (напр., ноччу) пры сілкаванні ад энергасістэмы гідрагенератары працуюць як электрарухавікі і прыводзяць у дзеянне гідраўлічныя турбіны, якія са зменай напрамку вярчэння дзейнічаюць як помпы і перапампоўваюць ваду з ніжняга басейна ў верхні. Колькасць акумуляванай энергіі вызначаецца ёмістасцю верхняга басейна (можа быць штучным або прыродным, напр., возера) і рабочым напорам. У перыяды пікаў (максімумаў) нагрузкі назапашаная вада з верхняга басейна па трубаправодах паступае ў гідраагрэгаты, якія працуюць пры гэтым у генератарным рэжыме і выпрацоўваюць электраэнергію, аддаючы яе ў энергасістэму, а вада назапашваецца ў ніжнім басейне. Будаваць ГАЭС найб. мэтазгодна паблізу ад цэнтраў спажывання электраэнергіі і з як мага большым напорам. Першай у б. СССР дала ток Кіеўская ГАЭС магутнасцю 225 МВт і напорам 73 м (1970). Сярод буйнейшых ГАЭС: Загорская (Маскоўская вобл., Расія) — 1200 МВт, напор 100 м; Віяндэн (Люксембург) — 900 МВт, 280 м; Круахан (Вялікабрытанія) — 400 МВт, 440 м; Том-Сок (ЗША) — 350 МВт, 253 м; Хоэнвартэ-II (ФРГ) — 320 МВт, 305 м.

Літ.:

Гл. пры арт. Гідраэлектрычная станцыя.

У.​М.​Сацута.

Гідраакумулюючая электрастанцыя: а — разрэз; б — план; 1 — верхні вадаём; 2 — напорны вадавод (трубаправод); 3 — будынак электрастанцыі; 4 — ніжні вадаём; 5 — плаціна з вадаскідам.
Рэжымы работы гідраакумулюючай электрастанцыі: 1 — помпавы (перапампоўванне вады з ніжняга басейна ў верхні пры сілкаванні ад энергасістэмы); 2 — генератарны (рэжым звычайнай ГЭС з аддачай электраэнергіі ў энергасістэму).

т. 5, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАШКЕ́ВІЧ (Алесь) (Аляксандр Лявонавіч; н. 1.5.1930, в. Пярэвалачня Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік, драматург. Канд. гіст. н. (1967). Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў БДУ (1955). Працаваў у ЦК ЛКСМБ, ЦК КПБ. У 1967—75, 1979—91 адказны сакратар, нам. гал. рэдактара ў выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». У 1975—76 рэктар Мінскага ін-та культуры. У 1991—98 кіраўнік арганізац.-метадычнага цэнтра па выданні гіст.-дакумент. хронік «Памяць». Друкуецца з 1954. Першая камедыя — «Адкуль грэх?» (паст. Бел. т-рам імя Я.​Купалы, 1969). Камедыі «Укралі кодэкс» (паст. Гомельскім абл. т-рам, 1976), «Злыдзень» (паст. 1973), «Ка-тастро-фа» («Куды ноч, туды сон», паст. 1987, абедзве Магілёўскім абл. т-рам драмы і камедыі), драмы «Трывога» (паст. Бел. т-рам імя Я.​Коласа, 1974), «Соль» (паст. Дзярж. рус. драм. т-рам, 1981), «У спадчыну — жыццё» (паст. Бел. рэсп. т-рам юнага гледача, 1985), «Дагарэла свечачка...» (паст. 1997), гіст. п’есы «Напісанае застаецца» (паст. 1979, абедзве т-рам імя Я.​Купалы), «Русь Кіеўская» (паст. Гомельскім абл. т-рам, 1983), «Прарок для Айчыны» (тэлеспектакль, 1995) і інш. адлюстроўваюць розныя перыяды з жыцця краіны, надзённыя маральныя праблемы. Значнае месца ў творчасці займае распрацоўка гіст. тэматыкі. П’есам ўласцівы канцэптуальнасць, сцэнічнасць, дынамізм, вострая інтрыга, публіцыстычная страснасць, дакладнасць моўнай характарыстыкі вобразаў. Аўтар п’ес «Мост упоперак ракі» (1986), «Дзівак чалавек» (1996), «Інтэлігент» (1999), «Прагноз на паслязаўтра», «Воля на крыжы», «Меч Рагвалода» (усе 2000), апавяданняў, нарысаў, фельетонаў, памфлетаў, сцэнарыяў маст. фільмаў «Уваскрэсная ноч» (1977), «Нас выбраў час» (з У.​Халіпам, 5 серый, 1976—78), дакумент. фільмаў «Францыск, сын Скарынін» (1990), «Гетман найвышэйшы» (1992), радыёспектакляў «Злавеснае рэха» (1984), «Надзвычай цяжкая пасада» (1986), лібрэта оперы «Новая зямля» паводле аднайм. паэмы Я.​Коласа (муз. Ю.​Семянякі, паст. Дзярж. т-рам оперы і балета Беларусі, 1982) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

