МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЖУРНАЛІ́СТАЎ (МАЖ; International Organization of Journalists). Існавала ў 1946—92. Засн. на кангрэсе ў Капенгагене (Данія). Правапераемніца Міжнар. федэрацыі журналістаў саюзных і свабодных краін (засн. ў 1941). Аб’ядноўвала журналісцкія арг-цыі 34 краін, а таксама індывід. членаў з 30 краін. Штаб-кватэра знаходзілася ў Празе. Мела друкаваны орган «Le Journaliste démocratique» («Дэмакратычны журналіст») на рус., англ., франц., ісп. мовах. Саюз журналістаў СССР уваходзіў у МАЖ з 1959. У 1946 група журналістаў зах. краін выйшла з МАЖ і стварыла Міжнародную федэрацыю журналістаў.

т. 10, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ЖУРНАЛІ́СТАЎ (МФЖ; International Federation of Journalists). Засн. ў 1952 як альтэрнатыва Міжнароднай арганізацыі журналістаў (МАЖ) журналісцкімі арг-цыямі дзяржаў, якія ў 1946 выйшлі з МАЖ. Яе мэты: абарона свабоды друку, павышэнне прафесійнага ўзроўню журналістаў, збор, захаванне, публікацыя статыстычных і інш. дакументаў, што ўяўляюць цікавасць з прафесійнага пункту погляду. Вышэйшы орган — кангрэс, паміж кангрэсамі — кіруючае бюро. Штаб-кватэра ў Бруселі (Бельгія). Выдае штоквартальны інфармацыйны бюлетэнь «IFJ Information» («Інфармацыя МФЖ») на англ., ням. і франц. мовах, а таксама неперыядычныя выданні пераважна прафес. характару.

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т ЭКАНАМІ́ЧНАЙ УЗАЕМАДАПАМО́ГІ (СЭУ),

міжнародная эканам. арганізацыя краін сацыяліст. арыентацыі ў 1949—1991. Штаб-кватэра знаходзілася ў Маскве. Члены: Албанія (спыніла ўдзел у 1961), Балгарыя, Венгрыя, В’етнам, ГДР (да 1990), Куба, Манголія, Польшча, Румынія, СССР, Чэхаславакія. У рабоце асобных органаў СЭУ з 1964 удзельнічала Югаславія, у якасці назіральнікаў — прадстаўнікі Анголы, Лаоса, КНДР, Эфіопіі. Дзейнасць рэгламентавалася Статутам і будавалася на аснове шматбаковых і двухбаковых пагадненняў аб сумесным планаванні, будаўніцтве аб’ектаў, спецыялізацыі і каапераванні вытв-сці, навук.-тэхн. супрацоўніцтве. Спыніў дзейнасць у 1991.

т. 14, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ КРАІ́Н—ЭКСПАРЦЁРАЎ НА́ФТЫ (Organization of Petroleum Exporting countries; ОПЭК). Засн. ў 1960. Члены — 13 краін: Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Алжыр, Венесуэла, Габон, Інданезія, Ірак, Іран, Катар, Кувейт, Лівія, Нігерыя, Саудаўская Аравія, Эквадор. Мэты: каардынацыя і уніфікацыя нафтавай палітыкі краін-удзельніц; забеспячэнне стабільнасці цэн на міжнар. нафтавых рынках для атрымання ўстойлівых даходаў краін — чл. АПЭК, эфектыўных і рэгулярных паставак нафты краінам-спажыўцам. Кантралюе каля 85% сусв. аб’ёму гандлю нафтай, устанаўлівае афіц. цану на сырую нафту, што ў многім вызначае Сусв. ўзровень цэнаў на нафту. Штаб-кватэра ў Вене.

т. 1, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ЛЬНАЯ А́ФРА-МАЎРЫКІ́ЙСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ (Organisation Commune Africaine et Mauricienne; ОКАМ),

аб’яднанне афрыканскіх дзяржаў. Створана на базе Афра-малагасійскага саюза (засн. ў 1961; з 1964 Афра-малагасійскі саюз эканам. супрацоўніцтва, у 1965—74 Агульная афра-малагасійская і маўрыкійская арг-цыя). Уваходзяць (1994): Бенін, Буркіна-Фасо, Кот-д’Івуар, Маўрыкій, Нігер, Руанда, Сенегал, Сейшэльскія Астравы, Тога, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка (ЦАР). Гал. мэта — умацаванне эканам., сац., тэхн. і культ. супрацоўніцтва краін-удзельніц. Вышэйшы орган — канферэнцыя кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Штаб-кватэра ў г. Бангі (ЦАР). Друкаваны орган час. «Nations Nouvelles» («Нацыянальныя навіны»).

