1) адзін з асн. відаў авіяц. боепрыпасаў. Бомбы асн. прызначэння забяспечваюцца выбуховымі рэчывамі, запальнымі саставамі,ядз. або тэрмаядз. зарадамі (вадародныя, нейтронныя і інш. бомбы; гл.Ядзерная бомба, Прамянёвая зброя). Бываюць фугасныя, асколачныя (у т. л. шарыкавыя), супрацьтанкавыя, супрацьлодачныя, запальныя, бранябойныя, хім. і інш. Дапаможныя авіяц. бомбы прызначаны для стварэння дымавых заслонаў, асвятлення мясцовасці, сігналізацыі, навуч. мэтаў і інш. Сучасныя бомбы могуць мець сістэмы тэлекіравання і саманавядзення, аснашчацца для бомбакідання з малых вышынь парашутамі. Маса авіяц. бомбы ад 0,5 кг да 20 т. 2) Марскі боепрыпас для знішчэння падводных лодак, якарных і донных мін, іншых падводных аб’ектаў. Глыбінныя бомбы (упершыню выкарыстаны ў 1915) падзяляюцца на карабельныя (скідваюцца з кармавых бомбаскідальнікаў або выстрэльваюцца з бамбамётаў) і авіяцыйныя (скідваюцца з самалётаў і верталётаў). Маюць звычайныя і ядз. зарады, кантактныя, некантактныя, гідрастатычныя і дыстанцыйныя ўзрывальнікі. Маса 120—250 кг, далёкасць стральбы да 4 км.
3) Устарэлая назва артыл. асколачна-фугаснага снарада масай больш за 16 кг (з меншай масай наз.гранатамі). Выкарыстоўваўся ў 17—19 ст. У гладкаствольнай артылерыі меў сферычны чыгунны корпус, у наразной — прадаўгаваты.
4) Асколачны снарад для стральбы з бамбамётаў у 1-ю сусв. вайну.
5) Назва саматужных снарадаў, зробленых для дыверсійных і тэрарыстычных мэтаў (у б. Расійскай імперыі, напр., выкарыстоўваліся ў тэрарыстычнай дзейнасці нарадавольцаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ШЧАНСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НЦАЎ.
Існаваў у 1662—1865 у в. Гарадзішча (цяпер Пінскі р-н Брэсцкай вобл.). Засн. трокскім ваяводам Я.Копацем, які ў якасці фундушу даў фальваркі з в. Бышляк, Бяла, Волька, Гарадзішча, Заазер’е, Купяцічы, Любель, Селішча, Сошна, Цёлкавічы (у 1818 у іх было 350 сялян). У ансамбль кляштара ўваходзілі мураваныя касцёл, 2-павярховы жылы корпус, званіца, кузня, бровар, крама, флігель, калодзеж. Касцёл св. Ганны пабудаваны ў 1774, меў разьбяныя алтары, амбон і інш., сцены і скляпенні аздоблены размалёўкамі. У школе пры кляштары ў пач. 19 ст. навучалася 15 шляхецкіх дзяцей, працавала сталярная майстэрня, у б-цы было 1574 кнігі (1829). У 1865 кляштар скасаваны, касцёл закрыты. У 1910 касцёл зноў дзеючы, у 1944 разбураны ням.-фаш. захопнікамі. Захаваўся жылы корпус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ЦЫСТЭРЦЫЯ́НАК,
помнік архітэктуры позняга барока. У г. Мазыр Гомельскай вобл. Пабудаваны ў 1744—45 у б. урочышчы Кімбараўка па фундацыі Б.Ражанскага на правым беразе р. Прыпяць, у т.зв. Анёльскай даліне. У 1883 кляштар закрыты, у 1888 перададзены праваслаўным. Уключае мураваны касцёл Міхаіла і жылы корпус, абнесеныя мураванай агароджай. У 1893—94 касцёл рэканструяваны пад царкву: прыбудаваны драўляная званіца, бакавая мураваная галерэя і інш. Касцёл — 1-нефавы, пакрыты высокім 2-схільным дахам з увагнутымі вальмамі над 3-граннай апсідай. Мае моцную канструкцыю (таўшчыня сцен 1,5 м). Гал. фасад расчлянёны на 3 часткі высокімі пілястрамі, завершаны шырокім тонкапрафіляваным карнізным поясам і ступеньчатым атыкам (надбудаваны ў 1894). Бакавыя фасады дэкарыраваны 3 ярусамі фігурных і арачных ніш з конхамі ў верхнім ярусе. Гал. ўваход праз нізкі 5-гранны тамбур, дэкарыраваны буйнымі вуглавымі лапаткамі. Інтэр’ер быў аздоблены сюжэтнай фрэскавай размалёўкай пач. 18 ст. (не захавалася). Першапачаткова з касцёлам з ПнУ злучаўся крыты бляхай і чарапіцай П-падобны ў плане 3-павярховы жылы корпус (1-ы паверх мураваны, 2-і і 3-і — з «прускага муру»), які ствараў унутр. двор. Захаваўся корпус прамавугольны ў плане, 2-павярховы, накрыты 2-схільным дахам. Фасады рытмічна расчлянёны квадратнымі і прамавугольнымі аконнымі праёмамі і шырокімі лапаткамі ў прасценках. Іл.гл. да арт.Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́НАК,
помнік архітэктуры рэнесансу ў Мінску. Засн. ў 1641 на Высокім рынку (цяпер пл. Свабоды) А.Сялявам. Першая ігумення К.Сапега пералічыла манастыру 10 тыс. злотых. Напачатку манастыр размяшчаўся ў мураваных жылых дамах, пабудаваных у 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. Каля 1650 узведзены мураваны будынак манастырскага корпуса (выкарыстаны скляпы і сцены першапачатковых будынкаў) і прамавугольная ў плане капліца, аб’яднаная з царквой Св. Духа (гл.Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры). Корпус 2-павярховы П-падобны ў плане, меў высокі вальмавы дах з чарапіцы. Тарэц даху ў паўд.-ўсх. крыле быў выкананы ў выглядзе фігурнага шчыта (перароблены ў 19 ст.). Плоскасці сцен фасадаў пазбаўлены дэкору, рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Манастыр быў злучаны з капліцай крытай галерэяй, якая праходзіла над высокай мураванай сцяной (мела 3-пралётны праезд; разбурана ў сярэдзіне 19 ст.). Корпус быў злучаны з царквой Св. Духа. У інтэр’еры быў вял. залачоны драўляны алтар з абразамі Божай Маці, св. Базыля і Ісафата. На ПнУ знаходзіўся манастырскі двор з гасп. пабудовамі, абнесены сценамі. У 1795—99 вядомы як правасл. Петрапаўлаўскі манастыр. У 1-й пал. 19 ст. ў б. манастыры размяшчалася кансісторыя, з 2-й пал. 19 ст. — жылы дом (вул. Энгельса, 1). Будынак на рэстаўрацыі (1999).