П’есы. Мн., 1976;

Соль: П’есы. Мн., 1988;

Воля на крыжы: Гіст. п’есы. Мн., 2000;

Рус. пер. — Избранное. М., 1986.

Літ.:

Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя. Мн., 1985;

Смольскі Р. Тэатр у прасторы часу. Мн., 1998;

Баравік Р. Рэжысура Беларусі: праблемы канцэптуальнасці спектакляў. Мн., 2000.

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЖА́ АСЕ́ЛАСЦІ, мяжа яўрэйскай аселасці,

частка тэр. Рас. імперыі, з якой у 1792—1917 не дазвалялася свабоднае перасяленне яўрэяў у інш. рэгіёны краіны. Першапачаткова ўводзілася з мэтай абараніць інтарэсы рас. купцоў і прадпрымальнікаў ад канкурэнцыі яўр. капіталу з зямель, што былі далучаны да Расіі ў сярэдзіне 17 — пач. 19 ст.: у выніку вайны з Рэччу Паспалітай 1654—67, трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) і войнаў з Турцыяй (1735—39, 1768—74, 1787—91, 1806—12). Ахоплівала пераважна вобласці традыц. рассялення яўрэяў на тэр. б. Рэчы Паспалітай (Беларусь, б.ч. Украіны, Літва, ч. Латвіі) і каланізаваныя яўрэямі стэпавыя раёны Паўн. Прычарнамор’я, што былі адваяваны Расіяй у туркаў і крымскіх татар (паўд. вобласці Украіны і ч. Малдовы). Падставай для ўвядзення М.а. стаў дазвол у студз. 1780 яўрэям Магілёўскага і Полацкага намесніцтваў запісвацца ў гар. купецкае і мяшчанскае саслоўі. Указам ад 3.1.1792 Кацярына II забараніла яўрэям запісвацца ў купецкае саслоўе рас. гарадоў і партоў, а дазволіла мець правы «грамадзянства і мяшчанства» толькі ў межах бел. намесніцтваў і Таўрычаскай вобл. Указам ад 4.10.1794 права аселага жыхарства і купецка-мяшчанскіх заняткаў для яўрэяў дазволена ў 10 новаўтвораных губернях. 14.5.1795 яўрэям-купцам і мяшчанам забаронена перамяшчацца з губерні ў губерню. Паводле Палажэння аб яўрэях 1804 ім дазвалялася пражываць у 13 зах. губернях. У адпаведнасці з палажэннем 1835 у М.а. ўключаны 15 губерняў: Бесарабская, Валынская, Віленская, Віцебская, Гродзенская, Екацярынаслаўская, Кіеўская, Ковенская, Магілёўская, Мінская, Падольская, Палтаўская, Таўрычаская, Херсонская, Чарнігаўская. У межах М.а. яўрэям забаранялася пражываць у вёсках, а таксама ў Кіеве, Севастопалі і Ялце. У Курляндскай губ., на Каўказе, а пазней і ў Сярэдняй Азіі дазвалялася пражываць толькі «мясц. яўрэям». Абмежавальнае заканадаўства не датычыла яўрэяў, якія прымалі праваслаўе. У 1835 яўрэям дазволена па-за М.а. набываць нерухомасць (акрамя маёнткаў, населеных сялянамі), засноўваць земляробчыя калоніі і фабрыкі. З абмежавальнага заканадаўства выключаліся купцы 1-й гільдыі (указ 1859), асобы з вышэйшай (1861) і сярэдняй (1865, 1866, 1872) адукацыяй, рамеснікі, механікі, вінакуры (1865), аптэкары, дантысты, фельчары, павітухі (1879), ваеннаслужачыя па рэкруцкім наборы з сем’ямі (1860, 1867). М.а. і ўсе заканадаўчыя абмежаванні яўрэяў у грамадзянска-маёмасных правах скасаваны пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 паводле закону «Аб адмене веравызнальных і нацыянальных абмежаванняў» (2.4.1917).

