КУ́ЧАВА-ДАЖДЖАВЫ́Я ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Cumulonimbus (Cb)],
шчыльныя і магутныя воблакі белага колеру з цёмнымі, зрэдку сіняватымі асновамі з моцным вертыкальным развіццём (да выш. 14 км). Ападкі з іх ліўневага характару, часам суправаджаюцца навальніцай, шквалам, градам. Развіваюцца з магутных кучавых воблакаў, адрозніваюцца ад іх верхняй часткай, якая складаецца з крышталёў лёду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РЫСТА-СЛАІ́СТЫЯ ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Cirrostratus (Cs)],
бялявае паўпразрыстае покрыва, звычайна валакністае, у верхняй трапасферы. Утвараюцца з дробных ледзяных крышталёў, што звязана з узыходным рухам паветра. Характэрны для воблачных сістэм цёплых франтоў або франтоў аклюзіі, зрэдку ўзнікаюць у выніку трансфармацыі інш. тыпаў воблакаў. Ападкаў не даюць. Часта вакол іх назіраецца гало. Гл.Воблакі, Воблачнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЗРЫ́СТАСЦЬ АТМАСФЕ́РЫ,
здольнасць атмасферы прапускаць сонечную радыяцыю. Залежыць ад масы паветра, праз якую праходзяць прамяні, ад утрымання ў паветры вадзяной пары і прадуктаў яе кандэнсацыі (кропель і крышталёў), а таксама аэразольных дамешкаў (пылу, дыму і інш.), якія значна памяншаюць П.а. Найб. празрыстае паветра ў палярных раёнах, найменш — у гарадах, асабліва летам, у выніку тэхнагеннага забруджвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛІ́ЧНАЯ РАШО́ТКА рэгулярнае размяшчэнне часціц (атамаў, іонаў, малекул) у крышталях, якое характарызуецца перыядычнай паўтаральнасцю ў трох вымярэннях. Для апісання К.р. дастаткова ведаць размяшчэнне часціц у элементарнай ячэйцы, паўтарэннем якой шляхам паралельных пераносаў (трансляцый) утвараецца ўся структура крышталя.
У адпаведнасці з сіметрыяй крышталя элементарная ячэйка мае форму паралелепіпеда ці прызмы; памеры рэбраў наз. пастаяннымі або перыядамі К.р. ці (у вектарнай форме) вектарамі трансляцый. Матэм. схемай К.р. з’яўляецца прасторавая рашотка (Бравэ рашоткі). Існаваннем К.р. тлумачыцца анізатрапія ўласцівасцей крышталёў, плоская форма іх граней, пастаянства вуглоў і інш. законы крышталяграфіі. Памеры ячэек і размяшчэнне ў іх часціц вызначаюць пры дапамозе дыфрактаметрычных метадаў аналізу (рэнтгенаграфія, нейтронаграфія, электронаграфія). Структура рэальнага крышталя адрозніваецца ад ідэалізаванай схемы, якая апісваецца паняццем К.р.: у рэальных крышталях маюць месца ваганні крышталічнай рашоткі, дэфекты ў крышталях. Гл. таксама Сіметрыя крышталёў, Крышталяхімія.
Р.М.Шахлевіч.
Крышталічныя рашоткі: 1 — кухоннай солі NaCl; 2 — сфалерыту ZnS; 3 — алмазу C; 4 — графіту C.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАН-ДЭР-ВА́АЛЬСА СІ́ЛЫ,
сілы ўзаемадзеяння паміж электрычна нейтральнымі малекуламі ці атамамі. Маюць эл. прыроду. Складаюцца з сіл адштурхоўвання і прыцяжэння: на вельмі малых адлегласцях паміж малекуламі дзейнічаюць сілы адштурхоўвання, якія з павелічэннем адлегласці змяняюцца сіламі прыцяжэння. Вызначаюць існаванне вадкасцяў і малекулярных крышталёў, адрозненне рэальных газаў ад ідэальных; праяўляюцца ў розных фіз. з’явах. Гл.Міжмалекулярнае ўзаемадзеянне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫХРАІ́ЗМ (ад грэч. dichroos двухколерны),
розная афарбоўка аднавосевых крышталёў, якім характэрна падвойнае праменепераламленне, пры праходжанні святла ўздоўж аптычнай восі і перпендыкулярна да яе. Напр., крышталь апатыту, які асветлены белым святлом, будзе светла-жоўтым, калі глядзець уздоўж восі, і зялёным — упоперак да яе; пры інш. напрамках назірання крышталь афарбаваны ў які-н. прамежкавы колер. Гл. таксама Плеахраізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЗА (ад ням. Druse шчотка),
форма мінер. агрэгата, прадстаўленага групай крышталёў, якія нараслі адным канцом (гранню або рабром) на агульную аснову — сценку поласці (жэоды, міяролы) або адкрытай трэшчыны ў горных пародах. Крышталі аграненыя з канца, які звернуты ў бок свабоднай прасторы. Найб. часцей трапляюцца Д. кварцу, кальцыту, розных сульфідаў (пірыту, галеніту і інш.), флюарыту.
французскі фізік; адзін з заснавальнікаў вучэння аб радыеактыўнасці. Чл. Парыжскай АН (1905). Скончыў Парыжскі ун-т (1877), дзе і працаваў у 1878—83 і з 1904 (праф.), у 1883—1904 у Школе фізікі і хіміі. Навук. працы па фізіцы крышталёў, магнетызме і радыеактыўнасці. Разам з братам Полем Жанам К. адкрыў з’яву п’езаэлектрычнасці (1880), у 1884—95 выканаў шэраг даследаванняў па сіметрыі крышталёў і магнітных уласцівасцях рэчываў (гл.Кюры—Вейса закон, Кюры закон, Кюры пункт). З жонкай М.Складоўскай-Кюры адкрыў хім. элементы палоній і радый (1888), даследаваў уласцівасці радыеактыўных рэчываў і дзеянне радыеактыўнага выпрамянення. У іх гонар названы адзінка актыўнасці радыеактыўных ізатопаў кюры і хім. элемент кюрый. Нобелеўская прэмія 1903 (разам з А.Бекерэлем).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. труды. М.; Л.,1966.
Літ.:
Кюри М. Пьер Кюри: Пер. з фр.М., 1968;
Старосельская-Никитина О.А. История радиоактивности и возникновения ядерной физики. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІ́ШЧЫК (Віктар Міхайлавіч) (н. 19.3.1945, г.п. Наваельня Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1990), праф. (1991). Скончыў БДУ (1967). З 1970 у БДУ. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела, радыяцыйным матэрыялазнаўстве, электроннай структуры крышталёў. Распрацаваў методыкі і тэхнал. працэсы мадыфікацыі ўласцівасцяў металаў і сплаваў іоннымі пучкамі.
Тв.:
Структурный анализ. Мн., 1979 (разам з Г.А.Гуманскім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАТРО́ПІЯ (ад ала... + грэч. tropos паварот, уласцівасць),
існаванне аднаго і таго хім. элемента ў выглядзе двух або некалькіх простых рэчываў (алатропных мадыфікацый), якія адрозніваюцца па сваіх фіз. і хім. уласцівасцях. Можа быць вынікам утварэння малекул з рознай колькасцю атамаў, напр., азон (O3) і кісларод (O2) або крышталёў розных мадыфікацый, напр., алмаз і графіт. Прыватны выпадак полімарфізму. Вядома каля 400 алатропных мадыфікацый хім. элементаў.