У.М.Дзянісаў, Л.У.Іванова.
КорпусМінскага Святадухаўскага манастыра базыльянак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬМ (Kulm, цяпер Хлумец — Chlumec),
населены пункт у Чэхіі, каля якога 29—30.8.1813 адбылася бітва паміж саюзнай Багемскай арміяй (да 44—50 тыс.рас., прускіх і аўстр. вайскоўцаў, камандуючы ген. М.Б.Барклай дэ Толі) і франц. корпусам пад камандаваннем ген. Д.Вандама (35—37 тыс.чал.) у час напалеонаўскіх войнаў (кампанія 1813). 29 жн.корпус Вандама, які праследаваў Багемскую армію пасля яе паражэння каля Дрэздэна (26—27.8.1813), спынены каля К. рас. ар’ергардам на чале з ген. А.І.Остэрманам-Талстым (12—17,5 тыс.чал., страчана 6 тыс.чал.). 30 жн., падцягнуўшы да К. гал. сілы, саюзнікі разбілі корпус Вандама (забіта і паранена да 10 тыс.франц. вайскоўцаў, 12 тыс., у т. л. Вандам, трапілі ў палон; саюзнікі страцілі каля 3,5 тыс.чал.). Пасля паражэння каля К. армія Напалеона адышла да Лейпцыга (гл.Лейпцыгская бітва 1813).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.
Існаваў у 1498—1832 у г. Полацк Віцебскай вобл. Адзін з першых 4 кляштараў ордэна бернардзінцаў у ВКЛ. Засн.вял.кн.ВКЛ Аляксандрам на Запалоцці пры ўпадзенні р. Палата ў Зах. Дзвіну з мэтай схілення праваслаўных у каталіцтва. Верагодна, у гэтым кляштары атрымаў пач. адукацыю Ф.Скарына. Драўляны касцёл кляштара пабудаваны ў 1502. У час Лівонскай вайны 1558—83 ён спалены ў 1563. У 1696 ваявода Д.Слушка зноў запрасіў бернардзінцаў у Полацк і размясціў іх у слабадзе Кабак. Пасля пажару 1758 пабудаваны мураваны касцёл Маці Божай Марыі Нябеснай (асвячоны ў 1769) і жылы корпус. Касцёл быў аднанефавы, з трансептам і 2-вежавым фасадам, памерамі 42 × 25 локцяў. У 1772 было 10 манахаў, школа філасофіі. У 1832 кляштар скасаваны, касцёл ператвораны ў правасл. царкву (значна пашкоджаны ў 1930-я г.). Жылы корпус захаваўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБЕ́СК (франц. arabesque ад італьян. arabesco арабскі),
адна з асноўных позаў класічнага танца. Цела абапіраецца на прамую нагу, другая паднята і выцягнута назад; адна рука выцягнута ўперад, другая адведзена ўбок ці назад, корпус нахілены ўперад. У сучасным балеце сустракаюцца шматлікія формы арабеска пры розных становішчах апорнай нагі, рук, галавы, корпуса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ КЛЯ́ШТАР ТРЫНІТА́РЫЯЎ.
Існаваў у 1714—1832 у Оршы. Засн. Адамам і Уладзіславам Саковічамі. Мураваныя будынкі касцёла і 2-павярховага жылога корпуса пастаўлены ў 18 ст. У 1836 касцёл пераабсталяваны ў праваслаўны Васкрасенскі сабор, у 1920-я г. Закрыты, у 1950-я г. знесены. Захаваўся жылы корпус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ.
Існаваў у 1680—1832 у Оршы. Засн. рэчыцкім стольнікам Войцехам Станіславам Катоўскім. Мураваны касцёл з бакавой вежай-званіцай асвячоны 10.8.1768. Тады ж пабудаваны жылы корпус, у якім пасля закрыцця кляштара размяшчаліся інвалідная каманда, потым арыштанцкі дом, у 1920—30-я г. рамеснае вучылішча. Касцёл знесены ў 1970-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ ЗАВО́Д ЭЛЕКТРАВЫ́РАБАЎ.
Пабудаваны ў г. Ліда ў 1927 як цвіковая ф-ка. З 1955 з-д «Металашырспажыў», з 1956 з-д электравырабаў. У 1960—65 рэканструяваны, пабудаваны новы вытв.корпус, асвоены выпуск стабілізатараў, люмінесцэнтных свяцільняў. З 1976 працуе цэх па вырабе пускарэгулявальнай апаратуры. Асн. прадукцыя (1999): свяцільні, пускарэгулявальная і нізкавольтавая апаратура.