Літ.:

Анищенко Е.К. Черта оседлости: (Бел. синагога в царствование Екатерины II). Мн., 1998.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 11, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), палеаген,

першая сістэма кайназойскай эратэмы (групы) агульнай стратыграфічнай шкалы, адпавядае першаму перыяду кайназойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі мелавой сістэмы (перыяду), папярэднічае неагенавай сістэме (перыяду). Пачалася каля 65 млн. г. назад, доўжылася больш за 40 млн. гадоў. Назву ўвёў ням. геолаг К.​Наўман (1866). У самастойную сістэму вылучана ў 1960, да таго лічылася падсістэмай (аддзелам) трацічнай сістэмы. Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі): палеацэн (ранняя), эацэн (сярэдняя) і алігацэн (позняя). На Беларусі палеаген, паводле прынятай схемы ў Зах. Еўропе, падзяляецца на ярусы (вякі): дацкі і танецкі (ніжні аддзел), лютэцкі, бартонскі і прыабонскі (сярэдні), рупельскі і хацкі (верхні). Паводле характэрных комплексаў выкапнёвых фарамініфераў, нанапланктону і рэшткаў раслін вылучана 7 світ: сумская, канеўская, бучацкая, кіеўская, харкаўская, страдубская, крупейская.

У палеагене сфарміраваліся складкавыя структуры альпід і ўзніклі восевыя часткі сучасных Пірэнеяў, Альпаў, Карпат, Крыма, Каўказа, Паміра, Гімалаяў і інш. Платформы неаднойчы зведалі марскія трансгрэсіі і рэгрэсіі. Адклады палеагену пашыраны на ўсіх кантынентах і прадстаўлены пераважна марскімі, радзей кантынентальнымі ўтварэннямі. З імі звязаны радовішчы нафты, газу, бурых вуглёў, жал. і марганцавых руд і інш. У флоры панавалі пакрытанасенныя, паступова з’яўляліся віды, больш падобныя на сучасныя. У жывёльным свеце для марской фауны характэрны нумуліты, сярод наземных жывёл — млекакормячыя. У эацэне з’явіліся драпежнікі, капытныя, грызуны, рукакрылыя, у алігацэне — першыя хобатныя, чалавекападобныя малпы. У канцы эацэну адбылося глабальнае пахаладанне клімату, пачалося фарміраванне ледавіковага шчыта Антарктыды.

На Беларусі адклады П.с.(п.) пашыраны на Пд і ў цэнтр. частцы. Палеацэн — раннеалігацэнавы час прадстаўлены марскімі адкладамі (пяскі кварцавыя, глаўканіт-кварцавыя, алеўрыты, пясчанікі, гліны, мергелі, апокі і інш.); позні алігацэн — кантынентальнымі адкладамі (пяскі, гліны, месцамі вуглістыя). Агульная магутнасць да 80 м. Залягаюць на глыб. 30—220 м, па далінах р. Дняпро і яе прытокаў месцамі выходзяць на паверхню. З адкладамі П.с. (п.) звязаны радовішчы фасфарытаў, глаўканіту, тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, бурых вуглёў, праяўленні бурштыну і тытан-цырконіевых россыпаў. Макс. трансгрэсія (харкаўскае мора — апошняе на Беларусі) ахапіла да 60% тэрыторыі. 3 сярэдзіны алігацэну (каля 30 млн. г. назад) асадканамнажэнне праходзіла ў далінах палеарэк, азёрах і забалочаных нізінах. Інтэнсіўна развіваўся карст. Флора была субтрапічная: вечназялёныя і цвердалістыя пароды з дамешкамі шыракалістых лістападных форм і голанасенных раслін. На працягу палеагену клімат змяніўся ад трапічнага да субтрапічнага, блізкага да цеплаўмеранага.

