АНА́ФЕМА (ад грэч. anathēma пракляцце),

царкоўнае пракляцце; найвышэйшая кара ў хрысціянстве, звязвалася з адлучэннем ад царквы асоб, якія адвяргаюць ці скажаюць асновы веравучэння і не выказваюць жадання пакаяцца ў гэтым. Устаноўлена з часу Халкідонскага ўсяленскага сабора (451). Абвяшчаецца на царк. саборах, а таксама ў храмах падчас богаслужэння (напр., у канцы 1-га тыдня Вялікага посту ў правасл. царкве).

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПАНІ́НЫ,

арганічныя безазоцістыя рэчывы, у якіх цукры злучаны з вытворнымі стэрынаў. Ўтрымліваюцца гал. чынам у раслінах, знойдзены таксама ў тканках ігласкурых.

Аморфныя, бясколерныя ці жаўтаватыя рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе (растворы пеняцца, як мыла). Уваходзяць у састаў лек. прэпаратаў расл. паходжання (напр., кара мыльнага дрэва, салодка), якія ўжываюцца як адхарквальная і мачагонныя сродкі. Некат. С. выкарыстоўваюцца ў вытв-сці стэроідных гармонаў.

т. 14, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУХТУ́ЕЎ (Міхаіл Арцёмавіч) (23.11.1925, пас. Кара-Хаш Таджынскага р-на Рэспублікі Тува — 25.6.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). З чэрв. 1944 на 1-м Бел. фронце. Сяржант Бухтуеў вызначыўся ў баі за ст. Чорныя Броды Акцябрскага р-на Гомельскай вобл.: экіпаж танка, дзе ён быў механікам-вадзіцелем, сваёй падпаленай машынай тараніў і вывеў са строю браняпоезд праціўніка. Загінуў у час тарана.

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ ЕНІСЕ́Й, Бій-Хем,

рака ў Рэспубліцы Тува, у Расійскай Федэрацыі, правая складаючая р. Енісей. Даўж. 605 км, пл. бас. 56,8 тыс. км². Выцякае з воз. Кара-Балык і цячэ пераважна ў гарах паўн.-ўсх. ч. Тувы. Гал. прытокі: Азас, Хам-Сыра, Сыстыг-Хем (справа). Каля г. Кызыл зліваецца з р. Малы Енісей (Ка-Хем), утвараючы Верхні Енісей (Улуг-Хем). Суднаходная на 285 км. Сплаўная.

т. 4, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАК РАСЛІ́Н,

група хвароб, якія характарызуюцца празмерным, няправільным разрастаннем асобных частак раслін, што прыводзіць да ўтварэння пухлін і нарастаў. Узбуджальнікі—грыбы, бактэрыі, вірусы. Пашыраны паўсюдна; на Беларусі найб. шкодныя: чорны рак пладовых дрэў, рак бульбы, канюшыны, бактэрыяльны рак памідораў і інш.

Чорны рак пладовых дрэў (узбуджальнік—грыб з роду сферопсіс), пашкоджвае лісце, кветкі, плады, ствалы яблыні і грушы. На кары паяўляюцца бура-фіялетавыя ўціснутыя плямы. Кара чарнее, растрэскваецца, ападае. Хворыя тканкі разрастаюцца, акальцоўваюць галіны, ствалы, якія ў выніку гінуць. Рак бульбы (узбуджальнік—грыб з роду сінхітрыум), каранцінная хвароба. Пашкоджвае таксама памідоры і інш. паслёнавыя. На клубнях, сталонах, сцёблах, радзей на лісці ўтвараюцца нарасці, спачатку белыя, потым цёмна-бурыя. Пашкоджаныя клубні загніваюць. Рак канюшыны (узбуджальнік—грыб з роду склерацынія) праяўляецца ўвосень у выглядзе павуціністага налёту на лісці. Вясною загнівае каранёвая шыйка — расліна лёгка адрываецца ад каранёў. Пры бактэрыяльным раку памідораў (узбуджальнік — бактэрыя з роду корынебактэрый) на сцёблах, галінах утвараюцца язвы, на пладах — дробныя плямы («птушыныя вочы»), расліна засыхае. Ступеньчаты рак лісцевых дрэў (узбуджальнік — грыб з роду нектрыя) часцей пашкоджвае клён, граб, ясень, яблыню. На ствалах і галінах дрэў адміраюць кара і камбій, фарміруецца адкрытая рана (язва), якая з кожным годам павялічваецца і набывае шматступеньчатую форму. Паступова язва акальцоўвае ствол, і дрэва адмірае. Смаляны рак (узбуджальнік — некат. ржаўныя грыбы) найб. часта пашкоджвае хвойныя дрэвы ў зрэджаных насаджэннях. Адміраюць камбій і драўніна, кара трэскаецца і ападае. У межах пашкоджвання выцякае смала, утвараючы на ствале жаўлакі і падцёкі. Дрэва адмірае ці становіцца сухаверхім.

Л.​М.​Прыступук.

Рак раслін: 1 — чорны рак яблыні (пашкоджаныя ліст, завязь і галіна); 2 — рак бульбы; 3 — рак канюшыны (пашкоджаныя расліна і сцёблы); 4 — ступеньчаты рак дрэў; 5 — смаляны рак хвоі (крона пашкоджанага дрэва і частка ствала).

