ТАВА́РНЫ КАПІТА́Л,

у марксісцкай тэорыі адна з функцыянальных форм і трэцяя стадыя кругаабароту прамысл. капіталу. У рэчаіснай форме паўстае ў выглядзе пэўнай масы вырабленых на продаж тавараў. У вартасным выражэнні ўключае затрачаную на яго вытв-сць частку авансавага капіталу і прыбавачную вартасць. Па меры ўзбуйнення вытв-сці і пашырэння грамадскага падзелу працы адбываецца адасабленне функцый рэалізацыі Т.к. ў форме гандл. капіталу.

т. 15, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТУ́ТНЫ КАПІТА́Л,

вызначаная статутам акц. т-ва сума зыходнага капіталу ў грашовым выражэнні, якая неабходна для пачатку дзейнасці гэтага т-ва. Утвараецца за кошт грошай, атрыманых ад продажу акцый, дзярж. сродкаў, прыватных капіталаў заснавальнікаў. Узнос у С.к. можа быць грашовы, маёмасны (зямля, збудаванні), у форме аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці (патэнты, ліцэнзіі, праекты). С.к. стварае матэрыяльна-рэчавую, грашовую, навук.-тэхн., інфарм. аснову дзейнасці акц. т-ва. Адлюстроўваецца ў пасіве балансу ў першапач. вартасці. С.к. называюць таксама дазволены, асноўны, зарэгістраваны, падпісны, намінальны.

т. 15, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГААБАРО́Т КАПІТА́ЛУ,

рух капіталу праз сферы вытв-сці і абарачэння, што забяспечвае вытв-сць прыбавачнай вартасці і ўзнаўленне капіталу. У гэтым працэсе капітал паслядоўна праходзіць праз 3 формы — грашовы капітал, таварны капітал, вытворчы, якія ўяўляюць сабой формы (часткі) прамысловага капіталу; кожная з іх мае свой кругаабарот і выконвае пэўныя эканам. функцыі. Бесперапыннае паўтарэнне К.к. ўтварае абарот капіталу.

т. 8, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІКС (Hicks) Джон Рычард (8.4.1904, г. Уорык, Вялікабрытанія — 20.5.1989),

англійскі эканаміст, адзін з гал. прадстаўнікоў кейнсіянства. Адукацыю атрымаў у Оксфардзе. Выкладаў у Лонданскай эканам. школе (1926—35), вёў н.-д. работу ў Кембрыджы (1935—38) і Оксфардзе (1946—52, 1965—71), праф. Манчэстэрскага (1938—46) і Оксфардскага (1952—65) ун-таў. У 1960—62 прэзідэнт Каралеўскага эканам. т-ва. Асн. даследаванні ў галіне мадэліравання эканам. росту, тэорыі попыту, цэн. Развіваючы ідэі агульнай тэорыі раўнавагі ў паліт. эканоміі, распрацаваў шэраг паняццяў і тэарэм, якія шырока ўжываюцца ў сучаснай эканам. навуцы. Асн. працы: «Вартасць і капітал» (1939), «Капітал і рост» (1965), «Тэорыя эканамічнай гісторыі» (1969), «Капітал і час» (1973), «Прычыннасць у эканоміцы» (1979). Нобелеўская прэмія 1972 (з К.​Эроў).

У.​Я.​Калаткоў.

т. 18, кн. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦКІ ДАХО́Д,

плата, якую атрымлівае прадпрымальнік за свае арганізатарскія здольнасці па аб’яднанні і выкарыстанні эканам. рэсурсаў (звычайна капіталу), гасп. ініцыятывы (інавацыі), магчымыя рызыкі страт. Утвараецца з часткі прыбытку, што застаецца ў распараджэнні прадпрымальніка пасля выплаты працэнтаў за капітал, узяты ў пазыку. Частку атрыманага прыбытку ён аддае ўласніку капіталу (крэдытору) у выглядзе пазыковага працэнта. У выніку прыбытак ад выкарыстання капіталу распадаецца на 2 часткі: працэнт і П.д. Такі падзел прыбытку спачатку распаўсюджваецца на пазыковы капітал, а з развіццём рыначных адносін — і на ўласны капітал. У эканам. тэорыі П.д. падзяляюць на нармальны і эканам. прыбытак. Да нармальнага адносяць т.зв. гарантаваны даход прадпрымальніка (заработную плату), да эканам. прыбытку — плату за рызыку, інавацыі, манапольную ўладу. Велічыня П.д. вагаецца часцей за кошт эканам. прыбытку. У рыначных умовах, калі пераважае акцыянерная форма ўласнасці, асн. формай П.д. можа быць дывідэнд.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 12, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАПАЧАТКО́ВАЕ НАКАПЛЕ́ННЕ КАПІТА́ЛУ,

працэс ператварэння сродкаў вытв-сці і грашовых багаццяў у капітал, а непасрэдных таваравытворцаў (пераважна сялян) — у наёмных рабочых. Адбываўся ў Зах. Еўропе ў 15—18 ст. Паняцце ўведзена А.Смітам, распрацавана К.​Марксам.