Літ.:

Маныкин С.С. Палеоген Белоруссии. Мн., 1973.

Л.​І.​Мурашка.

т. 11, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІДРЫГА́ЙЛЫ ПАЎСТА́ННЕ 1432—39,

прынятая ў гістарыяграфіі назва феад. вайны ў ВКЛ, у якую былі ўцягнуты ўсе пласты грамадства. Мела дынастычны характар барацьбы за дзярж. ўладу паміж 2 прадстаўнікамі дынастыі Гедзімінавічаў — Свідрыгайлам Альгердавічам і Жыгімонтам Кейстутавічам. Пасля абвяшчэння 1.9.1432 вял. князем Жыгімонта, якога падтрымала пераважна літ. арыстакратыя, скінуты з трона Свідрыгайла ўцёк у Полацк. Уладу Жыгімонта прызнала Жамойць, Літва і больш цесна з ёю звязаныя Брэсцкая і Мінская землі, прынёманскія воласці, Падляшша. Полацкая, Віцебская, Смаленская, Ноўгарад-Северская і Кіеўская землі, Валынь і Падолле падтрымалі Свідрыгайлу. Жыгімонт, не маючы дастатковых сіл, аднавіў дзярж. унію з Польшчай (15.10.1432 у Гродне). Яе ўмовы былі змешчаны ў акце Жыгімонта ад 15.10.1432 і акце Ягайлы ад 3.1.1433. Свідрыгайла атрымаў падтрымку ад вял. князя цвярскога, Лівонскага ордэна. У ліст. 1432 Свідрыгайла пачаў ваен. дзеянні. У жн. 1433 ён захапіў Коўна. Вяртаючыся назад, загадаў спаліць Заслаўе і Мінск. Восенню 1433 Жыгімонт спрабаваў авалодаць Мсціславам і Віцебскам, якія належалі Свідрыгайлу. Каб перацягнуць на свой бок жыхароў бел. і ўкр. зямель, Жыгімонт выдаў прывілей 1434, якім ураўнаваў асабістыя і маёмасныя правы правасл. баяр з правамі баяр-католікаў. У жн. 1435 войскі Свідрыгайлы і лівонскага магістра Ф.​Керскорфа ўварваліся ў Літву з Браслава. 1.9.1435 на р. Швянтойі каля Вількаміра гэта войска разбіта войскам Жыгімонта; лівонскае войска амаль цалкам знішчана, забіты магістр. Вял. страты мела і войска Свідрыгайлы, а сам ён вярнуўся ў Полацк. Летам 1436 Полацк і Віцебск перайшлі на бок Жыгімонта, які пацвердзіў гэтым землям ранейшыя іх прывілеі. Замацаваўшыся ў ВКЛ, Жыгімонт пачаў праводзіць больш самаст. палітыку ў адносінах да Польшчы. Таму польскія феадалы цяпер пачалі падтрымліваць Свідрыгайлу. Супраць Жыгімонта выступіла і апазіцыя літ. знаці, незадаволеная рэпрэсіямі Жыгімонта і тым, што на дзярж. пасады ён прызначаў прадстаўнікоў дробнага і сярэдняга бел. і літ. баярства. У жн. 1437 Свідрыгайла прапанаваў свайму пляменніку Уладзіславу III перадаць свае землі ў падпарадкаванне польскай кароне. Гэта паўплывала на пазіцыю баяр Кіеўскай і Валынскай зямель, якія не мелі намеру далучацца да Польшчы. Першае наступленне войска Жыгімонта на Кіеў было адбіта Свідрыгайлавым ваяводам Юршою, але пасля 2-га паходу Кіеў быў падпарадкаваны Жыгімонтам. Пад уладаю Свідрыгайлы засталіся Валынь і Падолле. Пасля ад’езду Свідрыгайлы ў Малдову, а потым у Пакуцце Валынь і Падолле прызналі ўладу Жыгімонта. Феадальная вайна скончылася.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 14, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎ,