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ІНТЭРНЭ́ШАНАЛ БІ́ЗНЕС МЭШЫ́НС КАРПАРЭ́ЙШЭН»

(International Business Machines Corporation),

электронная кампанія ЗША. Засн. ў 1911. Штаб-кватэра размешчана ў г. Арманк (штат Нью-Йорк). Адна з найб. у свеце прамысл. кампаній па вытв-сці офіснага абсталявання, выліч. тэхнікі, камп’ютэраў, размнажальных машын, дыктафонаў і інш. У сярэдзіне 1980-х г. кантралявала каля 60% сусв. вытв-сці ЭВМ, у кампаніі было занята 387 тыс. чал. Абарот складаў 59,7 млрд. дол., чысты прыбытак — 5,8 млрд. долараў. Сярод распрацовак кампаніі — жорсткі магнітны дыск (т.зв. вінчэстэр), найб. папулярная мадэль персанальнага камп’ютэра.

т. 7, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л,

міжнароднае аб’яднанне сацыяліст. і сацыял-дэмакр. партый рэфармісцкага кірунку (гл. Рэфармізм). Штаб-кватэра ў Лондане. Засн. ў 1951 на базе правасацыяліст. К-та міжнар. сацыяліст. канферэнцый (1947—51) як пераемнік Сацыялістычнага рабочага інтэрнацыянала (1923—40). С.і. прызнае толькі мірныя сродкі сац. дзеяння, выступае за паступовую трансфармацыю капіталізму ў сацыялізм, адмоўна ставіцца да міжнароднага камуністычнага руху. Аб’ядноўвае (2001) больш за 90 партый і арг-цый. Вышэйшы орган — кангрэс, які склікаецца 1 раз у 2—3 гады. Паміж кангрэсамі кіруе Бюро С.і., бягучую работу вядзе Сакратарыят. Старшыня С.і. — А.​Гутэрыш (Партугалія).

т. 14, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫ РАБО́ЧЫ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л,

міжнароднае аб’яднанне с.-д. партый ў 1923—40. Засн. на аб’яднаўчым кангрэсе Бернскага інтэрнацыянала і Інтэрнацыянала 2 ​1/2 (май 1923, г. Гамбург, Германія). У сваёй дзейнасці кіраваўся ідэалаг. ўстаноўкамі і тэорыямі рэфармізму («арганізаваны капіталізм», «гаспадарчая дэмакратыя», «чыстая дэмакратыя» і інш.), адмоўна ставіўся да камуніст. руху і СССР. Спыніў існаванне ў пач. 2-й сусв. вайны, пасля таго як ням.-фаш. войскі акупіравалі г. Брусель (1940), дзе з 1935 знаходзілася штаб-кватэра С.р.і. Яго пераемнікам у наш час з’яўляецца Сацыялістычны інтэрнацыянал (засн. ў 1951).

т. 14, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ САДЗЕ́ЙНІЧАННЯ ААН,

няўрадавая арг-цыя, член Сусветнай Федэрацыі Асацыяцый садзейнічання ААН. Засн. 17 арг-цыямі і ўстановамі Беларусі на ўстаноўчай канферэнцыі ў вер. 1989. Асн. мэты: развіццё і каардынацыя руху ў падтрымку ААН, інфармаванне грамадскасці пра яе дзейнасць, аб’яднанне намаганняў ва ўмацаванні даверу і дружбы паміж народамі, ахова правоў чалавека. Падтрымлівае на няўрадавым узроўні знешнюю палітыку, міжнар. эканам. і сац. праграмы Рэспублікі Беларусь. Дзейнічае ў цеснай сувязі з Прадстаўніцтвам ААН у Рэспубліцы Беларусь. Вышэйшы орган — канферэнцыя, паміж канферэнцыямі Беларускай асацыяцыяй садзейнічання ААН кіруюць праўленне, прэзідыум і прэзідэнт. Штаб-кватэра ў Мінску.

В.​М.​Іваноў.

т. 2, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІЯ́ЦКА-ЦІХААКІЯ́НСКІ САВЕ́Т (Asian and Pacific Council; АЗПАК),

рэгіянальны паліт.-эканам. саюз краін Далёкага Усходу і зах. часткі Ціхага акіяна. Створаны ў 1966 Японіяй, Аўстраліяй, Новай Зеландыяй, Тайландам, Філіпінамі, Малайзіяй, Паўд. Карэяй, Тайванем і Паўд. В’етнамам з мэтай ваен. і гандлёва-эканам. супрацоўніцтва ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Пры АЗПАК дзейнічае рэгіянальны цэнтр па прадуктах харчавання і ўгнаеннях (Тайвань), культ. і сац. цэнтр (Паўд. Карэя). Вышэйшы орган паміж сесіямі савета — пастаянны к-т, выканаўчы орган — сакратарыят. Штаб-кватэра ў Бангкоку (Тайланд). У 1990 у АЗПАК уваходзілі Аўстралія, Новая Зеландыя, Паўд. Карэя, Тайланд, Філіпіны.

т. 1, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)