т. 12, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖАМЕРЫКА́НСКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́ (МБР),

міждзяржаўны рэгіянальны банк для крэдытавання праграм развіцця краін Лац. Амерыкі. Засн. ў 1959. Праўленне ў Вашынгтоне. 44 дзяржавы-члены. Статутны капітал 34 млрд. дол. ЗША. 34,5% галасоў належыць ЗША. Крэдытныя рэсурсы МБР мабілізуюцца пераважна з міжнар. рынку капіталу.

т. 10, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАРК (Clark) Джон Бейтс (26.1.1847, г. Провідэнс, ЗША — 21.3.1938),

амерыканскі эканаміст, заснавальнік гранічнай прадукцыйнасці і капіталу тэорыі. Вучыўся ў Гайдэльбергскім (Германія) і Цюрыхскім (Швейцарыя) ун-тах. У 1895—1923 праф. Калумбійскага ун-та. Паводле сфармуляванай ім тэорыі, каштоўнасць прадукту вызначаецца сумай гранічных каштоўнасцей яго якасцей; праца, капітал і зямля выступаюць як раўнацэнныя фактары ва ўтварэнні вартасці прадукту.

Тв.:

Рус. пер. — Распределение богатства. М.; Л., 1934..

т. 8, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУЛЬЦ (Schultz) Тэадор Уільям (30.4.1902, г. Арлінгтан, ЗША — 26.2.1998),

амерыканскі эканаміст; прадстаўнік Чыкагскай школы ў палітэканоміі. Чл. Нац. АН ЗША, чл.-заснавальнік Нац. акадэміі адукацыі. Д-р н. па эканоміцы сельскай гаспадаркі. Вучыўся ў Калумбійскім і Вісконсінскім ун-тах. З 1943 праф. Чыкагскага ун-та (у 1952—73 заг. кафедры), дырэктар Нац. бюро эканам. даследаванняў (1949—67), прэзідэнт Амер. эканам. асацыяцыі (з 1960). Навук. працы па праблемах эканомікі, выкарыстання прац. рэсурсаў у сельскай гаспадарцы ЗША і краін, якія сталі на шлях развіцця. Адзін з аўтараў тэорыі «чалавечага капіталу», паводле якой дынамічнасць і эфектыўнасць эканомікі залежаць ад інвестыцый у чалавека — на яго адукацыю і прафес. рост, у сферу аховы здароўя і навукі («Укладанні ў чалавечы капітал», 1971). На яго думку, адукацыя павышае прадукцыйнасць працы індывідуума і эканам. каштоўнасць яго часу («Эканамічная каштоўнасць адукацыі», 1963). Асабліва цікавіўся праблемамі адукацыі жанчын і моладзі, развіцця бедных агр. народаў («Меры для эканамічнага развіцця неразвітых краін», 1951). Аўтар прац «Пераўтвараючы традыцыйную сельскую гаспадарку» (1964), «Чалавечыя рэсурсы, чалавечы капітал» (1972), «Інвестыцыі ў людзей: Эканоміка якасці насельніцтва» (1981) і інш. Нобелеўская прэмія 1979 (з У.А.Льюісам).

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 17, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НЧУР (ад англ. venture рызыкаваць, адважвацца),

заснаваны на рызыцы разлік, намер, накіраваны на выкарыстанне якіх-небудзь магчымасцей у пэўных карыслівых мэтах. Паняцце венчура выкарыстоўваецца ў эканоміцы. Венчурны бізнес — дробнае прадпрыемства доследнага тыпу, якому ўласціва большая, чым звычайна, ступень рызыкі; венчурны капітал — частка грашовых сродкаў, фондаў, якая ўкладваецца ў венчурнае прадпрыемства (фірму) — камерц. навук.-тэхн. арг-цыю, што спецыялізуецца на стварэнні, асваенні ў вытв-сці і ўкараненні новых відаў прадукцыі.

т. 4, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)