горад, сталіца Украіны, цэнтр Кіеўскай вобл., на р. Дняпро. 2638,7 тыс. ж. (1995). Буйны вузел чыг., аўтамаб. і паветр. шляхоў зносін. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт у г. Барыспаль (прыгарад К.). Цэнтр машынабудавання (станкабудаванне, трансп. машынабудаванне, дакладнае прыладабудаванне, электратэхніка і радыёэлектроніка). Прамысловасць: лёгкая (шаўковая, трыкат., швейная, абутковая), паліграф., хім., харчасмакавая; вытв-сць буд. матэрыялаў. Метрапалітэн (з 1960).

Пасяленні на тэр. К. існавалі са старажытнасці. З канца 5 ст. цэнтр племя палян. Паводле летапіснага падання, засн. ў канцы 6 — пач. 7 ст. палянскімі князямі Кіем, Шчэкам, Харывам. У летапісах упершыню згадваецца пад 860 у сувязі з паходам Русі на Візантыю. Пасля ўтварэння ў канцы 9 ст. Кіеўскай Русі стаў яе паліт. цэнтрам, тут развіваліся рамёствы, пісьменнасць, архітэктура, жывапіс; кантактаваў з Полацкам і інш. бел. гарадамі. Пасля хрышчэння Русі ў К. пабудаваны першыя цэрквы, пры кн. Яраславе Мудрым — Кіеўскі Сафійскі сабор, Пячэрскі манастыр (гл. Кіева-пячэрская лаўра). Тут адбыліся Кіеўскае паўстанне 1068—69 (у час паўстання ў К. кароткі час княжыў Усяслаў Брачыславіч), Кіеўскае паўстанне 1113. У 1169 разрабаваны войскам кн. Андрэя Багалюбскага, у 1203 спустошаны кн. Рурыкам Расціславічам, у 1240 разбураны мангола-татарамі. З 1362 у складзе ВКЛ. З 1399 вытрымаў аблогу тат. войска, у 1416 захоплены ханам Адыгеем, у 1482 — крымскім ханам Менглі-Гірэем. З 1471 цэнтр Кіеўскага ваяводства. У канцы 15 ст. атрымаў магдэбургскае права. З 1569 у складзе Рэчы Паспалітай. Пасля заключэння Брэсцкай уніі 1596 адзін з антыкаталіцкіх і антыуніяцкіх цэнтраў. Каля 1615 пры Богаяўленскім манастыры створана Кіеўскае правасл. брацтва. У сярэдзіне 17 ст. дзейнічалі 4 касцёлы, дамініканскі манастыр, езуіцкі калегіум (з 1647). З 1654 у складзе Расіі, цэнтр Кіеўскага ваяводства, з 1708 — Кіеўскай губ. (у 1781—97 намесніцтва). У 18 ст. ўзніклі першыя буйныя прамысл. прадпрыемствы: Арсенал (1764), Кіева-Мяжыгарская фаянсавая ф-ка (1801). У 1809 адкрыта 1-я мужчынская гімназія, у 1834 — Кіеўскі нацыянальны універсітэт (у ім вучылася нямала выхадцаў з Беларусі). У 1820-я г. ў К. праходзілі сходы Паўд. т-ва дзекабрыстаў. Дзейнічалі Кірыла-Мяфодзіеўскае таварыства (1845—47), Кіева-Харкаўскае т-ва (1858—60). У канцы 19 — пач. 20 ст. буйны прамысл. цэнтр (у 1897 было 17 вял. прадпрыемстваў). Пасля пракладкі ў 1860-я г. Кіева-Адэскай і Кіева-Курскай чыгунак і з развіццём суднаходства па Дняпры К. — буйны трансп. вузел (у 1868 адкрыты Гал. майстэрні Паўд.Зах. чыгункі, у 1873 суднарамонтныя майстэрні). У 1890 засн. Політэхнічны ін-т, у 1899 Музей старажытнасцей і мастацтваў. У рэвалюцыю 1905—07 рас. ўлады расстралялі ў К. 30-тысячную дэманстрацыю (18.10.1905), адбыліся паўстанні сапёраў (1905 і 1907), створаны першыя прафсаюзы У 1913 у К. 595 тыс. ж., больш за 170 прадпрыемстваў. У 1-ю сусв. вайну тут размяшчаўся штаб Кіеўскай ваен. акругі. У сак. 1918 горад акупіраваны войскамі Германіі, у снеж. 1918 захоплены войскамі С.​В.​Пятлюры, у жн. 1919 — белагвардзейцамі, у маі 1920 — войскамі Польшчы. У чэрв. 1920 вызвалены Чырв. Арміяй. З 1919 у К. базіравалася частка караблёў і падраздзяленняў Дняпроўскай ваеннай флатыліі, у 1940—41 — Пінскай ваеннай флатыліі. З 1934 сталіца Украіны. У Вял. Айч. вайну 20.9.1941—6.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. войскамі, месца жорсткіх баёў (гл. Кіеўская абарончая аперацыя 1941, Кіеўская наступальная аперацыя 1943).