т. 13, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛЕ́НЕЎ (сапр. Арлоў) Павел Мікалаевіч

(6.3.1869, Масква — 31.8.1932),

рускі акцёр. Нар. арт. Рэспублікі (1926). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1886. Выступаў як акцёр-гастралёр у розных гарадах Расіі, Беларусі і інш. У творчасці дамінаваў герой, душэўна неўладкаваны, сумленны, які імкнецца, але не можа спалучыць свае ідэалы з рэальнымі ўмовамі быцця. Лепшыя ролі: цар Фёдар Іаанавіч (аднайм. п’еса А.​К.​Талстога), Раскольнікаў і Дзмітрый Карамазаў («Злачынства і кара», «Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага), Освальд («Здані» Г.​Ібсена).

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛА́ХАЎ (Таір Тэймур аглы) (н. 29.11.1928, Баку),

азербайджанскі жывапісец. Нар. маст. СССР (1973). Правадз. чл. АМ СССР (1975). Герой Сац. Працы (1989). Ганаровы прэзідэнт Міжнар. арг-цыі пластычных мастацтваў пры ЮНЕСКА (з 1973). Скончыў Азерб. маст. вучылішча ў Баку (1950) і Маскоўскі маст. ін-т імя В.​Сурыкава (1957). У 1963—74 выкладаў у Азерб. ін-це мастацтваў імя М.​А.​Аліева ў Баку (з 1973 праф.), з 1975 — у Маскоўскім маст. ін-це. З 1973 1-ы сакратар Саюза мастакоў СССР. У 1950—60-я г. працаваў у рэчышчы т.зв. суровага стылю, творы вызначаліся манументальнасцю графічна дакладных форм, строгай рытмізаванасцю кампазіцыі, напружанасцю, часта кантрастнасцю каларыту: партрэты кампазітараў Кара Караева (1960) і Дз.​Шастаковіча (1976), жанравыя кампазіцыі «Рамонтнікі» (1961), «Каля Каспія» (1967), «Новае мора» (1970), графічная серыя «Па Апшэроне» (1969) і інш. У 1970—90-я г. рабіў падкрэслена пластычныя, востра выразныя кампазіцыі («Партрэт Фаці», 1988, і інш.). Аформіў спектаклі «Антоній і Клеапатра» (1964, Дзярж. прэмія Азербайджана імя Ахундава 1965) і Гамлет (1970) У.​Шэкспіра, «Кёр-аглы» У.​Гаджыбекава (1975) у Азерб. акад. драм. т-ры імя Азізбекава ў Баку. Дзярж. прэмія СССР 1968. Дзярж. прэмія Азербайджана 1970.

Літ.:

Наджафов М. Т.​Салахов. Баку, 1981.

Т.Салахаў. Партрэт кампазітара Кара Караева. 1960.

т. 14, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРУ́САЎ (Мікалай Іванавіч) (19.12.1861, Адэса — 27.4.1924),

рускі геолаг і палеантолаг, адзін з заснавальнікаў палеаэкалогіі. Акад. Пецярбургскай АН, чл.-кар. (1910). Праф. Юр’еўскага (1896) і Кіеўскага (1905) ун-таў, Вышэйшых жаночых курсаў у Пецярбургу (1912). Працаваў у Геал. к-це (Пецярбург). Навук. працы па стратыграфіі і палеанталогіі неагену Понтакаспійскага бас., тэктоніцы і палеагеаграфіі Альпійскай зоны Еўразіі, выкапнёвых рыфах, арганагенных вапняках. Даследаваў трацічныя адклады Паўн. Каўказа і Закаўказзя. Удзельнічаў у акіянаграфічных экспедыцыях на Чорным (1890) і Мармуровым (1894) морах, у заліве Кара-Багаз-Гол (1897).

т. 1, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІШМІ́Ш,

сарты вінаграду з безнасеннымі дробнымі ягадамі. Вырошчваецца пераважна ў Сярэдняй Азіі. Найб. вядомы К. белы (Ак-кішміш) і чорны (Кара-кішміш). Ягады высокацукрыстыя. Выкарыстоўваюць у свежым выглядзе, вінаробстве, для сушкі. Таксама К. наз. ягады вінаграду сорт К., высушаныя на сонцы (у побыце наз. разынкамі). Мае ў сабе (у % на сухое рэчыва): цукру 76—78%, азоцістых рэчываў і кіслот па 2,1%. Выхад сушанага К. — 24—30% ад масы ягад. Выкарыстоўваецца ў кулінарыі, кандытарскай прам-сці, у сумесі сушаных фруктаў і інш.

т. 8, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЕЛЯ́Н (Яфім Захаравіч) (12.4.1912, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 6.3.1975),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1973). Скончыў студыю пры Ленінградскім Вял. драм. т-ры (1935), працаваў у гэтым тэатры. Для ігры характэрны стрыманы лірызм, уменне трымаць паўзу, прыцягваць увагу гледача да роздумаў героя. Сярод роляў: Джэксан («Скаваныя адным ланцугом» Н.​Дугласа і Г.​Сміта, 1961), Вяршынін («Тры сястры» А.​Чэхава, 1965). З 1932 здымаўся ў кіно: Сава Марозаў («Мікалай Баўман», 1968), Свідрыгайлаў («Злачынства і кара», 1970). Чытаў тэкст ад аўтара ў фільмах, у т. л. тэлефільме «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973) і інш.

т. 8, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)