Пачатак буд-ва горада паклалі 3 стараж.

паселішчы 6—7 ст. на Старакіеўскай, Шчокавіцкай і Хоравай гарах. У 10 ст. К. падзяляўся на Верхні горад (Стары К.) з Дзесяціннай царквой (989—96, зруйнавана ў 1240) і Ніжні горад (Падол) з майстэрнямі і дамамі рамеснікаў. У 11 ст. Верхні горад з кампазіцыйнай дамінантай — Кіеўскім Сафійскім саборам — абкружаны крапаснымі сценамі (захаваліся фрагменты мураванай Залатой брамы, 1037, рэканструявана ў 1982); з’явіліся першыя пабудовы Кіева-Пячэрскай лаўры і Выдубіцкага манастыра Ад 12 ст. захаваліся цэрквы Спаса на Бераставе (1113—25, размалёўкі 12 ст.; перабудавана ў 17 ст.) і Кірылаўская (1146, фрэскі 12 ст.; перабудавана ў 18 ст. ў стылі ўкр. барока, арх І.​Р.​Грыгаровіч-Барскі). Манум. цэрквы Міколы Прыціска (1631) і Ільінская (1692) пабудаваны ў формах, блізкіх укр. драўлянаму дойлідству. Сярод помнікаў укр. барока: званіца (канец 17 ст. — 1853, арх. Г.​І.​Шэдэль і П.​І.​Спаро), брама Забароўскага (1746—48, арх. Шэдэль), пабудовы Сафійскага манастыра, Георгіеўская царква, трапезная (абодва 1696—1701) і званіца (1727—33) Выдубіцкага манастыра, цэрквы Ушэсця (1732), Пакроўская (1766, арх. Грыгаровіч-Барскі), Андрэеўская (1748—53, арх. В.​В.​Растрэлі і інш.; жывапіс іканастаса ў стылі ракако, мастакі А.​П.​Антропаў і Р.​К.​Лявіцкі); палацы Марыінскі (1752—55, арх. Растрэлі і І.​Ф.​Мічурын), Клоўскі (1754—58, арх. С.​Дз.​Коўнір і П.​І.​Няелаў). У стылі класіцызму пабудаваны манумент у гонар магдэбургскага права (1802—08; выш. 23,1 м), царква-ратонда на Аскольдавай магіле (1803—10, арх. абодвух А.​І.​Мяленскі, надбудавана ў 1935—36), Кантрактавы дом на Падоле (1815—17, арх. В.​І.​Гестэ), ун-т (1837—43, арх. В.​І.​Берэці). У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. К. забудоўваўся стыхійна ў духу стылізатарства і эклектыкі: Уладзімірскі сабор (1862—96, арх. А.​В.​Берэці, І.​В.​Штром, Спаро; размалёўкі В.​М.​Васняцова, М.​В.​Несцерава, М.​К.​Піманенкі і інш.), оперны т-р (1897—1901, арх. В.​А.​Шротэр), будынкі Музея ўкр. выяўл. мастацтва (1900, арх. Г.​П.​Байцоў і У.​У.​Гарадзецкі), дзяржбанка (1902—05, арх. А.​В.​Кобелеў і А.​М.​Вярбіцкі), дом з хімерамі (1902—03, арх. Гарадзецкі). Пастаўлены помнікі кн. Уладзіміру (1853, скульпт. В.​І.​Дэмут-Маліноўскі, П.​К.​Клот, арх. К.​А.​Тон), Багдану Хмяльніцкаму (1870—88, скульпт. М.​В.​Мікешын). Жыллёвае і грамадскае буд-ва 1-й пал. 20 ст. мела манум. характар: чыг. вакзал (1927—33, арх. Вярбіцкі), стадыён (1936—46, арх. М.​І.​Грачына), помнік Т.​Р.​Шаўчэнку (1938, скульпт. М.​Г.​Манізер, арх Я.​А.​Левінсон). У Вял. Айч. вайну К. моцна пашкоджаны. Паводле генплана 1945—47 створаны новы арх. ансамбль гал. вуліцы К. — Крашчацік (1947—54, арх А.​В.​Уласаў, А.​У.​Дабравольскі, Б.​І.​Прыймак і інш.). У 1950—60 інтэнсіўна забудоўваліся новыя жылыя масівы (Першамайскі, Русанаўка, Абалонь, Троешчына), пачата буд-ва метрапалітэна. Найб. значныя пабудовы 2-й пал. 20 ст.: мост Патона (1951, арх. Прыймак і інш), Палац спорту (1958—60, арх. Грачына, А.​І.​Завараў і інш.), гасцініца «Дняпро» (1964, арх. В.​Дз.​Елізараў, Н.​Б.​Чмуціна), Палац культуры «Украіна» (1970, арх. Я.​А.​Марынчанка, І.​Г.​Вайнер, П.​Н.​Жыліцкі), комплекс Укр. музея гісторыі Вял. Айч. вайны (1981, скульпт. Я.​В.​Вучэціч, В.​З.​Барадай, Ф.​М.​Сагаян, арх. Елізараў і інш.), помнікі Лесі Украінцы (1973), М.​В.​Гогалю (1982), АН Украіны. 18 ВНУ, у т. л. Кіеўскі нацыянальны універсітэт, 15 тэатраў, у т. л. Укр. т-р оперы і балета. Каля 30 музеяў: літ.-маст. Т.​Р.​Шаўчэнкі, гіст., укр. выяўл. мастацтва, рус. мастацтва, зах. і ўсх. мастацтва, нар. архітэктуры і побыту, гісторыі Кіева, археал. нар. дэкаратыўнага мастацтва, архіў-музей л-ры і мастацтва, гісторыі медыцыны і інш. Рэсп. стадыён.

З часоў Кіеўскай Русі К. быў адным з цэнтраў маст. культуры. У 10 ст. тут зарадзілася Кіеўская маст. школа (фрэскі і мазаікі Дзесяціннай царквы, Сафійскага сабора, мініяцюры Астрамірава евангелля, Ізборніка Святаслава і інш.). Пры лаўры існавала іканапісная майстэрня, настаўнікі і вучні якой у сярэдзіне 18 ст. стварылі «кужбушкі» — альбомы малюнкаў і гравюр высокага маст. ўзроўню. У 13—18 ст. мастакі К. працягвалі стараж. традыцыі (мініяцюры Кіеўскага псалтыра, 1397). У 1901 на базе рысавальнай школы М.​І.​Мурашкі створана маст. вучылішча.

Літ.:

Логвин Г.Н. Киев 2 изд. М., 1982;

Толочко П.П. Древний Киев. Киев, 1983;

Киев: Энцикл. справ. 2 изд. Киев 1985.

Уладзімірскі сабор у Кіеве. Арх. А.​Берэці, І.​Штром, П.​Спаро. 1862—96.
Плошча Незалежнасці ў Кіеве.
Кіеў. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета імя Т.​Р.​Шаўчэнкі.
Дом з хімерамі ў Кіеве. Арх. У.​Гарадзецкі. 1902—03.

т. 8, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕВА-ПЯЧЭ́РСКАЯ ЛА́ЎРА,

мужчынскі правасл. манастыр у Кіеве. Засн. ў 1051 пры князю Яраславе Мудрым манахамі Антоніем і Феадосіем у пячэрах (адсюль назва) на правым беразе Дняпра. У 11 ст. адзін з гал. цэнтраў распаўсюджання хрысціянства на Русі, стараж. кніжнасці (вялося летапісанне, складзены зб. жыціяў манахаў «Кіева Пячэрскі пацярык»), стараж.-рус. і ўкр. іканапісу. У 1096 манастыр моцна пацярпеў ад набегу полаўцаў, у 1240 разбураны войскамі хана Батыя, у 1482 разрабаваны і спалены крымскім ханам Менглі-Гірэем. У 16—17 ст. адзін з цэнтраў антыкаталіцкага і антыуніяцкага руху на Украіне. З 1598 манастыр меў статус лаўры, пры якой у пач. 17 ст. адкрыта друкарня (у 2-й пал. 17 ст. надрукавана больш за 120 назваў кніг), у 1631 заснавана школа (гл. Кіеўская акадэмія). Да часу секулярызацыі (1786) К.-П.л. належалі 3 гарады, 7 мястэчак, каля 200 вёсак і хутароў (больш за 70 тыс. прыгонных), 2 папяровыя ф-кі, 11 цагельняў, 6 шклозаводаў і інш. У 1917 у лаўры было 300 манахаў, 6700 дзесяцін зямлі. З 1926 музей-запаведнік, у 1929 зачынены манастыр (часова дзейнічаў у 1942—61). У 1988 адчынены Свята-Успенскі Кіева-Пячэрскі манастыр, у 1989 — духоўная семінарыя. У 1187—1870 у Феадосіевай пячоры лаўры знаходзіліся мошчы Ефрасінні Полацкай.

Арх. комплекс Верхняй лаўры і ансамбля Блізкіх і Далёкіх пячор склаўся ў 11—19 ст. Найб. стараж. пабудовы: гал. храм — Успенскі сабор (1073—78, рэстаўрыраваны ў 1723—29, зруйнаваны ў 1941), Троіцкая надбрамная царква (1106—08, перабудавана ў 1722—29) з размалёўкамі ўкр. майстроў і разным іканастасам. У стылі ўкр. барока пабудаваны каменныя абарончыя сцены (1690—1702), царква Усіх святых (1696—98) над Эканамічнай брамай, царква Спаса на Бераставе (1113—25, зруйнавана, адноўлена ў 1-й пал. 17 ст.) са званіцай (1813—14, арх. А.​І.​Мяленскі, класіцызм), Коўніраўскі корпус (1744—72, арх. С.​Дз.​Коўнір), цэрквы Узвіжання (1700) на Блізкіх і Раства Багародзіцы (1696) са званіцай (1754—61) на Далёкіх пячорах. Гал. вертыкаль лаўры, што звязвала ўсе тры ансамблі ў адзіную прасторавую кампазіцыю — Вял. лаўрская званіца (1731—45, арх. Ф.​Васільеў, будаваў Г.​І.​Шэдэль, выш. 96,5 м). З 1926 гіст.-культ. музей-запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Киево-Печерская лавра, заповедник-музей: Краткий путеводитель. 4 изд. Киев, 1975.

Кіева-Пячэрская лаўра.
Троіцкая надбрамная царква ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Вялікая званіца Кіева-Пячэрскай лаўры.

т. 8, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)